КО́НРАД (Мікалай Іосіфавіч) (13.3.1891, Рыга — 30.9.1970),

савецкі ўсходазнавец, заснавальнік сав. школы японазнаўства. Акад. АН СССР (1958), праф. (1926). Скончыў Пецярбургскі ун-т і Практычную ўсх. акадэмію (1912). У 1913—50 выкладаў у ВНУ Кіева, Арла, Ленінграда, Масквы, пазней працаваў у Ін-це ўсходазнаўства АН СССР. Асн. працы па літ.-знаўстве, мовазнаўстве, гісторыі і гісторыі культуры Кітая, Карэі, Японіі; перакладчык пісьмовых помнікаў гэтых краін на рус. мову. Даў аналіз заканамернасцей развіцця сусв. л-ры, агульных і своеасаблівых рыс гіст. развіцця краін Азіі і Еўропы. Быў членам гал. рэдакцыі «Сусветнай гісторыі» (т. 1—10, 1955—65), аўтар многіх яе раздзелаў.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ, «Гомсельмаш». Пачаў дзейнасць у 1930. Выпускаў 18 найменняў прадукцыі на экспарт. У 1941 эвакуіраваны ў г. Курган, дзе выпускаў ваенную прадукцыю. Аднавіў дзейнасць у Гомелі ў 1944. З 1977 ВА «Гомсельмаш». Асн. Прадукцыя (1996): самаходныя кормаўборачныя (розных серый) і буракаўборачныя комплексы і камбайны, кормаўборачныя прычапныя і паўнавясныя камбайны «Палессе», касілкі (здрабняльнікі, прычапныя і ратацыйныя плюшчыльнікі), сеялкі дакладнага высеву, тавары нар. ўжытку (міні-трактары, кормаздрабняльнікі, механізмы трансфармацыі мэблі і інш. Акрамя краін СНД і Прыбалтыкі прадукцыя экспартуецца ў 14 краін свету, у т. л. ў Англію, Францыю, Бельгію, Аўстралію, Аргенціну, Нарвегію, Ізраіль.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ГУАШСКІ РУХ,

міжнародны рух вучоных за мір, ядз. раззбраенне і навук. супрацоўніцтва ўсіх краін. Каля яго вытокаў стаялі вядомыя вучоныя, у т. л. А.Эйнштэйн, Ф.Жаліо-Кюры, Б.Расел і інш., якія ў 1955-заклікалі вучоных усіх краін выступіць супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. У ліп. 1957 у канадскім г. Пагуаш (адсюль назва) адбылася 1-я Пагуашская канферэнцыя. Тады ж быў утвораны пастаянны Пагуашскі к-т са штаб-кватэрай у Лондане. З таго часу рэгулярна праводзяцца канферэнцыі П.р., на якіх абмяркоўваюцца пытанні захавання міру і ролі ў гэтым вучоных. Нобелеўская прэмія міру 1995 (разам з Дж.Ротблатам).

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛАНТЫ́ЗМ,

ідэалогія і палітыка цеснага супрацоўніцтва і саюзу краін Зах. Еўропы, ЗША і Канады (што прымыкаюць да Атлантычнага акіяна). Найб. поўнае адлюстраванне знайшла ў дзейнасці Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавору (НАТО).

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВА́НТ (ад франц. Levant або італьян. Levante Усход),

агульная назва краін усх. ч. ўзбярэжжа Міжземнага м. (Сірыя, Ліван, Ізраіль, Егіпет, Турцыя, Грэцыя, Кіпр), у больш вузкім сэнсе — Сірыі і Лівана.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГЕНЦІ́НЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Аргенціны (26,64 млн. чал.). Нашчадкі іспанцаў і перасяленцаў з інш. краін Еўропы. Агульная колькасць 26,91 млн. чал. (1987). Гавораць на аргенцінскім дыялекце іспанскай мовы. Вернікі пераважна католікі.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАЦО́ЎНЫХ,

аб’яднанне прафсаюзаў лацінаамерыканскіх краін на аснове левай, антыімперыял. ідэалогіі ў 1938—63. Уваходзіла ў Сусветную федэрацыю прафсаюзаў. Распушчана ў сувязі са стварэннем Пастаяннага кангрэса прафсаюзнага адзінства Лацінскай Амерыкі.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕРСО́ЎНАСЦЬ ВАЛЮ́ТЫ магчымасць абмену грашовай адзінкі дадзенай краіны на валюты інш. краін. Усе валюты ўмоўна падзяляюцца на 3 групы: свабодна і часткова канверсоўныя, неканверсоўныя (замкнёныя). Свабодна канверсоўнай (СКВ) яна з’яўляецца тады, калі адсутнічаюць заканад. абмежаванні на правядзенне валютных здзелак па розных відах аперацый (гандлёвых, негандлёвых, руху капіталу). Часткова канверсоўнай лічацца валюты тых краін, дзе існуюць колькасныя абмежаванні або спец. дазволеныя працэдуры на абмен валюты па асобных відах аперацый або для розных суб’ектаў валютных здзелак. Неканверсоўнай з’яўляецца валюта, калі краіна забараняе яе свабодны абмен, нягледзячы на тое, што банкі праводзяць розныя абменныя аперацыі. Ступень К.в. знаходзіцца ў залежнасці ад эканам. патэнцыялу краіны, аб’ёму яе знешнеэканам. дзейнасці, устойлівасці ўнутр. грашовага абарачэння, ступені развіцця нац. рынкаў і інш. фактараў. Яна патрабуе ад цэнтр. нац. банка краіны прыняцця пастаянных мер для ўтрымання на вызначаным узроўні курса сваёй валюты. Калі рынак адчуе незабяспечанасць дадзенай валюты, ён стане яе «скідваць», ствараючы небяспеку значнага яе прытоку да банка-эмітэнта, які пры гэтым мае магчымасць патраціць запасы цвёрдых валют і інш. валютных каштоўнасцей, у прыватнасці золата, на скупку уласнай валюты. Са 150 краін-членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) толькі каля 10 валодаюць поўнасцю К.в. (ЗША, Канада, Японія і шэраг краін Зах. Еўропы), каля 50 маюць валюту абмежаванай канверсоўнасці. Наяўнасць К.в. стварае магчымасць расплачвацца з замежнымі краінамі грашовымі адзінкамі дадзенай краіны, не залежаць ад заробкаў замежнай валюты, пашырае магчымасці прасоўвання тавараў на рынках, спрашчае разлік, уніфікуе паказчыкі ўнутр. і знешніх расходаў (даходаў), паляпшае іх супараўнальнасць.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,

блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНТЫКАМІНТЭ́РНАЎСКІ ПАКТ»,

дагавор паміж Германіяй і Японіяй, заключаны 25.11.1936 у Берліне на 5 гадоў. Пад знакам барацьбы з Камінтэрнам аформіў блок 2 дзяржаў, якія імкнуліся да гегемоніі ў свеце. Сакрэтнае пагадненне да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» прадугледжвала сумесную барацьбу супраць СССР. Да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» далучыліся Італія (6.11.1937), Венгрыя і марыянетачная «дзяржава» Маньчжоў-Го (24.2.1939), Іспанія (27.3.1939). Пакт садзейнічаў развязванню 2-й сусв. вайны і ў 1939—40 ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл. Берлінскі пакт 1940). Пасля пралангацыі пакта 25.11.1941 на 5 гадоў да яго далучыліся яшчэ некалькі краін. Перамога краін Антыгітлераўскай кааліцыі ў 2-й сусв. вайне спыніла існаванне «Антыкамінтэрнаўскага пакту».

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)