кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну супраць партызан і мясц. насельніцтва ў трохвугольніку Ліда—Баранавічы—Ваўкавыск. Адбылася 7—17.12.1942. Мэта аперацыі — наступленнем прыціснуць партызан і мясц. жыхароў, што адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокаў рэк Шчара і Нёман і знішчыць. Аперацыю праводзілі паліцэйскі полк, 5 паліцэйскіх і ахоўных батальёнаў, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, артыл. рот і дывізіёнаў пад камандаваннем брыгадэнфюрэра СС К. фон Готберга. Ім процістаялі 4 партыз. атрады (800 чал.) і Ленінская партыз. брыгада, якая прыняла асн. ўдар праціўніка. Пасля жорсткіх баёў у ноч на 17 снеж. партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны. У выніку аперацыі карнікамі было загублена 6172 чал., з іх 4498 чал. мірнага насельніцтва. Пасля перагрупоўкі сваіх сіл акупанты працягвалі аперацыю пад кодавай назвай «Альтона».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НЦАВІЧЫ,
горад, цэнтр Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Цна. Чыг. ст. на лініі Лунінец—Баранавічы. За 250 км ад г. Брэст. 15,9 тыс.ж. (1997).
У 2-й пал. 19 ст. вёска Слуцкага пав. Мінскай губ., уладанне графа С.Чапскага. Пасля буд-ва Палескіх чыгунак — мястэчка, працавалі смалакурня, піларама. У 1897—633 ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічаў завод, дзе выраблялася аконнае, люстраное і высакаякаснае багемскае (т.зв. бемскае) шкло. З 1921 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 30.6.1941 да 7.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ганцавічах і раёне 8726 чал. У 1959 — 3,5 тыс.ж. З 25.12.1962 да 30.7.1966 у Ляхавіцкім р-не. З 6.12.1973 горад.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў, лясной прам-сці. Курган Славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партызан брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (адбыліся 9.8.1942) і 27-й імя Чапаева брыгады (29.6.1944) з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Капыль у Вял.Айч. вайну. Да восені 1942 амаль уся тэр. Капыльскага р-на была ахоплена партыз. рухам. Частка гітлераўцаў схавалася ў добра ўмацаваным гарнізоне ў Капылі. Вечарам 9.8.1942 партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, бой працягваўся 3 гадз. Партызаны занялі ўскраіны пасёлка, аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабой захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, прадукты. 29.6.1944 партызаны 27-й імя Чапаева брыгады вялі бой за вызваленне Капыля. Камандаваў боем камбрыг М.А.Шастапалаў. Партызаны (каля 1500 чал.) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гар. пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк—Баранавічы да падыходу 1.7.1944 часцей Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., на р. Гарадзейка. Чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы, на аўтадарозе Нясвіж—Навагрудак. За 14 км ад г. Нясвіж. 4,9 тыс.ж. (1996).
У 19 ст. вёска пад назвай Горная Гарадзея, цэнтр Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. Тут выраблялі галандскія сыры і прадавалі ў Маскву і Пецярбург. З 1869 працавала нар. вучылішча. У 1871 за паўвярсты ад вёскі на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы пабудавана станцыя Гарадзея. У 1886 у Гарадзеі 532 ж., 48 двароў, валасная ўправа, школа, крама, карчма. У 1897 — 719 ж., 17 крам, цукр. і піўныя склады, малітоўны дом. З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Нясвіжскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак у Нясвіжскім р-не, зліўся з чыг. станцыяй. У 1969 — 4,2 тыс. жыхароў.
