ІНФАРМАТЫКА

Работы па праблемах інфарматыкі на Беларусі пачаты ў 1960-я г. ў працэсе стварэння на Мінскім з-дзе ЭВМ сям’і вылічальных машын «Мінск». Сістэмнае праграмнае забеспячэнне і пакеты навук. праграм агульнага прызначэння распрацоўваліся ў НДІ ЭВМ і АН Беларусі. Асн. работы вядуцца па праблемах дыскрэтнай аптымізацыі ў Ін-це матэматыкі (ІМ) і Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі (АІПІ) Нац. АН Беларусі, БДУ; тэорыі аўтам. кіравання — у ІМ, АІПІ, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), Бел. нац. тэхн. ун-це (БНТУ), Ваен. акадэміі (ВА); лагічнага праектавання — у НДІ ЭВМ, АІПІ, БДУІР, БДУ; аўтаматызацыі праектавання — у АІПІ, Мінскім вытв. аб’яднанні аўтам. ліній, БДУІР, БНТУ; тэорыі і метадах апрацоўкі сігналаў і відарысаў — у АІПІ, БДУ, БДУІР, НВА «Інтэграл», ВА; праграмнага забеспячэння — у НДІ ЭВМ, АІПІ, ІМ, БДУ, Цэнтр. НДІ арганізацыі і тэхнікі кіравання, НВА «Агат»; аховы інфармацыі — у АІПІ, БДУ, НДІ тэхн. аховы інфармацыі, НДІ сродкаў аўтаматызацыі, НДІ ЭВМ, НВА «Агат»; тэорыі і метадах геаінфармацыйных сістэм — у АІПІ, Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы», Рэсп. навук.-тэхн. цэнтры «Экамір»; інфарм. тэхналогій у медыцыне — у АІПІ, Бел. цэнтры мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. (Гл. таксама Інфарматыка).

Сеткавыя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі і размеркаваная апрацоўка інфармацыі ў рэжыме аддаленага доступу развіваюцца з 1970-х г., калі ствараліся рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі на базе лакальных і аддаленых дысплейных комплексаў для Адзінай сістэмы ЭВМ (ЕС ЭВМ). Рэгіянальныя сеткі ствараліся на аснове персанальных ЭВМ з аддаленым доступам з выкарыстаннем мадэмаў па вызначаных тэлеф., валаконна-аптычных і спадарожнікавых каналах сувязі. З 2001 на Беларусі працуе лічбавая сетка з інтэграцыяй абслугоўвання, што спалучае магчымасці агульнай тэлеф. сеткі і сеткі перадачы даных. Глабальная сусветная сетка Інтэрнет забяспечвае доступ да аддаленых інфарм. рэсурсаў з дапамогай Вэбтэхналогіі. Асн. правайдэрам, які забяспечвае паслугі доступу да сеткі, з’яўляецца Рэсп. аб’яднанне «Белтэлеком». У навук. і агульнаадук. галінах створана навук.-інфарм. камп’ютэрная сетка, якая аб’ядноўвае камп’ютэрныя сеткі ў Нац. АН Беларусі (BASNET), БДУ (карпаратыўная сетка БДУ), Мін-ва адукацыі (UNIBEL).

Аўтаматызацыя праектавання як самастойны навук. кірунак сфарміравалася з пачаткам серыйнага выпуску ЭВМ. На базе лабараторый Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі створаны Ін-т тэхн. кібернетыкі (1965; з 2002 — Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі Нац. АН Беларусі). У ін-це вядуцца даследаванні працэсаў тэхн. падрыхтоўкі па тэорыі аўтаматызацыі праектавання, а таксама эксперым. і доследна-канструктарскія распрацоўкі ў машына-, авія- і суднабудаванні, радыётэхн., электроннай прам-сці і інш. Прапанаваны класіфікацыя і кадзіраванне інфармацыі, метады рашэння тыповых праектных задач, пабудавання інфарм. мадэлей, фармалізацыі тыповых тэхнал. маршрутаў (Г.​К.​Гаранскі). Даследаваны працэсы тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, прапанаваны дэдуктыўная тэорыя сістэмна-структурнага мадэліравання працэсаў (В.​Дз.​Цвяткоў), тэорыя аўтаматызаванага сінтэзу канструкцый спец. тэхнал. аснасткі (А.​Г.​Раковіч). Распрацаваны метады г праграмныя сродкі аўтаматызацыі складана-рэзальных інструментаў, інструментальных наладак спец. агрэгатных станкоў і аўтам. ліній, станкоў-аўтаматаў (Л.​М.​Ламбін, Б.​І.​Сініцын). Даследаваны праблемы інфарм. забеспячэння працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці (М.​А.​Ярмаш), аспекты эрганамічнага праектавання складаных тэхн. сістэм (Г.​Р.​Маньшын). Прапанаваны падыходы фармалізацыі працэсаў прыняцця рацыянальных рашэнняў складаных праектных задач (Г.​М.​Левін, В.​С.​Танаеў). Развіта тэорыя праектавання складаных тэхн. аб’ектаў (А.​І.​Семянкоў). Праведзены даследаванні па мадэліраванні і аптымізацыі шматпераходных тэхнал. працэсаў (У.​І.​Махнач), інфарм. працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці нерэгулярных канструкцый (С.​В.​Мядзведзеў), скразных тэхналогій праектавання і вытв-сці складаных вырабаў у машына- і прыладабудаванні (Л.​В.​Губіч). Даследуюцца метады праектавання сістэм кіравання тэхнал. абсталяваннем (А.​І.​Дабралюбаў), дыягностыкі складаных сістэм кіравання. Прапанаваны прынцыпы пабудавання аўтаматызаваных сістэм кіравання эксперыментам, інфарм.-вымяральных сістэм (Р.​Х.​Садыхаў, П.​М.​Чаголін). Распрацаваны метады і тэорыя аналізу выпадковых працэсаў (А.​М.​Крот), падыходы да стварэння праграмных комплексаў на базе выліч. сістэм і сетак (Г.​В.​Рымскі). Даследаваны прынцыпы стварэння праграмна-апаратных сродкаў і распрацаваны эксперым. ўзоры чарцёжна-графічных аўтаматаў (Я.​В.​Дняпроўскі, В.​К.​Ерахавец), планшэтных прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.​І.​Аляксееў). Распрацаваны комплекс дзяржстандартаў і кіруючых дакументаў, якія рэгламентуюць стварэнне аўтаматызаваных сістэм (У.​І.​Махнач, І.​С.​Міцяеў, А.​І.​Семянкоў). Вынікі н.-д. і доследна-канструктарскіх работ укаранёны на мінскіх трактарным і аўтамаб. з-дах, ААТ «Гарызонт», «Віцязь» і інш.

