плынь у зах. навуцы і грамадскай думцы, прадстаўнікі якой сцвярджаюць пра фатальны, катастрафічны характар уздзеяння чалавека на прыроду, яго асаблівую небяспеку для далейшага развіцця чалавецтва і акцэнтуюць увагу на неабходнасці прыняцця неадкладных рашучых захадаў у мэтах аптымізацыі адносін у сістэме «прырода — грамадства». Рысы алармізму ў значнай ступені выявіліся ў дзейнасці ў 1970—80-я г.т.зв.«Рымскага клуба», членамі якога былі многія вядомыя вучоныя і дзеячы розных краін.
партыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Утворана ў 1990. Кіруючыя органы — рада і выканаўчы к-т. Мэта дзейнасці АДПБ — стварэнне грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, заснаваных на прыярытэце агульначалавечых каштоўнасцяў, плюралізме ва ўсіх галінах грамадскага развіцця. Выступае з пазіцый развіцця прыватнай уласнасці і рыначных адносін у эканоміцы, станаўлення незалежнай дзяржавы Беларусь, падтрымлівае сувязі і супрацоўнічае з усімі грамадска-паліт. арг-цыямі, партыямі і рухамі некамуніст. арыентацыі незалежных дзяржаў СНД і краін Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТРА,
у рэлігіях і міфалогіі Стараж. Ірана, Індыі і Мітані (сучасная паўн. Сірыя) бог святла, сонца, праўды, справядлівасці і дагавору, гарант устаноўленых або абумоўленых адносін у свеце і грамадстве. Увасабляе добразычлівы ў адносінах да чалавека бок боскай існасці. З 1 ст. да н.э. культ М. быў пашыраны на тэр.Рым. дзяржавы, у 5 ст.н.э. выцеснены хрысціянствам; паўплываў на фарміраванне хрысц. догматаў, абрадаў і свят.
Мітра забівае быка. Скульптурная група з Пантыкапея (цяпер Керч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІНЫ,
1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).
Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).
Літ.:
Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;
Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;
Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЯСЛО́Ў,
знамянальная часціна мовы, якая абазначае працэс, што адбываецца ў часе. Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фіз. дзеяння, руху, перамяшчэння, стану, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. У бел. мове Дз. мае формы стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку, зваротнасці і незваротнасці (гл. адпаведныя арт.). Дз. ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі («ішоў», «ішла», «ішло»). Неспрагальныя формы Дз. — інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе. Асобную групу складаюць безасабовыя Дз. («світае», «пацяплела», «шанцуе»).
У старабел. мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей форм часу (перфект. аорыст. плюсквамперфект, будучы I, будучы II і інш.), якія паказвалі закончанасць ці працягласць дзеяння; часцей ужываліся дзеепрыметнікі. Словаўтварэнне Дз. у сучаснай бел. мове надзвычай багатае прэфіксацыяй («ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць» і г.д.). Асн. сінтаксічная роля Дз. — быць выказнікам. Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе выступаюць і ў ролі інш. членаў сказа. У залежнасці ад адносін да аб’екта Дз. падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем («будаваць дом», «выпіць квасу», «гандляваць агароднінай»), і непераходныя («ісці», «бялець», «сталярнічаць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРЭАЛІ́ЗМу філасофіі,
