ПАВЕ́ТРАНЫ ШАР,

некіроўны (свабодны) аэрастат шарападобнай формы, які перамяшчаецца (ляціць) у напрамку паветр. плыняў. Форму шара мелі першыя аэрастаты (гл. Паветраплаванне), потым іх пачалі рабіць выцягнутай формы. П.ш. для даследавання верхніх слаёў атмасферы наз. стратастатам.

Абалонку П.ш. робяць з прагумаванай тканіны ці пластыку, напаўняюць яе гарачым паветрам або лёгкім газам (вадародам, геліем). Да абалонкі падвешваюць кабіну — гандолу для людзей, газавых гарэлак, прылад і інш. Першы П.ш. пабудавалі франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е летам 1783, восенню адбыўся першы палёт людзей на «мангальф’еры» ў Парыжы. Больш значнае пашырэнне набылі П.ш., якія напаўнялі газам. Адным з першых на такім П.ш. падняўся ў паветра для назірання сонечнага зацьмення ў 1887 рус. вучоны Дз.​І.​Мендзялееў. Выкарыстоўваецца ў спарт. і навук.-пазнавальных мэтах.

Паветраны шар братоў Мангальф’е, на якім 21.11.1783 ажыццёўлены палёт над Парыжам (каля 8 км).

т. 11, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ШКЕ, Нішке-паз, Верэпаз,

у мардоўскай (эрзя) міфалогіі вышэйшы бог, які стварыў неба і зямлю, запусціў у сусв. акіян трох рыб, на якіх трымаецца зямля, насадзіў лясы, стварыў чалавечы род (эрзю), загадаў мужчынам займацца земляробствам, а жанчынам — хатняй работай. Яго малілі аб ураджаі, здароўі людзей і жывёлы, паміналі ў замовах.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАТУБЕРКУЛЁЗ (ад псеўда... + туберкулёз),

інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Крыніца ўзбуджальніка П. — грызуны (мышы, пацукі, зайцы), узбуджальнік — бактэрыі. Людзі заражаюцца пры спажыванні садавіны і гародніны, забруджанай фекаліямі і мачой грызуноў, жывёлы — пры паяданні інфіцыраваных кармоў. Клінічныя праявы: лімфадэніт, пашкоджанні страўніка і інш. П. характарызуецца зімова-веснавой сезоннасцю. Лячэнне людзей тэрапеўтычнае.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДЫ,

у сярэдневяковых сканд. краінах назва ўсіх вольных людзей (земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбакі), якія не належалі да знаці; вольныя сяляне. Мелі сваю гаспадарку, жылі на адасобленых хутарах (у Нарвегіі, Ісландыі і некаторых раёнах Швецыі) ці ў невялікіх вёсках (у Даніі і б.ч. Швецыі) і, акрамя дацкіх бондаў, захоўвалі асабістую свабоду на працягу ўсяго сярэдневякоўя.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́М (стараж.-яўр. чалавек),

у Бібліі і Каране першы чалавек, прабацька ўсіх людзей, якога стварыў Бог па сваім падабенстве і пасяліў з Евай у раі, адкуль яны былі выгнаны за грэхападзенне. Паводле падання, пражыў 930 гадоў і быў пахаваны на Галгофе на тым месцы, дзе пазней быў распяты на крыжы Ісус Хрыстос.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫЗІ́НА (ням. Draisine),

транспартная машына на рэйкавым колавым хаду для перавозкі людзей і грузаў на невял. адлегласці. Прыводзіцца ў рух ад аўтамабільнага (аўтадрызіна) або матацыклетнага (мотадрызіна) рухавіка ўнутр. згарання. Першыя Д. — 4-колавыя цялежкі з ручным прыводам. Вынайдзена ням. вынаходнікам К.​Ф.​Дрэзам (1785—1851; адсюль назва).

Дрызіна: 1 — пасажырская; 2 — грузавая.

т. 6, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСГІДРО́З (ад дыс... + грэч. hidrōs пот + ...оз),

утварэнне на скуры ўнутры эпідэрмальных пухіркоў з прычыны закупоркі праток потавых залоз. Бывае ў людзей з высокай патлівасцю, пасля нерв. стрэсаў, хваляванняў, сполаху; лічыцца таксама праяўленнем алергічнай рэакцыі. Прыкметы: на скуры далоней, бакавых паверхняў пальцаў рук, на падэшве глыбокія празрыстыя пухіры, пякота ці сверб. Лячэнне: супрацьзапаленчая тэрапія.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСМАРФАФАБІ́Я (ад дыс... + марфа... + фобія),

назойлівы неўратычны страх, звязаны з рэальнай або ўяўнай фіз. заганай. У адрозненне ад дысмарфаманіі працякае звычайна без цяжкіх псіх. расстройстваў. Праяўляецца пераважна ў падлеткаў як часовая ўзроставая з’ява; большасць выпадкаў Д. прыпадае на перыяд палавога выспявання (хоць можа развівацца і ў дарослых людзей, зрэдку і ў дзяцей).

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЛАВЫ́Я ГУ́ЛЬНІ,

метад імітацыі прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў у розных штучна падабраных сітуацыях, якія набліжаюцца да рэальных, сапраўдных. Ажыццяўляюцца шляхам гульні (гульняў) па зададзеных правілах групы людзей або чалавека з ЭВМ, пераважна ў галіне менеджменту, у камерцыйнай. фін. і іншых сферах. Выкарыстоўваюцца для навучання і адбору кіраўнікоў, н.-д. мэт, выпрацоўкі кіраўніцкіх рашэнняў.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАМО́КЛАЎ МЕЧ»,

выраз, які абазначае пастаянную небяспеку. Паводле стараж.-грэч. падання, Дамокл, фаварыт сіракузскага тырана Дыянісія I Старэйшага, лісліва называў яго самым шчаслівым з людзей. Каб паказаць нетрываласць свайго шчасця, Дыянісій у час святочнага балявання пасадзіў Дамокла на сваё месца і павесіў над яго галавой на конскім воласе востры меч — сімвал небяспекі.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)