Штучны інтэлект як навук. кірунак сфарміраваўся ў 1970-я г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграмавання, выліч. тэхнікі і інш. Асн. кірункі даследаванняў: сінтэз і распазнаванне мовы, апрацоўка і распазнаванне відарысаў і картаграфічнай інфармацыі, пытанні рэалізацыі сістэм аўтам. аналізу тэкстаў натуральнай мовы (вядуцца ў БДУ і Мінскім лінгвістычным ун-це), распрацоўка нейракамп’ютэраў і нейрасеткавых мадэлей (у Цэнтры інфарм. тэхналогій, БДУІР, Брэсцкім тэхн. ун-це) і інш. У БДУІР з 1995 рыхтуюць спецыялістаў па спецыяльнасці «Штучны інтэлект» і яе спецыялізацыях; вядуцца работы па развіцці і давядзенні да практ. рэалізацыі графадынамічнай парадыгмы прадстаўлення і перапрацоўкі ведаў.

Лагічнае праектаванне — пачатковы этап праектавання дыскрэтных выліч. і кіравальных устройстваў з выкарыстаннем апарата лагічнай алгебры, тэорыі аўтаматаў і лагічных схем, графаў і інш. раздзелаў дыскрэтнай матэматыкі. З 1960-х г. вядуцца работы па стварэнні новых ЭВМ і сістэм аўтаматызаванага праектавання (Г.​М.​Лапато і інш.). Распрацаваны кананічны метад сінтэзу лагічных схем (А.​Ш.​Блох), прапанаваны метады аўтам. аналізу і сінтэзу лагічных схем кіравання тэхнал. машынамі (С.​І.​Акуновіч, А.​І.​Дабралюбаў). З пач. 1970-х г. у АІПІ пад кіраўніцтвам А.​Дз.​Закрэўскага развіваецца тэорыя аўтаматызаванага лагічнага праектавання, што прывяло да стварэння сям’і моў і сістэм праграмавання ЛЯПАС (П.​М.​Бібіла і інш.). Распрацаваны эфектыўныя метады і алгарытмы рашэнняў шэрагу задач лагічнага праектавання, а на іх базе — метады сінтэзу асінхронных аўтаматаў і лагічных схем у канкрэтных элементных базісах, а таксама атрымання правяральных і дыягнастычных тэстаў для іх.

Апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы. У сярэдзіне 1960-х г. у АІПІ, БДУ, БДУІР, ВА пачаліся даследаванні па стварэнні і дастасаваннях аўтаматызаваных сістэм для перадачы, апрацоўкі і захоўвання сігналаў рознай фіз. прыроды (радыёлакацыйных, акустычных, вібрацыйных). У АІШ развіты метады фарміравання выпадковых сігналаў з зададзенымі характарыстыкамі, іх аналізу і ідэнтыфікацыі (А.​М.​Крот, Р.​Х.​Садыхаў, П.​М.​Чаголін), распрацаваны апарат тэарэтыка-полінаміяльнага прадстаўлення дыскрэтных сігналаў (А.​М.​Крот). З 1970-х г. вядуцца даследаванні ў галіне апрацоўкі відарысаў з дастасаваннямі да апрацоўкі картаграфічнай інфармацыі; закладзены асновы тэорыі апрацоўкі відарысаў (С.​У.​Абламейка); метады аналізу і распазнавання асн. класаў аб’ектаў відарысаў (С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў), эфектыўныя метады і алгарытмы інварыянтнага параўнання і аналізу геам. аб’ектаў (А.​В.​Тузікаў), створана тэхналогія складання лічбавых карт (А.​М.​Кручкоў).

