ГЕ́РЦШПРУНГ (Hertzsprung) Эйнар

(8.10.1873, г. Фрэдэрыксбарг, Данія — 21.10.1967),

дацкі і нідэрландскі астраном. Чл. Нідэрландскай, Дацкай, чл.-кар. Парыжскай АН. Скончыў Капенгагенскі політэхн. ін-т (1898). Праф. астраноміі ў гарадах Гётынген, Патсдам, Лейдэн. У 1935—45 дырэктар абсерваторыі Лейдэнскага ун-та. Навук. працы па эвалюцыі зорак. Увёў раздзяленне зорак на гіганты і карлікі. Пабудаваў залежнасць зорнай велічыні ад спектральнага класа зорак (гл. Герцшпрунга—Рэсела дыяграма). Упершыню выкарыстаў фатаграфію для вывучэння падвойных зорак (1914—19).

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦШПРУНГА—РЭ́СЕЛА ДЫЯГРА́МА, «спектр—свяцільнасць» дыяграма,

дыяграма залежнасці паміж спектральным класам (т-рай паверхні) і абс. зорнай велічынёй (лагарыфмам свяцільнасці зоркі). Адкрыў Э.Герцшпрунг, даследаваў Г.Н.Рэсел. На Герцшпрунга — Рэсела дыяграма блізкія па фіз. уласцівасцях зоркі займаюць адасобленыя вобласці: галоўную паслядоўнасць зорак (вакол яе размяшчэння большасць вядомых зорак), паслядоўнасці звышгігантаў, яркіх і слабых гігантаў, субкарлікаў і белых карлікаў. Па месцы зоркі на Герцшпрунга — Рэсела дыяграме можна вызначыць яе ўзрост, стадыю эвалюцыі.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦЫКЕ

(Gercike),

Герсіке, Гарцыке, старажытны горад 11—13 ст. у Полацкай зямлі, на правым беразе Зах. Дзвіны. За 180 км ад Полацка, 2 км ад нас. пункта Ерсіка (Латвія). Паселішча Герцыке існавала з 10 ст. У 2-й пал. 11 — 1-й пал. 13 ст. горад належаў Полацкаму княству як фарпост і цэнтр феад. ўладання ў Ніжнім Падзвінні. Насельніцтва складалася з латгалаў і славян. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1209 упамінаецца як багатая княжацкая рэзідэнцыя з некалькімі правасл. цэрквамі і цэнтр удзела кн. Усевалада. У 1209, 1214 і 1215 на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 перайшоў пад уладу рыжскага епіскапа. Пасля 14 ст. ў пісьмовых крыніцах не ўпамінаецца.

Г.М.Семянчук.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦЫ́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ, варысцыйская складкавасць,

варыская складкавасць, эра тэктагенезу, які адбываўся ад сярэдзіны дэвону да сярэдзіны трыясу на ўсіх мацерыках зямнога шара. Выявілася ва ўтварэнні астраўных дуг, у вулканізме, намнажэнні магутных тоўшчаў граўвакавага флішу, утварэнні складкавых гор (герцынід, варыцыд), фарміраванні структур новага тыпу — краявых і перыклінальных прагінаў і запаўненні іх маласавымі фармацыямі (гл. Маласы). Герцынская складкавасць мела некалькі фаз: акадскур, брэтонскую, судэцкую, астурыйскую, заальскую. На большай ч. абласцей герцынская складкавасць ў пермскім перыядзе сфарміраваўся платформавы рэжым. У Паўд. Еўропе, на Алтаі і ў Мангола-Ахоцкай сістэме гораўтварэнне завяршылася ў раннім трыясе. У час герцынскай складкавасці ўзніклі складкавыя структуры Урала, Мугаджараў, Цянь-Шаня, Цэнтр. Казахстана, Зах. і Цэнтр. Еўропы (паўд. Англія, Французскае плато, Вагезы, Шварцвальд, Ардэны, Рэйнскія Сланцавыя горы, Багемскі масіў, Судэты), Паўн. Амерыкі (Апалачы, Канадскі архіпелаг), Паўд. Амерыкі (Анды), Усх. Аўстраліі, Паўн. Афрыкі і інш.

