французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі і заснавальнік тэрмахіміі. Чл. Парыжскай АН (1772). Скончыў Парыжскі ун-т (1763). У 1775—91 — дырэктар Упраўлення порахаў і салетраў, з 1768 член «Кампаніі водкупаў»; у час Вял.франц. рэвалюцыі разам з інш. адкупшчыкамі пакараны смерцю паводле прыгавору рэв. трыбуналу. Навук. працы Л. садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях: у хім. даследаваннях выкарыстоўваў колькасныя метады, у прыватнасці ўзважванне. Даказаў складаны састаў атм. паветра (1774—77), растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння (1780). Распрацаваў разам з К.Л.Бертале і інш.хім. наменклатуру і класіфікацыю цел (1786—87), напісаў «Пачатковы падручнік хіміі» (1789).
Літ.:
Дорфман Я.Г. Лавуазье. 2 изд. М., 1962;
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАДЫ́К (Махамед) (1880, Тэгеран — 5.3.1967),
іранскі паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р права. Скончыў Лазанскі ун-т (Швейцарыя, 1914). З 1920 ген.-губернатар правінцый Фарс і Іранскі Азербайджан, на розных міністэрскіх пасадах. У 1925 пакінуў усе дзярж. пасады, пратэстуючы супраць абвяшчэння Рэза-шаха Пехлеві правіцелем Ірана. Пасля адрачэння Рэза-шаха (1941) вярнуўся ў палітыку, дэпутат меджліса (парламента) з 1944. У 1949 стварыў арг-цыю Нац. фронт, якая выступала за нацыяналізацыю Англа-іранскай нафтавай кампаніі (АІНК). Дамогся прыняцця ў сак. 1951 меджлісам закона аб нацыяналізацыі АІНК. З крас. 1951 прэм’ер-міністр Ірана. Ажыццявіў шэраг радыкальных рэформ, у выніку канфлікту вакол АІНК разарваў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй. У 1953 прымусіў шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, не згоднага з яго палітыкай, пакінуць Іран. 19.8.1953 скінуты ваеннымі і асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, потым пад хатнім арыштам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ (Юна Пятроўна) (н. 2.6.1937, Кіеў),
расійская паэтэса. Скончыла Літ.ін-т імя М.Горкага (1961). Друкуецца з 1954. У паэт. зб-ках «Размова пра шчасце» (1957), «Мыс Жадання» (1961), «Лаза» (1970), «Пры святле жыцця» (1977), «Трэцяе вока» (1980) «Сіні агонь» (1985), «На гэтым беразе высокім» (1987), «Учора я спявала ў пераходзе» (1997), «Дзіўны які я звер» (1998) і інш. роздум пра чалавечыя адносіны, любоў, мацярынства. Паэма «Зорка Сербасці» (нап. 1999) прысвечана Сербіі. Аўтар «Апавяданняў пра дзівоснае» (1998), літ.-крытычных эсэ, вершаў для дзяцей. Творчасці М. уласцівы глыбіня пачуццяў, багацце фарбаў, гумар, літ., музычныя і жывапісныя рэмінісцэнцыі. Многія яе вершы пакладзены на музыку («Добра — быць маладым!», «Калі мы былі маладыя...», «Вялікі сакрэт для маленькай кампаніі» і інш.). Займаецца графікай і жывапісам. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Я.Сіпакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТ (Pitt) Уільям Малодшы
(28.5.1759, Хейс, цяпер у межах Лондана — 23.1.1806),
англійскі дзярж. дзеяч. Сын У.Піта Старэйшага. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1776). З 1781 чл. парламента, лідэр «новых торы», звязаных з фін. буржуазіяй і калан. дзялкамі. У 1782—83 міністр фінансаў, у 1783—1801 і 1804—06 прэм’ер-міністр. У 1784 правёў закон, які абмежаваў правы Ост-Індскай кампаніі і паставіў пад дзярж. кантроль кіраванне Індыяй. Каб паслабіць міжнар. пазіцыі Расіі, спрыяў развязванню рас.-тур. вайны 1787—91 і рас.-швед. вайны 1788—90, аказваў дыпламат. падтрымку Турцыі і Швецыі. З пачаткам французскай рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з гал. арганізатараў дыпламат. ізаляцыі Францыі і ваен.-паліт. кааліцый супраць яе. Садзейнічаў задушэнню дэмакр. руху ўнутры краіны і нац.-вызв. руху ў Ірландыі, правядзенню «Акта аб уніі» (1801), які скасаваў аўт.ірл. парламент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц.т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ.
Створана ў канцы 1905 — пач. 1906 віленскім каталіцкім біскупам Э.Ю.Ропам. Арганізац. з’езд адбыўся ў лют. 1906, прысутнічала каля 1000 яе прыхільнікаў — прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, землеўладальнікаў, інтэлігенцыі, рабочых і сялян. Спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў адносінах да паліт. жыцця, кансерватызм у падыходах да сац.-эканам. праблем Беларусі і Літвы і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі. Супрацоўнічала з польскай нац.дэмакр. партыяй. Выдавала газ. «Nowiny Wileńskie» («Віленскія навіны», студз. — люты 1906), «Towarzysz pracy» («Сябра працы», люты — сак. 1906), «Przyjaciel ludu» («Сябра народу», са студз. 1906). Патрабавала абл. самакіравання для Беларусі і Літвы, аўтаноміі з заканадаўчым сеймам для Польшчы. Адстойвала памешчыцкае землеўладанне, выказвалася за садзеянне сялянам у набыцці зямлі. Дзейнічала пераважна ў Віленскай і некат. паветах Гродзенскай губ., дзе большасць насельніцтва складалі католікі. Актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі ў 1-ю і 2-ю дзярж. думы. Распалася ўвосень 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
1) сукупнасць форм і метадаў крэдытавання ў рамках адной краіны (гл.Крэдыт).
