галіна навукі і тэхнікі, якая забяспечвае стварэнне і сінтэз мікрамініяцюрных вырабаў рознага функцыянальнага прызначэння для радыёэлектроннай апаратуры (лініі затрымкі, фільтры, прылады ўзмацнення і апрацоўкі радыёэлектронных сігналаў і інш.); асн. раздзел электронікі. На аснове вырабаў М. створаны таксама высоканадзейныя з вял. аб’ёмам памяці камп’ютэры і камп’ютэрныя сістэмы вырашаюцца праблемы стварэння штучнага інтэлекту.
Грунтуецца на дасягненнях фізікі, хіміі, матэматыкі, матэрыялазнаўства і інш. Сярод вырабаў М. найб. пашыраны аналагавыя і лічбавыя інтэгральныя паўправадніковыя і гібрыдныя мікрасхемы (ІС; гл.Інтэгральныя схемы), прыборы з зарадавай сувяззю (напр., ПЗС-матрыца). Вырабы М. бываюць у выглядзе матрыцы (ці некалькіх матрыц) аднатыпных элементаў мікронных і субмікронных памераў. напр., транзістараў розных тыпаў (біпалярных, МДП) і іх эл. злучэнняў; напр., вял. ІС маюць да 10⁴ элементаў, звышвял. — да 106 і ультравял. — больш за 106 элементаў на крышталь. Вытв-сць паўправадніковых ІС ажыццяўляецца з выкарыстаннем сукупнасці тэхнал. працэсаў, заснаваных на фіз.-хім. метадах апрацоўкі паўправадніковых, метал. і дыэл. матэрыялаў, якія складаюць аснову планарнай тэхналогіі, сінтэз гібрыдных мікрасхем праводзіцца на аснове плёначнай тэхналогіі. М. развіваецца ў кірунку змяншэння памераў элементаў (гл.Мініяцюрызацыя), павышэння ступені інтэграцыі (вызначаецца шчыльнасцю ўпакоўкі) і хуткадзеяння (вызначаецца часам затрымкі сігналу) з абавязковай аптымізацыяй логікі работы мікрасхем, удасканаленнем структуры і ўласцівасцей традыцыйных (германій, крэмній) і новых (арсенід галію і інш.) паўправадніковых і дыэл.-матэрыялаў, тугаплаўкіх металаў. Асн. праблемы М. пры павышэнні ступені інтэграцыі звязаны з фундаментальнымі абмежаваннямі, абумоўленымі прыродай матэрыялаў і фіз. прынцыпамі функцыянавання, а таксама праблемамі ўзроўню ўласных шумоў і адводу цяпла.
На Беларусі даследаванні па праблемах М. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, Ін-тах фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ, НВА «Інтэграл» (у т. л.вытв-сць вырабаў М.) і інш.
Літ.:
Ефимов И.Е., Козырь И.Я. Основы микроэлектроники. 2 изд. М., 1985;
Валиев К.А. Микроэлектроника: достижения и пути развития. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛІЧЭ́ННЕ,
сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл.Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл.Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.
У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл.Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл.Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент X мае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл.Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц.сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл.Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.
