МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,

тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л. русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.​Марджанішвілі, М.​Ахлопкаў і інш.

На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.​Літвінаў, Е.​Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.​Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел. дзярж. т-ра, самадз. драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.

Літ.:

Массовые праздники и зрелища: Сб. М., 1961.

С.​А.​Пятровіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ (Леанід Максімавіч) (31.5. 1899, Масква — 8.8.1994),

расійскі пісьменнік. Акад. АН СССР (1972). Герой Сац. Працы (1967). Засл. дз. маст. Расіі (1949). Друкаваўся з 1915. У апавяданнях, аповесцях 1920-х г., раманах «Барсукі» (1924), «Злодзей» (1927, 2-і варыянт 1959) драм. падзеі і трагічныя вынікі рэв. барацьбы, крытыка мяшчанства. Раман «Рускі лес» (1953; Ленінская прэмія 1957) пра падабенства рус. характару з рус. прыродай і згубнасці для народа яе бяздумнага пакарэння; рамант. патэтыка мяжуе часам з рыторыкай, а ўзвышаныя персанажы з ідэалізацыяй. Аўтар аповесцей «Evgenia Ivanovna» (1938, апубл. 1963), «Узяцце Велікашумска» (1944), раманаў «Соць» (1930), «Дарога на акіян» (1935), п’ес «Нашэсце» (1942, 2-я рэд. 1964; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Залатая карэта» (1946, 3-я рэд. 1964), кінааповесці «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1961, аднайм. фільм 1976; Дзярж. прэмія СССР 1977), літ.-крытычных артыкулаў (зб-кі «Літаратура і час», 1964; «Літаратурныя выступленні», 1966) і інш. Асн. рысы яго твораў — напружаная філас.-этычная праблематыка, шырыня сац.-гіст. абагульненняў, псіхал. глыбіня, маляўнічасць і метафарычнасць стылю. Быў знаёмы з Я.​Купалам. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі М.​Стральцоў, У.​Ягоўдзік. П’есы ставіліся ў т-рах Беларусі: «Скутарэўскі» (1934), «Палаўчанскія сады» (1938), «Звычайны чалавек» (1955) у Дзярж. рус. драм. т-ры; «Нашэсце» (1943), «Лёнушка» (1975) у т-ры імя Я.​Коласа; «У мяцеліцу» (1966), «Залатая карэта» (1971) у т-ры імя Я.​Купалы і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1981—84;

Публицистика. М., 1987;

Пирамида: Роман-наваждение. Ч. 1—3. М., 1994;

Бел. пер. — Дарога на акіян. Мн., 1938.

Літ.:

Леонид Леонов — мастер художественного слова. М., 1981;

Леонид Леонов и современность. Саратов, 1983;

Леонид Леонов: Творч. индивидуальность и лит. процесс. Л., 1987;

Верность человеческому: Нравств.эстет. и филос. позиция Л.​Леонова. М., 1992.

Л.М.Лявонаў.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,

канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап. эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер. эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіны Усх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.​Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказанне эканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасоўваўся ў 1931, 1959, зноў утвораны ў сучасных межах 29.12.1989 для перасялення жыхароў Краснапольскага р-на, якія найб. пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. Пл. 0,8 тыс. км². Нас. 16,9 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Дрыбін, 104 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 6 сельсаветаў: Кароўчынскі, Міхееўскі, Першамайскі, Расненскі, Цемналескі, Чэрнеўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на Пд. Найвыш. пункт 226 м (на ПдЗ ад в. Еськаўка). Пераважаюць выш. 170—190 м. Карысныя выкапні: пясок, гравій, торф, гліна для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм. Вегетац. перыяд 184 сут. З Пн на Пд працякае р. Проня з прытокамі Рэста, Бася, Быстрая, Вербаўка і інш. На некат. малых рэках вадасховішчы і сажалкі. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя глебы. Пад лесам 27,4% тэр. раёна; пераважаюць шыракаліста-яловыя лясы. Балоты і забалочаныя землі займаюць каля 1,5 тыс. га у асноўным на Пн. На тэр. раёна гідралагічныя заказнікі: Брацтва (73,1 га), Галамукскае (153), Жэваньскае (144), Жэваньскі Мох (123); паляўнічыя заказнікі: Расненскае (2650), Даманоўскі (1364 га).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,1 тыс. га, з іх асушана 5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 4 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, кормапрадпрыемства «Высакаборскае». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля; вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Крычаў, аўтадарога Магілёў—Мсціслаў, нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 8 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пачатковыя школы; Расненская дапаможная школа-інтэрнат, муз. школа, 9 дашкольных устаноў, 14 б-к, 14 клубаў, 3 клубы-бібліятэкі, раённы цэнтр культуры, 4 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1845), помнік у памяць аб выступленні ў 1905 сялян супраць памешчыка ў в. Кішчыцы; рэшткі касцёла Казіміра эпохі класіцызму (1818) і сядзіба (канец 19 ст.) у в. Расна. Гісторыка-этнаграфічны музей. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях» (сумесна з Горацкім р-нам).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл. Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.​Мяскоўскі, І.​Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.

