БЕ́ЛАЎ ((Below) Георг Антон Гуга фон) (19.1.1858, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 20.10.1927),

нямецкі гісторык-медыявіст. Праф. у Мюнстэры (з 1891), Марбургу (з 1897), Цюбінгене (з 1901), Фрайбургу (1905—24). Даследаваў гісторыю дзярж. ладу і гаспадаркі ням. гарадоў у сярэднявеччы. Крытыкаваў вотчынную тэорыю, прызнаваў вядучую ролю палітыкі і права ў гісторыі. Гал. працы: «Тэрыторыя і дзяржава» (1900), «Нямецкая дзяржава ў сярэднія вякі» (1914), «Праблемы эканамічнай гісторыі» (1920).

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАЙНІХО́Н СІ»

(«Гісторыя вялікай Японіі»),

калектыўны шматтомны гіст. яп. твор. Складзены ў асноўным у 1657—1720 у княстве Міто па даручэнні кн. Міцукуні Такугава [1628—1700), завершаны ў 1906. Асвятляе паліт. гісторыю Японіі ад старажытнасці да 15 ст. (барацьбу князёў супраць сёгунаў з дынастыі Такугава за вяртанне ўлады імператару). У 1-м выданні змешчаны 243 кнігі (73 тэксты і 170 біяграфій), пазней дапоўнены табліцамі і матэрыяламі (153 кнігі). Неаднаразова перавыдаваўся.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ПРАВАСЛА́ЎНАГА БЕЛАРУ́СА»,

рэлігійна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў ліст.снеж. 1931 у Вільні на бел. мове. Асн. задачу бачыў у аднаўленні і станаўленні бел. праваслаўнай царквы, выказваў заклапочанасць яе станам у Зах. Беларусі і БССР, імкнуўся спалучаць каштоўнасці хрысціянства з бел. ідэяй. Выступаў за дэмакратызацыю царквы, з пазіцый абнаўлення праваслаўя разглядаў гісторыю рэлігіі ў Беларусі, негатыўна ацэньваў унію. Друкаваў хроніку царк. жыцця ў Зах. Беларусі. Выйшлі 2 нумары.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБЕЎ (Сцяпан Цімафеевіч) (1849 — 1920),

украінскі гісторык. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. Праф. Кіеўскага ун-та і Кіеўскай духоўнай акадэміі. Даследаваў гісторыю асветы, культуры і царк. жыцця на Украіне. Друкаваўся ў час. «Киевская старина», «Чтения в обществе истории и древностей российских» і інш. Асн. працы: «Кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла і яго паплечнікі» (т. 1—2, 1883—98), «Гісторыя Кіеўскай духоўнай акадэміі» (вып. 1, 1886). У сваіх працах апублікаваў дакументы 16—17 ст.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ СТАНО́ВІШЧА,

становішча геагр. аб’екта адносна паверхні Зямлі, а таксама ў адносінах да інш. аб’ектаў, з якімі ён знаходзіцца ва ўзаемадзеянні. Дае ўяўленне аб прыродных і сац.-эканам. умовах і асаблівасцях аб’екта. Вызначаецца пры дапамозе геаграфічных каардынат. Вылучаюць фізіка-геагр. (рэльеф, клімат і інш. прыродныя ўмовы, якія накладваюць адбітак на прыроду і гісторыю), эканоміка- і транспартна-геагр. (месцазнаходжанне суадносна раёнаў з высокім эканам. развіццём), геапалітычнае становішча і інш.

А.​М.​Матузка.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПІ́НІ ((Carpini) Джавані дэ Плана) (1182, г. Перуджа, Італія — 1252),

італьянскі падарожнік, манах-францысканец. У 1245 па даручэнні папы Інакенція IV здзейсніў падарожжа з г. Ліён (Францыя) у Манголію з мэтай устанаўлення з ёй дыпламат. зносін. Яго шлях прайшоў праз Чэхію, Кракаўскае ваяв., Кіеў, нізоўі Волгі, узбярэжжа Аральскага м., Сямірэчча, пустыні і горы Цэнтр. Азіі. У творы «Гісторыя манголаў» апісаў прыроду, гаспадарку, гісторыю і дзярж. лад краін, якія наведаў.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НАС (Minōs),

легендарны цар Кноса (на в-ве Крыт), герой шматлікіх грэч. міфаў, у т. л. пра Тэсея і Мінатаўра, Дэдала і Ікара і інш. Лічыўся сынам Зеўса і Еўропы. Стараж.-грэч. гіст. традыцыя прыпісвае яму стварэнне першага на Крыце заканадаўства і магутнай марской дзяржавы, якая ў 17—15 ст. да н.э. панавала на Эгейскім м. Сучасная гістарыяграфія ўмоўна падзяляе стараж. гісторыю Крыта на 3 мінойскія перыяды (ад імя М.).

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАСЛО́ЎСКІ (Міхаіл Міхайлавіч) (25.3.1867, Масква — 20.4.1929),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1911 праф. гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Даследаваў гісторыю Расіі 18 ст. ў працах «Быт і норавы рускага дваранства ў першай палавіне XVIII ст.» (1906), «Пётр Вялікі і яго рэформа» (1920), «Пётр I. Матэрыялы для біяграфіі» (т. 1—5, 1940—48) і інш. Быў сакратаром Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, старшынёй Рус. гіст. Т-ва.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЁНІС ((Banionis) Эгідыюс) (20.11.1948, г. Паневяжыс, Літва — 6.8.1993),

літоўскі гісторык. Канд. гіст. н. (1982). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1972). З 1972 у Архіве л-ры і мастацтва Літвы (з 1974 дырэктар). З 1985 заг. аддзела археаграфіі Ін-та гісторыі АН Літвы. Выкладаў у Вільнюскім і Каўнаскім ун-тах. Вывучаў дыпламатыю ВКЛ 15—16 ст., гісторыю Метрыкі ВКЛ, генеалогію. Падрыхтаваў да друку археаграфічнае выданне «Літоўская Метрыка. Кн. 5 (1427—1506)» (Вільнюс, 1993).

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Бабруйску.

Дзейнічала ў 1917—19. Засн. па ініцыятыве мясц. інтэлігенцыі (М.​В.​Азбукін, В.​Д.​Дружчыц, Ю.​В.​Бібіла, К.​Давідовіч, М.​І.​Каліноўскі, Ф.​Ляшэвіч, Ф.​А.​Чарнецкі і інш.). У лекцыях, артыкулах, спец. пракламацыях члены т-ва прапагандавалі ідэі нац. адраджэння бел. народа, яго культуры і мовы, вялі палеміку з праціўнікамі бел. нац.-вызв. руху. Т-ва выступала за стварэнне сістэмы нац. адукацыі, папулярызавала гісторыю, этнаграфію, мастацтва Беларусі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)