кірунак у англа-амерыканскай філасофіі пач. 20 ст. Сфарміраваўся пад уплывам шатландскай школы, філасофіі Ф.Брэнтана, А.Мейнанга (Аўстрыя), ранняга Б.Расела як рэакцыя на суб’ектыўны ідэалізм прагматызму і аб’ектыўны ідэалізм англ.неагегельянства. Тэарэтыка-пазнавальныя прынцыпы сфармуляваны англ. філосафам Дж.Мурам у арт. «Абвяржэнне ідэалізму» (1903) і развіты ў ЗША Р.Перы, У.Монтэпо, У.Марвінам, Э.Сполдынгам, У.Піткінам, Э.Холтам («Праграма і першая платформа шасці рэалістаў», 1910). У тэорыі пазнання Н. сцвярджае, што пазнавальны аб’ект можа непасрэдна «ўваходзіць» у свядомасць суб’екта, але пры гэтым не залежыць ад пазнання ў адносінах свайго існавання і прыроды («тэорыя іманентнасці незалежнага»). У анталогіі прызнае 2 формы аб’ектыўнага існавання: прасторава-часавую або толькі часавую (уласціва адпаведна фіз. і псіхічным з’явам і аб’ектам) і ідэальнае існаванне па-за прасторай і часам (агульныя паняцці і матэм. аб’екты), а таксама незалежнасць рэчаў ад тых адносін, у якія яны ўступаюць («тэорыя знешніх адносін»), «Касмалагічны» кірунак Н. прадстаўлены тэорыяй «эмерджментнай эвалюцыі» С.Александэра (Вялікабрытанія), «філасофіяй працэсу» А.Уайтхеда, халізмам Я.Смэтса. У 1930-х г. Н. страціў уплыў; на змену яму прыйшоў крытычны рэалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ МАРА́ЛЬНЫЯ,
формы маральнай свядомасці, а таксама прынцыпы, правілы маральных адносін і паводзін індывіда ў сферах грамадскай дзейнасці. Гэта спецыфічныя формы ўзгаднення свабоды (волевыяўлення) асобы з грамадскімі патрэбамі, інтарэсамі і воляй пэўных сац. супольнасцей (груп, слаёў, калектываў і інш.). Як форма маральнай свядомасці Н.м. праяўляюцца ў выглядзе маральных патрабаванняў, якія аднолькава датычаць усіх людзей і прадугледжваюць безумоўнае іх выкананне. Бываюць вусныя (не маюць устойлівага моўнага афармлення) і пісьмовыя, напр., «Дзесяць запаведзей» Бібліі («Шануй бацькоў сваіх», «Не забі», «Не ўкрадзі» і інш.), шматлікія «кодэксы гонару» (напр., афіцэрскія) і інш. Як прынцыпы маральных адносін Н.м. ўяўляюць правілы паводзін, якія пастаянна ўзнаўляюцца ў аднатыпных учынках людзей як маральны закон, звычай. Падпарадкаванне Н.м. асобнага чалавека заснавана на ўздзеянні грамадскай думкі, шматлікіх прыкладаў і інш. форм грамадскай волі, якія выяўляюцца ў норавах пэўнага грамадства, дысцыпліне. Н.м. класіфікуюць па аналогіі з нормамі сацыяльнымі.
Літ.:
Предмет и система этики. М.;
София, 1973;
Сорокин П.А. Нормативная ли наука этика и может ли она ею быть? // Этическая мысль, 1990. М., 1990;
Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян: Пер. с лат.М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВО́Е ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма медыцынскіх і педагагічных мер, накіраваных на выхаванне ў дзяцей, падлеткаў і моладзі разумных, здаровых адносін да пытанняў полу. Накіравана на фарміраванне цэласнай асобы хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), здольных разумець псіхал. і фізіял. асаблівасці палоў у сувязі з сац. і маральнымі нормамі, устанаўліваць, падтрымліваць і ўдасканальваць партнёрскія і сац. адносіны, падрыхтоўвацца да шлюбу і бацькоўства. П.в. пажадана пачынаць на раннім дзіцячым узросце. Да 7 гадоў дзеці павінны ведаць пра асн. адрозненні полаў, ролю маці і бацькі ў паходжанні дзяцей, развіцці дзіцяці ў арганізме маці, пра яго паяўленне на свет, харчаванне пасля нараджэння. Далей складваюцца спрыяльныя ўмовы для асэнсавання адносін паміж поламі і выпрацоўцы ўстановак супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак як раўнапраўных, але не аднолькавых партнёраў. Дысгармонія ў жыцці падлеткаў найб. выяўляецца паміж працэсам палавой спеласці, праяўленнем палавой цягі і ўзроўнем спеласці. Таму важна, каб правільнае ўяўленне пра палавое развіццё і гігіенічныя навыкі яны атрымлівалі ад бацькоў. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць умовы жыцця ў сям’і, школе, на вуліцы, пазашкольная выхаваўчая работа. П.в. падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту і юнакоў уключае раскрыццё маральных, сац. і гігіенічных аспектаў узаемаадносін полаў, азнаямленне з асновамі гігіены і фізіялогіі палавога жыцця, гігіены шлюбу.