КЛІ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й ЛЕ́СУ Засн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. як музей нар. славы, з 1998 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 370 м², больш за 4 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: чалавек і зямля, чалавек і лес, чалавек і рака. Сярод экспанатаў таксама археал. знаходкі (пацеркі, скроневыя кольцы, прылады працы, фрагменты глінянага посуду) з раскопак на тэр. раёна, прадметы культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы Клічаўскага шклозавода (1901—14), рэчы з асабістага фонду вучонага-географа А.​А.​Смоліча, матэрыялы пра стварэнне і дзейнасць у Вял. Айч. вайну падполля і партыз. руху, творы графікі і жывапісу. Філіял музея — Усакінскі мемарыяльны комплекс.

Л.​Л.​Ачыновіч.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДРЫ,

запаведнік у Малдове, на тэр. ўзв. Кодры. Засн. ў 1971 для захавання прыроднага комплексу шыракалістых лясоў. Пл. 5,1 тыс. га. Рэльеф — плато (выш. да 430 м), лагчыны, схілы. Ландшафт: лясны масіў (грабавыя і букавыя дубровы), крыніцы, ручаі. У флоры больш за 900 відаў. Звычайныя дубы скальны і чарэшчаты, бук, ясень, граб, ліпы серабрыстая і драбналістая, клён, груша, чарэшня; у падлеску — ляшчына, брызгліна, глог, кізіл і інш. Травяное покрыва з асок, сніткі, фіялак, чарамшы і г.д. У фауне звычайныя барсук, заяц, воўк, дзік, ліс. Акліматызаваны высакародны і плямісты алені, марал, лань. Каля 100 відаў птушак, у т. л. беркут, арол-магільнік, ястраб, курапатка. Рэдкія віды — лясная куніца, еўрапейскі дзікі коч, малы падворлік, арол-карлік, філін.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗЕЛ Іван Васілевіч (21.5.1928, в. Какчаны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 30.1.1970),

бел. драматург. Скончыў БДУ (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). Настаўнічаў, у 1963—68 працаваў у НДІ педагогікі Мін-ва асветы БССР, Мінскай студыі навук.-папулярных і хранік.-дакумент. фільмаў, Камітэце СМ БССР па друку. Друкаваўся з 1957. У драме «Папараць-кветка» (паст. 1957), прысвечанай барацьбе працоўных Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне, арганічна спалучаецца жыццёвая праўдзівасць характараў герояў і падзей з алегарычнай вобразнасцю фалькл. матываў. П’еса «Канчане — суседзі мае» (паст. 1961 пад назвай «Над хвалямі Серабранкі») пра жыццё бел. вёскі.

Тв.:

Над хвалямі Серабранкі. Мн., 1963;

Папараць-кветка. Мн., 1970.

Літ.:

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 2. Мн., 1972.

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры сярэдзіны 19 ст. Пабудаваны за 1,5 км ад г. Косава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) паводле праекта арх. Ф.Яшчалда (1838), буд-ва завершана пад кіраўніцтвам У.​Марконі. Быў абкружаны паркам (не захаваўся) і з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі. Мураваны палац з элементамі класіцызму мае сім. кампазіцыю. Гал. (у цэнтры 2-павярховы, па баках 1-павярховы) і 2 бакавыя 2-павярховыя аб’ёмы, размешчаныя ніжэй, злучаны вузкімі пераходамі з высокімі стральчатымі аркамі. Вуглы гал. аб’ёму корпуса фланкіраваны гранёнымі вежамі, а бакавых — контрфорсамі, падобнымі да вежаў. У дэкар. аздабленні выкарыстаны зубчастыя завяршэнні аб’ёмаў, стральчатыя аркі праёмаў і нішаў, машыкулі і інш. У палацы размалёўка мастака Ф.​Жмуркі. Захаваўся часткова.

Л.​В.​Трэпет.

Косаўскі палац.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ РАССТРЭ́Л 1927 у Заходняй Беларусі,

расстрэл польск. ўладамі дэманстрацыі працоўных у г. Косава, якія выступілі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Па закліку Косаўскага райкома КПЗБ 3.2.1927 у Косава на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому польск. ўладамі БСРГ сабралася больш за 1,5 тыс. сялян. З чырв. сцягамі і транспарантамі, на якіх былі надпісы «Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў, вызваліць усіх палітзняволеных!», «Далоў фашысцкую дыктатуру Пілсудскага!», з рэв. песнямі дэманстранты прайшлі па вуліцах Косава, правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала яго разагнаць. Калі дэманстранты зноў рушылі па горадзе, паліцыя пачала страляць. Забіта 6 чал., некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і дыктатарскага рэжыму Пілсудскага.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́БЫ, караткахвостыя ракі (Brachyura),

атрад (падатрад) дзесяціногіх ракападобных. Больш за 4000 відаў. Пашыраны ў морах, прэсных водах і на сушы, пераважна ў тропіках.