У АІПІ створаны новы навук. кірунак — моўная інфарматыка (Б.​М.​Лабанаў), распрацаваны метады распазнавання слоў у моўным патоку і сінтэзу моўных сігналаў на аснове тэкставай інфармацыі (Б.​М.​Лабанаў), новы падыход да распазнавання сігналаў моўных фанем (А.​М.​Крот, П.​П.​Ткачова), метады аналізу атрактараў складаных дынамічных сістэм і хаатычных сігналаў (А.​М.​Крот), метады апрацоўкі і аналізу мед.-біял. сігналаў і відарысаў (С.​У.​Абламейка, У.​В.​Анішчанка, А.​М.​Крот, А.​В.​Тузікаў).

У 1950—70-я г. ў ВА праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні па стварэнні разнесеных радыёлакацыйных станцый і сістэм. Пазней развіта тэорыя сінтэзу структуры сістэмы аптымальнай апрацоўкі сігналаў на фоне карэляваных перашкод (А.​Я.​Ахрыменка), развіты асновы тэорыі радыёлакацыйнага распазнавання (А.​Я.​Ахрыменка, В.​І.​Курловіч, Т.​І.​Шаломенцаў). У канцы 1960-х г. у БДУІР распачаты работы па стварэнні касм. спалучаных сістэм перадачы інфармацыі, у сувязі з чым распрацаваны алгарытмы фільтрацыі стахастычных працэсаў і метады супольнай нелінейнай фільтрацыі дыскрэтных і неперарыўных маркаўскіх працэсаў (В.​А.​Чардынцаў), алгарытмы сінхранізацыі па інфарм. сукупнасцях (У.​В.​Лосеў). У канцы 1970-х г. у БДУ пачаты даследаванні па мадулярных выліч. структурах для лічбавай апрацоўкі сігналаў (А.​Ф.​Чарняўскі), для яе створаны высокаскарасныя мадэлі базавых працэдур (А.​Ф.​Чарняўскі, А.​А.​Каляда і інш.).

Распазнаванне вобразаў. Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне на Беларусі праводзяцца з канца 1970-х г. Найб. буйнымі навук. кірункамі даследаванняў з’яўляюцца метады распазнавання вобразаў, якія грунтуюцца на імавернасна-стат. падыходзе, на лагічным падыходзе і на алг. і лагічным пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў.

У АІПІ Нац. АН Беларусі пад кіраўніцтвам А.​Дз.​Закрэўскага распрацаваны лагічны падыход да распазнавання вобразаў у прасторы булевых і мнагазначных прыкмет, прапанаваны камбінаторныя метады выяўлення імплікатыўных заканамернасцей у патоку даных з ацэньваннем іх дакладнасці і пабудавання на іх аснове базы даных, распрацаваны шэраг алгарытмаў рашэння лагічных ураўненняў.

У межах імавернасна-стат. падыходу ў БДУ распрацаваны: тэорыя рабаснага стат. распазнавання вобразаў (Ю.​С.​Харын), асновы тэорыі ўстойлівай стат. класіфікацыі мнагамерных назіранняў (Я.​Я.​Жук, Ю.​С.​Харын); пабудаваны новыя рабасныя ўстойлівыя алгарытмы дыскрымінантнага аналізу (К.​А.​Дучынскас, У.​І.​Малюгін, А.​Г.​Мядзведзеў), кластэр-аналізу (Я.​Я.​Жук, Ю.​С.​Харын), распазнавання «разладак» (М.​С.​Абрамовіч, А.​М.​Мельнікава, П.​П.​Рогач), імавернасна-стат. мадэліравання складаных сістэм (С.​В.​Агіевіч, В.​А.​Галінскі, С.​М.​Сталеўская). У БДУ праводзіліся даследаванні ў межах дэтэрміністычнага падыходу да рашэння задач распазнавання вобразаў (В.​У.​Краснапрошын, М.​А.​Лепяшынскі, Ю.​В.​Плотнікаў), распрацаваны алг. і лагічныя пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў (У.​А.​Абразцоў, С.​І.​Кашкевіч, В.​У.​Краснапрошын), вывучаліся ўласцівасці карэктнасці, манатоннасці, устойлівасці, пытанні складанасці рэалізацыі пабудаваных сем’яў алгарытмаў (У.​А.​Абразцоў, А.​Л.​Канавалаў, С.​І.​Кашкевіч, В.​У.​Краснапрошын), даследаваліся невыразныя распазнавальныя сістэмы з семантычнымі ўласцівасцямі (У.​А.​Абразцоў, С.​І.​Ватлін, І.​П.​Кавалёў, В.​У.​Краснапрошын). Даследаванні па распазнаванні вобразаў у дастасаванні да апрацоўкі відарысаў вядуць навук. школы С.​У.​Абламейкі і Р.​Х.​Садыхава.

