ПРЫЛАДАБУДАВА́ННЕ,

комплекс галін прам-сці па вытв-сці сродкаў вымярэнняў, аналізу, апрацоўкі і прадастаўлення інфармацыі, прылад і прыстасаванняў кантролю і рэгулявання тэхнал. працэсаў, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці, сістэм кіравання і навук. даследаванняў. У залежнасці ад тэхнал. асаблівасцей адрозніваюць П. дакладнай механікі і электрамеханікі, аптычнае, оптаэлектроннае і лазернае, электроннае. Найб. пашыраны прылады вымярэння мех. (вуглавых і лінейных памераў і перамяшчэнняў, масы, сілы, вібрацыі, цвёрдасці, дэфармацыі, трываласці), эл. і магн. (напружання, току, магутнасці, частаты, супраціўлення, ёмістасці), цеплаэнергет. (т-ры, ціску, расходу рэчыва, узроўню), аптычных, радыяцыйных і інш. велічынь. Сродкі вымяральнай тэхнікі ў спалучэнні з рэгулюючымі, вылічальнымі і выканаўчымі прыстасаваннямі складаюць тэхн. базу аўтаматызаваных сістэм кіравання тэхнал. працэсамі.

Значнае месца ў П. займаюць: прылады і прыстасаванні вылічальнай тэхнікі, што выкарыстоўваюцца для механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў вылічэнняў і апрацоўкі інфармацыі пры рашэнні інж. і навук. задач; аналітычныя прылады для вызначэння саставу і канцэнтрацыі рэчываў у розных асяроддзях, матэрыялах і прадуктах (электрахім., ультрагукавыя, аптычныя, ядзерныя і інш. аналізатары); сродкі тэлемеханікі для перадачы інфармацыйных сігналаў і кіроўных імпульсаў на вял. адлегласці; прылады і прыстасаванні выпрабавальнай тэхнікі, аргтэхнікі. Стварэнню кампактных надзейных прылад, вымяральных, вылічальных і інш. сродкаў тэлемеханікі і аўтаматыкі садзейнічала развіццё мікраэлектронікі. оптаэлектронікі, мікрамеханікі і г.д., выкарыстанне матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі (плёнак, вадкіх крышталёў, магн. вадкасцей і да т.п.), новых тэхналогій.

Прадукцыя П. шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і быту.

У 19 ст. ў Расіі было некалькі невял. прадпрыемстваў, якія выпускалі тэрмометры, вагі. манометры, вадамеры і інш. найпрасцейшыя прылады. У СССР прамысл. вытв-сць прадукцыі П. пачалася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. З 1965 існавала Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання. Найбольшыя спецыялізаваныя прадпрыемствы пабудаваны ў Маскве, Ленінградзе, на Украіне, Беларусі, у рэспубліках Прыбалтыкі.

На Беларусі ў 1789—93 дзейнічала Беражанская гадзіннікавая мануфактура, з канца 19 ст. — ф-ка ў Віцебску, якая вырабляла акуляры, фіз., аптэкарскія і хірург. інструменты, і некалькі майстэрняў па рамонце нескладаных прылад. У 1920-я г. адзін з цэхаў мінскага з-да «Энергія» вырабляў вагі. У 1930 створаны вагавы з-д «Ударнік». У пач. 1950-х г. пачата вытв-сць больш складаных і дакладных прылад. Як асобная галіна П. сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысл., энергет. і быт. прызначэння выпускаюць Брэсцкі электрамеханічны завод, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскі прыладабудаўнічы завод, Гродзенскі завод «Радыёпрылада», Магілёўскі завод «Электрарухавік», Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі прыборабудаўнічы завод і інш. Н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў галіне П. вядуцца ў Мінскім навукова-даследчым прыборабудаўнічым інстытуце.

У.​І.​Шамкаловіч.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕБІЯЛО́ГІЯ (ад радые... + біялогія),

радыяцыйная біялогія, навука, якая даследуе дзейнасць іанізавальнага выпрамянення на жывыя арганізмы. Вывучае эфекты біял. ўздзеяння радыяцыі і высвятляе асаблівасці развіцця звязаных з гэтым паталаг. працэсаў. Распрацоўвае метады папярэджвання, аховы і лячэння прамянёвых пашкоджанняў, займаецца прагназаваннем радыяц. небяспекі. Абгрунтоўвае метады выкарыстання радыеактыўных матэрыялаў у медыцыне, сельскай гаспадарцы, прам-сці, навуцы. Цесна звязана з фізікай, хіміяй, фізіялогіяй, біяхіміяй, генетыкай і інш.