Літ.:
Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;
Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЧЫ́МАСЦЬ І РЭЧАІ́СНАСЦЬ,
узаемазвязаныя катэгорыі дыялектыкі, якія характарызуюць працэс станаўлення і развіцця ўсіх прадметаў і з’яў з пункту гледжання неабходнай паслядоўнасці яго пэўных момантаў (стадый, узроўняў). Магчымасць — такі ідэальны стан прадмета ці з’явы, калі ўласцівыя ім унутр. тэндэнцыі ў сваім руху яшчэ не дасягнулі дастаткова яснай акрэсленасці і форм яе знешняга выражэння, каб самастойна існаваць у якасці новых прадметаў і з’яў, г.зн. не пераўтварыліся ў элементы існуючай рэчаіснасці. Пераход з ідэальнага стану ў рэчаіснасць адбываецца згодна з логікай развіцця кожнага прадмета ці з’явы і залежыць ад наступлення пэўных умоў. Рэчаіснасць — тое, што ўжо існуе Усё існуючае ў кожны дадзены момант у вобразе пэўнай рэчаіснасці ў свой час прадстаўляла сабою магчымасць. Таму магчымасць з’яўляецца перадумовай рэчаіснасці, а працэс развіцця прадметаў і з’яў набывае выгляд бясконцых пераходаў магчымасці ў рэчаіснасць і адначасова ўзнікнення ў рэчаіснасці новых магчымасцей, якія пракладваюць шлях да фарміравання новай рэчаіснасці. Філас. класіфікацыя магчымасці ўключае абстрактныя (фармальныя) і рэальныя (канкрэтныя) магчымасці. Абстрактная магчымасць не супярэчыць сутнасці прадмета або з’явы і не адмаўляе аб’ектыўнай логікі іх развіцця, але ў дадзены час не можа пераўтварыцца ў рэальнасць, таму што адсутнічаюць неабходныя і дастатковыя ўмовы для такога пераходу. Рэальная магчымасць ужо ў дадзены момант абапіраецца на неабходную колькасць умоў, каб стаць элементам існуючай рэчаіснасці. Але фактычны пераход гэтай магчымасці ў рэчаіснасць часта залежыць ад наяўнасці некаторых дадатковых фактараў (напр., у грамадскім жыцці — ведаў, волі і г.д.). Абстрактная і рэальная магчымасць звязаны паміж сабой узаемапераходамі, г.зн., што абстрактная магчымасць дзякуючы змене ўмоў становіцца рэальнай магчымасцю, а апошняя можа перайсці ў разрад абстрактнай магчымасці (напр., у гісторыі, палітыцы).
Сістэматычнае навук. асэнсаванне М. і р. пачалося ў Стараж. Грэцыі прадстаўнікамі элейскай і мегарскай школ. Дыялектыку М. і р. распрацоўваў Арыстоцель, погляды якога панавалі ў філасофіі сярэдневякоўя. Развіццё філас. ідэй аб М. і р. звязана з імёнамі Т.Гобса, Ж.Б Ламарка, І.Канта, Г.Гегеля, К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, Б.Расела, С.А.Крыпке, Я.Хінцікі.
Літ.:
Маковка Н.М. Проблема выбора в диалектике возможности и действительности. Ростов н/Д, 1978;
Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;
Методологические функции философских категорий. Саратов, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),
метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.
У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл.Абстрактнае і канкрэтнае).
Літ.:
Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;
Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;
Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАДАЛО́ГІЯ,
1) сукупнасць прыёмаў даследавання, якія ўжываюцца ў якой-н. навуцы.
2) Вучэнне пра метадынавук. пазнання і пераўтварэнне свету, ужыванне навук. светапоглядных прынцыпаў да працэсу тэарэт. пазнання і практыкі. Пытанні М. пазнання былі аб’ектам увагі яшчэ ў антычнасці, калі Арыстоцель распрацаваў вучэнне аб катэгорыях як арганізуючых формах пазнання (сваю лагічную сістэму ён называў «арганонам» — універсальным сродкам ісціннага пазнання). У сярэдневякоўі праблемы М. не выходзілі за рамкі лагічных пабудоў. У новыя часы М. набыла самастойны статус у сістэме навук. ведаў. Англ. філосаф Ф.Бэкан упершыню ўзброіў навуку распрацоўкай індукцыйнага метаду, шляхам абгрунтавання ролі эмпірычных метадаў у пазнанні. Франц. вучоны Р.Дэкарт паставіў на першы план распрацоўку рацыяналістычных асноў М. пазнання, выкарыстанне дэдуктыўнага метаду. Спроба пераадолець абмежаванасць рацыяналістычнай і эмпірычнай плыней у М. была зроблена прадстаўнікамі ням. класічнай філасофіі І.Кантам, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінгам, Г.Гегелем, якія ажыццявілі пераход да распрацоўкі дыялектычнай М. ў яе ідэаліст. форме. Пры гэтым дыялектыка разглядалася як усеагульны метад пазнання і духоўнай дзейнасці. Пераапрацаваныя на матэрыяліст. аснове дыялект. прынцыпы былі пакладзены ў аснову марксісцкай М. Дыялектычна-матэрыяліст. М. (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін) зыходзіць з таго, што навук. пазнанне магчыма толькі тады, калі яно адлюстроўвае аб’ектыўныя законы прыроды і грамадства. Надаючы такой М. рысы ўсеагульнасці, марксізм разглядае яе таксама як сродак рэвалюцыйна-практычнага пераўтварэння рэчаіснасці.
