назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.
З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс.км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАЛО́ГІЯ
(ад астэа... + ...логія),
1) раздзел анатоміі, які вывучае будову, развіццё і змены касцявога шкілета. Вылучаюць астэалогію агульную, прыватную (пра развіццё і будову асобных касцей), параўнальную, узроставую. Агульная астэалогія вывучае фіз.-хім. якасці косці, тканкавы, клетачны і субклетачны ўзроўні структурнай арганізацыі, уплыў розных фактараў на працэсы росту і перабудовы косці. Сучасныя даследаванні ў галіне астэалогіі звязаны з пошукамі спосабаў уплыву на працэсы рэгенерацыі, вызначэннем прычын эктапічнага росту, ацэнкай характару марфалагічных змяненняў пры трансплантацыі касцей. Прыватная астэалогія грунтуецца на вывучэнні анат. прэпаратаў і выкарыстанні метадаў даследавання шкілета жывога чалавека (рэнтгенаграфія, камп’ютэрная тамаграфія, ядзерна-магнітны рэзананс).
2) Астэалогія ў антрапалогіі вывучае варыяцыі памераў і формы чалавечага шкілета ў цэлым, а таксама асобных яго касцей. Даныя астэалогіі выкарыстоўваюць таксама ў палеанталогіі, расазнаўстве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЫТА́ННЕ,
метад збору пачатковай інфармацыі для сацыялагічных, эканам., псіхал. і інш. даследаванняў ад пэўнай сукупнасці людзей (рэспандэнтаў). Мэта апытання — атрыманне інфармацыі пра аб’ектыўныя (падзеі, працэсы) або суб’ектыўныя (меркаванні, погляды, настроі) з’явы. Як метад сацыяльнага даследавання ўзнікла ў 19 ст. Упершыню праведзена ў 1824 у ЗША. Адрозніваюць апытанні пісьмовыя (анкетаванне) і вусныя (інтэрв’ю), экспертныя і масавыя, вочныя і завочныя (паштовыя, тэлефонныя), аднаразовыя і шматразовыя, выбарачныя і суцэльныя (рэферэндумы) і інш. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае выкарыстанне апытання ў форме рэферэндумаў для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Масавыя апытанні разам з пазнавальнай выконваюць функцыю дэмакратызацыі грамадства. Тэрмін «апытанне» абазначае таксама элементы збору любой інфармацыі, носьбітам якой з’яўляецца чалавек (апытанне пацыентаў у мед. установе, студэнтаў на экзамене і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСАКЕЛЬМЕ́С,
запаведнік ў Казахстане, у Кзыл-Ардзінскай вобл., на в-ве Барсакельмес у Аральскім м.Засн. ў 1939 з мэтай аховы і вывучэння асаблівасцяў прыроднага комплексу глініста-саланчаковых пустыняў, даследавання развіцця працэсаў у ізаляваных, астраўных біягеацэнозах. Пл. больш за 18 тыс.га.
Усяго зарэгістравана 257 відаў кветкавых раслін. Каля палавіны прыпадае на эфемеры і эфемероіды. Сярод прадстаўнікоў палын шэразёмны, пырнік пустынны, 6відаў кавылёў, чорны і белы саксаулы, тамарыск, карагана, рэвень татарскі, герань, адоніс і інш. Ізаляваная фауна прадстаўлена 13 відамі млекакормячых, 202 — птушак, 8 — паўзуноў, 1 від земнаводных (зялёная рапуха). Сярод звяроў рэдкія віды — кулан і джэйран, сайгак; сярод птушак — драфа-красуня; шмат малых і шэрых жаваранкаў, каменак, аўсянак; з драпежных гняздуецца звычайная пустальга; сярод рэптылій пануе такырная круглагалоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́МНЕЗ
(ад грэч. anamnēsis успамін),
сукупнасць звестак аб жыцці хворага і развіцці хваробы, атрыманых апытаннем хворага або з іншых крыніц. Выкарыстоўваецца для ўстанаўлення дыягназу, прагнозу хваробы, выпрацоўкі аптымальных метадаў лячэння і прафілактыкі; адзін з асн. метадаў комплекснага абследавання, вывучэння хворага як асобы, індывідуальнасці; прасцейшы спосаб устанаўлення кантакту паміж хворым і ўрачом. Паводле анамнезу дыягназ хваробы ўстанаўліваецца больш як у 50% выпадкаў. Анамнез хваробы ўключае звесткі аб узнікненні хваробы і цячэнні яе да моманту даследавання, скаргі і адчуванні хворага. Анамнез жыцця ўключае агульныя біягр. звесткі па перыядах жыцця, перанесеныя хваробы, спадчыннасць, сямейнае жыццё, умовы працы і быту, шкодныя звычкі. Асобна вылучаюць фармакалагічны, алергалагічны, экспертна-працоўны анамнез. Пры неабходнасці збіраюць эпідэміялагічны анамнез. Паняцце анамнезу ўжываюць таксама ў ветэрынарыі пры дыягностыцы хвароб свойскіх жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́НАЎ Марк Аляксандравіч
(сапр. прозвішча Ландаў; 7.11.1886, Кіеў—25.2.1957),
рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1910). З 1919 у эміграцыі. Аўтар гіст. тэтралогіі «Мысліцель» (1921—27), прысвечанай пераломным падзеям у Францыі і Расіі ў эпоху Вял.франц. рэвалюцыі (раманы «Дзевятае тэрмідора», «Чортаў мост», «Змова», аповесць «Святая Алена, маленькі востраў»). Своеасаблівым поглядам «з эміграцыі» на падзеі рас. рэвалюцыі і трагічны раскол рас. грамадства сталі яго трылогія «Ключ», «Уцёкі», «Пячора» (1929—36), раманы «Вытокі» (1950) і «Самазабойства» (1956), у якіх эрудыцыя гіст.-філас.даследавання спалучаецца з вастрынёй прыгодніцкага сюжэта. Аўтар кніг гіст. нарысаў «Агонь і дым» (1922), «Сучаснікі» (1928), «Партрэты» (1931 і 1936) і інш. У сав.час. творы Алданава былі забаронены (пачалі друкавацца ў 1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРГУ́К,
пругкія хвалі з частатой 109—1013Гц. Па фізічнай прыродзе не адрозніваецца ад ультрагуку (2·104—109Гц). Існуе гіпергук прыродны (цеплавыя ваганні крышталічнай рашоткі) і штучны (генерыруецца пры дапамозе спец. выпрамяняльнікаў; гл.П’езаэлектрычнасць, Магнітастрыкцыя).
