ГЕРПЕТАЛО́ГІЯ
(ад грэч. herpeton паўзун + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Раней аб’ектам вывучэння герпеталогіі былі паўзуны, а раздзел, што вывучаў земнаводных, наз. батрахалогіяй. Герпеталогія цесна звязана з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі і інш. Развіццё герпеталогіі як самаст. раздзела заал. навукі найб. прыкметнае з пач. 20 ст. Вялікі ўклад зрабілі рус. Вучоныя А.Р.Баннікаў, І.С.Дрэўскі, А.М.Нікольскі, П.В.Цярэнцьеў, С.А.Чарноў.
На Беларусі амфібіі і рэптыліі ўпамінаюцца ў працах 18—19 ст. (А.М.Нікольскі, П.Г.Жачынскі, П.Баброўскі, І.Зяленскі, А.С.Дамбавецкі). Сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну ёсць у працах А.В.Фядзюшына (1927—32) і Ю.Ф.Сапажэнкава (1961). Шэраг пытанняў аб стане амфібій і рэптылій краіны адлюстраваны ў працах Ю.В.Дзьякава, Б.З.Галадушкі, Т.М.Курсковай, І.В.Жаркова, М.М.Пікуліка і інш. Найб. развіццё герпеталагічныя даследаванні атрымалі ў 1976—97 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Пікулік, В.А.Бахараў, С.У.Косаў, С.М.Драбянкоў, А.У.Хандогій, Л.У.Косава, К.К.Рыжэвіч і інш.), праводзяцца таксама на кафедрах заалогіі ВНУ і навук. аддзелаў запаведнікаў і нац. паркаў. Дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі, параметраў яе біял. разнастайнасці, пашырэння межаў арэалаў відаў, біятыпічнага размеркавання і колькасці, асаблівасцей размнажэння, развіцця і ландшафтнай дыферэнцыяцыі дамінуючых відаў, некат. іншых экалагічных і эталагічных аспектаў. Сфарміраваны значны калекцыйны фонд (каля 20 тыс. экз.). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны рэкамендацыі па ахове і рацыянальным выкарыстанні герпетафауны Беларусі.
Літ.:
Пикулик М.М. Герпетология // Институт зоологии Академии наук Беларуси Мн., 1992.
М.М.Пікулік.
т. 5, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РСА,
пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15 — пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец. гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.
М.А.Ткачоў.
т. 5, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРСО́ПА,
вадаспад у Зах. Гатах, на р. Шараваты, у Індыі. Сістэма з 4 каскадаў (агульная выш. 252 м). ГЭС.
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРТ,
расійскія артысты балета, педагогі.
Павел (Павел Фрыдрых) Андрэевіч (4.12.1844, в. Валынкіна, каля С.-Пецярбурга — 12.8.1917). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1864). У 1880—1904 выкладаў у ім. У 1860—1916 у Марыінскім т-ры; адзін з лепшых класічных танцоўшчыкаў пецярбургскай сцэны. Валодаў свабодным шырокім жэстам, пластычнай і мімічнай выразнасцю. Стварыў галерэю розных па характары вобразаў — напружана драматычных, лірыка-рамант. і востракамедыйных. Паставіў шэраг спектакляў. Сярод вучняў: Г.Паўлава, Т.Карсавіна, А.Ваганава, М.Фокін, В.Ціхаміраў.
Лізавета Паўлаўна (29.4.1891, С.-Пецярбург — 6.11.1975), засл. дз. маст. Расіі (1951). Дачка Паўла Андрэевіча. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1908). У 1908—28 у Марыінскім т-ры. Яе пластычны, дасканалы па форме танец стаў у 1920-я г. эталонам акад. балетнай культуры. Сярод партый: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Нікія («Баядэрка» Л.Мінкуса), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Мірта («Жызэль» А.Адана). Выкладала ў харэагр. вучылішчы і т-ры оперы і балета ў Ленінградзе (1927—34), у харэагр. вучылішчы (1935—60) і Вял. т-ры (з 1935) у Маскве. Сярод вучаніц: А.Шэлест, М.Плісецкая, В.Стручкова, В.Боўт, К.Максімава.