Патрэбы навукі і практыкі 20 ст. абумовілі ператварэнне М. ў спецыялізаваную галіну ведаў. У адрозненне ад тэорыі пазнання, аб’ектам якой з’яўляецца пазнавальная дзейнасць у цэлым, М. акцэнтуе ўвагу на структурнай арганізацыі і сродках пазнання, унутр. механізмах і логіцы развіцця ведаў. Змястоўны аспект М. ўключае ў сябе такія праблемы, як: структура навук. ведаў увогуле і навук. тэорый у прыватнасці; структура і аперацыянальны склад метадаў навукі; крытэрыі навуковасці; заканамернасці нараджэння, функцыянавання і змены навук. тэорый; паняційны апарат навукі і прынятыя ў ёй спосабы тлумачэння; умовы і межы выкарыстання канкрэтных сродкаў М. і інш. Фармальны аспект М. ўключае фармалізаваныя і фармальныя метады даследавання; мову навукі; тыпалогіі сістэм ведаў і г.д. Істотны ўклад ў распрацоўку гэтага кірунку М. зрабілі прадстаўнікі неапазітывізму, якія шырока выкарыстоўвалі метады фармальнай логікі для аналізу навук. ведаў.
Літ.:
Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;
Горский Д.П. Проблемы общей методологии наук и диалектической логики. М., 1966;
Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІТЫВІ́ЗМ (франц. positivisme ад лац. positivus станоўчы),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спец. навукі, што абапіраюцца на эмпірычны вопыт. Узнік у 1830—40-я г. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А.Конт. Гіст. папярэднікамі П. з’яўляюцца Ж.Д’Аламбер, А.Сен-Сімон, А.Р.Ж.Цюрго, Д.Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця П. 1-ы этап — класічны. Яго гал. прадстаўнікі — Конт, Э.Літрэ, Ж.Э.Рэнан, І.Тэн (Францыя), Дж.Міль, Г.Спенсер, К.Пірсан (Вялікабрытанія), П.Л.Лаўроў, У.В.Лясевіч, М.К.Міхайлоўскі, М.М.Троіцкі (Расія) і інш. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненне ад абстрактна-метафіз. тлумачэнняў павінны быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццявімымі і карыснымі, а асн. задача любой навукі і пазнання ў цэлым заключаецца ў вызначэнні пастаянных і ўстойлівых сувязей паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Яго тэарэтыкі Р.Авенарыус, Э.Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спец. тэорыі навук.пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае вывады ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм, які ў адрозненне ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцца вынікі звычайнага або канкрэтна-навук. мыслення (гл.Аналітычная філасофія). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму ў якасці ідэальнага сродку аналіт.філас. дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы П. далучаліся Л.С.Стэбінг, Дж.Уісдам (Вялікабрытанія), К.Г.Гемпель, Г.Шольц (Германія), Э.Нагель, Ч.Морыс, П.У.Брыджмен (ЗША), К.Айдукевіч (Польшча) і інш. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднаных назвай «постпазітывізм», якія аддаюць асн. ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць вырашэнне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філас. сістэма П. паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-й пал. 19 ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сац. тэорыі стала адной з тэарэт. асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае з саюзу навукі і прам-сці. Паводле П., сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязей, у якія яны ўключаюцца і якой павінны падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для інш.філас. кірункаў (напр., экзістэнцыялізму), механістычных, геагр., расава-антрапалагічных навук. школ.
