ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,
адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г.Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс.чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс.чал.), бакі страцілі па 30 тыс.чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс.чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс.чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс.аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс.чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.
Літ.:
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.
Адбылася каля в.Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.Я.Сапегам і С.Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.А.Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс.чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.Г.Палубінскага і С.Кміціча (6 тыс.чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс.чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСУНЬСКАЯ БІ́ТВА 1648.
Адбылася 15—16 мая каля г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі, Украіна) паміж укр. казакамі пад камандаваннем Б.Хмяльніцкага (15—17 тыс. казакоў і 4 тыс. крымскіх татар) і польск. войскамі пад камандаваннем гетманаў М.Патоцкага і М.Каліноўскага (20 тыс.чал.). Пасля паражэння польск. авангарда каля г. Жоўтыя Воды гал. сілы польск. войск занялі абарону пад Корсунем. 15 мая татары беспаспяхова атакавалі польск. абарончыя пазіцыі паміж Корсунем і Сцяблёвам. Хуткім і ўмелым манеўраваннем Хмяльніцкі прымусіў Патоцкага пакінуць пазіцыі і ісці праз лес, дзе яго чакаў у засадзе 6-тысячны атрад М.Крываноса. Польскія войскі былі акружаны і разгромлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬША́НІЦКАЯ БІ́ТВА 1527.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ і крымскіх татараў каля р. Альшаніца (прыток Дняпра), за 30 км на ПдУ ад Кіева 27 студз. Са снеж. 1526 татары шматлікімі набегамі на польскія, паўд.-бел. і літ. землі прычынялі вял. страты. 7 тыс. коннікаў ВКЛ на чале з вял. Гетманам К.Астрожскім і палявым гетманам Я.Радзівілам, а таксама войскі князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і інш. дагналі татараў (24 тыс.чал. на чале з царэвічам Малаем) на р. Альшаніца, разбілі іх і вызвалілі 80 тыс. палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць, Малай узяты ў палон, а потым забіты. Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГСКАЯ БІ́ТВА 1067,
адна з першых бітваў пачатку феад. раздробленасці Русі. Адбылася 3.3.1067 на р. Няміга паміж войскамі паўд.-рус. князёў Ізяслава, Святаслава, Усевалада Яраславічаў і полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. Прычына — намер кіеўскага князя падпарадкаваць Полацкае княства, якое да гэтага часу стала незалежным. Выкарыстаўшы захоп і разарэнне Усяславам Ноўгарада, войскі паўд.-рус. князёў захапілі Мінск. Н.б. скончылася паражэннем войск Полацкага княства. У час мірных перагавораў Усяслаў Брачыславіч быў зняволены ў Кіеве. Н.б. асуджана аўтарам «Слова аб палку Ігаравым», які апісаў яе як жорсткае пабоішча: «На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави брезе не бологом бяхуть посеяни — посеяни костьми руских сынов».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял.кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс.чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял.кн.ВКЛ Ягайлы і вял.кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс.чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал.рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы палк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — палк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы палк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т. л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял.кн.ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1506.
Адбылася 5 жн. на р. Лань каля Клецка паміж войскам ВКЛ на чале з М.Л.Глінскім і войскам крымскіх татар, якое ўзначальвалі Беці і Бурнаш, сыны хана Менглі-Гірэя. 6—7-тысячнае войска ВКЛ некалькі гадзін вяло перастрэлку з 12—13 тыс. татар. За гэты час былі падрыхтаваны 2 гаці, па якіх коннікі ВКЛ пачалі пераправу. Татары атакавалі правае крыло, што першым перайшло цераз Лань, і нанеслі яму вял. страты. Глінскі прыспешыў рух левага крыла і імклівым ударам конніцы разрэзаў татарскае войска на 2 часткі. Правае крыло таксама перайшло ў наступленне. Частка татар трапіла ў кальцо, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцка, Петрыкава, на ўкр. шляхах. У выніку бітвы вызвалена каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, узята 30 тыс. коней. К.б. — першая вял. перамога ВКЛ над крымскімі татарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКДЭ́НСКАЯ БІ́ТВА 1905,