На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.​Аладаў, Ю.​Бяльзацкі, Дз.​Лукас, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.​Абеліёвіч, У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, А.​Гураў, У.​Дамарацкі, Я.​Дзягцярык, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, Э.​Казачкоў, С.​Картэс, А.​Клеванец, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, А.​Мдывані, У.​Палуэктаў, У.​Прохараў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, В.​Сярых, К.​Цесакоў, Л.​Шлег і інш.

Літ.:

Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАСТО́ЎКА, стачка,

калектыўнае спыненне працы рабочымі з мэтай задавальнення сваіх патрабаванняў. Праводзіцца ў розных формах: папераджальная, салідарнасці, на адным прадпрыемстве, агульная і інш. Агульная З. — спыненне працы большасцю прадпрыемстваў у розных галінах прам-сці, на транспарце і інш. у горадзе, рэгіёне, краіне.

Першая ў гісторыі Еўропы З. адбылася ў 1345 у Фларэнцыі. Спачатку стачкі мелі эканам. характар, былі стыхійнымі і неарганізаванымі. У 16—18 ст. эканам. З. спалучаліся з паліт. патрабаваннямі, часам суправаджаліся ўзбр. барацьбой (Ліёнскія паўстанні 1831, 1834; Сілезскае паўстанне ткачоў 1844 і інш.). У 1-й пал. 19 ст. забастовачны рух набыў найб. размах у Вялікабрытаніі (масавая паліт. З. ў крас. 1820). У кастр. 1835 адбылася адна з першых буйных З. у Расіі (на фабрыцы Асокіна ў Казані). Забастовачная барацьба садзейнічала ўзнікненню рабочых арг-цый (прафсаюзы, паліт. партыі). Ва ўпартай барацьбе з буржуазіяй на працягу 19 ст. працоўныя большасці капіталіст. дзяржаў дабіліся легалізацыі права на стачку. У канцы 19 ст. рэзка абвастрыўся стачачны рух у ЗША (у 1896—1905 — 21 950 З.), Францыі (1896—1905 — 4925 З.), Германіі (1900—07 — 14 790 З.), Расіі (1895—1904 — 1765 З.).

У Беларусі першыя стачкі адбыліся ў 19 ст., мелі лакальны і абарончы характар. У пач. 20 ст. яны набываюць наступальны, часам паліт. характар. У 1903 адбылося 20 паліт. З., на працягу 2 месяцаў 1904—17 З. Асабліва часта паліт. З. адбываліся ў 1905. У кастр. 1905 працоўныя Беларусі прынялі ўдзел у агульнарас. паліт. стачцы (у Мінску баставалі ўсе прадпрыемствы, пошта, тэлеграф; паліт. стачкі адбыліся ў Гомелі, Брэсце, Оршы, Лунінцы, Баранавічах, Пінску; у 25 з 35 паветаў Беларусі прайшлі З. с.-г. рабочых). У 1927—28 зарэгістравана 370 З. у Зах. Беларусі. Адбываліся масавыя выступленні працоўных Брэста, Ліды, Беластока, Пінска, Маладзечна, Навагрудка і інш. Эканам. патрабаванні спалучаліся з барацьбой за нац. вызваленне. Супраць сац. палітыкі ўрадаў БССР і СССР былі скіраваны забастоўкі ў Гомелі (крас. 1990), Мінску (крас. 1991). Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс законаў аб працы Рэспублікі Беларусь» ад 15.12.1992 працоўныя Беларусі маюць права на З.

М.​А.​Сакалова (З. ў Беларусі).