Пачала развівацца пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення і радыеактыўнасці. У 1896 рас. вучоны І.​Р.​Тарханаў выдаў працу аб уплыве рэнтгенаўскіх прамянёў на жыццёвыя функцыі арганізма, у 1911 Я.​С.​Лондан — манаграфію «Радый у біялогіі і медыцыне». У Германіі ў 1904 Г.​Петэрс назіраў парушэнне дзялення ў апрамененых клетках, у 1905 П.​Лінзер і Э.​Гельбер — з’яўленне таксічных рэчываў у крыві апрамененых жывёл. У 1906 франц. вучоныя Ж.​Берганье і Л.​Трыбандо выявілі залежнасць радыеадчувальнасці клетак ад інтэнсіўнасці і працягласці іх дзяленняў і ступені дыферэнцыроўкі. Уклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Б.Л.Астаураў, Г.​А.​Надсан, М.​У.​Цімафееў-Расоўскі, франц. П.​Анцэль, П.​В.​Інтэмбергер, Ф.​Хальвек, ням. Ф.​Дэсаўэр, К.​Цымер, англ. Дж.​Кроўтэр, Д.​Лі, амер. Г.Мёлер, Р.​Цыркл, П.​Хеншаў і інш. Як навука Р. сфарміравалася ў 1940—50-я г. ў сувязі з выкарыстаннем ядз. энергіі.

На Беларусі сістэм. даследаванні па Р. вядуцца з сярэдзіны 1950-х г. у ін-тах Нац. АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, фізіялогіі, эксперым. батанікі, радыебіялогіі, радыеэкалагічных праблем, Цэнтр. бат. садзе і інш., НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, сан.-гігіенічным, н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, мед. ін-тах; БДУ, ін-це радыяцыйнай бяспекі «Белрад» і інш. Уклад у развіццё Р. зрабілі В.​Т.​Андрыянаў, У.​Г.​Валодзін, М.​А.​Кудзінаў, В.​М.​Кудраўцава, А.​Ц.​Пікулеў, А.​М.​Пісарэўскі, М.​Ю.​Тайц, М.​В.​Турбін, М.​А.​Троіцкі, К.​В.​Фамічэнка, Л.​С.​Чаркасава і інш. Даследаваны пострадыяцыйныя змены абмену рэчываў у арганізме жывёл, мутагены і генет. эфект некат. відаў іанізавальных выпрамяненняў, уплыў апрамянення насення на рост і развіццё інтрадукаваных дрэвавых і кветкавых раслін. Высветлены ўплыў вял. доз выпрамяненняў на фізіка-хім. ўласцівасці дэзоксірыбануклеапратэідаў храмаціну клетак. Распрацаваны спосабы выкарыстання радыеізатопаў для дыягностыкі і тэрапіі захворванняў чалавека. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задача Р. — прадухіленне шкодных вынікаў (у т. л. аддаленых) радыяцыйнага апрамянення насельніцтва на забруджаных тэрыторыях. Праведзены даследаванні па радыеактыўным забруджванні біяцэнозаў. Устаноўлены механізмы дзеяння знешняга апрамянення (у малых дозах) і інкарпараваных радыенуклідаў на генетычныя і метабалічныя працэсы, функцыянальныя сістэмы (эндакрынную, сардэчна-сасудзістую, імунную, рэпрадукцыйную і інш.). Распрацаваны спосабы зніжэння шкодных вынікаў радыяцыі.

Л.​М.​Лабанок.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ МАСТА́ЦКАЯ,

спосаб маст. апрацоўкі дрэва, косці, каменю і інш. цвёрдых матэрыялаў шляхам выразання арнаментальных ці сюжэтных кампазіцый; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Р.м. аздабляюць прадметы побыту (мэблю, хатняе начынне, прылады працы), будынкі (гл. Разьба архітэктурная), яе тэхніку выкарыстоўваюць у стварэнні скульптуры. Самаст. від Р.м. — гліптыка.

Узнікла ў глыбокай старажытнасці з паяўленнем рэзальных інструментаў з каменю і косці, пазней — металічных; вядома ўсім народам свету. Шырока вядома Р.м. па лаку ў Кітаі і Японіі, па камені і косці ў Індыі, па ганчу ва Узбекістане. бурацкая каменная пластыка, якуцкая і халмагорская разьба па косці ў Расіі.