Ільнозавод, цукр. камбінат, 2 сярэднія, муз. школы, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,
1) ваенна-адм. адзінка рас. арміі ў 1-ю сусв. вайну. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваеннай акругі; тылавы раён Паўночна-Заходняга фронту, з 1915 — Заходняга фронту 1915—18. У 1917 уключала Магілёўскую, Смаленскую, Калужскую губ., часткі Віцебскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. На тэр. акругі знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага (г.Баранавічы, Магілёў). Узначальваў акругу гал. начальнік, пры якім дзейнічаў штаб (дыслацыраваўся ў Мінску, потым у Смаленску). Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкамі для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, пытаннямі цэнзуры, контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны ў пач. 1918.
2) Назва з 28 ліст. да 14 снеж. 1918 Беларускай ваеннай акругі.
3) Ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен.навуч. і інш. устаноў Сав. Арміі пасля Вял.Айч. вайны. Існавала з 9.7.1945 да 4.2.1946 на тэр. Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Маладзечанскай і Полацкай абл.; упраўленне размяшчалася ў Мінску. Аб’яднана разам з Баранавіцкай ваен. акругай у Бел.ваен. акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СК,
горад у Беларусі абл. падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рось. За 98 км ад Гродна. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Бераставіцу, Свіслач і аўтадарог на Масты, Слонім, Ружаны, Бераставіцу. 43,6 тыс.ж. (1995).
Першыя паселішчы на тэр. Ваўкавыска ўзніклі ў 10 ст., што пацвярджаюць археал. матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы Муравельнік, дзядзінцы Шведская гара і Замчышчы (вакольны горад). Упершыню Ваўкавыск (летапісны Волковыескъ) упамінаецца ў 1252. У 13 ст. цэнтр Ваўкавыскага княства, быў аб’ектам барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі. З пач. 14 ст. ў ВКЛ. Ваўкавыская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 15 ст. цэнтр староства, з 16 ст. цэнтр Ваўкавыскага павета. Неаднаразова быў спалены ў час войнаў 17 — пач. 18 ст. У час паўстання 1794 заняты паўстанцамі. З 1795 у Рас. імперыі. На пач. вайны 1812 у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-й Зах.рус. арміяй ген. П.І.Баграціёна, горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У 1885 праз Ваўкавыск пракладзена чыг.Баранавічы—Беласток. У 1891 у Ваўкавыску 19 фабрык і прамысл. прадпрыемстваў. У 1897 — 10 323 ж. Жыхары горада ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, тут адбыліся хваляванні салдат і навабранцаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. У 1909—18 працавала Ваўкавыская жаночая гімназія. У 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Ваўкавыскага раёна. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ваўкавыску і раёне больш за 29 тыс.чал., у т. л. 20 тыс. у лагеры ваеннапалонных. З лют. 1942 дзейнічала Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 14.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944. У 1969 — 21,5 тыс. жыхароў.
Цэнтр маш.-буд. (Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання), буд. матэрыялаў (Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, «Ваўкавыскцэментнашыфер») і харч. (Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў «Беллакт», мясакамбінат) прам-сці. Пед. вучылішча і Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей. Помнік П.І.Баграціёну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс Вызваліцелям, брацкая магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1929 у г.Баранавічы як павятовы музей. У 1940 ператвораны ў абл. музей выяўл. мастацтва. У час ням.-фаш. акупацыі разрабаваны. У 1946—54 Баранавіцкі абл. гісторыка-краязн. музей (да 1952 у Слоніме на базе адноўленага раённага музея), з 1954 сучасная назва. Мае больш за 36 тыс. экспанатаў асн. фонду, пл. экспазіцыі 256 м² (1995). Сярод экспанатаў археал., нумізматычная і этнагр. калекцыі, матэрыялы пра выдатных землякоў А.Міцкевіча, П.Багрыма, У.Галубка, рэв. выступленні 1905, падзеі 1-й сусв. вайны (Стаўка ў Баранавічах, Баранавіцкая аперацыя 1916), барацьбу працоўных за нац. і сац. правы ў часы ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, абарончыя баі 1941, партыз. рух і падп. барацьбу ў Вял.Айч. вайну, Калдычэўскі і Ляснянскі лагеры смерці, пра вызваленне горада і раёна ад ням.-фаш. акупантаў, станаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. гады. У экспазіцыі матэрыялы, прысвечаныя землякам-военачальнікам, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу, Героям Сав. Саюза І.К.Кабушкіну, Г.М.Халасцякову. Працуюць 2 выставачныя залы (пл. 140 м²).