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЫЯ ЭСЭ́РЫ, левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры (інтэрнацыяналісты),

партыя сацыяліст. кірунку ў Расіі ў 1917—23. З пач. 1-й сусв. вайны існавалі як плынь, з лета 1917 — як фракцыя ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў); як самаст. партыя аформіліся на сваім 1-м з’ездзе 19—28.11(2—11.12).1917 у Петраградзе. Яе лідэры: Б.​Д.​Камкоў, М.​А.​Натансон, М.А.Спірыдонава і інш. Цэнтр. орган — газ. «Знамя труда» (1917—18). У ліп. 1918 80 тыс. чл. Выступалі за неадкладную перадачу зямлі сялянам, за выхад Расіі з 1-й сусв. вайны, супраць кааліцыі з кадэтамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, галасавалі за дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, увайшлі ў ВЦВК (30 чл.), аднак адмовіліся ўвайсці ў сав. ўрад (СНК), патрабуючы стварыць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў сацыяліст. партый. З ліст. 1917 на пазіцыі Л.э. перайшла большасць эсэраўскіх арг-цый Беларусі. У студз. 1918 Л.э. ўвайшлі ў СНК (7 чал.). Выступалі супраць Брэсцкага міру 1918, а пасля яго ратыфікацыі (сак. 1918) выйшлі з СНК. Асуджалі палітыку бальшавікоў у адносінах да сярэдняга і заможнага сялянства, на сваім 2-м з’ездзе (крас. 1918) афіцыйна заявілі аб разрыве з імі. Улетку 1918 адбыўся леваэсэраўскі мяцеж 1918 у Маскве (6—7 ліп.), выступленні ў інш. месцах, у т. л. ў Оршы і Сянне (5—6 жн.), якія былі падаўлены. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў Л.э. са складу Саветаў, дзесяткі тыс. радавых чл. пакінулі партыю. У вер. 1918 з Л.э. вылучыліся партыі «народнікаў-камуністаў» і «рэв. камуністаў», якія ў 1920 увайшлі ў РКП(б). Большая ч. леваэсэраўскіх кіраўнікоў, у т. л. Спірыдонава, А.А.Ізмайловіч і інш. працягвалі змагацца супраць бальшавікоў у падполлі. Страціўшы ўплыў на масы, Л.э. ў 1923 самаліквідаваліся.

Літ.:

Литвин А.Л., Овруцкий Л.М. Левые эсеры: программа и тактика: (Некоторые вопр.). Казань, 1992;

Малашко А.М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;

Фельштинский Ю. Крушение мировой революции. Брестский мир, октябрь 1917 — ноябрь 1918. М., 1992.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ФОНАДАКУМЕ́НТАЎ у Маскве.

Засн. ў 1932 як Цэнтр. архіў гуказапісаў, з 1934 у складзе Цэнтр. фотафонакінаархіва СССР (з 1941 Цэнтр. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў СССР), у 1967 вылучаны як Цэнтр. дзярж. архіў гуказапісаў СССР, з 1992 сучасная назва. Зберагае маст. і дакумент. гукавыя запісы з 1898 да нашага часу. 92 фонды, 184 304 адзінкі захоўвання, у т. л. 591 васковы валік, больш за 130 тыс. грампласцінак, 1400 матрыц грампласцінак, 1100 тонфільмаў, 26 тыс. магнітных стужак, шарынафоны, лазерныя кампакт-дыскі. Асн. крыніцы камплектавання архіва: Дзяржтэлерадыё СССР, Усерас. дзярж. тэлерадыёкампанія «Астанкіна», кампанія «Радыё Расіі», арг-цыі па вытв-сці гуказапісаў (фірмы «Мелодыя», «Рускі дыск» і інш.) і кінапрадукцыі (Цэнтр. студыя навук.-папулярных фільмаў, Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў і інш.), дамы творчых работнікаў, грамадскія і рэліг. арг-цыі, культ.-асв. ўстановы, тэатры і інш. Асн. частка архіўных збораў — маст. запісы муз. і літ.-драм. твораў. Зберагаюцца гуказапісы ўспамінаў членаў «Народнай волі», удзельнікаў рэвалюцыі 1905—07, Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны; фанаграмы XX—XXVIII з’ездаў КПСС, Пленумаў ЦК КПСС, XI—XXII з’ездаў ВЛКСМ, з’ездаў прафсаюзаў СССР. Значная колькасць фонадакументаў прысвечана Вял. Айч. вайне, у іх ліку ваен. рэпартажы, «гукавыя лісты» на фронт і інш. Захаваліся запісы 1941—42, дзе паведамляецца пра баявыя дзеянні бел. партызан. Партыз. рух асвятляецца ва ўспамінах У.​Е.​Лабанка (1965), А.​Ф.​Фёдарава (1965, 1968, 1975), П.​К.​Панамарэнкі (1975) і інш. Зберагаюцца фанаграма ўрачыстасцей у сувязі з уручэннем Брэсцкай крэпасці ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (1965), успаміны абаронцаў крэпасці (1956, 1965), фанаграма тэлеперадачы, прысвечанай 25-годдзю абароны Магілёва (1966), успаміны П.​І.​Батава (1972) і А.​В.​Гарбатава (1973) пра аперацыю «Баграціён» і вызваленне Беларусі, фанаграмы вечарын, прысвечаных вядомым военачальнікам. Ёсць фанаграма ўрачыстага пасяджэння, прысвечанага 50-годдзю БССР і КПБ (1968). Развіццё культуры асвятляецца ў фанаграмах і запісах асобных выступленняў на з’ездах пісьменнікаў СССР (у т. л. Я.​Коласа на 1-м з’ездзе ў 1934), мастакоў, кампазітараў, архітэктараў, кінематаграфістаў, настаўнікаў і інш. Зберагаюцца запісы чытання пісьменнікамі сваіх твораў, выступленні вядомых вучоных, фанаграмы сесій і гадавых сходаў АН СССР і інш.

