МУБА́РАК Мухамед Хосні (н. 4.5.1928, в. Кафр-эль-Мусейліха, Егіпет),

ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч Егіпта. Скончыў авіяц. вучылішчы ў Егіпце і СССР, Ваен. акадэмію імя Фрунзе ў Маскве (1957). У 1967—69 нач. Ваенна-паветр. акадэміі Егіпта. У 1969—72 нач. штаба, у 1972—75 камандуючы егіп. ВПС, нам. ваен. міністра. У 1976—81 нам. старшыні Нац.-дэмакр. партыі, са студз. 1982 яе ген. сакратар. У 1975—81 віцэ-прэзідэнт, з кастр. 1981 прэзідэнт Егіпта. Праводзіць прагматычны курс на эканам. развіццё Егіпта і на супрацоўніцтва як з індустрыяльнымі дзяржавамі, так і з краінамі, якія развіваюцца.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБРАЕ́ННЕ,

1) комплекс розных відаў ваен. зброі і сродкаў, што забяспечваюць яе выкарыстанне; асн. састаўная частка ваен. тэхнікі. Паводле прыналежнасці да пэўнага віду ўзбр. сіл, роду войск адрозніваюць У. сухап., ракетных войск, войск ППА, ВПС, ВМФ і інш.; паводле відаў носьбітаў — авіяц., карабельнае, танкавае і інш. Асобныя віды У. падзяляюцца паводле прынцыпаў дзеяння, прызначэння, канстр. асаблівасцей, спосабаў дастаўкі да цэлі і інш. 2) Працэс аснашчэння войск зброяй, а таксама колькасны рост і якаснае развіццё ваен. тэхнікі.

3) Сукупнасць элементаў аснасткі ветразевага судна (ветразевае У.) або сродкі аховы воіна ў баі (засцерагальнае У.).

т. 16, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЛА́МАЎ Сямён Ільіч (30.4.1921, г. Красны Кут Саратаўскай вобл., Расія — 5.5.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Засл. ваенны лётчык СССР (1972). Ген.-палк. авіяцыі (1975). Скончыў Сталінградскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), ваен. акадэміі паветр. (1955) і Генштаба (1961). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір эскадрыллі старшы лейтэнант Х. вызначыўся разведвальнымі палётамі ў час Бел. аперацыі 1944 у раёне рэк Проня, Бася, Дняпро; да ліст. 1944 зрабіў 574 баявыя вылеты. Пасля вайны на адказных пасадах у ВПС СССР, ЦК ДТСААФ СССР па авіяцыі.

С.І.Харламаў.

т. 16, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІЧ Фёдар Васілевіч (н. 22.4.1917, с. Новадзімітрыеўка Іванаўскага р-на Херсонскай вобл., Украіна),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Качынскую ваен. школу пілотаў (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1951). Ў Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Ленінградскім, Сталінградскім, Цэнтр. і 1-м Бел. франтах: камандзір звяна, эскадрыллі, пам. камандзіра знішчальнай авіядывізіі па паветр.-стралк. службе. Да жн. 1944 зрабіў 535 баявых вылетаў, асабіста збіў 13 і ў пары 4 самалёты праціўніка. Вызначыўся ў баях пад Ленінградам, Сталінградам, Арлом, Гомелем, Бабруйскам, Люблінам, Варшавай, Берлінам. Пасля вайны да 1962 на камандных пасадах у ВПС.

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛА (Bella) Іван (н. 21.5.1964, г. Брэзна, Славакія),

першы касманаўт Славакіі. Лётчык-касманаўт Славацкай Рэспублікі (1999). Палк.-інжынер ВПС. Скончыў Вышэйшую ваен. авіяц. школу (г. Кошыцы, 1987). З 1983 ваен. лётчык, з 1999 у Славацкім цэнтры верыфікацыі Мін-ва абароны. У 1998 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 20—28.2.1999 з В.М.Афанасьевым (гл. Дадатак) і Ж.​П.​Эньерэ (Францыя) здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз ТМ-29» і арбітальнай станцыі «Мір». У космасе правёў 7,9 сут. Сярэбраны медаль Славацкай АН (1999). Яго імем названа малая планета.

М.​М.​Касцюковіч.

І.Бела.