Геаінфармацыйныя сістэмы. Гэты навук. кірунак, звязаны з геагр. інфарм. сістэмамі (ПС) і ГІС-тэхналогіямі, інтэнсіўна развіваецца з канца 1970-х г., калі пад кіраўніцтвам А.​І.​Семянкова быў выкананы шэраг работ у галіне лічбавай картаграфіі. Атрыманы тэарэт. і практычныя вынікі па аўтаматызаваным распазнаванні картаграфічных відарысаў і стварэнні лічбавых мадэлей мясцовасці (С.​У.​Абламейка, А.​М.​Кручкоў, А.​Г.​Пратапопаў, А.​В.​Старцаў), стварэнні банкаў картаграфічнай інфармацыі (А.​К.​Сутурын, М.​А.​Ярмаш), стварэнні і абнаўленні марскіх карт (С.​П.​Борычаў, С.​А.​Шаўроў), апрацоўкі касм. здымкаў (Б.​С.​Берагаў і інш.). У АІПІ створана сям’я прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.​І.​Аляксееў, Я.​В.​Дняпроўскі, В.​К.​Ерахавец і інш.). У Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы» распрацаваны тэхналогіі выяўлення лясных пажараў і маніторынгу стану лясоў паводле даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, мадэліравання надзвычайных сітуацый на хімічна небяспечных аб’ектах. Дастасаванні ГІС-тэхналогій да лясной гаспадаркі Беларусі развіваюцца ў Бел. тэхнал. ун-це, унітарным прадпрыемстве «Белдзяржлес» і НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі. У ААТ «Пеленг» вядуцца работы па стварэнні метадаў і тэхналогій атрымання высокадакладных лічбавых мадэлей мясцовасці. Метады і сродкі арганізацыі экалагічнага маніторынгу навакольнага асяроддзя распрацоўваюцца ў Рэсп. навук.-тэхн. цэнтры «Экамір», Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства. Распрацоўкай ГІС-тэхналогій для аператыўнага кантролю катастрафічных паводак займаюцца ў БДУ і УП «Белдзіправадгас». Ваенныя дастасаванні ГІС-тэхналогій вядуцца ў ВА.

Прылады ўводу відарысаў. Даследаванні па аўтаматызацыі ўводу графічнай інфармацыі пачаліся ў сярэдзіне 1960-х г. У АІПІ пад кіраўніцтвам П.​М.​Чаголіна быў выкананы шэраг работ па аналізе эксперым. графікаў і пераўтварэнні складаных форм графічных даных. У 1968 была сфармулявана (А.​Расказаў) ідэя пабудавання індукцыйных вымяральнікаў каардынат. Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (Мінск) распрацавана сям’я дыгітайзераў серыі ЭМ (У.​П.​Зуеў, Г.​П.​Шадурскі). У 1984 гэтая тэматыка перададзена Доследна-канструктарскаму бюро машынабудавання (ДКБМ) пры з-дзе «Эвістар» (г. Віцебск). З 1983 наладжана супрацоўніцтва АІПІ і ДКБМ, у выніку якога распрацаваны тэарэт. асновы дыгітайзераў разгортвальнага пераўтварэння, элементы тэорыі дыгітайзераў неперарыўнага дзеяння і інш.

З 1979 у АІПІ разам з Цэнтр. КБ АН Беларусі разгорнуты работы па стварэнні спецыялізаванай аўтаматызаванай картаграфічнай вытв-сці, створана сям’я высокадакладных (з хібнасцю да 0,1 мм) дыгітайзераў «ПЛАНШЭТ» (Г.​І.​Аляксееў, М.​С.​Люкевіч). У 1989—90 група спецыялістаў з АІПІ і Цэнтр. КБ АН Беларусі і ГППЗ «Аптрон» пад кіраўніцтвам Г.​І.​Аляксеева распрацавала тэорыю і методыку праектавання ноніусных дыгітайзераў (Г.​І.​Аляксееў, А.​І.​Грэкаў) і зрабіла канструктарскую дакументацыю на дыгітайзеры серыі УВГ1. З 2000 у АІПІ вядуцца даследаванні па пафрагментным растравым уводзе відарысаў малафарматнымі планшэтнымі сканерамі. Распрацаваны спосаб камплексавання дыгітайзераў і планшэтных сканераў, што забяспечвае аўтам. вызначэнне становішча і арыентацыі сканера ў каардынатнай сетцы дыгітайзера (Г.​І.​Аляксееў, В.​А.​Мільман і інш.) з захаваннем аўтаномнай работы дыгітайзера і сканера.

Літ.:

Танаев В.С., Левин Г.М. Декомпозиционные методы оптимизации проектных решений. Мн., 1978;

Цветков В.Д. Системно-структурное моделирование и автоматизация проектирования технологических процессов. Мн., 1979; Автоматизация проектирования ЭВМ. Мн., 1980; Закревский А.Д. Логический синтез каскадных схем. М., 1981; Алексеев Г.И. Электромагнитные планшетные устройства ввода. Мн., 1985; Петренко А.Й., Семенков О.И. Основы построения систем автоматизированного проектирования. Киев, 1985; Садыхов Р.Х., Чеголин П.М., Шмерко В.П. Методы и средства обработки сигналов в дискретных базисах. Мн., 1987; Обработка и отображение информации в растровых графических системах. Мн., 1989; Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990; Физические основы дистанционного зондирования. Мн., 1991; Харин Ю.С. Робастность в статистическом распознавании образов. Мн., 1992; Крот А.М., Минервина Е.Б. Быстрые алгоритмы и программы цифрового спектрального анализа сигналов и изображений. Мн., 1995; Автоматизация проектирования технологических процессов. Мн., 1997; Жук Е.Е., Харин Ю.С. Устойчивость в кластер-анализе многомерных наблюдений. Мн., 1998; Закревский А.Д. Параллельные алгоритмы логического управления. Мн., 1999; Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. 2 изд. Мн., 2000; Географические информационные системы. Создание цифровых карт. Мн., 2000; Журавков М.А., Видякин В.В. ГИС-технологии в прикладной механике. Мн., 2000; Губич Л.В. Автоматизация процессов проектирования в машиностроении. Мн., 2002; Закревский А.Д. Логика распознавания. М., 2003; Яго ж. Логические уравнения. Мн., 2003.