Літ.:

Центральный государственный архив звукозаписей СССР Очерк-путеводитель. М., 1991;

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 187—190.

т. 13, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ПО́ЛЬШЧЫ (КПП),

нелегальная паліт. партыя левага кірунку ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1918—38 (да лют. 1925 наз. Камуніст. рабочая партыя Польшчы). Створана ў выніку аб’яднання Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы і Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы (у 1920 далучылася і Польская сацыяліст. партыя-апазіцыя) ва ўмовах уздыму рэв. руху пасля 1-й сусв. вайны. Паводле ўстаноўчых праграмных дакументаў гал. мэтай партыі абвешчана ажыццяўленне сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне дыктатуры пралетарыяту ў Польшчы ў кантакце з рабочымі Сав. Расіі. Адна з заснавальніц (1919) Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). У 1922 створана легальная арг-цыя партыі — Саюз пралетарыяту горада і вёскі (ад яе ў ліст. 1922 выбраны 2 дэпутаты, у сак. 1928—7 дэпутатаў у сейм). Унутры партыі дзейнічалі аўтаномныя Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ, з 1921) і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, з 1923). Пад кіраўніцтвам КПП дзейнічалі Камуніст. саюз моладзі Польшчы (1922—38) і яго аўт. часткі — Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі і Камуніст. саюз моладзі Зах. Украіны. На 2-м з’ездзе КПП (вер.кастр. 1923) у праграме выпраўлены левасектанцкія хібы па сял. і нац. пытаннях. Супрацоўнічала з Незалежнай сялянскай партыяй, Беларускай сялянска-рабочай грамадой, Сельробам і інш. арг-цыямі. Арганізоўвала і падтрымлівала выступленні рабочых і сялян у абарону іх сац. і паліт. правоў. У адпаведнасці з рашэннямі 7-га кангрэса Камінтэрна (1935) праводзіла курс на стварэнне антыфашысцкага народнага фронту, патрабавала скасаваць германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе, ініцыіравала правядзенне антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове, выступала за дружбу з СССР. Ў 1930-я г. КПП разам з КПЗБ і КПЗУ налічвала больш за 20 тыс. членаў, з іх 5—6 тыс. былі ў зняволенні. У 1936—38 многія члены КПП, КПЗБ і КПЗУ добраахвотна ўдзельнічалі на баку рэспубліканцаў у грамадз. вайне ў Іспаніі. Вышэйшы орган партыі — з’езд (адбыліся ў 1918, 1923, 1925, 1927, 1930, 1932), паміж з’ездамі — ЦК на чале з ген. сакратаром. Кіраўнікі: А.Е.Варскі (Варшаўскі), М.​Кашуцкая (В.​Костшэва), Ю.​Ляшчынскі (Ленскі), Э.​Прухняк і інш. Нелегальна выдавала газ. «Czerwony sztandar» («Чырвоны сцяг») і тэарэтычны час. «Nowy przegląd» («Новы агляд»), У жн. 1938 распушчана разам з КПЗБ і КПЗУ Выканкомам Камінтэрна на падставе лжывых абвінавачанняў у шырокім пранікненні варожай агентуры ў кіраўніцтва партыі. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі заявілі аб прызнанні неабгрунтаваным роспуску КПП, КПЗБ і КПЗУ.