Літ.:
Трошкина В.П. Социологическая концепция Огюста Конта. М., 1984;
Современная философия науки: Хрестоматия. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭРНІ́ЗМ (франц. modernisme ад лац. modernus новы, сучасны),
агульная ўмоўная назва нерэаліст., авангардысцкіх літ., арх. і маст. кірункаў, творчасці асобных майстроў 20 ст. Да М. адносяць абстрактнае мастацтва, дадаізм, канструктывізм, кубізм, сімвалізм, сюррэалізм, ташызм, фавізм, футурызм, экспрэсіянізм, псіхалагічную школу, школу «плыні свядомасці» і інш. Проціпастаўляецца акадэмізму і рэалізму. Прадстаўнікі М. адмаўлялі класічныя традыц. формы мастацтва, лічылі фармальны эксперымент асновай свайго творчага метаду, прапагандавалі суб’ектывізм, разбурэнне міметычнай вобразнасці і логікі формы, міфа- і фарматворчасць, зварот да падсвядомасці, тэндэнцыі абсурдызму, каштоўнасць выпадковасці. Мэтай творчасці стала стварэнне прынцыпова арыгінальных твораў, якія нясуць унутр. свабоду і навізну сродкаў выяўл. мовы, з’яўляюцца ўвасабленнем асаблівага бачання і разумення свету аўтарам. У 1960-я г. як проціпастаўленне М. ўзнік постмадэрнізм. У літаратуры М. вызначаецца ўпэўненасцю ў глыбокім, непераадольным разыходжанні духоўнага вопыту чалавека і асн. тэндэнцый развіцця грамадства, адчуваннем адзіноты, адчужанасці чалавека, абсурднасці яго існавання ў свеце, стратай ідэалаў (творчасць С.Бекета, В.Вулф, Г.Гесэ, Дж.Джойса, Э.Іанеска, А.Камю, Ф.Кафкі, Д.Г.Лорэнса, М.Пруста, Ж.П.Сартра, Т.С.Эліята і інш.). У выяўленчым мастацтве выявіўся праз фармальна-пластычныя, кампазіцыйныя і каларыстычныя пошукі новых форм выразу, спробы адлюстравання падсвядомасці чалавека ў маст. творчасці (С.Далі, О.Дзікс, Р.Дэланэ, В.Кандзінскі, Дж. Дэ Кірыка, Ф.Купка, М.Ларыёнаў, А.Матыс, П.Пікасо, Дж.Полак і інш.). У некат. кірунках архітэктуры (канструктывізм, тэхн. эстэтызм) атаясамліваў эстэт. каштоўнасць з сац. функцыянальнасцю. У музыцы на пач. 20 ст. тэрмін «М.» абазначаў позні муз. рамантызм (М.Рэгер, Г.Малер, Р.Штраус) і імпрэсіянізм з тыповай для іх дэструкцыяй танальнай гармоніі, класічных форм, традыц. метрыкі і рытму, тэматызму і інш. Гэта выяўлялася ў форме прадаўжэння рамант. традыцый адначасова з выпрацоўкай уласнай стылявой сістэмы. Пазней стаў сінонімам паняццяў «новая музыка» (тэрмін П.Бекера, 1919) і муз. авангардызм, якія прадугледжвалі прынцыповае адмаўленне традыцый. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» вызначае паслядоўнасць навацый авангарду. У канцы 1970-х г. характэрная для М. паскораная змена фармальных метадаў і прыёмаў кампазіцыі прывяла да плыняў т.зв. «новай прастаты», якія парадаксальным чынам імкнуцца да аднаўлення рамантызму. Музыка ў эстэтыцы М. ацэньваецца як бы з пазіцыі будучага развіцця. Нягледзячы на тое, што М. ігнаруе традыц. каштоўнасці, буйныя кампазітары, якія знаходзяцца пад яго ўплывам, ствараюць значныя муз. творы, дзе адлюстроўваюць складанасць і супярэчлівасць чалавечай свядомасці ва ўмовах сучаснай рэчаіснасці.