Г.У.Зінавенка.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦЭН Аляксандр Іванавіч

(псеўд. Іскандэр; 6.4.1812, Масква — 21.1.1870),

рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1829—33). Духоўнае развіццё адбывалася пад уплывам дзекабрыстаў, рус. л-ры, франц. асветніцтва і утапічнага сацыялізму. У 1834 за ўдзел у студэнцкім паліт. гуртку, які заснаваў разам з М.П.Агаровым, Герцэн арыштаваны і высланы ў Перм, потым у Вятку. У 1842 вярнуўся ў Маскву. У філас. працах 1840-х г. (цыклы арт. «Дылетантызм у навуцы», 1842—43, і «Пісьмы пра вывучэнне прыроды», 1845—46) матэрыялістычна вытлумачыў асновы гегелеўскай дыялектыкі. У літ. творчасці Герцэн праходзіць эвалюцыю ад рамантызму ранніх аповесцей і драм да рэалізму ў рамане «Хто вінаваты?» (ч. 1—2, 1845—46), аповесцях «Доктар Крупаў» (1847) і «Сарока-зладзейка» (1848). З 1847 у эміграцыі; еўрап. нац.-вызв. рух і рэв. ўзрушэнні адлюстраваліся ў яго творах маст. публіцыстыкі — цыклах арт. «Пісьмы з Францыі і Італіі» (1847—52) і «З таго берага» (1847—50). Пасля паражэння еўрап. рэвалюцый 1848—49 распрацаваў тэорыю «рускага сацыялізму», стаў адным з пачынальнікаў народніцтва. У 1853 заснаваў у Лондане Вольную рус. друкарню, выдаваў альманах «Полярная звезда» (1855—68) і газ. «Колокол» (1857—67; разам з Агаровым). Літ. і грамадская дзейнасць Герцэна падрыхтавала з’яўленне «Былога і дум» (1852—68) — аднаго з лепшых твораў рус. мемуарнай л-ры, у якім раскрыта цэлая эпоха духоўнага развіцця рус. інтэлігенцыі, а асабісты лёс пісьменніка ўключаны ў шырокі гіст. кантэкст. У канцы жыцця Герцэн імкнуўся зразумець і прыняць навук. сацыялізм. Падтрымліваў нац.-вызв. рух у Польшчы, Беларусі і Літве, выступаў за нац. самавызначэнне беларусаў. Выданні Вольнай рус. друкарні распаўсюджваліся на Беларусі, а газ. «Колокол» пісала пра бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, арміі і ўрадавай бюракратыі, вітала «Мужыцкую праўду» К.Каліноўскага. Народніцкія і рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна паўплывалі на станаўленне светапогляду Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча і інш. бел. пісьменнікаў. У перакладзе на бел. мову выдадзены «Былое і думы» (т. 1, ч. 1—2, 1940), раман «Хто вінаваты?», аповесці «Сарока-зладзейка», «Доктар Крупаў» і інш.кн. «Мастацкія творы», 1941).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—30. М., 1954—66.

Літ.:

Белинский В.Г. Взгляд на русскую литературу 1847 г. // Полн. собр. соч. Т. 10. М., 1956;

Герцен в воспоминаниях современников. М., 1956;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. М., 1966;

Птушкина И.Г. Александр Иванович Герцен. М., 1987;

Летопись жизни и творчества А.И.Герцена, 1812—1870. [Т. 1—4]. М., 1974—87.

Н.В.Галаўко, У.М.Конан.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЧЫК Канстанцін Васілевіч

(н. 27.9.1918, в. Сорагі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

генерал-палкоўнік (1976). Канд. ваен. н. (1968). Скончыў Артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м і 4-м Укр. франтах: камандзір узвода, батарэі, дывізіёна, нач. штаба палка, брыгады. Удзельнік баёў пад Бабруйскам, Рослаўлем, Бранскам, Яльцом, Варонежам, Курскам, Львовам, Прагай. У 1954—89 на выкладчыцкай рабоце, нач. касмадрома Байканур, камандуючы ракетнай арміяй СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЧЫК Міхаіл Навумавіч