т. 7, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ ІСПА́НСКІХ КАЛО́НІЙ У АМЕ́РЫЦЫ 1810—26,

вызваленчая вайна лац.-амер. калоній супраць ісп. панавання. Эканам. абмежаванні, немагчымасць атрымаць аўтаномію калоній у межах ісп. манархіі, малое прадстаўніцтва ў картэсах (ад 15-мільённага насельніцтва калоній 9 дэпутатаў, ад 12-мільённай Іспаніі 36) і інш. выклікалі незадаволенасць у крэолаў. У 1808—09 адбыліся антыісп. ўзбр. выступленні, задушаныя калан. ўладамі. Вайна пачалася ў 1810 паўстаннямі ў Каракасе, Буэнас-Айрэсе, Багаце і інш. буйнейшых цэнтрах Лац. Амерыкі, дзе была ліквідавана ісп. адміністрацыя і створаны часовыя рэв. ўрады — хунты. На 1-м этапе вайны (1810—18) адным з цэнтраў рэв. барацьбы была Венесуэла, у паліт. жыцці якой мела ўплыў «Патрыятычнае т-ва» (кіраўнік Ф.Міранда, адзін з гал. членаў С.Балівар). Аднак з-за адсутнасці сродкаў, зброі і падтрымкі насельніцтва першая (1811—12) і другая (1813—14) Венесуэльская рэспублікі палі. У «Пісьмах з Ямайкі» (1815) Балівар выклаў новую праграму вызв. руху (барацьба за адмену рабства, надзяленне зямлёй салдат вызв. арміі). Створаная ім на востраве каля берагоў Венесуэлы рэв. армія ў 1816 уступіла ў краіну і нанесла паражэнне ісп. войскам. У Мексіцы ў 1810—15 вайна набыла характар масавага сял. паўстання (кіраўнік М.Ідальга) — захопліваліся крэольскія латыфундыі, вярталіся землі індзейцам. Паўстанцы занялі некалькі буйных гарадоў і наблізіліся да Мехіка. Пасля паланення і расстрэлу іспанцамі Ідальга рух узначаліў яго паплечнік Х.М.Марэлас. У 1813 абвешчана незалежнасць, у 1814 прынята канстытуцыя рэспублікі. Аднак у 1815 іспанцы разграмілі паўстанцаў, пакаралі смерцю Марэласа і часова аднавілі ў Мексіцы калан. рэжым. На 2-м этапе вайны (1819—26) вызв. армія Балівара здзейсніла паход праз высакагорныя перавалы Андаў у Новую Гранаду, разграміла ісп. войскі ў бітве каля г. Баяка (1819), разам з войскамі новагранадскага ген. Ф.​Сантандэра ўступіла ў сталіцу Багату і вызваліла ўсю тэр. краіны. На пач. 1821 поўнасцю вызвалена Венесуэла. Было абвешчана стварэнне аб’яднанай дзяржавы Вял. Калумбія (Венесуэла, Новая Гранада, Панама і, пасля вызвалення, Эквадор). У Мексіцы з 1820 пасля задушэння сял. руху барацьбу вялі крэолы-сепаратысты на чале з А.Ітурбідэ, які пасля выгнання іспанцаў у 1821 абвясціў сябе імператарам. Пасля яго звяржэння краіна абвешчана незалежнай федэратыўнай рэспублікай (1824). У 1824 ісп. войскі разгромлены ў Перу. У 1826 завершана вызваленне Верхняга Перу (названа ў гонар Балівара Балівіяй), апошнія ісп. войскі выцеснены з узбярэжжа Чылі і Перу. У ходзе вайны праведзены асобныя дэмакр. рэформы, аднак не вырашана агр. пытанне. Пад уладай Іспаніі засталіся толькі Куба і в-аў Пуэрта-Рыка.

Літ.:

Линч Дж. Революции в Испанской Америке, 1808—1826: Пер. с англ. М., 1979;

Глинкин А.Н. Дипломатия Симона Боливара. М., 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. С.​Балівар падпісвае Асноўны закон аб утварэнні федэратыўнай рэспублікі Калумбія.

т. 3, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)