На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.м. Контурная разьба выконваецца заглыбленымі лініямі на гладкім фоне, блізкая да гравіравання; выемчатая разьба (пераважна трохгранна-выемчатая) утварае ўзор, заглыблены ў гладкі фон; рэльеф ная разьба мае заглыблены фон і ўзнятыя над ім выявы або ўзор — нізкарэльефныя (барэльеф) ці высокарэльефная (гарэльеф); скразная разьба не мае фону і ўяўляе сабой ажурную кампазіцыю (у залежнасці ад размяшчэння ўзору ў адной ці некалькіх плоскасцях адрозніваюць плоскаажурную і аб’ёмна-ажурную Р.м.); аб’ёмная разьба стварае трохмерную выяву, звычайна скульптуру малых форм. Найб. старадаўняя на Беларусі контурная і аб’ёмная разьба па дрэве і косці. З часоў каменнага веку вядомы касцяныя вырабы, арнаментаваныя контурнай разьбой геам. характару, касцяныя і драўляныя фігуркі жывёл і чалавека, выразаныя вельмі схематычна і ўмоўна. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па косці і камені ў 9—13 ст. (Шклоўскі ідал, абразкі з каменю і шыферу, ліцейныя формы). Інтэр’еры храмаў, сядзіб, палацаў, мэблю аздаблялі нізкарэльефнай разьбой па дрэве, якая ў 17—18 ст. развілася ў аб’ёмна-ажурную (гл. Беларуская рэзь). З 17 ст. вядома разьба па шкле (гл. Шкло мастацкае). Фоны абразоў упрыгожвалі разьбой па ляўкасу. Разьбой па дрэве і стука аздаблялі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены храмаў і палацаў (гл. Манументальна-дэкаратыўная скульптура). З канца 19 ст. Р.м. пашыралася ў нар. дойлідстве, аздабленні мэблі; разьбой геам. характару аздаблялі хатняе начынне, прадметы побыту, посуд, прылады працы (гл. Берасцяныя вырабы, Камянецкія прасніцы). У наш час Р.м. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі. Бытавыя рэчы, посуд, вырабы сувенірнага і маст. прызначэння з дрэва, рогу, бяросты выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).

Літ.:

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Разьба мастацкая. Складзень. Візантыя. Разьба па косці. 10—11 ст.
Да арт. Разьба мастацкая. А.​Штанг. Ваза «Поўнач». Халмагорская разьба па косці. Расія. 1977.
Да арт. Разьба мастацкая. Каменная пліта з выявай ільва. Горад Ваўкавыск Гродзенскай вобл. 12 ст.
Да арт. Разьба мастацкая. Фрагмент прасніцы. Камянецкі раён Брэсцкай вобл. 1920-я г.
Да арт. Разьба мастацкая. Самшытавы грэбень. З раскопак Мінскага замчышча. 13 ст.

