ГАРЫ́ГА (франц. garique, garrigue, праванс. garriga),

зараснікі нізкарослых, пераважна вечназялёных дрэў і кустоў (кермесавы дуб, карлікавая пальма, дрок, размарын, фісташка і інш.). Пашырана ва ўмовах субтрапічнага міжземнаморскага клімату, асабліва ў раёнах Зах. Міжземнамор’я. Фарміруецца на сухіх камяністых схілах ніжняга пояса гор, звычайна на месцы зведзеных цвердалістых лясоў, дзе часам ператвараецца ў фрыгану. Ад маквісу адрозніваецца меншай вышынёй (2—3 м) і большай разрэджанасцю.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬМА́ ПРА́ЖСКІ (Cosmas Pragensis; каля 1045—21.10.1125),

першы чэшскі храніст. Адукацыю атрымаў у Празе і Льежы (Францыя). З 1110 дэкан сабора св. Віта ў Празе. «Чэшская хроніка» К.П. (у 3 кн., на лац. мове, распачата ў 1119—20) змяшчае багаты разнастайны матэрыял, з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі Чэхіі (асабліва 3-я кніга, дзе апісаны сучасныя К.П. падзеі за 1092—1125).

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭХІ́НЫ,

арганічныя злучэнні расліннага паходжання з групы флаваноідаў; вытворныя флавану. Пашыраны ў прыродзе катэхін, калакатэхін, катэхінгалат, галакатэхінгалат, ёсць у многіх раслінах, асабліва ў лісці чаю, вінаграднай лазе, зернях какавы. Раствараюцца ў вадзе і спірце. Пры полімерызацыі ўтвараюць дубільныя рэчывы. Маюць высокую біял. актыўнасць (умацоўваюць сценкі капіляраў, спрыяюць засваенню аскарбінавай кіслаты), антыакісляльныя, антымікробныя антысклератычныя ўласцівасці. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне і харч. прам-сці.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫЯ ПУ́НКТЫ МЕТА́ЛАЎ,

значэнні тэмпературы, пры якіх у металах і іх сплавах адбываюцца змены агрэгатнага стану, паліморфныя (гл. Полімарфізм), магн. і інш. пераўтварэнні, што істотна змяняюць іх уласцівасці. Становішча К.п.м. на дыяграме стану залежыць ад хім. саставу сплаваў, скорасці нагрэву і ахалоджвання і інш. Важныя ў тэрмічнай апрацоўцы металаў, асабліва жал. сплаваў. Адкрыты Дз.К.Чарновым у 1868, што дало пачатак развіццю металазнаўства.

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХІ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1241.

Адбылася 11 крас. каля сяла Махі (Мухі) у паўн. Венгрыі ў час манг.-тат. нашэсця 1241—42 паміж войскамі хана Батыя (120 тыс. чал.) і венг. караля Белы IV (60 тыс. чал.). Батый выманіў венг. армію з крэпасці Пешт на адкрытую мясцовасць, дзе колькасную перавагу (асабліва ў конніцы) мелі мангола-татары, што забяспечыла яму перамогу. Бела IV выратаваўся ўцёкамі.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНІНГАКО́КІ,

парныя, шарападобныя, грамадмоўныя, аэробныя бактэрыі роду Neisseria; узбуджальнікі інфекц. хвароб, напр. менінгіту чалавека (асабліва ў дзяцей). Апісаў ням. вучоны А.​Вейксельбаум (1887). Выдзяляюць эндатаксін і алергізуючую субстанцыю. Размяшчаюцца паза- і ўнутрыклетачна. З арганізма хворых выдзяляюцца з насаглоткі, ліквору, крыві, скурных высыпак, сінавіяльнай вадкасці. Гінуць у вонкавым асяроддзі пры 20 °C праз 30 мін, пры 50 °C праз 5 мін.

А.​А.​Астапаў.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (4.5.1926, с. Афанасава Краснахолмскага р-на Цвярской вобл., Расія — 29.5.1991),

расійскі хімік. Акад. АН СССР (1987, чл.-кар. 1981). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі і сплаваў (1948). З 1977 ва Усесаюзным НДІ неарган. матэрыялаў. Навук. працы па радыяхіміі, тэхналогіі атрымання асабліва чыстых металаў, пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1953, 1975.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРТ (Perth),

горад на ПдЗ Аўстраліі. Адм. ц. штата Зах. Аўстралія. Засн. ў 1829. 1313 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Порт на беразе Індыйскага ак. пры ўпадзенні р. Суон (аванпорт — г. Фрымантл). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цяжкае і трансп. машынабудаванне (судны, аўтазборка, пад’ёмна-трансп. абсталяванне), хім., тэкст., дрэваапр., харч. (асабліва мясная), папяровая. 2 ун-ты.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЫСТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrocumulus (Cc)],

грады або слаі тонкіх белых воблакаў у верхняй трапасферы. Складзеныя з вельмі дробных элементаў у выглядзе зерняў, камякоў або рабізны, суцэльных або адасобленых, часткова па краях валакністыя. Утвараюцца пераважна з ледзяных крышталёў. Узнікаюць у выніку канвекцыйных і хвалевых рухаў, а таксама ў сувязі з франтамі, асабліва халоднымі. Ападкаў не даюць. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЧАРЫ́НКА, вечарына,

у беларусаў даўні звычай сялянскай моладзі збірацца вечарамі, асабліва ў нядзелю або свята, на танцы і гульні. Наладжвалі вечарынкі пераважна зімой у прасторнай хаце або карчме. У грамадскім побыце дарэв. вёскі — найбольш даступная магчымасць сустрэч моладзі. Бытавалі вечарынкі і ў гар. асяроддзі. На пач. 20 ст. ў гарадах і мястэчках вечарынкі выкарыстоўвалі аматарскія гурткі для папулярызацыі бел. л-ры і мастацтва (т.зв. Беларускія вечарынкі).

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)