На Беларусі ў л-ры М. выявіўся ў адлюстраванні нац. адраджэнскіх ідэй, паўплываў на творчасць Я.Купалы, Ядвігіна Ш., В.Ластоўскага, А.Луцкевіча, Ф.Аляхновіча і інш. У архітэктуры да М. адносяцца пабудовы канструктывістаў (комплекс БДУ, 1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны; Нац.б-ка Беларусі, 1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна, і інш.), у выяўл. мастацтве — творчасць М.Шагала, К.Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва».
Літ.:
Модернизм: Анализ и критика осн. направлений. 4 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́СЛЕННЕ,
форма духоўнай, пазнавальна-творчай дзейнасці чалавека, якая заключаецца ў мэтанакіраваным, апасродкаваным і абагульненым пазнанні прадметаў, з’яў і працэсаў і дае ўяўленне аб іх сутнасці, уласцівасцях, сувязях і адносінах; найвышэйшая ступень чалавечага пазнання. З’яўляецца функцыяй чалавечага мозга, уяўляе сабой прыродны працэс, не існуе па-за грамадствам, па-за мовай і па-за ведамі, што назапашаны чалавецтвам, а таксама па-за выпрацаванымі спосабамі і метадамі мысліцельнай дзейнасці — лагічнымі, матэматычнымі і інш. Чалавек здольны ўтвараць агульныя паняцці і іх сістэмы (тэорыі), рабіць лагічныя вывады і доказы. Вынікам М. з’яўляюцца: пастаноўка і вырашэнне практычных і тэарэт. праблем, пазнанне заканамернасцей развіцця прыроды, грамадства і самога М., прагназаванне падзей і дзеянняў. Здольнасць чалавека да М. дазваляе атрымліваць веды пра ўласцівасці, сувязі і адносіны аб’ектаў, якія недаступны непасрэднаму эмпірычнаму пазнанню, вызначаць магчымасці іх развіцця, рабіць лагічна абгрунтаваныя вывады, накіраваныя на рэгуляванне жыццядзейнасці грамадства і чалавека (дзейнасці, паводзін і адносін), на далейшае развіццё самога М. Можа быць канкрэтным або абстрактным у залежнасці ад накіраванасці на канкрэтныя ці ідэальныя прадметы. М. — гэта не «чыста» суб’ектыўная інтэлектуальная здольнасць і актыўнасць чалавека. Кожны асобны індывід становіцца суб’ектам М., калі ён авалодае паняццямі, логікай, мовай, якія самі з’яўляюцца прадуктам развіцця грамадска-гіст. практыкі і культуры. Грамадскія ўмовы, у якіх жыве чалавек, і культура — гэта не знешнія дэтэрмінанты М., а яго «ўнутраная форма», якая вызначае розныя тыпы сацыяльнасці і культуры М. Як вельмі складаны феномен М. з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук: філасофіі (вывучае формы і законы М.), фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці (вывучэнне фізіял. апарата і механізмаў М.), гнасеалогіі (аналіз суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, пачуццёвага і рацыянальнага, эмпірычнага і тэарэт.), логікі (навукі аб формах, правілах і аперацыях М), а таксама псіхалогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, кібернетыкі і інш. навук.
