АМІЯКА́ТЫ,

1) прадукты далучэння аміяку да соляў; комплексныя злучэнні. Аміяк у аміякатах звязаны каардынацыйна з іонам металу і ўваходзіць ва ўнутр. сферу комплексу, напр. [Pt(NH3)6]Cl4, [Cu(NH3)4]Cl2. Утвараюць большасць металаў. Устойлівасць аміякатаў у водных растворах вызначаецца канстантамі нястойкасці. Атрымліваюць дзеяннем аміяку на водныя растворы соляў. Многія аміякаты афарбаваныя і выкарыстоўваюцца ў аналіт. хіміі для раздзялення металаў.

2) Вадкія азотныя ўгнаенні з колькасцю азоту да 45%.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ матэрыялаў,

здольнасць матэрыялаў захоўваць свае фізіка-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні вады. Вызначаецца адносінамі велічынь трываласці пры расцяжэнні (сцісканні) матэрыялу, насычанага вадой і ў сухім стане (каэф. разумацавання). Да водаўстойлівых адносяць матэрыялы з каэф. разумацавання, большым за 0,8 (напр., многія металы, спечаную кераміку, шкло, фтарапласты, поліалефіны). Водаўстойлівасць — важны паказчык для матэрыялаў, якія ўвесь час эксплуатуюцца ў вадзе (апоры мастоў, плаціны, абліцоўка рэактараў і інш.).

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮШАНЕ́Я (Duchesnea). манатыпны род кветкавых раслін сям. ружавых. 1 від — Дз. індыйская (D. indica). Пашыраны ва Усх. Азіі, інтрадукаваны ў многія краіны, у т. л. на Беларусь.

Шматгадовая апушаная травяністая расліна з паўзучым аблісцелым сцяблом даўж. да 1 м. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, трайчастае, сцябловае — кароткачаранковае, адваротнаяйцападобнае або рамбічнае. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх тонкіх кветаножках. Плод — жоўтая несапраўдная ягада. Лек., харч. і дэкар. расліна.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВАНО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

нізкарослыя, часцей паўзучыя травяністыя расліны з разнастайна афарбаваным лісцем, якія выкарыстоўваюць у дэкар. кветкаводстве для стварэння дывановых кветнікаў. Выш. звычайна 5—15 см. Большасць Д.р. шматгадовыя. На Беларусі як Д.р. выкарыстоўваюць многія віды агатак, агератуму, альтэрнантэры, бягоніі, ірэзінэ, палыну, партулаку і інш. Размнажаюць пераважна чаранкамі. Догляд за Д.р.: паліўка, падстрыганне і пасынкаванне.

Схіл з дывановымі раслінамі каля станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску.

т. 6, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРА́ГА,

тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́БАТ, Бахр-эль-Асфар,

рака ў Судане (вярхоўі ў Эфіопіі), правы прыток р. Белы Ніл. Утвараецца ад сутокаў рэк Бара і Пібар. Даўж. ад вытоку р. Бара 730 км, пл. бас. каля 350 тыс. км². Цячэ па горнай і ўзгорыстай мясцовасці. Мнагаводная летам і восенню, зімой і вясной многія прытокі перасыхаюць. Сярэдні расход вады 412 м³/с. Суднаходная ў сезон дажджоў ад г. Гамбела.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗАСФЕ́РА (ад экза... + сфера),

знешні, найб. разрэджаны слой атмасферы, з якога лёгкія, вельмі рухомыя часцінкі (пераважна атамы вадароду) могуць дысіпіраваць (рассейвацца) у касм. прастору. Пачынаецца на выш. 450—800 км, верхняя мяжа на выш. некалькіх тысяч кіламетраў. Характарызуецца пастаянствам т-ры з вышынёй. Многія даследчыкі лічаць, што верхняя мяжа Э. супадае з верхняй мяжой атмасферы, інш. верхнюю ч. Э. наз. зямной каронай.

т. 18, кн. 1, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎРЫФА́ГІ [ад грэч. eurys шырокі + ...фаг(і)], пантафагі, усёедныя жывёлы,

жывёльныя арганізмы, якія кормяцца самым разнастайным расл. і жывёльным кормам. Да іх належаць беспазваночныя жывёлы (напр., многія афіуры, тараканы, тэрміты і інш.); пазваночныя (напр. варона, крумкач, шэры пацук, дзік, буры мядзведзь і інш.); чалавек. Э. існуюць у розных біятопах, што садзейнічае пашырэнню іх арэала. Некат. Э., асабліва сінантропныя віды, сталі касмапалітамі. Проціпастаўляюць стэнафагам.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛЫ,

арганізмы, якія складаюць адно з царстваў арган. свету. Існуюць 2 узроўні арганізацыі Ж.: аднаклетачныя (прасцейшыя) і шматклетачныя. У сусв. фауне налічваецца 1,5—2 млн. відаў Ж.; у фауне Беларусі больш за 430 відаў пазваночных і да 20 тыс. відаў беспазваночных. Насяляюць сушу, паветра, воднае і глебавае асяроддзе, многія — паразіты. Адрозніваюцца ад інш. эўкарыётаў адсутнасцю (за невял. выключэннем) цэлюлозных клетачных абалонак. Ж. — гетэратрофы (жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, неарган. злучэнні непасрэдна не асімілююць), размнажаюцца дзяленнем, пачкаваннем, яйцамі, жыванараджэннем і інш., здольныя да актыўнага перамяшчэння.

Некалькі дзесяткаў відаў Ж прыручаны чалавекам або разводзяцца ў няволі; шэраг Ж. належаць да паляўніча-прамысловых (собаль, пясец, ліс і інш.). Многія Ж выкарыстоўваюцца як лабараторныя (марскія свінкі, трусы і інш.). Пастаўшчыком бялку жывёльнага паходжання служаць с.-г. Ж. У выніку ўздзеяння чалавека на жывую прыроду, пагаршэння экалагічных умоў, знішчэння дзікіх Ж. узнікла пагроза для існавання многіх відаў (у сярэднім у свеце штодзённа знікае 1 від або падвід). На Беларусі ахова Ж. рэгулюецца адпаведнымі законамі (гл. Ахова жывёл) і палажэннямі зямельнага. воднага і ляснога заканадаўстваў, міжнар. пагадненнямі і інш.; рэдкія і знікаючыя віды занесены ў Чырв. кнігу.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАТЫЯРА́ЛЬНЫЯ (Dothiorales),

парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Пашыраны ў субтрапічных і трапічных раёнах, многія — ва ўмеранай зоне. На Беларусі трапляюцца віды з родаў батрыясферыя, датыёра, гіньярдыя. Сапратрофы на розных раслінных рэштках, паразіты на лісці, сцяблах, пладах розных раслін.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) падушка- або коркападобныя, чорныя, з адной ці некалькімі локуламі, часам зрастаюцца. Сумкі 2—16-споравыя, булавападобныя, на кароткай ножцы. Споры адна- ці шматклетачныя. У цыкле развіцця адзначаны канідыяльныя стадыі.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)