т. 18, кн. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ГЕЛЬ (Kregel) Кевін Рычард (н. 16.9.1956, Эмітывіль, штат Нью-Йорк, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Акадэмію ВПС ЗША (1978), ун-т Трой штата Алабама (1988). З 1979 лётчык-выпрабавальнік. У 1990—2002 у НАСА, з 1992 у атрадзе касманаўтаў. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 13—22.7.1995 на КК «Дыскаверы» і 20.6—7.7.1996 на КК «Калумбія» (як пілот), 19.11—5.12.1997 на КК «Калумбія» і 11—22.2.2000 на КК «Індэвар» (як камандзір). У космасе правёў 52,7 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя заслугі», «За касмічны палёт» (4).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ Аляксей Сяргеевіч (18.10.1909, г. Брэст — 25.5.1994),

савецкі ваенны дзеяч. Герой Сав. Саюза (1938), ген.-лейт. авіяцыі (1943). Скончыў Курскі прамысл.-эканам. тэхнікум, Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу ВПС (1928), Барысаглебскую школу лётчыкаў (1929), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен. акадэміі Генштаба (1939). У Сав. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. барацьбы Кітая супраць японскіх захопнікаў у 1937, у час якой камандаваў авіяц. групай знішчальнікаў, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Далёкаўсх., Ленінградскім, Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім, 1-м Укр., 3-м Бел. франтах: камандзір знішчальнага авіякорпуса. Удзельнічаў у вызваленні Оршы, Віцебска, Мінска, Маладзечна, Ліды. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙЦМАН Эзер (н. 15.6.1924, Тэль-Авіў),

ваенны і палітычны дзеяч Ізраіля. Генерал. Пляменнік Х.Вейцмана. Вучыўся ў каралеўскім штабным каледжы ваен.-паветр. сіл, лётным вучылішчы ў Радэзіі, на авіяц. інж. курсах у Англіі. У 1942—46 служыў у брыт. арміі ў Егіпце і Індыі. У 1948—66 на камандных пасадах у ВПС Ізраіля, у 1966—69 у ген. штабе. З 1969 у адстаўцы. У 1969—70 міністр транспарту. У 1970—72 старшыня выканкома партыі «Херут». У 1977—80 міністр абароны. З 1984 лідэр партыі «Ягад», якая выступае за мір з арабамі. У 1988—90 міністр навукі і даследаванняў. З 1993 прэзідэнт Ізраіля.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПО́ВІЧ Вікенцій Паўлавіч (20.1.1914, пас. Калодзішчы Мінскага р-на — 12.4.1996),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Мінскі пед. ін-т нац. меншасцей (1937), Барысаглебскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію каманднага і штурманскага саставу ВПС (1944). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 на Паўд., 2-м Укр. франтах. Лётчык-знішчальнік, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Малдавіі, Украіны, г. Растоў-на-Доне, баёў за Берлін, вызвалення Прагі. Зрабіў 263 баявыя вылеты, правёў 35 паветр. баёў, збіў 8 самалётаў праціўніка. 16.3.1942 цяжка паранены прывёў самалёт на свой аэрадром. Да 1960 у Сав. Арміі, палкоўнік.

В.П.Карповіч.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР (Miller) Глен (1.3.1904, г. Кларында, ЗША — 16.12.1944),

амерыканскі трамбаніст, аранжыроўшчык, кіраўнік джаз-аркестраў. У 1924—26 вучыўся ва ун-це Каларада, у 1932—35 удасканальваўся ў Дж.​Шылінгера (кампазіцыя, аранжыроўка). З 1921 іграў у джаз-аркестрах. У 1935 разам з Р.​Ноўблам арганізаваў аркестр, вядомы т.зв. мілераўскім гучаннем (увёў кларнет і тэнарсаксафон у актаву, паміж партыямі якіх размешчаны партыі інш. інструментаў групы язычковых духавых). У 1938 стварыў уласны аркестр, сусветна вядомы пасля ўдзелу ў кінафільме «Серэнада сонечнай даліны» (1941) з яго музыкай. З 1942 з арганізаваным ім Аркестрам ВПС выступаў на фронце і па радыё. Яго творчасці прысвечаны фільм «Гісторыя Глена Мілера» (1954).

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)