ЛІМНАФІ́ЛЬНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

жывёлы азёр, вадасховішчаў, сажалак. Па размяшчэнні ў вадаёме вылучаюць арганізмы, якія жывуць на дне (бентас), у тоўшчы вады (нектон, планктон), на воднай паверхні, на мяжы вады і атмасферы (нейстон, плейстон). Л.ж., у адрозненне ад рэафілаў, менш патрабавальныя да колькасці кіслароду ў вадзе, у іх няма органаў прымацавання да субстрату. Асобныя віды Л.ж. разглядаюцца як біял. індыкатары воднага асяроддзя. Гл. таксама Лімнабіёнты.

В.​В.​Вежнаеец.

т. 9, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЖАНЬ,

доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады і малога аб’ёму сцёку ў рэках; частка гадавога гідралаг. цыкла. Абумоўлена перыядамі сухога або марознага надвор’я, калі рэзка памяншаецца прыток вады з вадазборнай плошчы. Жыўленне рэк у М. ідзе пераважна за кошт падземных вод. Ва ўмераных і высокіх шыротах на раўнінных рэках адрозніваюць летнюю і зімовую М. (да зімовай М. адносіцца малаводны перыяд з наяўнасцю лядовых з’яў).

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПО́Р вады,

павышэнне ўзроўню вады ў рацэ ў выніку ўзвядзення штучнага збудавання або ўтварэння прыродных перашкод (звужэнне рэчышча, нагрувашчванне камянёў, заломы, зажоры, заторы і інш.). Бывае пастаянны (напр., ад плаціны) і часовы. Суправаджаецца памяншэннем нахілаў і скорасці цячэння, характарызуецца велічынёй падняцця ўзроўню і адлегласцю, на якую ён распаўсюджваецца. З нарастаннем велічыні П. павялічваецца акумуляцыя наносаў, зарастанне рэчышча, падымаецца ўзровень грунтавых вод, адбываецца падтапленне і забалочванне прылеглай тэрыторыі.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЙСТО́Н (ад грэч. plein плысці на судне),

сукупнасць водных арганізмаў, якія трымаюцца на паверхні вады або паўпаглыбленыя ў яе. Прадстаўнікі марскога П. найб. разнастайныя. Для многіх арганізмаў з П. характэрна ўтварэнне газавых камер (напр., сіфанафора фізалія) або выдзяленне пеністых паплаўкоў (актынія мініяс, малюск янціна і інш.); інш. выкарыстоўваюць паверхневую плеўку вады як апору (напр., малюск глаўкус). З раслін да П. адносяцца, напр., саргасавыя водарасці, раска.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

Каля в. Пятровічы у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., за 15 км на Пд ад г. Смалявічы. Створана на р. Волма ў 1978. Пл. 4,8 км², даўж. 11,5 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 8,2 м, аб’ём вады 15 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 3,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак, рыбагадоўлі.

Пятровіцкае вадасховішча.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПІХАВА,

вадасховішча ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Крывошын, ва ўрочышчы Рэпіхава. Створана на р. Ліпнянка ў 1984. Пл. 1,1 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 2,1 млн. м³. Агараджальная дамба (даўж. 5,5 км) ахоўвае прылеглую тэрыторыю ад затаплення. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1,6 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ДЖОН (Saint John),

рака ў ЗША і Канадзе. Даўж. 724 км, пл. бас. 55,4 тыс. км². Пачынаецца ў Белых гарах (сістэма Апалачаў), упадае ў зал. Фанды Атлантычнага акіяна. У вусці ўтварае вадаспад выш. 5 м (са зваротным цячэннем вады ў час высокіх прыліваў). Разводдзе ў крас.—маі. Сярэдні расход вады 1130 м³/с. Сплаўная. Суднаходная ад г. Фрэдэрыктан. У вусці порт Сент-Джон (Канада).

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПЛІ́ЦА вадасховішча ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Скрыпліца. Створана ў 1981. Пл. 0,73 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 1,4 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 1,1 км. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Добасна па водападвадным канале. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі, воднага добраўпарадкавання прылеглых тэрыторый.

т. 14, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРОЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

здольнасць раслін пераносіць уздзеянне адмоўных т-р; адна з форм зімаўстойлівасці раслін. Абумоўліваецца структурна-функцыян. перабудовамі, якія перашкаджаюць замярзанню ўнутрыклетачнай вады і павышаюць устойлівасць клетак да моцнага абязводжвання і пашкоджанняў пазаклетачным лёдам: спыненне росту, назапашванне ў клетках вугляводаў, амінакіслот, алею, бялкоў, адцяканне вады ў міжклетнікі, пераход унутрыклетачнай вады ў аморфны стан і інш. Развіваецца кожны год у выніку асенняга загартоўвання раслін у некалькі этапаў пры паступовым паніжэнні т-ры. Залежыць ад віду, сорту, узросту, фізіял. стану раслін, пары года, глебава-кліматычных умоў, ураджайнасці і інш. У маладым узросце і ў перыяд летняй вегетацыі М. мінім., у насення і ў час зімовых маразоў — максімальная. Павышаюць М. штучным загартоўваннем раслін, вывядзеннем марозаўстойлівых сартоў, правільным іх раянаваннем, агратэхн. прыёмамі.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВА́,

рака ў Ленінградскай вобл. Расіі. Даўж. 74 км, пл. басейна 281 тыс. км². Выцякае з Ладажскага воз., упадае ў Фінскі зал. У нізоўях падзяляецца на рукавы (асн.: Вял. і Малая Н., Вял. і Малая Неўка), утварае дэльту, на 42 астравах якой і Прынеўскай нізіне размешчаны С.-Пецярбург. Сярэдні расход вады каля в. Новасаратаўка 2520 м³/с. Паўд.-зах. і зах. вятры наганяюць ваду з Фінскага зал., у выніку чаго падымаецца ўзровень вады, часам у С.-Пецярбургу бываюць навадненні (самыя высокія падняцці вады 410 см у 1824 і 369 см у 1924). Ледастаў з пач. снежня да канца крас. — пач. мая. Н. ўваходзіць у склад Беламорска-Балтыйскага і Волга-Балтыйскага водных шляхоў. На Н. (у вытоку) г. Шлісельбург.

Рака Нява ў Санкт-Пецярбургу.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)