(Майсей Беньямінавіч; н. 7.6.1932, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Зорька» (з 1954), выд-вах «Беларусь» (з 1964), «Мастацкая літаратура» (1972 — 92). Друкуецца з 1949. Піша на рус. і бел. мовах. Асн. тэматыка твораў для дзяцей — фарміраванне і станаўленне характару падлетка (кн. аповесцей і апавяданняў «Вецер ірве павуціну», 1963; «Зямное прыцягненне», 1965; «Сонечны круг», 1970; «Галінка зялёнага дрэва», 1977; «Дзе жывуць чараўнікі», 1980; «Самае сіняе неба», 1982). Аўтар раманаў «...Аддаеш назаўсёды» (1970), «Здабыццё надзеі» (1976), «Вяртанне да сябе» (1989), дакумент.-публіцыст. аповесці «Час гаспадароў» (1983).

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. Мн., 1992.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РШВІН (Gershwin) Джордж

(26.9.1899, Нью-Йорк — 11.7.1937),

амерыканскі кампазітар, піяніст. Паходзіў з сям’і (Гершовіч), якая эмігрыравала з Расіі. Сістэматычнай муз. адукацыі не атрымаў. Вучыўся ў Р.Гольдмарка (гармонія) і інш. Стварыў уласны муз. стыль, у якім арганічна спалучаюцца рысы імправізацыйнага джаза, элементы афра-амер. фальклору, амер. эстраднай і розных формаў еўрап. музыкі, у т. л. фп. стылю Ф.Ліста, М.Рахманінава («Рапсодыя ў блюзавых тонах», 1924), франц. імпрэсіянізму, верызму, баладнай оперы. Творчасць Гершвіна ахоплівае розныя муз. жанры. Яе вяршыня — папулярная ва ўсім свеце опера «Поргі і Бес» (1935), першая нац. опера, адзначаная глыбокім пранікненнем у негрыцянскі духоўны свет і муз. фальклор. Для яе характэрны шырокае выкарыстанне дыялогу, спалучэнне трагічнага і жанрава-камедыйнага пачатку. У мелодыцы оперы выяўляюцца ладава-гарманічныя і рытмічныя своеасаблівасці спірычуэлс, лірычных блюзаў, рэгтаймаў. Сярод інш. твораў: аперэты і мюзіклы «Ла, ла, Люсіль» (1919), «Лэдзі, будзьце добрыя» (1924), «О кей! » (1925), «Разалі» і «Смешны твар» (1927), «Хай грыміць аркестр» (1923), «Вар’ятка» (1930, паст. 1954), «Пра цябе я спяваю» (1932), «Хай яны ядуць кекс» (1933, усе паст. ў Нью-Йорку); для аркестра — сімф. сюіта «Амерыканец у Парыжы» (1928), «Кубінская уверцюра» (1932); для фп. з арк. — «2-я рапсодыя» (1931), канцэрт (1925); 3 прэлюдыі для фп. (1926), песні, музыка да кінафільмаў.

Літ.:

Волынский Э. Джордж Гершвин (1898—1937). 2 изд. Л., 1988;

Rushmore R. The life of G.Gershwin, man and legend. New York, 1966;

Schwartz C. Gershwin: his life and music. Indianapolis, 1973.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРШО́ВІЧ Юрый Вульфавіч

(н. 10.1.1935, г. Харкаў, Украіна),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1959). У 1959—95 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі (з 1972 канцэртмайстар), адначасова ў 1965—72 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. Выступаў з канцэртамі як саліст і ансамбліст (у 1965—90 першая скрыпка Квартэта Саюза кампазітараў БССР). З 1995 жыве ў Германіі.

І.І.Зубрыч.

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРШО́НСКІ ЦАГЕ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў з 1867 (паводле інш. звестак з 1839) у в. Гершоны Брэсцкага пав. (цяпер у Брэсцкім р-не). У 1890 наз. Брэст-Літоўскі крапасны з-д. З мясц. гліны вырабляў цэглу, якая ішла пераважна на буд-ва Брэсцкай крэпасці. Меў 2 гофманскія печы, 20 аднаконных глінамялак, 9 паветак для цэглы, кузню (1873—86). Вырабляў да 1800 тыс. шт. цэглы (1895). Працавалі ад 20 да 40 майстроў і 100—440 рабочых (1873).

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)