У.​Л.​Каткоў (інфарматыка), М.​М.​Маханёк (сеткавыя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі), У.​І.​Махнач (аўтаматызацыя праектавання), У.​В.​Галянкоў (штучны інтэлект), А.​Дз.​Закрэўскі (лагічнае праектаванне), С.​У.​Абламейка, А.​М.​Крот, Б.​М.​Лабанаў (апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы), Ю.​С.​Харын, В.​У.​Краснапрошын (распазнаванне вобразаў), С.​У.​Абламейка, А.​М.​Кручкоў (геаінфармацыйныя сістэмы), Г.​І.​Аляксееў (прылады ўводу).

Дыгітайзер УВП-01.

т. 18, кн. 2, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЖЭ́ННЕ,

анаэробны ферментатыўны акісляльна-аднаўляльны працэс расшчаплення (катабалізму) арган. рэчываў, што адбываецца ў жывых арганізмах і эксперым. умовах пераважна пад уздзеяннем мікраарганізмаў або вылучаных з іх ферментаў. Зыходным субстратам для браджэння з’яўляюцца гал. ч. вугляводы, арган. к-ты, пурыны і пірымідзіны. Пры браджэнні ў выніку шэрагу спалучаных акісляльна-аднаўляльных рэакцый вызваляецца энергія, неабходная для жыццядзейнасці арганізмаў, і ўтвараюцца хім. злучэнні, што выкарыстоўваюцца імі для біясінтэзу амінакіслот, бялкоў, тлушчаў і інш. «будаўнічых» кампанентаў цела (некаторыя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы і прасцейшыя жывуць толькі за кошт энергіі браджэння). Адначасова назапашваюцца канчатковыя прадукты браджэння: у залежнасці ад віду зброджвальнага субстрату і шляхоў яго метабалізму ўтвараюцца спірты (этанол і інш.), карбонавыя к-ты (малочная, алейная і інш.), ацэтон і інш. арган. злучэнні, вуглякіслы газ, у шэрагу выпадкаў — вадарод. Паводле ўтварэння асн. прадуктаў адрозніваюць браджэнне спіртавое, малочнакіслае, масленакіслае, прапіёнавакіслае, ацэтона-бутылавае, ацэтона-этылавае і інш. Характар і інтэнсіўнасць браджэння, колькасныя суадносіны канчатковых прадуктаў, а таксама кірунак залежаць ад асаблівасцяў яго ўзбуджальніка і ўмоў, пры якіх яно адбываецца (pH, ступень аэрацыі, від субстрату і інш.). Найб. вывучана спіртавое браджэнне.

Спіртавое браджэнне адкрыў франц. вучоны Каньяр дэ ла Тур (1836), які вызначыў, што яно звязана з ростам і размнажэннем дражджэй. Хім. ўраўненне спіртавога браджэння — C6H12O6∙2C2H5OH + 2CO2 выведзена франц. хімікамі А.​Лавуазье (1789) і Ж.​Гей-Люсакам (1815). Л.​Пастэр (1857) вызначыў, што спіртавое браджэнне выклікаюць толькі жывыя дрожджы ў анаэробных умовах. Ням. хімік Э.​Бухнер (1897) высветліў, што яго могуць ажыццяўляць таксама выцяжкі з дражджэй. Пры т-ры, роўнай або большай за 50 °C, працэс браджэння спыняецца. Вылучаны і ідэнтыфікаваны 11 метабалітаў гэтага працэсу — прамежкавых прадуктаў спіртавога браджэння глюкозы і 11 ферментаў, што паслядоўна каталізуюць усе рэакцыі і спіртавога браджэння (сумарнае ўраўненне якога C6H12O6 + 2H3PO4 + 2АДФ → 2CH3CH2OH + 2CO2 + 2АТФ). Існуе цесная сувязь паміж браджэннем і дыханнем мікраарганізмаў, раслін і жывёл. У прысутнасці кіслароду спіртавое браджэнне прыгнечваецца ці зусім спыняецца. Працэс ператварэння глюкозы ў жывых арганізмах (гліколіз) падобны да спіртавога браджэння і ідзе з удзелам тых жа ферментаў (адметныя рысы ён набывае на апошніх этапах). Зброджванне вугляводаў (глюкозы, ферментатыўных гідралізатаў крухмалу, кіслотных гідралізатаў драўніны) шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах прам-сці з мэтай атрымання этылавага спірту, гліцэрыну і інш. тэхн. і харч. прадуктаў. На спіртавым браджэнні заснаваны прыгатаванне цеста ў хлеба-пякарнай прам-сці, малочнакіслых прадуктаў, вінаробства і піваварэнне. Малочнакіслае браджэнне бывае гомаферментатыўнае (яго асн. прадукт — малочная к-та; выклікаецца бактэрыямі Streptococcus lactis, S. diacetilactis, Lactobacillus delbrückii) і гетэраферментатыўнае (акрамя малочнай утвараюцца бурштынавая і воцатная к-ты, этанол і інш.; выклікаецца бактэрыяй Escherichia coli — кішачнай палачкай). Малочнакіслае браджэнне выкарыстоўваюць пры вырабе кісламалочных прадуктаў, малочнай к-ты, у хлебапячэнні, квашанні агародніны, сіласаванні кармоў і інш. Масленакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем масленай к-ты ажыццяўляюць многія анаэробныя бактэрыі з роду Clostrobium; выкарыстоўваецца для атрымання масленай к-ты, пры вымочванні валакністых раслін (лёну, канапель, джуту і інш.). Ацэтона-бутылавае браджэнне вугляродаў з утварэннем бутылавага спірту і ацэтону (таксама невял. колькасці вадароду, вуглякіслага газу, воцатнай і масленай к-т і этылавага спірту) выклікае бактэрыя Clostridium acetobutilicum; выкарыстоўваюцца для прамысл. атрымання бутылавага спірту і ацэтону, неабходных для хім. і лакафарбавай прам-сці. Некаторыя бактэрыі з роду Clostridium (гніласныя анаэробы) здольныя зброджваць таксама амінакіслоты бялкоў. Гэты працэс мае вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Прапіёнавакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем вуглякіслага газу, прапіёнавай і воцатнай к-т выклікаюць некалькі відаў бактэрый з роду Propionibacterium. На гэтым працэсе заснавана сыраробства. Ёсць віды браджэння, якія суправаджаюцца і аднаўленчымі працэсамі, напр. зброджванне цукру плесневым грыбам Aspergillus niger, які да 90% засвоенага ім цукру ператварае ў лімонную к-ту, што выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці для мікрабіял. сінтэзу лімоннай к-ты. Традыцыйна браджэнне называюць таксама кіслародныя акісляльныя працэсы, напр. воцатнакіслае і глюконавакіслае браджэнне, што ажыццяўляюць аэробныя бактэрыі з роду Acetobacter і некаторыя плесневыя грыбы, якія акісляюць этылавы спірт з утварэннем воцатнай, а глюкозу — глюконавай к-т.