т. 13, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ў у Санкт-Пецярбург у. Засн. ў 1925 як Ленінградскі цэнтр. гіст. архіў на базе ленінградскіх секцый Цэнтр. архіва РСФСР, створанага ў 1922 (секцыі як часткі Адзінага дзярж. архіўнага фонду ствараліся з 1918). У 1929 Маскоўскі і Ленінградскі цэнтр. гіст. архівы аб’яднаны ў Цэнтр. гіст. архіў. У 1934 на яго базе створаны 4 архівы: нар. гаспадаркі, унутр. палітыкі, культуры і побыту, з 1936 наз. цэнтральнымі. У 1941 на іх базе створаны Цэнтр. дзярж. гіст. архіў у Ленінградзе, з 1961 Цэнтр. дзярж. гіст. архіў СССР, з 1992 сучасная назва. 1367 фондаў, 6 571 911 адзінак захоўвання за 1703—1918 (асобныя дакументы з 1218 і да 1986). Захоўвае фонды вышэйшых і цэнтр. органаў дзярж. улады і кіравання Расіі з 19 ст. да 1917 (акрамя фондаў арміі, флоту і МЗС), грамадскіх арг-цый, устаноў і прыватных асоб дарэв. Расіі, у т. л. Дзярж. савета (1810—1917) і яго дэпартаментаў, Дзярж. думы (1905—17); Гал. к-та па сял. справе (1858—61), Кабінета Міністраў (1802—1906) і Савета Міністраў (1857—82, 1905—17), Кадыфікацыйнага аддзела Дзярж. савета, Аддзялення збору законаў Дзярж. канцылярыі і інш. Найбуйнейшымі з’яўляюцца комплекс фондаў з б. Архіва Урадавага Сената (1711—1917) і фонды Сінода (1721—1918); ёсць калекцыі рукапісных кніг 14 — пач. 20 ст., карт, буд. планаў і фотаздымкаў. Зберагае фонды Дзярж. кантролю, амаль усіх мін-ваў і гал. упраўленняў Рас. імперыі 19 — пач. 20 ст., падначаленых ім устаноў, у т. л. К-та Зах. губерняў 1831—48, пазаміністэрскіх і міжведамасных устаноў; дакументы прыватных акц. суполак, гандл.-прамысл. т-ваў і банкаў, чыг., параходных і страхавых кампаній, навук., культ.-асв. і маст. устаноў. Захоўвае асабістыя фонды значных дваранскіх родаў (Валконскіх, Вяземскіх, Далгарукіх, Дашкавых, Зубавых, Корфаў, Паніных, Талстых і інш.), дзярж. дзеячаў С.​Ю.​Вітэ, П.​А.​Сталыпіна і інш., гісторыкаў М.​М.​Карамзіна, М.​П.​Паўлава-Сільванскага, М.​П.​Пагодзіна і інш. Гісторыя правасл. і уніяцкай царквы на Беларусі адлюстравана ў фондах Сінода і Канцылярыі уніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі, каталіцкай царквы — Бел.-Літ. духоўнай калегіі Сінода, канцылярыі Магілёўскага рымска-каталіцкага мітрапаліта. Развіццё бел. л-ры асвятляюць дакументы пра газ. «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша ніва», «Минский листок», «Северо-Западный край», час. «Гомон», выд-ва «Грамада», пра рэв. дзейнасць А.​Гурыновіча і забарону цэнзурай выданняў твораў Ф.​Багушэвіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, А.​Рыпінскага, Я Купалы; пра жыццё і дзейнасць Я.​Карскага. Зберагаюцца дакументы пра ахову бел. помнікаў старажытнасці, апісанні бел. гарадоў і інш.

Літ.:

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 152—157;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

т. 13, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНІЯ ВЯКІ, сярэдневякоўе, сярэднявечча,

назва эпохі паміж старажытнасцю (антычнасцю) і Адраджэннем. Уведзена ва ўжытак італьян. гуманістамі 15—16 ст., якія імкнуліся супрацьпаставіць свой час папярэднім стагоддзям, што трактаваліся імі як перыяд заняпаду культуры. У адрозненне ад «цёмнай», «варварскай» эпохі, што настала пасля росквіту культуры ў класічнай старажытнасці (Грэцыя і Рым), новыя часы лічыліся перыядам адраджэння антычнасці. У паняцце «С.в.» ўкладваўся адмоўны сэнс. Пасля таго, як у 1685 ням. гісторык Х.​Келарыус (Келер) выдаў падручнік па універсальнай гісторыі, у якім падзяліў мінулае на старажытнасць, С.в. і новы час, 3-членная схема перыядызацыі і тэрмін «С.в.» трывала ўвайшлі ў гістарыяграфію. У 18 ст. аформілася асобная гіст. дысцыпліна, што вывучае С.в. — медыявістыка.

У еўрап. гуманістыцы лічыцца, што ў вузкім значэнні слова паняцце «С.в.» тычыцца толькі тых тэрыторый, якія зведалі Адраджэнне (г.зн. уласна Еўропы), а ў дачыненні да іншых гаварыць пра С.в. можна толькі ўмоўна. Храналагічныя межы эпохі вызначаюцца па-рознаму. Звычайна яе пачынаюць ад канца 4—5 ст. (у франц. гістарыяграфіі ад 395 — года смерці імператара Феадосія Вялікага, у нямецкай — ад 476 — краху Зах. Рымскай імперыі), а завяршаюць сярэдзінай 15 — пач. 16 ст. (1453 — крах Візантыйскай імперыі, 1492 — адкрыццё Амерыкі, 1517 — выступленне М.​Лютэра і інш.). У межах гэтай эпохі вылучаюць 3 падэпохі: раннія С.в. (канец 4—11 ст.), высокія С.в. (11—1-я пал. 13 ст.) і познія С.в. (2-я пал. 13 — пач. 16 ст.). У сучаснай зах. гістарыяграфіі прызнаецца, што паміж С.в. і новым часам існавала пераходная эпоха — прыкладна паміж 1450 і 1550. У бел. падручніках па гісторыі ў адпаведнасці з «Праграмай па гісторыі для базавых агульнаадукацыйных школ» (1996) прынята траічная схема перыядызацыі з такімі ж храналагічнымі межамі, як у Зах. Еўропе. Аднак правамернасць вызначэння межаў С.в. як 5—15 ст. ў дачыненні да гісторыі Беларусі аспрэчваецца ў навук. л-ры.