Веды аб М. з’явіліся спачатку ў рамках філасофіі і прывялі да вычлянення М. з агульнай сукупнасці псіхічных працэсаў. Пытанне аб прыродзе М., узаемаадносінах М. і быцця было цэнтр. праблемай у гісторыі філас. думкі (гл.Свядомасць, Матэрыялізм, Ідэалізм). Змест і катэгарыяльная структура М. ўдасканальваюцца з развіццём пазнання і грамадскай дзейнасці чалавека, яго патрэб і інтарэсаў. У гісторыі чалавецтва вядомы розныя тыпы М.: магічнае, архаічнае, сімвалічнае, паняційнае, лагічнае і інш. У філасофіі былі і ёсць розныя падыходы да разумення прыроды і сутнасці М.: дыялект. матэрыялізм разглядае М. як вышэйшую ступень актыўнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці, а крытэрыем сапраўднасці М. лічыць практыку; неапазітывісцкія і інш. плыні аналіт. філасофіі вылучаюць на першы план фармальна-лагічныя аспекты М.; інтуітывісцкія, фенаменалагічныя і экзістэнцыялісцкія канцэпцыі разглядаюць М. як сузіранне ідэальных сутнасцей (фенаменалогія) або адмаўляюць здольнасць чалавека да рацыянальнага пазнання аб’ектыўнай рэчаіснасці (інтуітывізм, экзістэнцыялізм).
Літ.:
Брушлинский А.В., Поликарпов В.А. Мышление и общение. Мн., 1990;
Леви-Строс К. Первобытное мышление: Пер. с фр.М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ГЕЛЬ ((Hegel) Георг Вільгельм Фрыдрых) (27.8.1770, г. Штутгарт, Германія — 14.11.1831),
нямецкі філосаф. Вучыўся ў Цюбінгенскім тэалагічным ін-це (1788—93). Быў хатнім настаўнікам у Берне і Франкфурце-на-Майне. З 1801 выкладаў у Іенскім ун-це. У 1808—16 дырэктар Нюрнбергскай гімназіі. З 1816 праф. філасофіі Гайдэльбергскага, з 1818 Берлінскага (у 1829—30 рэктар) ун-таў. Зыходным палажэннем філас. сістэмы Гегеля, выкладзенай ім у «Фенаменалогіі духу» (1807), з’яўляецца тоеснасць быцця і мыслення, г. зн. разуменне рэальнага свету як паступовага выяўлення і развіцця «абсалютнай ідэі», «сусветнага розуму» або «сусветнага духу». Унутр. крыніцай такога развіцця з’яўляецца супярэчнасць, якая ўяўляецца як пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і будуецца ў выглядзе трыяды: тэзіс, антытэзіс, сінтэз процілегласцей у новым адзінстве. Паводле тэорыі Гегеля («Энцыклапедыя філасофскіх навук», 1817), абс. ідэя ў сваім развіцці праходзіць тры этапы: развіццё ва ўласным улонні, у стыхіі «чыстага мыслення» — логіка; у форме «іншабыцця», г. зн. у форме прыроды — філасофія прыроды; у мысленні і гісторыі (у «духу») — філасофія духу. Развіццё «абсалютнай ідэі», «сусветнага духу» стала цэнтр. паняццем гегелеўскай тэорыі дыялектыкі, якая найб. поўна адлюстравана ў «Навуцы логікі» (ч. 1—2, 1812—16). У «Філасофіі права» (1821) Гегель раскрыў этапы развіцця аб’ектыўнага духу: абстрактнае права — мараль — маральнасць; апошняя, у сваю чаргу, ахоплівае сям’ю, грамадз. супольнасць і дзяржаву, якой належыць роля гаранта рэальна спраўджанай свабоды. Сусв. гісторыю Гегеля вызначаў як «развіццё духу ў часе», «прагрэс духу ва ўсведамленні свабоды», які мы павінны пазнаць у яго неабходнасці; пры яе аналізе ён вылучаў 4 асн. перыяды: Усх. Свет (Кітай, Індыя, Персія, Егіпет) — Грэчаскі свет — Рымскі свет — Германскі свет. У сваім вучэнні аб эстэтыцы Гегель даў змястоўную трактоўку прыгожага як «пачуццёвага з’яўлення ідэі», якая бярэцца не ў яе «чыстай, лагічнай форме, а ў яе канкрэтным адзінстве з некаторым знешнім быццём». У лекцыях па гісторыі філасофіі Гегель упершыню паказаў гісторыка-філас. працэс як паступовы рух да абсалютнай ісціны, а кожную асобную філас. сістэму — як пэўную ступень у гэтым працэсе. На аснове вучэння Гегеля ўзніклі розныя філас. сістэмы і плыні (гл.Гегельянства, Младагегельянства, Неагегельянства).
