ЕЎНУХАІДЫ́ЗМ (ад грэч. eunuchos кастрат + eidos від),
спалучэнне недаразвіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет з дыспрапарцыянальным целаскладам. Абумоўлены гіпафункцыяй палавых залоз. Найчасцей бывае ў мужчын. Адрозніваюць 2 формы Е.: еўнухаідны гігантызм і еўнухаіднае атлусценне; звычайна назіраецца змешаны тып. Прыкметы Е.: парушэнне росту — гігантызм і дыспрапорцыі шкілета (доўгія канечнасці, асабліва ніжнія, пры кароткім тулаве), тонкія косці, вузкія плечы, шырокія памеры таза (у жанчын — вузкі таз), атлусценне, адсутнасць расліннасці на твары, лабку, у падпахавых упадзінах, высокі тэмбр голасу; палавыя пачуцці рэзка зніжаны. Лячэнне: гармонатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦЫНО́З СКУ́РЫ,
адклады солей кальцыю ў скуры Узнікае пры гіперкальцыяміі з прычыны выхаду кальцыю з дэпо і паніжаным выдаленні яго з арганізма, парушэнні эндакрыннай рэгуляцыі абмену кальцыю і мясц. парушэннях метабалізму ў скуры ці падскурнай клятчатцы. Найчасцей бывае ў жанчын і дзяцей груднога ўзросту. На скуры твару, ягадзіц пальцаў з’яўляюцца бязболевыя шчыльныя вузлы і бляшкі, якія размякчаюцца і раскрываюцца з выдзяленнем малочна-белай крошкападобнай масы, з утварэннем язваў, якія доўга не загойваюцца. Лячэнне хірургічнае, дыета, лячэнне язваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЕВА (па мужу Гайдукова) Надзея Міхайлаўна
(18.10.1832, Масква — 6.10.1899),
руская актрыса. Скончыла Маскоўскае тэатр. вучылішча (1849). Выступала ў трупе Малога т-ра. Вучаніца М.Шчэпкіна, садзейнічала сцвярджэнню яго традыцый у мастацтве Малога т-ра. Найб. поўна талент М. выявіўся ў ролях пажылых свецкіх жанчын. Яе творчасць вызначалася яскравасцю тыпізацыі, дакладнасцю распрацоўкі характараў, прастатой і праўдзівасцю. Сярод роляў: Хлёстава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Турусіна, Гурмыжская, Агудалава («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Лес», «Беспасажніца» А.Астроўскага) і інш. Мастацтва М. высока цаніў К.Станіслаўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРГАЗМІ́Я (ад ан... + аргазм),
адсутнасць аргазму пры палавых зносінах; адна з формаў зніжэння сексуальнасці ў жанчын. Анаргазмія часта спалучаецца са зніжэннем палавой цягі або з поўнай яе адсутнасцю. Частата ўзнікнення залежыць ад узросту жанчыны і рэгулярнага палавога жыцця. Адрозніваюць анаргазмію першасную (з пачатку палавога жыцця) і другасную (страта аргастычных адчуванняў пасля пэўнага перыяду нармальных сексуальных адносін). У аснове анаргазміі ляжаць парушэнні псіхасексуальнага развіцця, некаторыя асаблівасці асобы, псіхагенныя фактары, захворванні. Анаргазмія можа выклікаць адчуванне павышанага крованапаўнення палавых органаў, боль, эмацыянальныя парушэнні, расстройства сну. Лячэнне строга індывідуальнае, праводзіцца сексапатолагам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.
Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.
Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ovum яйцо),
фізіялагічны працэс выхаду спелых яйцаклетак (аацытаў) у млекакормячых з яечніка ў брушную поласць цела. Пры авуляцыі разрываюцца фалікулы (граафавыя пузыркі), яйцаклеткі засмоктваюцца ў яйцавод, дзе праходзяць апошнюю стадыю выспявання і могуць апладніцца. Авуляцыя адбываецца пад уплывам гармонаў пярэдняй долі гіпофіза. У жанчын авуляцыя часцей адбываецца паміж 7-м і 14-м днямі пасля пачатку менструацыі. У жывёл супадае з цечкай. Для авуляцыі ў жывёл патрэбны пэўныя ўмовы асяроддзя (даўж. светлавога дня, павышэнне т-ры паветра і вады і г.д.). Спыняецца з надыходам цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПА́СІЯ, Аспазія (Aspasia; каля 470 да нашай эры, г. Мілет — ?),
адна з выдатных жанчынСтараж. Грэцыі. Не мела афіц. грамадзянства, таму яе шлюб з Перыклам лічыўся незаконным. Вызначалася розумам, адукаванасцю і прыгажосцю. Вакол яе гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Паліт. праціўнікі Перыкла абвінавацілі Аспасію ў амаральнасці і непавазе да багоў, але з дапамогай мужа суд апраўдаў яе. Пасля Перыкла (429) стала жонкай яго сябра Лісікла.
Літ.:
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Историко-худож. хроника: Пер. с польск. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАДАТРАПІ́НЫ, ганадатропныя гармоны,
гармоны, якія рэгулююць эндакрынную функцыю палавых залоз (ганад) пазваночных. Вырабляюцца пярэдняй доляй гіпофіза (гіпафізарныя ганадатрапіны) і плацэнтай (харыянічны ганадатрапін). Да гіпафізарных ганадатрапінаў належаць фалікуластымулюючыя гармоны (фолітрапін, пралан А, тылакентрын), лютэінізуючыя гармоны (пралан Б, метакентрын) і лютэатропныя гармоны (пралактын, лютрапін, маматрапін, мамаген), што стымулююць у самак выспяванне яйцаклетак, авуляцыю, утварэнне жоўтага цела (у млекакормячых) і сакрэцыю эстрагенаў, у самцоў узмацняюць сперматагенез, рост інтэрстыцыяльных клетак і сакрэцыю тэстастэрону. Харыянічныя ганадатрапіны, якія атрымліваюць з мачы цяжарных жанчын і сывараткі крыві жарэбных кабыл, выкарыстоўваюць у гінекалогіі, пры атлусценні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРВА́ЛЬ (Dorval; сапр.Дэланэ, Delauney) Мары (7.1.1798, г. Лар’ян, Францыя — 20.5.1849), французская актрыса. З сям’і правінцыяльных акцёраў. З дзяцінства выступала на сцэне. У 1818—34 у т-ры «Порт-Сен-Мартэн» (адзін з вядучых дэмакр. «тэатраў бульвараў» Парыжа). У 1834—38 у «Камеды Франсэз». Стварала вобразы шчырых, цэльных жанчын, вымушаных адстойваць сваё права на шчасце. Сярод лепшых роляў: Амалія, Лючыя («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца», «Ламермурсхая нявеста» В.Дзюканжа), Марыён Дэлорм (аднайм. п’еса В.Гюго), Адэль д’Эрвэ («Антоні» А.Дзюма-бацькі), Кіці Бэл («Чатэртан» А. дэ Віньі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНАТРЭЗІ́Я (ад гін... + атрэзія),
парушэнне праходнасці палавога канала ў жанчын, абумоўленае анамаліямі развіцця похвы. Бывае таксама другаснай, пасля кальпіту, перанесенага ў дзяцінстве, што выклікае атрэзію похвы. У перыяд палавой спеласці ўзнікаюць схваткі і недамаганні ў дні, што адпавядаюць менструальнаму цыклу. Кроў не выходзіць вонкі, а збіраецца ў похве, потым у матцы і назапашваецца ў трубах (несапраўдная аменарэя), што выклікае расшырэнне ўнутр. палавых органаў да памеру дзіцячай галоўкі. Гінатрэзія запаленчай этыялогіі таксама другасная. Анамаліі развіцця похвы часта спалучаюцца з анамаліямі развіцця мачавой сістэмы. Лячэнне хірургічнае.