палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУЧА́ЕЎ (Васіль Васілевіч) (1.3.1846, с. Мілюкова Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1903),
рускі вучоны-прыродазнавец, заснавальнік навук.генет. глебазнаўства і занальнай аграхіміі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1871). З 1880 выкладаў у ім, з 1883 праф., у 1892—97 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (заснаваў у ім першую ў Расіі кафедру глебазнаўства, 1895). Стварыў вучэнне пра геагр. зоны. Абгрунтаваў навук. класіфікацыю глеб (1886), распрацаваў комплекс мер па барацьбе з засухай, метады картаграфавання і склаў першую глебавую карту паўн. паўшар’я. Імя Д. прысвоена Глебаваму ін-ту і Цэнтр. музею глебазнаўства УАСГНІЛ. З 1946 прысуджаецца залаты медаль і прэмія імя Д. АНСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́МБУДСМАН (ад швед. ombudsman прадстаўнік чыіх-небудзь інтарэсаў),
спецыяльна выбраная або прызначаная службовая асоба ў шэрагу краін для кантролю за захаваннем правоў чалавека рознымі адм. органамі. Выбіраецца або прызначаецца як службовая асоба парламентам, кіраўніком дзяржавы або ўрадам. У некат. краінах гэтыя функцыі выконваюць прыватныя асобы і аб’яднанні. У адрозненне ад пракуратуры О. ажыццяўляе кантроль і вядзе расследаванне з пункту гледжання законнасці, эфектыўнасці, мэтазгоднасці, добрасумленнасці, справядлівасці. Дзейнічае і па скаргах грамадзян і па ўласнай ініцыятыве. Такіх службовых асоб называюць: уласна О. — у скандынаўскіх краінах; нар. абаронца ў Іспаніі і Калумбіі; пасрэднік — у Францыі; адвакат народа — у Румыніі; упаўнаважаны па правах чалавека — у Расіі. Вынікі сваёй дзейнасці О. паведамляе парламенту або органу, які яго ўпаўнаважыў для прыняцця адпаведных мер і аднаўлення парушаных правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГІГІЕ́НА (ад радые... + гігіена),
раздзел медыцыны, які вывучае ўплыў іанізавальных выпрамяненняў на здароўе чалавека і распрацоўвае меры процірадыяцыйнай аховы. Аб’ядноўвае 4 асн. кірункі: дазіметрычны (вывучэнне крыніц і доз апрамянення), радыебіял. (вывучэнне эфектаў уздзеяння радыяцыі на арганізм), гігіенічны (рэгламентаванне ўзроўняў дапушчальнага апрамянення) і санітарна-арганізац. (распрацоўка канкрэтных мер процірадыяцыйнай аховы). Падзяляецца на Р. працы і камунальную. Вывучае натуральны і тэхнагенны павышаны фон іанізавальнага выпрамянення, мед. радыяцыйную надбаўку за кошт дыягнастычных і лячэбных працэдур, уплыў павышанага радыяцыйнага фону на здароўе насельніцтва, умовы і асаблівасці фарміравання радыяцыйных абставін на рабочых месцах, распрацоўвае мерапрыемствы па ахове насельніцтва пры радыяцыйных аварыях, вывучае заканамернасці міграцыі радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе і інш. Рэкамендацыі па гігіенічным нарміраванні іанізавальных выпрамяненняў распрацоўвае Нац. камісія Беларусі па радыяцыйнай ахове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЙГА́КІ (Saiginae),
падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 роды, 2 віды: сайгак, або сайга (Saiga tatarica), і аронга, або чыру (Pantholops hodgsoni). Аронга пашырана ў высакагор’ях Тыбета, сайгак — у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Перадкаўказзі, Ніжнім Паволжы. Жыве статкамі ў стэпах і паўпустынях, робіць сезонныя вандроўкі. Празмерным промыслам да пач. 20 ст. сайгак быў амаль вынішчаны; у выніку ахоўных мер колькасць яго пагалоўя аднавілася.