У Беларусі творы Гегеля былі вядомы з 1830-х г., яго ідэі выкарыстоўвалі ў сваіх працах прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку грамадскай думкі (М.Рукевіч, Ф.Савіч, М.Валовіч, М.Лавіцкі, Ш.Канарскі, М.Бакшанскі і інш.). Гегелеўская канцэпцыя развіцця і прынцыпу гістарызму знаходзіла адлюстраванне ў час. «Gwiazda» («Звязда»), «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), якія ў той час былі органамі прагрэс. грамадскай думкі на тэр. Беларусі, Украіны і Літвы. Адно з цэнтр. месцаў у філас. палеміцы 1830—50-х г. у Беларусі занялі ідэі Гегеля аб сутнасці філас. ведаў, гісторыка-філас. працэсу, суадносін эмпірычнага і рацыянальнага, узаемасувязі філасофіі і інш.навук. Г.Жавускі, М.Грабоўскі, І.Галавінскі лічылі філас. сістэму Гегеля «філасофіяй адмаўлення, няздольнай ствараць і натхняць», трактавалі яе як «разбуральны пачатак», крытыкавалі тэзіс Гегеля аб тоеснасці быцця і мыслення і яго гнасеалагічны рацыяналізм. Палемізуючы з Гегелем, К.Буйніцкі і Галавінскі сцвярджалі, што філас. ісціны не маюць «універсальнага» характару, што яны нацыянальныя, а таму прымальныя толькі для аднаго народа. В.Давід і А.Марцінкоўскі разглядалі гісторыка-філас. працэс як пэўную цэласнасць, неад’емнай часткай якой з’яўляецца філасофія асобнага народа.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—14. М.; Л., 1929—58;
Философия права. М., 1990.
Літ.:
Дворцов А.Т. Гегель. М., 1972;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Лазарев В.В., Рау И.А. Гегель и философские дискуссии его времени. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ ((Kant) Імануіл) (22.4.1724, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.2.1804),
нямецкі філосаф, родапачынальнік ням. класічнага ідэалізму. Скончыўшы Кёнігсбергскі ун-т (1745), працаваў хатнім настаўнікам у розных гарадах Усх. Прусіі. З 1755 прыват-дацэнт, у 1770—96 праф.логікі і метафізікі Кёнігсбергскага ун-та (быў дэканам факультэта, двойчы рэктарам ун-та). У творчай біяграфіі К. вылучаюць 2 перыяды: «дакрытычны» (1746—69) і «крытычны» (1770—97). Для першага перыяду характэрны творы па пытаннях прыродазнаўства і філасофіі прыроды. У працы «Усеагульная натуральная гісторыя і тэорыя неба» (1755) развіў касмаганічную гіпотэзу пра паходжанне і развіццё Сонечнай сістэмы (гл.Касмагонія). У фізіцы, у развіццё ідэй Р.Дэкарта і Г.Галілея, абгрунтаваў новае вучэнне пра адноснасць руху і спакою, у біялогіі сфармуляваў ідэю генеалагічнай класіфікацыі жывёльнага свету, у антрапалогіі — ідэю натуральнай гісторыі чалавечых рас.Гал. творы «крытычнага» перыяду — «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму» (1788) і «Крытыка здольнасці суджэння» (1790). Паводле К., па-за межамі пачуццёвых феноменаў існуе непазнавальная, але аб’ектыўная ў абсалютным сэнсе рэальнасць, аб якой у тэорыі пазнання маюцца толькі даволі абстрактныя паняцці — наўмены, якія не даюць нічога для пазнання «рэчаў у сабе», але дазваляюць мысліць пра іх як аб спасцігальных сутнасцях. Ён адзначаў супярэчлівасць розуму і мыслення наогул, паказаў, што пазнанне рухаецца ў рэчышчы гнасеалагічных процілегласцей, якія ўзнікаюць і патрабуюць свайго вырашэння (гл.