Асн. прыкметамі С.в. прынята лічыць існаванне васальна-леннай сістэмы (гл. Васалітэт) і феадалізму як асаблівага тыпу грамадскага ладу. Эпоху характарызавалі панаванне натуральнай гаспадаркі і падзеленасць свету на мноства малых, практычна аўтаномных гасп. рэгіёнаў, а таксама поўная перавага рэліг. светапогляду. Паколькі ў гаспадарцы, формах грамадскага жыцця і асабліва ў менталітэце С.в. вызначалі еўрап. культуру і пасля 16 ст., прадстаўнікі «школы «Аналаў» увялі канцэпцыю «працяглага сярэдневякоўя», згодна з якой С.в. доўжыліся да 18—19 ст.

Літ.:

Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада: Пер. с фр. М., 1992;

Сагановіч Г. У пошуках Сярэднявечча // Бел. гіст. агляд. 1997. Сш. 1—2;

Dinzelbacher R. Sachwörterbuch der Mediávistjk. Stuttgart, 1992;

Sauer H. Mittelalter // Leksikon des Mittelalters. Berlin. 1993. Bd. 6;

Goetz H.-W. Moderne Mediavistik: Stand und Perspektiven der Mittelalterschung. Darmstadt, 1999.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 15, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́НСПАРТ (ад лац. transporto пераношу, перамяшчаю, перавожу),

галіна вытв-сці, якая ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў. Адрозніваюць Т. наземны (аўтамабільны транспарт, трубаправодны транспарт, чыгуначны транспарт), водны (марскі транспарт, рачны транспарт), паветраны транспарт (гл. таксама Грамадзянская авіяцыя). Падзяляецца на Т. агульнага карыстання, які абслугоўвае галіны эканомікі і насельніцтва, і неагульнага карыстання — ведамасны Т., прамысловы транспарт. Адрозніваюць Т. пасажырскі, грузавы (гл. Грузавыя перавозкі), асабістага карыстання (легкавыя аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, лодкі, яхты і інш.).

Прымітыўнымі сродкамі Т. (павозкі, веславыя судны, уючныя жывёліны і інш.) карысталіся яшчэ ў стараж. часы. Т. агульнага карыстання вылучыўся ў асобную галіну вытв-сці ў перыяд прамысл. перавароту ў Зах. Еўропе (1860-я г.). Да сярэдзіны 19 ст. чыг. лініі агульнага карыстання будаваліся ва ўсіх краінах Еўропы і ў ЗША. У пач. 20 ст. сусв. чыг. сетка складала больш за 1100 тыс. км. Хутка развівалася марское і рачное суднаходства, аўтамаб. Т., у 1920-я г. з’явіўся паветраны Т.

На Беларусі першая чыгунка, якая злучыла Парэчча з Гродна (участак дарогі Пецярбург—Варшава) здадзена ў 1862, у 1866 пачаўся рух на ўчастку Бігосава—Віцебск (Дынабургска-Віцебская чыгунка), у 1874 — Вілейка—Гомель (Лібава-Роменская чыгунка) і інш. У 1913 працягласць чыгункі складала 3,8 тыс. км, аўтамаб. дарог — 3,5 тыс. км. Першая транспартная авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр пачала дзейнічаць у 1933. Развіццё трубаправоднага Т. пачалося з 1960, калі ўведзены ў дзеянне газаправод Дашава—Мінск. У 2001 трансп. сістэма Беларусі складалася з 5533 км чыг. ліній агульнага карыстання, у т. л. 894 км электрыфікаваных, 74,4 тыс. км аўтамаб. дарог (66,3 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), 99,1 км трамвайных, 466,6 км тралейбусных, 23,7 км метрапалітэнных ліній, 6,7 тыс. км магістральных газаправодаў, 2,9 тыс. км нафтаправодаў, 1,2 тыс. нафтапрадуктаправодаў, сотні тэхнічна аснашчаных чыг. станцый, аўтавакзалаў і інш. У структуры валавога ўнутр. прадукту на Т. прыпадала 9,5% (асн. паказчыкі развіцця транспарту агульнага карыстання Беларусі гл. ў табл.). Гл. таксама раздзел Транспарт у арт. Беларусь.