У сайгака даўж. самцоў да 146 см, выш. ў карку да 80 см (у аронга да 100 см), маса да 50 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка спіны і бакоў жаўтаватая, бруха белае. Галава вял., нос доўгі, рухавы, хобатападобны. Рогі светла-жоўтыя, паўпразрыстыя, даўж. да 40 см; самкі бязрогія. Расліннаедныя. Палігамы. Нараджаюць звычайна 2 дзіцянят. Аб’ект абмежаванага промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА КРЫМІНА́ЛЬНАГА ПРА́ВА,
кірунак у навуцы крымін. права. Узнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. Прадстаўнікі школы Ф.Ліст (Аўстрыя), Э.Феры (Італія), І.Я.Файніцкі, С.В.Познышаў (Расія), прызнаючы сац. абумоўленасць злачынных паводзін чалавека, лічылі, што на яго ўплываюць і біял. (у т. л. спадчыннасць), фіз. (час года, клімат, час сутак і да т.п.) і інш. фактары. Сучасныя прыхільнікі школы прытрымліваюцца тэорыі і мноства фактараў злачыннасці як біял., так і сац. (напр., звязаных з урбанізацыяй). Крыміналісты-сацыёлагі лічылі, што навука крымін. права аб’ядноўвае крымін. права ў вузкім сэнсе (крымін. дагматыка), крыміналогію або этыялогію злачынстваў і крымін. палітыку (распрацоўка мер барацьбы са злачыннасцю); некаторыя з іх у яе склад уключалі таксама пеналогію (навуку аб выкананні пакарання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, узнікненне і развіццё якіх найб. залежыць ад уплыву неспрыяльных сац.-эканам. умоў і фактараў. Да развіцця С.х. прыводзяць псіха-эмацыянальныя хваляванні, стрэсы, незбалансаванае харчаванне, вытв. асяроддзе, сац.-эканам. нестабільнасць, паніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. У выніку негатыўнага ўплыву сац. фактараў ствараецца фон для ўзнікнення С.х. Сац. значэнне туберкулёзу, венерычных хвароб, СНІДу, алкагалізму, наркаманіі, прафесійных хвароб і інш. звязана з пашыранасцю, цяжкасцю і працягласцю захворванняў, высокай рызыкай заражэння і інш. Зніжэнне захваральнасці на С.х. ў значнай ступені залежыць ад комплексу агульнадзярж. мер, накіраваных на фарміраванне здаровых умоў жыцця, працы, адпачынку насельніцтва, ахову навакольнага асяроддзя і інш.
Літ.:
Социальная медицина и организация здравоохранения. Т. 1—2. СПб., М., 1998;
Социальная гигиена (медицина) и организация здравоохранения. Казань, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАЛО́ГІЯ (ад метр + ...логія),
навука пра вымярэнні, метады і сродкі забеспячэння іх адзінства і патрэбнай дакладнасці. Адрозніваюць М. тэарэт. (распрацоўвае агульныя праблемы вымярэнняў і хібнасцей вымярэнняў), прыкладную (займаецца тэорыяй і практыкай забеспячэння гарантаванай дакладнасці канкрэтных вымярэнняў і вымяральных сістэм) і заканадаўчую (разглядае пытанні агульных правіл і норм, метралагічнай дзейнасці, якія патрабуюць рэгламентацыі і кантролю з боку дзяржавы).
Асн. задачы М.: стварэнне агульнай тэорыі вымярэнняў; утварэнне адзінак фізічных велічынь і сістэм адзінак; распрацоўка метадаў і сродкаў вымярэнняў, метадаў вызначэння дакладнасці вымярэнняў і аднастайнасці сродкаў вымярэнняў; стварэнне эталонаў і ўзорных сродкаў вымярэнняў, праверка мер і сродкаў вымярэнняў. Актуальныя праблемы М.: павышэнне дакладнасці вымярэнняў; пашырэнне дакладных вымярэнняў на вобласці вельмі малых і вельмі вял. значэнняў велічынь; правядзенне гранічна дакладных вымярэнняў у асаблівых нестацыянарных умовах: пры дынамічных рэжымах, вял. паскарэннях, высокіх і вельмі нізкіх т-рах; удасканаленне метадаў і сродкаў вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі.