Літ.:

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 2. М., 1985;

Кретович В.Л. Биохимия растений. 2 изд. М., 1986.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),

1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.

2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч. аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.

У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст. рыс. Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец. сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст. н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).

На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус. археал. т-ва У.​В.​Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.​П.​Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў у Вял. Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец. навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор у г. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш.), будынкі філіялаў Літ. музея Я.​Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.​Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.​Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.​Ф.​Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.).

3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.

Літ.:

Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.

В.​В.​Калнін.

т. 14, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСО́ЎСКІ Мікола (1470-я г. — пасля 1533),

паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.​Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.

Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.

У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял. маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял. кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.​Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.​Каспровіч), літ. (Б.​Казлаўскас), рус. (Я.​Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.​Семяжон, У.​Шатон, Н.​Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.​Агуновіч, У.​Басалыга, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, А.​Марачкін, М.​Селяшчук і інш., драматургі (А.​Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.

Тв.:

Песня пра зубра. Мн., 1973;

Песня пра зубра. Мн., 1980;

Песьня пра зубра. Мн., 1994.

Літ.:

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;

Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;

Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд. Мн., 1996.

В.​А.​Чамярыцкі.

Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.

т. 5, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЧУЖЭ́ННЕ,

аб’ектыўны сац. працэс, які характарызуецца ператварэннем у пэўных умовах чалавечай дзейнасці і яе вынікаў у самаст. сілу, што пануе над чалавекам і варожая яму. Праяўляецца ў процістаянні асн. перадумоў працы (уласнасць, кіраванне і арг-цыя) суб’екту працы, дзярж.-бюракратычнай машыны радавым членам грамадства, у пачуццях апатыі, адзіноцтва, атрафіі да высокіх сац. і гуманіст. каштоўнасцяў.

Першапачаткова сфармулявана і выкарыстана Т.​Гобсам, Дж.​Локам, Ж.​Ж.​Русо для абгрунтавання дагаворнага паходжання дзяржавы як увасаблення перанесеных на яе («адчужаных») людзьмі сваіх пэўных правоў і свабод. Для Гегеля адчужэнне як уласцівасць сусв. духу (абсалютнай ідэі) ёсць пераход яго ў працэсе дыялект. развіцця ў сваю процілегласць — прыродную і сац. рэальнасць; для Феербаха — гэта стварэнне чалавечай свядомасцю рэліг.-ілюзорнага свету багоў, анёлаў і інш. пад уплывам усеагульнай залежнасці чалавека ад варожых яму сіл прыроды. Калі ў Гегеля пераадоленне адчужэння ажыццяўляецца праз усё больш глыбокае пазнанне навакольнага свету, то ў Феербаха — праз крытыку рэлігіі на аснове прынцыпаў любові і салідарнасці. Паводле Маркса, пераадоленне адчужэння можа быць дасягнута ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі і стварэння такога грамадства, якое выключала б эксплуатацыю чалавека чалавекам і стварала б аб’ектыўныя ўмовы для свабоднага, усебаковага развіцця асобы.

