ГЕРШО́НЫ,
вёска ў Брэсцкім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 6 км на Пд ад г. Брэст, 10 км ад чыг. ст. Брэст-Усходні. 1699 ж., 350 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — форт № 5 Брэсцкай крэпасці (1878 — 88), царква (2-я пал. 19 ст.).
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРШУ́НІ Рыгор Андрэевіч
(сапр. Ісакаў-Іцкаў Герш; 29.9.1870, г. Шаўляй, Літва — 29.3.1908),
расійскі паліт. дзеяч, адзін з заснавальнікаў і лідэраў партыі эсэраў. У 1895—98 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1898 у Мінску, адзін з заснавальнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1901 стварыў тэрарыст. Баявую арг-цыю эсэраў. Арганізаваў забойствы міністра ўнутр. спраў Расіі Дз.С.Сіпягіна (1902) і уфімскага губернатара М.М.Багдановіча (1903), шэраг замахаў на жыццё рас. дзярж. чыноўнікаў. У 1903 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пач. 1904 прыгавораны да пакарання смерцю (пазней заменена на пажыццёвае зняволенне). У 1905 пераведзены ў Акатуйскую турму, адкуль у 1906 праз Кітай і ЗША уцёк у Зах. Еўропу. Аўтар успамінаў «З нядаўняга мінулага» (1907).
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РШЭЛЬ
(Herschel),
сям’я англійскіх астраномаў, оптыкаў і механікаў.
Уільям (Фрыдрых Вільгельм; 15.11.1738, г. Гановер, Германія — 25.8.1822), адзін з заснавальнікаў зорнай астраноміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1781), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1789). У 1757 пераехаў у Англію. Астраномію і матэматыку вывучыў самастойна. З 1774 з дапамогай зробленых ім люстэркавых тэлескопаў вёў сістэматычныя астр. назіранні. Адкрыў планету Уран (1781) і 2 яго спадарожнікі (1787), 2 спадарожнікі Сатурна (1789), больш за 2500 туманнасцей і 806 падвойных зорак. Склаў каталогі падвойных зорак, туманнасцей і зорных скопішчаў. Выявіў рух Сонечнай сістэмы ў напрамку да сузор’я Геркулеса (1783). У канструяванні і вырабе тэлескопаў яму дапамагаў малодшы брат Александэр — таленавіты механік; у назіраннях дапамагала сястра Караліна Лукрэцыя (16.3.1750, г. Гановер, Германія — 9.1.1848). Джон Фрэдэрык Уільям (7.3.1792, г. Слау, каля Лондана — 11.5.1871), сын Уільяма, чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1813). Астраноміяй займаўся з 1816 пад кіраўніцтвам бацькі. Правёў сістэматычныя назіранні Паўд. неба (мыс Добрай Надзеі, 1834—38). Адкрыў шэраг новых туманнасцей, зорных скопішчаў і больш за 3000 падвойных зорак; склаў 11 каталогаў падвойных зорак і каталог 5079 туманнасцей і зорных скопішчаў. Зрабіў значны ўклад у развіццё фатаграфіі.
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира. М., 1966.
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЫКЕ (Guericke, Gericke) Ота фон (30.11.1602, г. Магдэбург, Германія — 11.5.1686), нямецкі фізік. Вучыўся ў Лейпцыгскім, Гельмштацкім, Іенскім, Лейдэнскім ун-тах (1617—23). У 1646—78 бургамістр г. Магдэбург. Вынайшаў паветр. помпу (1641), з яе дапамогай правёў доследы (у т. л. з «магдэбургскімі паўшар’ямі») для доказу існавання атм. ціску. Пабудаваў адну з першых эл. машын (з яе дапамогай выявіў з’яву эл. адштурхоўвання), вадзяны барометр (выкарыстаў для прадказання надвор’я), паветраны тэрмометр, манометр і інш.
Літ.:
Кудрявцев П.С. История физики. Т. 1—3. 2 изд. М., 1956—1971.
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫ́ЛЬЯ
(ісп. guerilla ад guerra вайна),
назва партызанскай вайны ў Іспаніі і краінах Лац. Амерыкі. Найб. вядома ісп. герылья пач. 19 ст. (барацьба нар. мас супраць франц. акупантаў у час рэвалюцыі 1808—14).