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРТ Зіновій Яфімавіч
(21.9.1916, Масква — 18.11.1996),
расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. СССР (1990). З 1945 у Цэнтр. т-ры лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, з 1988 у Маскоўскім т-ры імя М.М.Ярмолавай. Вострахарактарны, пераважна камедыйны акцёр. Майстар эпізоду. У яго творчасці спалучаліся сумны гумар, іронія і скептыцызм з тонкай лірыкай. З 1958 у кіно. Здымаўся ў фільмах: «Фокуснік», «Залатое цяля», «Печкі-лавачкі», «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі», «Казкі, казкі... казкі старога Арбата», «Ключ без права перадачы», «Біндзюжнік і кароль», «Фауст» і інш. Аўтар п’есы «Пацалунак феі» (разам з М.Львоўскім).
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РУС Аляксей Іванавіч
(26.9.1932, в. Юзэфіны Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.9.1993),
бел. вучоны ў галіне спартыўнай анатоміі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1967 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах уздзеяння розных рэжымаў рухальнай дзейнасці на арганізм, марфал. асновах адаптацыі сасудзістай і нервовай сістэм шкілетных мышцаў да гіпакінезіі і інтэнсіўнай фіз. нагрузкі.
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РУС Сямён Пятровіч
(н. 21.11.1925, в. Кунічна Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Віленскі маст. ін-т (1952). Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953—67). У розных тэхніках (лінагравюра, літаграфія, афорт, малюнак) выканаў партрэты К.Каліноўскага (1953), Ф.Скарыны (1954), Я.Цікоцкага (1957), П.Броўкі (1967), А.Русака (1971), М.Танка (1975), А.Міцкевіча (1977), М.Багдановіча (1981), Я.Коласа (1982), А.Бембеля (1983), Н.Арсенневай, Л.Геніюш, С.Грахоўскага (усе 1996), дэлегатаў 6-га Сусв. фестывалю студэнтаў і моладзі ў Маскве (1957, серыя), пейзажы «Плошча Перамогі» (1972), «Стары Мінск» (1995—96, серыя), тэматычныя кампазіцыі «Мы — беларусы» (1968), «Янка Купала ў Вязынцы» (1982) і інш.
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРУ́СІ́Я
(грэч. gerusia ад gerōn старац, старэйшына),
у Старажытнай Грэцыі савет старэйшын у гарадах-дзяржавах, дзе пераважала арыстакратычнае ўпарадкаванне. Разглядаў важныя дзярж. справы, якія потым абмяркоўваліся нар. сходам. Колькасць членаў герусіі (геронтаў), іх паліт. роля ў розных полісах былі неаднолькавыя. Напр., у Спарце герусія складалася з 30 чал. (28 геронтаў ва ўзросце за 60 гадоў, якія выбіраліся пажыццёва, і 2 цары), была вышэйшым урадавым органам.
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ (Hertz) Генрых Рудольф
(22.2.1857, г. Гамбург, Германія — 1.1.1894),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў электрадынамікі. Скончыў Берлінскі ун-т (1880) і быў асістэнтам у Г.Гельмгольца. З 1885 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, з 1889 Бонскага і Берлінскага ун-таў. Навук. працы па механіцы і электрадынаміцы. Прапанаваў поўную тэорыю ўдару пругкіх шароў (1882), даў строга навук. азначэнне паняцця цвёрдасці цел. Сканструяваў эл.-магн. генератар (вібратар Герца) і рэзанатар, з дапамогай якіх эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль (1886—89). Эксперыментальна пацвердзіў тоеснасць уласцівасцей эл.-магн. і светлавых хваль, адкрыў знешні фотаэфект (1887). Яго імем названа адзінка частаты — герц.
Літ.:
Григорьян А.Т., Вяльцев А.Н. Генрих Герц. М., 1968;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 524—537.
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ (Hertz) Густаў Людвіг
(22.7.1887, г. Гамбург, Германія — 30.10.1975),
нямецкі фізік. Чл. Германскай АН у Берліне (ГДР), замежны чл. АН СССР (з 1958). Пляменнік Г.Р.Герца. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. У 1913—45 у НДІ і ун-тах Германіі і Фінляндыі. З 1945 працаваў у СССР, у 1954—62 дырэктар Фіз. ін-та ў г. Лейпцыг. Навук. працы па атамнай спектраскапіі і фізіцы плазмы. Сумесна з Дж.Франкам эксперыментальна даказаў існаванне ў атамах дыскрэтных узроўняў энергіі (дослед Франка і Герца), што пацвердзіла тэорыю Бора. Распрацаваў дыфузійны метад раздзялення ізатопаў. Нобелеўская прэмія 1925. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)