У сучаснай зах. філасофіі адчужэнні імкнуцца абгрунтаваць усе бакі крызісу грамадства — сац. і нац. прыгнёт, бюракратызацыю грамадскага жыцця, тэхнізацыю свету і разбурэнне прыроднага асяроддзя, узрастаючую бездухоўнасць мастацтва і асобы, нявер’е і атэізм, тэрарызм і злачыннасць, нават нац.-вызв. барацьбу народаў. А.​Камю атаясамлівае адчужэнне з відавочнай для яго абсурднасцю чалавечага быцця ў свеце фатальнай непазбежнасці смерці індывіда. Крызіс сацыялізму і марксізму ўяўляецца як спецыфічнае адчужэнне ў грамадстве з дзярж.-калектыўнай уласнасцю, якая ўзмацняе працэс адчужэння, ператварае яго ў фатальна-антрапалагічную з’яву. Спробы пераадолення адчужэння ў гэтым сэнсе абвяшчаюцца утапічнымі або звязваюцца са зваротам чалавека да Бога і рэлігіі, да ўцёкаў ад грамадства ў інтымна-асабістае жыццё, з маральным адраджэннем асобы і грамадства на аснове любові, салідарнасці і інш.

Літ.:

Нарский И.С. Отчуждение и труд. М., 1983;

Грицанов А.А. Овчаренко В.И. Человек и отчуждение. Мн., 1991;

Geyer R.F. Alionation theories. Oxford, 1980.

І.​А.​Рабкоў.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА КАЎКА́З 1942—43,

сукупнасць абарончых (25.7—31.12.1942) і наступальных (1.1—9.10.1943) аперацый сав. войскаў з мэтай абароны Каўказа і разгрому ням.-фаш. войскаў у Вялікую Айчынную вайну.

Удзельнічалі франты: Паўд. (каманд. да 28.7.1942 і 2.2—2.3.1943 ген.-лейт. Р.​Я.​Маліноўскі; 1.1—2.2.1943 ген.-палк. А.​І.​Яроменка), Паўн.-Каўказскі (да 3.9.1942 Маршал Сав. Саюза С.​М.​Будзённы; 24.1—13.5.1943 ген.-лейт. І.​І.​Масленікаў; з 13.5.1943 ген.-палк. І.​Я.​Пятроў) і Закаўказскі (з 15.5.1942 ген. арміі І.​У.​Цюленеў) франтоў, Чарнаморскі флот (віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскі), Азоўская (контр-адм. С.​Г.​Гаршкоў) і Каспійская (контр-адм. Ф.​С.​Сядзельнікаў) ваен. флатыліі.

Ням.-фаш. камандаванне планавала авалодаць Каўказам у ходзе летняй кампаніі 1942. Для выканання гэтай задачы прызначалася група армій «А» (ген.-фельдмаршал В.​Ліст), якая перасягала сав. войскі Паўд. фронту ў 1,5 раза па асабовым складзе, па танках у 9,4 раза, па артылерыі ў 2 разы і па самалётах у 7,7 раза. Падтрымлівалі яе ВМС Германіі і Румыніі. У адпаведнасці з планам «Эдэльвейс» праціўнік наступаў паміж Донам і перадгор’ямі В.​Каўказа. Сав. войскі вялі абарончыя баі і адыходзілі. У канцы снежня гітлераўцы, страціўшы больш як 100 тыс. чал., перайшлі да абароны. Сав. войскі Паўд. фронту, якія працягвалі контрнаступленне пад Сталінградам, нанеслі ўдар па гал. сілах праціўніка на Растоўскім і Ціхарэцкім напрамках. Пад пагрозай акружэння ням. камандаванне вымушана было свае войскі на Паўн. Каўказе адвесці за Растоў і на Таманскі п-аў. У выніку Новарасійска-Таманскай аперацыі 1943 лінія абароны праціўніка была прарвана і 9.10.1943 Таманскі п-аў вызвалены. Чырв. Армія прайшла з баямі каля 800 км, вызваліла каля 200 тыс. км² тэрыторыі. Страты праціўніка толькі за час наступлення сав. войскаў склалі 281 тыс. чал., 1358 танкаў, 2 тыс. самалётаў, больш як 7 тыс. гарматаў і мінамётаў, 22 тыс. аўтамашын і інш. ваен. тэхнікі і маёмасці. Сав. войскі страцілі ў бітве забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 950 тыс. чал. (з іх забітымі 344 390 чал.).

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАБІЯЛО́ГІЯ (ад гідра... + біялогія),

навука пра водныя арганізмы, іх узаемадзеянне паміж сабой і з умовамі асяроддзя, біял. прадукцыйнасць прэсных і акіянскіх вод. Займаецца таксама прыкладнымі пытаннямі (біягігіены, водазабеспячэння, біял. ачысткі вод і інш.). Адрозніваюць гідрабіялогію санітарную, тэхнічную і прамысловую.

У самаст. навуку вылучылася ў 2-й пал. 19 ст., калі з развіццём батанікі і заалогіі пачалі стварацца марскія і прэснаводныя біял. станцыі, была вызначана роля водных арганізмаў у працэсе ачышчэння вадаёмаў (ням. вучоныя А.​Мюлер, Ф.​Кон, рус. Н.​П.​Вагнер). Асновы рус. марскіх гідрабіял. даследаванняў закладзены ў 1900-я г. навук.-прамысл. экспедыцыямі М.​М.​Кніповіча, працамі С.​А.​Зярнова, К.​М.​Дзяругіна, Л.​А.​Зянкевіча і інш. Для развіцця прэснаводнай гідрабіялогіі вял. значэнне мелі працы У.​М.​Арнольдзі, А.​Л.​Бенінга, Г.​Ю.​Верашчагіна, В.​Н.​Варанкова, В.​І.​Жадзіна і інш.