2) Агульная назва крэдытных устаноў краіны. К.с. акумуліруе свабодныя грашовыя капіталы і выдае пазыкі прадпрыемствам (фірмам, кампаніям), ураду прыватным асобам, накіроўвае грашовыя сродкі з адных сектараў эканомікі ў іншыя, стварае інвестыцыйны клімат у краіне і вызначае правілы ў крэдытна-грашовым абарачэнні. Сучасная К.с. прамыслова развітых краін сфарміравалася пад уплывам такіх фактараў, як спецыялізацыя крэдытна-фін. устаноў, канцэнтрацыя і цэнтралізацыя банкаўскага капіталу, зліццё або зрошчванне банкаўскіх і прамысл. манаполій, інтэрнацыяналізацыя банкаўскай справы і інш. Яна ўключае розныя віды банкаў (гл.Банкі, Знешнегандлёвыя банкі, Інвестыцыйны банк, Іпатэчны банк, Камерцыйны банк), спецыялізаваныя нябанкаўскія крэдытна-фін. ўстановы: страхавыя кампаніі, пенсіённыя фонды, ламбарды і інш. У К.с. Рэспублікі Беларусь уваходзяць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. банкам краіны, і камерцыйныя банкі, праз якія рэалізуецца крэдытная палітыка дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ ((Paszkiewicz) Генрык) (10.3. 1897, г. Лодзь, Польшча — 8.12.1979),
польскі гісторык. Чл.-кар. Польскай АН у Кракаве (1945), д-р габілітаваны (1927), праф. надзвычайны (1939). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це, з 1928 выкладаў у ім, адначасова ў 1934—39 выкладчык, пасля заг. кафедры сярэдневяковай гісторыі Вольнага польскага ун-та ў Варшаве. Удзельнік Польскай кампаніі 1939, да 1945 вязень канцлагера Мурнаў. З 1948 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У 1948—69 узначальваў кафедру сярэдневяковай гісторыі Польскага ун-та ў замежжы. Працы па гісторыі ВКЛ, палітыцы Польшчы ў адносінах да Літвы, Беларусі, Украіны і Расіі перыяду феадалізму: «Руская палітыка Казіміра Вялікага» (1925), «Ягелоны і Масква. Т. 1. Літва і Масква ў XIII і XIV ст.» (1933), «Утварэнне рускай нацыі» (1963) і інш. Склаў на лац. мове і выдаў «Рэгесты крыніц да гісторыі Літвы са старажытных часоў да уніі з Польшчай. Т. 1. Да 1315 г.» (1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРС ((Anders) Уладзіслаў) (11.8.1892, г. Блоне каля Варшавы — 12.5.1970),
польскі ваенны і паліт. дзеяч. Генерал дывізіі (1941). Вучыўся ў Вышэйшым тэхн. вучылішчы ў Рызе (1911—14), скончыў Вышэйшае ваен. вучылішча ў Парыжы (1923). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. З 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1920. У час дзярж. перавароту Ю.Пілсудскага (май 1926) нач. штаба ўрадавых войскаў. Камандаваў Валынскай (1928—37) і Навагрудскай (1934—39) брыгадамі кавалерыі, на пач. 2-й сусв. вайны — аператыўнай групай. Інтэрніраваны 29.9.1939 сав. войскамі ў час паходу ў Зах. Беларусь. У жн. 1941 вызвалены з палону і прызначаны У.Сікорскім камандуючым польскай арміяй у СССР, якую ў 1942 вывеў на Б. Усход (гл.Андэрса армія). На чале 2-га Польскага корпуса ўдзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. У 1946—54 Вярх. галоўнакамандуючы і Ген. інспектар Польскіх узбр. сіл на Захадзе. Пасля вайны жыў у Лондане, адзін з кіраўнікоў польск. эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́РАХАЎ (Іван Сямёнавіч) (23.9.1762—25.4.1815),
расійскі ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1812). Скончыў Артыл. і інж. шляхетны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1787). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. кампаніі па задушэнні паўстання 1794. Вызначыўся ў войнах супраць Францыі 1805 і 1806—07, у рус.-швед. вайне 1808—09. Напярэдадні вайны 1812 у 4-м пяхотным корпусе 1-й арміі, камандзір карпуснога авангарда. Пасля бою 30 чэрв. каля Вял. Салечнікаў (цяпер Шальчынінкай, Літва) быў вымушаны адступіць. 6 ліп. спрабаваў адбіць у французаў Валожын, аднак пры набліжэнні вял. сіл праціўніка адышоў на Камень (Валожынскі р-н). 7 ліп. злучыўся каля Стоўбцаў з 2-й арміяй П.І.Баграціёна. Удзельнічаў у Смаленскай аперацыі 1812 і ў Барадзінскай бітве 1812. У вер. — кастр. 1812 камандзір асобнага атрада, заняў г. Верая (Маскоўская вобл.). У бітве каля Малаяраслаўца цяжка паранены. Біяграфія Д., складзеная яго сынам Руфінам у 1850, захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі (фонд І.Ф.Паскевіча).