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫ́МСКІЯ
(Gierymscy),
польскія жывапісцы, браты. Ураджэнцы Варшавы. Вучыліся ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве і АМ у Мюнхене. Максімілян (15.10.1846 — 16.9.1874). Яго жанрава-пейзажным кампазіцыям уласцівыя тонкасць назіранняў, лірычнасць («Пахаванне гараджаніна», 1868—69; «Паўстанцкі патруль», каля 1873, і інш.). Аляксандр (30.1.1850 — 8.3.1901). У сваіх творах адлюстраваў пераважна карціны жыцця горада: «Яўрэйскае свята» (1884), «Рабочыя пясчанага кар’ера» (1887) і інш. Выкарыстоўваў эфекты асвятлення. У пач. 1880-х г. прыйшоў да імпрэсіянізму («У альтанцы», 1882, «Мора», 1890).
Літ.:
Тананаева Л.И. А.Герымский. М., 1962.
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЫНГ (Göring) Герман
(12.1.1893, г. Розенгайм, Германія — 15.10.1946),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Рэйхсмаршал (1940). Прафесійны ваенны. Удзельнік 1-й сусв. вайны, лётчык. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1922. Кіраўнік штурмавых атрадаў (1922—23). У час нацысцкага путчу 1923 у Мюнхене цяжка паранены. Дэп. (з 1928) і старшыня (1932—45) рэйхстага, садзейнічаў прызначэнню А.Гітлера рэйхсканцлерам. Міністр унутр. спраў Прусіі (1933—34), прэм’ер-міністр (1933—45); ініцыятар стварэння гестапа і канцлагераў, гал. сведка абвінавачвання на Лейпцыгскім працэсе 1933. Рэйхсміністр авіяцыі (з 1933) і галоўнакаманд. ВПС (з 1935). Кіраваў (з 1936) рэалізацыяй 4-гадовага плана (1934—38) падрыхтоўкі Германіі да вайны і ажыццяўленнем аншлюса (сак. 1938). Наведваў з дыпламат. візітамі Італію, Венгрыю, Югаславію, Польшчу. У 2-ю сусв. вайну прызначаны пераемнікам Гітлера, адказваў за дзеянні ВПС; падпісаў 30.7.1941 загад аб знішчэнні 11 млн. еўрап. яўрэяў; рабаваў музеі і калекцыі твораў мастацтва і інш. 7.5.1945 здаўся ў палон амерыканцам. На Нюрнбергскім працэсе як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў прыгавораны да пакарання смерцю; скончыў самагубствам.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992;
Гаранин Л.И. «Второй человек» в рейхе // Вопр. истории. 1992. № 1.
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫ́НДА
(Gerindo, скарочана ад Gerakan rajat Indonesia інданез. нар. рух),
палітычная арг-цыя левага кірунку ў Інданезіі ў 1937—42. Заснавальнікі — А.Шарыфуддзін, А.К.Гані, М.Ямін і інш. дзеячы нац.-вызв: руху ва ўмовах нідэрл. панавання ў краіне. Мела на мэце дасягненне самакіравання Інданезіі. З 1939 у складзе адзінага нац. фронту — арг-цыі Паліт. саюз Інданезіі (распушчаны ў 1942 пасля акупацыі краіны японцамі).
т. 5, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫРУ́Д,
назва р. Тэджэн у Афганістане і Іране.
т. 5, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫ́ЦЫЙ
(Hericium),
род базідыяльных грыбоў сям. яжовікавых. Вядома 8 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды, найб. трапляецца герыцый каралападобны (Н. coralloides). Растуць у лясах на ламаччы і пнях лісцевых парод (асабліва бярозы) летам і восенню.
Пладовыя целы каралападобна разгалінаваныя або лопасцевыя, зрэдку распасцёртыя, мясістыя, белыя, бываюць з ружаватым ці жаўтаватым адценнем, з узростам і пры высыханні бурэюць. Шыпы звычайна абвіслыя, рознай даўжыні.
т. 5, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)