«ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,

савецкі штомесячны навукова-папулярны часопіс (працяг час. «Борьба классов»), Выдаваўся ў 1937—45 у Маскве на рус. мове Т-вам гісторыкаў-марксістаў пры Камуніст. акадэміі і яе Ін-там гісторыі; са снеж. 1941 орган Ін-та гісторыі АН СССР. У 1941 аб’яднаны з час. «Историк-марксист». Публікаваў артыкулы па гісторыі КПСС, СССР, Расіі і ўсеагульнай гісторыі, праблемах гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і выкладання гісторыі ў школе. Меў аддзел крытыкі і бібліяграфіі. У 1945 замест «И.ж.» пачаў выходзіць час. «Вопросы истории».

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЛАН (Lolland),

востраў у Балтыйскім м., у паўд. ч. архіпелага Дацкіх а-воў. Тэр. Даніі. Пл. 1,2 тыс. км². Складзены з вапнякоў і глін. Пераважае марэнная раўніна, у цэнтры і на ПнЗ узгоркі (выш. да 25 м), месцамі ўкрытыя лясамі з буку і дубу. Большая ч. пад ворывам. Шырокія мелкаводдзі каля берагоў асушаны, закрыты ад мора дамбамі. Л. злучаны чыгуначным мостам з в-вам Фальстэр, паромныя зносіны з мацерыком (з Германіяй, праз праліў Фемарн-Бельт). Гал. горад і порт — Накскаў.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЎДЗІНСКІ,

рабочы пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Пціч. Аўтадарогай злучаны з г.п. і чыг. ст. Рудзенск (12 км). За 23 км ад г. Мар’іна Горка, 53 км ад Мінска. 2,7 тыс. ж. (2000). Утварыўся ў 1966—68 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства. Сучасная назва з 11.3.1977, з 29.12.1977 рабочы пасёлак. Працуюць торфабрыкетны з-д «Сяргеевіцкі», эксперым. база «БелНДІпалівапраект», ПМК, прафтэхвучылішча, сярэдняя і муз. школы, дашкольная ўстанова, Палац культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПРАЕ́КТНА-ВЫШУКА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́Т ЛЯСНО́Й ГАСПАДА́РКІ (Белдзіпралес) Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1969 у Мінску на базе комплекснай праектна-вышукальнай экспедыцыі; да 1991 філіял Усесаюзнага ін-та «Саюздзіпралес». Асн. кірункі работы: лесагасп. і лесааднаўленчыя мерапрыемствы, праектаванне і буд-ва гадавальнікаў і лесанасенных гаспадарак, лесагасп. дарог, жылля для прадпрыемстваў лясной гаспадаркі; лесамеліярацыйныя работы, проціпажарныя і лесаахоўныя мерапрыемствы, замацаванне і аблясенне берагоў малых рэк, равоў, яроў; распрацоўка нарматыўна-тэхн. л-ры; стварэнне зялёных зон, лесапаркаў; ажыццяўленне аўтарскага нагляду за буд-вам аб’ектаў па праектах ін-та.

т. 2, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНТО́РФ,

рабочы пасёлак у Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобласці. За 16 км ад г. Дуброўна, 7 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск. 1,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы па здабычы торфу. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Узнік у 1927 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства па нарыхтоўцы паліва для БелДРЭС. З 27.9.1938 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі; дзейнічала Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1946 у Арэхаўскім, з 1956 у Аршанскім, з 1965 у Дубровенскім р-нах.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ»,

аднатомны энцыклапедычны даведнік пра важнейшыя сферы жыццядзейнасці Беларусі. Выдадзены ў 1995 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі. Усебакова і дастаткова поўна асвятляе гіст. мінулае бел. народа і сучасны ўзровень развіцця краіны, адм.-тэр. падзел, эканоміку, навуку, культуру і мастацтва, мову, л-ру, фальклор і этнаграфію, прыродныя багацці, геаграфічныя і геалагічныя аб’екты, раслінны і жывёльны свет. Уключае 4800 артыкулаў, у т. л. больш як 1600 біяграфій прадстаўнікоў розных галін ведаў і дзейнасці. Артыкулы праілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, картамі, схемамі.

т. 3, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Сяргей Якаўлевіч) (4.4.1892, Кіеў — 1.3.1957),

савецкі вучоны ў галіне гідратэхнікі; адзін з заснавальнікаў школы сав. гідратэхнікаў. Акад. АН СССР (1953), ген.-маёр інж.-тэхн. службы (1943), Герой Сац. Працы (1952). Скончыў Петраградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1917). З 1942 дырэктар ін-та «Гідрапраект» (з 1957 імя Ж.). Кіраваў вышукальнымі і н.-д. работамі, праектаваннем і буд-вам Беламорска-Балтыйскага канала, канала імя Масквы, Волга-Данскога комплексу, Волга-Балтыйскага воднага шляху, Угліцкай, Рыбінскай, Волжскай імя У.​І.​Леніна і інш. ГЭС на Волзе. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

С.Я.Жук.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«І́СКРЫ СКАРЫ́НЫ»,

гісторыка-публіцыстычны часопіс. Выдаваўся ў 1931—35 у Празе на бел. мове Бел. (Крывіцкім) культ. т-вам імя Ф.​Скарыны. У аснове выдання ідэі пераемнасці духоўнай спадчыны Скарыны з сучаснымі праблемамі паліт.-дзярж. і культ. развіцця, імкнення бел. народа да ўласнага і самабытнага шляху развіцця. Надаваў вял. значэнне нац. культуры як першааснове культуры агульначалавечай, развіццю нац. самасвядомасці беларусаў, асабліва ва ўмовах асіміляцыйнага ўздзеяння інш. этнасаў, падкрэсліваў важную ролю інтэлігенцыі як выразніка і гаранта духоўнай жыццяздольнасці нацыі. Асвятляў пытанні бел. гістарыяграфіі, геральдыкі, нац. традыцый.

А.​К.​Каўка.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАІ́НА, Мараіні (Maraino, Maraini) Іначэнца, архітэктар і мастак-дэкаратар 2-й пал. 18 ст. Родам з Італіі (Лугана). Вучыўся ў Мілане ў Брэры. З 1764 працаваў пераважна ў Рэчы Паспалітай. З 1.6.1777 пры двары М.​К.​Агінскага ў г. Слонім Гродзенскай вобл., да 1780 кіраваў буд-вам спец. памяшкання для Слонімскага т-ра Агінскага («Новы дом оперы»), пісаў дэкарацыі. Верагодна, у 1786 ствараў дэкарацыі для т-ра «Ла Скала» (Італія). Гал. работы: перабудова Нац. т-ра ў Варшаве, буд-ва драўлянага амфітэатра ў г. Львоў (Украіна; 1790-я г.).

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРО́СА»,

«Ляда», бел. нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.

А.​Ю.​Лозка.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)