Антыномія). Аснова этыкі К. — вучэнне аб годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы, якое адпавядала ідэям Франц. рэвалюцыі 1789 аб усеагульных і неад’емных правах чалавека і грамадзяніна. Яно выкладзена ў працах «Асновы метафізікі і маралі» (1785), «Метафізіка нораваў» (1797), «Рэлігіі ў межах толькі розуму» (1798) і інш. Маральны закон, паводле К., патрабуе ад кожнага індывіда дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх (гл.Катэгарычны імператыў.) У сувязі з аўтаномнасцю і самастойным існаваннем маральнасці К. прапанаваў сваё разуменне права, дзяржавы, палітыкі і гісторыі. У працах «Ідэі ўсеагульнай гісторыі ў сусветным грамадзянскім плане» (1784), «Да вечнага міру» (1795) і інш. паказаў, што «натуральнае» права павінна ўмацоўваць маральную свабоду асобы, г. зн. ствараць умовы для выканання ёю свайго абавязку. К. вызначыў 3 неадчужальныя прынцыпы грамадскага жыцця ва ўмовах дзяржавы: свабода кожнага члена грамадства, роўнасць усіх падданых, самастойнасць кожнага грамадзяніна. У цэлым, на яго думку, чалавечае грамадства як адзіны механізм развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці» або «сусветна-грамадзянскага стану», г. зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі. Дасягнуць ідэальнага стану грамадства, у якім панаваў бы мір паміж асобнымі людзьмі і дзяржавамі, можна, паводле К., толькі праз пераадоленне ўласцівых гісторыі антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі пакут і бедстваў людзей. У сваіх творах ён выклаў асновы крытычнай эстэтыкі, у прыватнасці, эстэтыкі прыгожага, узнёслага і геніяльнага. Ужо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе, лічыў ён, узвышае чалавека ў маральных адносінах. На аснове вучэння К. ўзніклі розныя філас. кірункі і плыні (гл.Бадэнская школа, Кантыянства, Марбургская школа, Неакантыянства).
На Беларусі філасофія К. вядома з канца 18 ст. Некаторыя яго творы, у т. л. трактат «Да вечнага міру», пераклаў і выдаў у Вільні Ю.Быхавец. Праф. Віленскага ун-та Ян Г.Абіхт чытаў лекцыі ў духу вучэння К. Ян Снядэцкі лічыў асноватворным пачаткам навук. сістэмы К. сенсуалізм, крытыкаваў яго тэзіс аб «чыстых» (апрыёрных) формах ведаў. А.Доўгірд прааналізаваў супярэчнасці ў канцэпцыі К. аб «рэчах у сабе», даследаваў на аснове прынцыпаў філасофіі «разважнага розуму» яго ўяўленні аб трансцэндэнтальнай дыялектыцы і яго этычную канцэпцыю. Актыўна прапагандавалі погляды К. філосафы Ф.Вігура, М.Чацкі, Ю.Шаняўскі, Ф.Яронскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—6. М., 1963—66;
Трактаты и письма. М., 1980.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Асмус В.Ф. Иммануил Кант. М., 1973;
Нарский И.С. Кант. М., 1976;
Кузнецов В.Н. Немецкая классическая философия второй половины XVIII — начала XIX в. М., 1989;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997.