Пругкія хвалі распаўсюджваюцца ў асяроддзі, калі іх даўжыні большыя за даўжыню свабоднага прабегу малекул у газах ці міжатамных адлегласцей у вадкіх і цвёрдых целах. Таму ў газах, у т. л. ў паветры, пры нармальных умовах гіпергук не распаўсюджваецца, у вадкасцях хутка затухае; параўнальна добрыя праваднікі гіпергуку — монакрышталі пры нізкіх т-рах. Гіпергук выкарыстоўваюць для даследавання стану рэчыва, асабліва ў фізіцы цвёрдага цела, для стварэння акустычных ліній затрымкі ў ЗВЧ дыяпазоне і інш. прылад акустаэлектронікі і акустаоптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬЕ́ Юрый Уладзіміравіч
(30.6.1873, Масква — 17.12.1943),
рускі гісторык, археограф. Чл.-кар.Рас.АН (1922), акад.АНСССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). У 1902—18 праф. Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў, адначасова Межавога ін-та, Нар. ун-та А.Л.Шаняўскага, Маскоўскага ун-та. Аўтар прац «Замаскоўны край у XVII ст. Спроба даследавання па гісторыі эканамічнага быту Маскоўскай Русі» (1906), «Гісторыя абласнога кіравання ў Расіі ад Пятра І да Кацярыны II» (т. 1—2, 1913—41), «Нарыс гісторыі землеўладання ў Расіі» (1915). З 1900 вёў раскопкі ў сярэднерас. і паўд.-рас. губернях. У працах па археалогіі выступаў за сінтэз звестак гісторыі і археалогіі.
Літ.:
К 100-летию со дня рождения акад. Ю.В.Готье, 1973 г. // Черепнин Л.В. Отечественные историки XVIII—XX вв. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШПРАВО́ДНЫ МАГНІ́Т,
від электрамагніта ці саленоіда, абмоткі якіх зроблены са звышправоднага матэрыялу (гл.Звышправаднікі). Пры кароткім замыканні такой абмоткі наведзены ў ёй эл. ток захоўваецца практычна бясконца доўга.
Магн. поле незатухальнага току, які цыркулюе па абмотцы З.м., выключна стабільнае і пазбаўлена пульсацый. Абмотка З.м. траціць уласцівасці звышправоднасці пры павелічэнні т-ры вышэй за крытычную або пры дасягненні крытычнага току ці крытычнага магнітнага поля. Таму абмоткі З.м. робяць з матэрыялу з вял. крытычнымі значэннямі гэтых параметраў (сплавы ніобій—цырконій Nb—Zr. ніобій—тытан Nb—Ti; злучэнні ніобію з волавам Nb3Sn, ванадыю з галіем V3Ga і інш.). З.м. выкарыстоўваюцца для даследаваннямагн., эл. і аптычных уласцівасцей матэрыялаў, у эксперыментах па вывучэнні плазмы, атамных ядраў і элементарных часціц, у тэхніцы сувязі, радыёлакацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГРАФІ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
1) У сацыялогіі — спосаб даследавання, дыягностыкі, карэкцыі і прагназавання жыццёвага шляху асобы. Тэарэтычна распрацаваны на пач. 20 ст. сацыёлагамі амерыканцам У.Томасам і палякам Ф.Знанецкім. Біяграфічным метадам называлі вывучэнне асабістых дакументаў (перапіска, дзённікі, аўтабіяграфіі). 2)У псіхалогіі біяграфічны метад — крыніца разумення і рэканструкцыі жыццёвага свету асобы і яе самасвядомасці; у псіхіятрыі — вывучэнне прычын хваробы, першапачатковай «псіхічнай траўмы».
3) У літаратуразнаўстве — кірунак у вывучэнні л-ры, дзе асоба аўтара і яго біяграфія разглядаюцца як асноўны, вызначальны момант маст. творчасці. Найб. пашырэнне гэты метад набыў у гісторыі культуры, дзе ён цесна звязаны з герменеўтыкай. У далейшым яго сталі ўключаць у аналіз актуальных і будучых з’яў (будучая аўтабіяграфія, кіраваная фантазія, графікі жыцця, каўзаметрыя). У сучасным грамадазнаўстве біяграфічны метад набыў новыя рысы дзякуючы ўсведамленню адзінства ўнутранага свету асобы і гіст. сітуацыі яе развіцця.