С.А.Шчарбакоў.
У выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА СЛУ́ЧЧЫНЫ, Рада Случчыны, Слуцкая беларуская рада,
выканаўчы і распарадчы орган улады ў Слуцку і Слуцкім пав. ў ліст. 1920 — студз. 21. Мела паўнамоцтвы часовага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) да склікання бел. ўстаноўчага сейма і ўтварэння выбарнага органа, стала паліт. органам кіраўніцтва Слуцкім паўстаннем 1920. Выбрана 14.11.1920 на Першым бел. з’ездзе Случчыны ў складзе 17 членаў. У прэзідыум рады ўваходзілі У.Пракулевіч, П.Жаўрыд, В.Русак, Ю.Сасноўскі, Радзюк. Заявіла пратэст сав. і польск. ўрадам супраць перадачы Слуцкага пав. ўладам БССР, выдала дэкларацыю, якая заклікала сялян на барацьбу за «незалежную Беларусь у яе этнаграфічных граніцах». Сфарміравала 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў БНР у складзе 2 палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Пасля паражэння паўстання рада 28.12.1920 разам з 1-й Слуцкай брыгадай перайшла на тэр.Зах. Беларусі, дзе брыгада была раззброена польск. войскамі і інтэрніравана. Рада Случчыны пераехала ў Баранавічы; 20.1.1921 на апошнім пасяджэнні частка членаў рады прызнала сваім кіраўніком С.Булак-Балаховіча, частка выехала ў Вільню, частка засталася ў Баранавічах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАЦЭ́ВІЧЫ,
горад, цэнтр Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Грыўда. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Баранавічы. За 135 км ад Брэста. 19,7 тыс.ж. (1998).
Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў 1519. Належалі Юндзілам. З 1654 вядомы як маёнтак. З 2-й пал. 16 ст. ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. Пасля пракладкі чыг. Масква—Брэст (1871) побач з маёнткам узнікла пасяленне. У канцы 19 ст. ў ім былі вінакурня і цагельня, сукнавальня і вадзяны млын. У 1915—18 акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі У ліп.—жн. 1920 існавала сав. ўлада. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка ў Косаўскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Косаўскім р-не. З 20.9.1947 гар. пасёлак, цэнтр Івацэвіцкага р-на. У 1959—5,2 тыс.ж. У 1962—65 у Бярозаўскім р-не. З 28.5.1966 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, прыладабудаўнічы з-д, ільнозавод. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКА,
горад, цэнтр Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., пры ўпадзенні р. Жабінка ў Мухавец. За 30 км ад г. Брэст. Чыг. вузел (напрамкі на Брэст, Лунінец, Баранавічы), аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец. 12,5 тыс.ж. (1997).
Узнікла як чыг. ст. ў канцы 19 ст. ў сувязі з буд-вам чыг. Масква—Брэст. У 1890—282 ж., 30 двароў, гасцініца, пошта, царква, сінагога, 6 крам, 3 карчмы. У пач. 20 ст. дзейнічалі сукнавальня і тартак. З 1921 у складзе Польшчы, у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Жабінкаўскага р-на. З 23.6.1941 да 21.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1764 чал. З 16.4.1952 гар. пасёлак, у 1959—62 у Камянецкім, у 1962—63 у Кобрынскім р-нах. У 1959—2,9 тыс.ж. З 23.12.1970 горад.
Асфальтабітумны з-д, прадпрыемствы харч. (найб. значны Жабінкаўскі цукровы завод), буд. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1885).
Літ.:
Бензярук А. Наш край — Жабінкаўшчына. Брэст, 1996.