наступальная аперацыя яп. войск 19 лют. — 10 сак. ў руска-японскую вайну 1904—05. Пасля капітуляцыі рас. гарнізона Порт-Артура (снеж. 1904) і няўдачы студзеньскага наступлення рас. войск на Савдэпу стратэгічнае становішча рас. арміі ў Маньчжурыі ўскладнілася. Аднак рас. сілы (293 тыс. штыкоў і шабляў, 1494 гарматы і 56 кулямётаў), пад кіраўніцтвам ген.-ад’ютанта А.М.Курапаткіна рыхтаваліся да наступлення, запланаванага на 25 лютага. Але яп. войскі (270 тыс. штыкоў і шабляў, 1062 гарматы і 200 кулямётаў) пад кіраўніцтвам маршала І.Аямы апярэдзілі расіян і 19 лютага перайшлі ў наступленне. Вышэйшае рас. камандаванне дзейнічала нерашуча і не здолела арганізаваць зладжанае кіраўніцтва. У выніку паспяховых дзеянняў яп. войск навісла пагроза акружэння рас. арміі ў раёне г. Мукдэн (Шэньян). Рас. войска вымушана было адступіць на 175 км на Пн ад Мукдэна, дзе заставалася да канца вайны. Гэта паражэнне рас. арміі вызначыла зыход вайны на карысць Японіі (гл.Портсмуцкі мірны дагавор 1905).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РСКАЯ БІ́ТВА 1943,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Адбылася на тэр. сучасных Курскай, Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай і Калужскай абл. Расіі, Харкаўскай і Сумскай абл. Украіны. Складалася з 2 этапаў: абарончых баёў (5—23 ліп.) і контрнаступлення (12 ліп. — 23 жн.) сав. войск. Летам 1943 ням.-фаш. камандаванне падрыхтавала аперацыю «Цытадэль» — наступленне на т.зв. Курскі выступ сустрэчнымі ўдарамі з раёнаў Арла і Харкава, каб акружыць і знішчыць тут сав. войскі, вярнуць стратэг. ініцыятыву пасля паражэння ў Сталінградскай бітве 1942—43. На лініі Арол — Харкаў было сканцэнтравана 50 ням. дывізій (больш за 900 тыс.чал., да 2,7 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 2 тыс. самалётаў), што ўваходзілі ў 9-ю і 2-ю арміі групы армій «Цэнтр» (камандуючы ген.-фельдмаршал Г.Клюге), 4-ю танк. армію і аператыўную групу «Кемпф» групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), г.зн. каля 70% танк., 30% матарызаваных і больш за 20% пяхотных дывізій, што дзейнічалі на сав.-герм. фронце. Сав. камандаванне разгадала намеры праціўніка і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Абарону паўн. раёна Курскага выступу трымалі войскі Цэнтр. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі), паўд. — Варонежскага фронту (ген. арміі Л.Ф.Ватуцін): больш за 1,3 млн.чал., каля 20 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 3,4 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 2,2 тыс. самалётаў. У іх тыле знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (ген.-палк. І.С.Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бранскі (ген.-палк. М.М.Папоў) франты, а таксама 57-я армія (ген.-лейт. М.А.Гаген) Паўд.-Зах. фронту. Дзейнасць франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі. Раніцай 5 ліп.сав. артылерыя нанесла апераджальны ўдар па варожых пазіцыях. Ударныя ням. групоўкі пачалі наступленне на Курск з раёнаў Арла і Белгарада. На Арлоўскім напрамку каля с. Поныры вораг уклініўся ў сав. абарону на 10—12 км, на Белгародскім напрамку каля с. Прохараўка — на 35 км. 12 ліп. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танк.бітва 2-й сусв. вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала да 1200 танкаў і самаходных гармат. Пасля 8-дзённых малавыніковых атак ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны. 12 ліп. пачалі контрнаступленне войскі Зах. і Бранскага франтоў, 15 ліп. ў напрамку Арла — Цэнтр. фронту, 16—18 ліп. на Белгародска-Харкаўскім напрамку — Варонежскага і Сцяпнога франтоў ва ўзаемадзеянні з Паўд.-Зах. фронтам (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі). 5 жн. вызвалены Арол і Белгарад, 23 жн. — Харкаў. У выніку К.б. ням.-фаш. войскі страцілі каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі. У ходзе бітвы ў тыле групы армій «Цэнтр» бел. партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна» (у ліп. пусцілі пад адхон 761 эшалон), чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка і адцягнулі на сябе каля 80 тыс. яго вайскоўцаў. У час бітвы вызначыліся воіны-беларусы лётчык А.К.Гаравец; танкісты М.М.Антонаў і В.Ф.Марцехаў, мінамётчык Б.Т.Шабан і інш. К.б. завяршыла карэнны пералом у ходзе Вял.Айч. вайны, стварыла ўмовы для пераходу сав. войск да агульнага наступлення, наблізіла пачатак вызвалення Беларусі (канец вер. 1943). Паражэнне Германіі ў К.б. вымусіла яе перайсці да абароны на ўсіх тэатрах 2-й сусв. вайны.
Літ.:
Колтунов Г.А., Соловьев Б.Г. Курская битва. М., 1983;
Кэйдин М. Курская битва — величайшее сухопутное сражение в истории // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагические страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Меллентин Ф. Танковые сражения 1939—1945: Пер. с англ.М., 1957. С. 186—202;
Соловьев Б.Г. «Кутузов» и «Румянцев» против «Цитадели» // Военно-ист журн. 1998. № 4.
В.А.Юшкевіч.
Да арт.Курская бітва 1943. Мастак П.А.Крываногаў. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ БІ́ТВА 1812,
баі паміж рус. 3-й Зах. арміяй (галоўнакамандуючы адм. П.В.Чычагоў) і напалеонаўскімі войскамі за авалоданне г. Барысаў і мостам цераз р. Бярэзіна 21—23.11.1812 у вайну 1812. Асн. групоўка войскаў Напалеона адступала ад Оршы, армія Чычагова рухалася з боку Мінска. Агульная колькасць франц. гарнізона складала каля 5 тыс.чал. пры 20 гарматах. 21 ліст.рус. авангард (каля 4,5 тыс.чал. пры 36 гарматах) атакаваў перадмаставое ўмацаванне. У выніку жорсткага бою рус. войскі да канца дня цалкам авалодалі Барысавам. 22 ліст. армія Чычагова (каля 32 тыс.чал. пры 180 гарматах) увайшла ў горад. Але Чычагоў не зрабіў належных захадаў па назіранні за праціўнікам, у выніку франц. корпус Удзіно 23 ліст. ўварваўся ў Барысаў. Чычагоў не змог арганізаваць абарону і адступіў. 25 ліст. ў Барысаў прыбыў Напалеон. Страты за 21 — 23 ліст. ў рускіх склалі 3 тыс.чал., у французаў — каля 5 тыс.чал., горад быў разбураны і выпалены. Вынік Барысаўскай бітвы — часовы пераход ініцыятывы да Напалеона, баі каля вёсак Студзёнка і Брылі, пераправа напалеонаўскага войска цераз Бярэзіну.