Шыр. галавагруднага шчыта (карапакса) 2—60 см. Галава маленькая, у паглыбленні пад краем карапакса. Вочы фасетачныя. 1-я пара хадзільных ног мае клюшні. Брушка кароткае, падагнутае пад сківіцагрудзі. Брушныя канечнасці ў самца (1—2 пары) зменены ў капулятыўны орган, у самкі (4 пары) служаць для выношвання ікры. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Усе К., акрамя прэснаводных, размнажаюцца ў моры. Развіццё з метамарфозам. Некат. К. могуць мяняць афарбоўку цела. Здольныя да аўтатаміі і рэгенерацыі канечнасцей. Аб’екты промыслу.

Крабы: 1 — пальмавы злодзей; 2 — пенеус японскі; 3 — гекарсінус; 4 — стэнарынкус.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙНЯЯ ПО́ЎНАЧ,

частка тэр. ў Рас. Федэрацыі, размешчаная пераважна на Пн ад Палярнага круга (66°33′ паўн. ш.). Уключае арктычную ледзяную зону, тундру, лесатундру і частку тайгі. Характарызуецца вельмі суровымі кліматычнымі ўмовамі і адносна слабай заселенасцю. Карэннае насельніцтва складаюць т.зв. малыя народы Поўначы. У адм. адносінах да раёнаў К.П. адносяць: Якуцію, Магаданскую, Камчацкую, Мурманскую (за выключэннем г. Кандалакша з прылеглай тэрыторыяй) вобласці, асобныя раёны і гарады Рэсп. Комі, Архангельскай, Цюменскай, Іркуцкай і Сахалінскай абласцей, Краснаярскага і Хабараўскага краёў, а таксама астравы Паўн. Ледавітага ак. і яго мораў; астравы Берынгава і Ахоцкага м. Шэраг мясцовасцей у Бураціі, Томскай, Чыцінскай і Амурскай абласцях, Прыморскім краі, якія знаходзяцца ў суровых кліматычных умовах, прыраўнаваны да раёнаў К.П.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАПЁРКА (Scardinius erythrophthalmus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў прэсных водах Еўропы, М. і Сярэдняй Азіі. На Беларусі жыве ў рэках, азёрах, трымаецца прыбярэжнай зоны, багатай воднай расліннасцю. Зімуе ў ямах. Нар. назвы: чырванапёрка, краснавочка, чарноха, чэрмнуха і інш.

Даўж. да 36 см, маса да 1,5 кг. Цела высокае, серабрыстае, у буйных асобін залацістае. Спінка цёмна-карычневая або цёмна-зялёная. Вочы аранжавыя, у верхняй ч. з ярка-чырв. плямай. Парныя і анальныя плаўнікі ярка-чырвоныя (адсюль назва). Спінны плаўнік пачынаецца па-за брушнымі плаўнікамі, а не над імі (у адрозненне ад плоткі). Рот косы. Корміцца воднымі раслінамі, беспазваночнымі, ікрой малюскаў, моладзь — зоапланктонам. Нераст парцыённы. Аб’ект аматарскага лову.

Краснапёрка.

т. 8, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЯНА́Я ТЛЯ (Eriosoma lanigerum),

насякомае падатр. (сям.) тлей. Пашырана ў Амерыцы, Паўд. Афрыцы, на а-вах Н. Зеландыя і Тасманія. Завезена ў Еўропу. Трапляецца ў Закаўказзі, Крыме, Малдавіі. Шкоднік яблыні.

Даўж. да 3 мм. Цела бурае, укрыта белым пушком з васковых нітак. Лапкі двухчленістыя, з кіпцюркамі. Калі тлю расціснуць, застаецца чырв. пляма (адсюль назва). Корміцца сокамі дрэва, у месцах смактання на ствалах і каранях утвараюцца жаўлакі, нарасты, шчыліны. Калоніі К.т. (накшталт снежных камякоў ці камякоў ваты) на парастках, ствалах і каранях дрэва; небяспечная для сеянцаў. Размнажаецца ў Еўропе без апладнення (партэнагенез), за лета дае да 19 пакаленняў. Зімуе на ствалах і каранях яблыні.

Крывяная тля: 1 — крылатая самка; 2 — бяскрылая самка.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТО́Н (лац. Krypton),

Kr, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 36, ат. м. 83,8, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. колькасць ​84Kr (56,9% па аб’ёме). У атмасферы 1,1410​−4% па аб’ёме. Англ. вучоныя У.​Рамзай і М.​Траверс адкрылі К. разам з ксенонам і неонам у 1898, з-за цяжкасці атрымання названы ад грэч. kryptos — схаваны.

Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -153,36 °C, шчыльн. 3,745 кг/м³ (0 °C). З хім. злучэнняў атрыманы толькі К. дыфтарыд KrF2 — бясколерныя крышталі з рэзкім пахам, наймацнейшы акісляльнік. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, газаразрадных трубак; радыеактыўны ізатоп ​85Kr — як крыніцу β-выпрамянення ў медыцыне.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)