На Беларусі даследаванні па гідрабіялогіі пачаліся ў 1904 у Аддзеле іхтыялогіі Рускага т-ва акліматызацыі жывёл і раслін. Вывучэнне вадаёмаў паглыбілася з утварэннем у 1928 н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1979 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі) і ў 1946 біял. станцыі БДУ на воз. Нарач. Н.-д. работа па гідрабіялогіі вядзецца таксама ў Ін-це заалогіі Нац. АН, БДУ, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, інш. ВНУ. Вызначана біял. і рыбагасп. прадукцыйнасць усіх асн. рэк і азёр, праведзена лімналагічная і рыбагасп. класіфікацыя прамысл. вадаёмаў (Г.Г.Вінберг, П.І.Жукаў, С.В.Кахненка, М.​М.​Драко, У.​П.​Ляхновіч, П.​Р.​Пятровіч, В.П.Якушка і інш.), ацэнка сан. стану вадаёмаў і здольнасць іх да біял. самаачышчэння (Вінберг, П.В.Астапеня, А.П.Астапеня і інш.). Распрацоўваюцца пытанні біял. прадукцыйнасці рэк, азёр і сажалак, вядзецца аналіз балансу і трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах, вывучаюцца функцыянальныя сувязі ў біяцэнозах (Г.​А.​Галкоўская, Л.​М.​Сушчэня, Н.​М.​Хмялёва).

Літ.:

Петрович П.Г. Очерк развития гидробиологических исследований в Белоруссии // Очерки по истории гидробиологических исследований в СССР. М., 1981.

Л.​М.​Сушчэня.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ЛІЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін мікрабіялагічнай прамысловасці. Спецыялізуецца на перапрацоўцы нехарчовых раслінных матэрыялаў метадам гідролізу для атрымання этылавага спірту, кармавых дражджэй, глюкозы і ксіліту, фурфуролу, арган. кіслот, лігніну і інш. прадуктаў. Сыравінай служаць адходы лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўкі с.-г. сыравіны (салома, сланечнікавае шалупінне, кукурузныя храпкі, сцёблы бавоўніку, мелес з цукр. буракоў і інш.). Пры гідролізе раслінных тканак вугляводы пераходзяць у раствор (пад уздзеяннем вады і цяпла ў прысутнасці каталізатараў), а лігнін застаецца. У гэтым працэсе нерастваральныя поліцукрыды ператвараюцца ў растваральныя монацукрыды (гексозы і пентозы), якія хім. і біяхім. шляхам перапрацоўваюцца ў крышт. манозы (глюкозы, ксілозы), этылавы спірт, гліцэрын, ксіліт, сарбіт і інш., у альдэгіды і іх вытворныя (фурфурол, фуран і інш.), арган. кіслоты (воцатную, лімонную, яблычную і інш.), бялкова-вітамінныя дрожджы і антыбіётыкі. З 1 т сухой сыравіны ў залежнасці ад тэхналогіі можна атрымаць да 150 кг фурфуролу, або 140 кг першасных спіртоў, або 300 кг крышт. глюкозы, або 250 кг кармавых дражджэй і каля 300 кг гідролізнага лігніну.

Гідролізная прамысловасць развіваецца з пач. 20 ст. У б. СССР з 1935 наладжана вытв-сць этылавага спірту, з 1940-х г. — кармавых дражджэй і фурфуролу. На Беларусі гідролізную прадукцыю вырабляюць з 1936 на Бабруйскім гідролізным заводзе, з 1963 на Рэчыцкім доследна-прамысловым гідролізным заводзе, шматлікіх спіртавых і крухмальных з-дах. Выпускаецца тэхн. рэктыфікаваны этылавы спірт і этылавы спірт-сырэц, кармавыя дрожджы, фурфурол, вуглякіслы газ. У 1994 выраблена (разам з прадпрыемствамі мікрабіял. прам-сці) 49 тыс. т таварнай прадукцыі кармавых дражджэй (найб. у 1990 — 508 тыс. т). Значную гідролізную прамысловасць, якая спецыялізуецца пераважна на вытв-сці фурфуролу і этылавага спірту, маюць ЗША (найб. вытворца фурфуролу), Францыя, Італія, Японія, Фінляндыя; развітая вытв-сць этылавага спірту, кармавых дражджэй і фурфуролу ў Расіі, Германіі і інш. краінах. Гідролізная прамысловасць — перспектыўная галіна біятэхналогіі, здольная вырашаць праблемы, звязаныя з вытв-сцю харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, энергет. паліва і сыравіны для хім. і біяхім. Вытв-сці.

Т.​П.​Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл. Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл. Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл. Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл. Геатэхналогія) і інш.

Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл. Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн. фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА «Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.

Літ.:

Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.

Б.​А.​Багатаў, М.​І.​Беразоўскі.

Горныя работы: 1 — адкрытыя (здабыча будаўнічага каменю на Мікашэвіцкім радовішчы); 2 — падземныя (праходка тунэля ў моцнай пародзе).

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),

тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.

Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.

Да арт. Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.
Да арт. Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)