М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці як вучэнне аб мерах. Доўгі час была апісальнай навукай пра розныя меры і суадносіны паміж імі. Гіст. этапамі развіцця М. сталі: устанаўленне эталона метра (Францыя, канец 18 ст.), стварэнне абсалютных сістэм адзінак (К.Гаўс, 1832); падпісанне міжнар. Метрычнай канвенцыі (1875), распрацоўка і ўстанаўленне ў 1960 Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ); у Расіі — далучэнне да Метрычнай канвенцыі і стварэнне ў 1893 Дз.І.Мендзялеевым Гал. палаты мер і вагі. У 20 ст. метралагічныя даследаванні асобных краін каардынуюцца міжнароднымі метралагічнымі арганізацыямі. На Беларусі арганізавана сетка арг-цый, адказных за метралагічнае забеспячэнне — метралагічная служба. Пра развіццё М. на Беларусі гл. ў арт.Метралогія гістарычная.
Літ.:
Маликов С.Ф., Тюрин Н.И. Введение в метрологию. 2 изд. М., 1966;
Бурдун Г.Д., Марков Б.Н. Основы метрологии. 3 изд. М., 1985;
Шостьин Н.А. Очерки истории русской метрологии, XI — начало XX в. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМЕ́ТР (ад грэч. optos бачны + ...метр),
оптыка-механічная прылада для найб. дакладных вымярэнняў лінейных памераў дэталяў. З дапамогай аптыметра вызначаюць памер у межах шкалы (абс. метады вымярэння) ці параўноўваюць лінейны памер з канцавой мерай даўжыні або з эталонам (адносны метад). Пераўтваральны элемент аптыметра — рычажна-аптычнае прыстасаванне: рычажная перадача — рухомае люстэрка і пераўтваральнік — аўтакаліматар. Бываюць верт. і гарызантальныя; з акулярам або з праекцыйным экранам. Цана дзялення да 0,2 мкм, межы вымярэнняў да 500 мм. Аптыметр забяспечваецца зменнымі прыстасаваннямі для вымярэнняў сярэдняга дыяметра разьбы, даўжыняў канцавых мер, спец. галоўкай для вымярэнняў адтулін дыяметрам ад 1 да 13,5 мм, праекц. насадкай для акулярных трубак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ПРА́ЦЫ,
сістэма арганізацыйна-прававых, эканам., тэхн. і сан.-гігіенічных мер, якія садзейнічаюць нейтралізацыі шкоднага ўздзеяння на арганізм работніка, прафілактыцы траўматызму і прафес. захворванняў і абавязковыя для выканання ўсімі прадпрыемствамі, установамі, арг-цыямі і службовымі асобамі. Права на ахову працы замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і рэгламентавана Кодэксам законаў аб працы. Спец. нормы права рэгламентуюць ахову працы жанчын, моладзі, інвалідаў. Абавязкі па ахове працы заканадаўствам ускладзены на наймальніка. Для аховы працы выдзяляюць сродкі і матэрыялы, парадак выкарыстання якіх вызначаецца ў калектыўных дагаворах або пагадненнях.
Нагляд і кантроль за выкананнем правілаў і нормаў аховы працы ажыццяўляюць спец. ўпаўнаважаныя органы, прафсаюзы, Саветы дэпутатаў, іх выканаўчыя і распарадчыя органы, мін-вы і ведамствы, пракуратура. За парушэнне заканадаўства па ахове працы ўстаноўлена дысцыплінарная, адм. і крымін. адказнасць.