Грузавыя і пасажырскія перавозкі асобнымі відамі транспарту Беларусі
Від транспарту 1985 1990 1995 2001
Грузаабарот, млн. ткм
Чыгуначны 73 243 75 430 25 510 29 726,5
Аўтамабільны 17 737 22 361 9 539 8 712,6
Рачны 2 242 1 805 133 *
Паветраны 44 38 60 28,4
Трубаправодны * — — 53 864,1
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км
Чыгуначны 13 761 16 852 12 505 15 263,9
Аўтамабільны
(аўтобусны)
16 349 19 787 9 308 9 493,4
Рачны 46 30 2 1,9
Паветраны 3 311 5 510 1 228 546,2
Тралейбусны * — 1 723 2 651,6
Трамвайны * — 407 543,3
Метрапалітэнны * — 688 1 775,3

* звесткі не публікаваліся

т. 15, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЗДЗЕНСКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтр. частцы Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966 (у сучасных межах з 1937). Пл. 1,2 тыс. км². Нас. 26,8 тыс. чал. (2002), гарадскога 35,8%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Узда. Раён уключае 202 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Азерскі, Камянкоўскі, Лашанскі, Ліцвянскі, Нёманскі, Сямёнавіцкі, Уздзенскі, Хатлянскі, Цепленскі, Цялякаўскі.

Тэр. раёна ў межах Стаўбцоўскай раўніны і адгор’яў Мінскага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, на паўн. ускраіне — буйнаўзгорыстая. Пераважаюць выш. 160—180 м (80%), больш за 180 м (20%). Найвыш. пункт 219 м (на Пд ад в. Возера). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 619 мм за год. Вегетац. перыяд 190 сут. Найб. р. Нёман (у вытоках Нёманец) з прытокамі Уса з Ператуццю і Уздзянкай, Лоша; на У раёна р. Шаць (прыток Пцічы). Вадасх. Лашанскае. Пераважаюць глебы с-г угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (68,9%) і тарфяна-балотныя (22,5%). Пад лесам 39% плошчы. Найб. лясны масіў Лашанская дача. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, трапляюцца асінавыя, грабавыя, ясянёвыя лясы, дубровы і інш. Пад балотамі 1,6% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Лашанскі торфамасіў, Алёхаўка, Арэхаўскі Мох (частка). Ахоўныя тарфянікі: Данілавіцкае балота, вярхоўе р. Лоша, Падгаць, у пойме р. Уздзянка, Маеўшчына, Падсенажаткі, Занёманец, Малееўшчына, Сокал, Язвіна. Помнік прыроды рэсп. значэння — валуны каля в. Камяное.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 59,5 тыс. га, з іх асушаных 21,9 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, падсобныя гаспадаркі «Слабодка», мінскіх з-даў імя Вавілава, «Інтэграл», насенняводчыя эксперым. базы імя Суворава і ім Катоўскага, 15 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, насенняводстве бульбы, вырошчванні збожжа, кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: швейнай (спецвопратка, бялізна), абутковай, харч. (малочныя вырабы, чыпсы); лясгас (піламатэрыялы, нарыхтоўка драўніны, збор жывіцы). Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі: Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Узда—Капыль, Мар’іна Горка—Узда—Стоўбцы. У раёне 14 сярэдніх, 4 базавыя, 7 пач. школ, санаторная школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, ПТВ, 20 дашкольных устаноў, 29 клубаў, 32 б-кі, 3 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Возера, царква (19 ст.) у в. Забалацце, сядзіба (19 ст.) у в. Наднёман, капліца-пахавальня (у сярэдзіне 16 ст. пабудавана як кальвінскі збор, у 17 ст. касцёл, у канцы 18 ст. капліца-пахавальня) і Кухціцкая сядзіба ў пас. Першамайск, Богаяўленская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Хатляны. Выдаецца газ. «Чырвоная зорка».

А.​М.​Папко.

т. 16, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТРАМ, Беларускі дзяржаўны цэнтральны тэатр рабочай моладзі. Існаваў у Мінску ў 1929—37 (з 1934 прафес.). Створаны з «трупы забаўнікаў» (арганізавана ў 1928 з драм. гуртка клуба «КІМ»). Спачатку існаваў як трам-ядро. У вер. 1929 ператвораны ў т-р. Узначальваў яго П.​Шамшур, рэж. Б.​Дольскі, муз. часткай кіраваў І.​Любан. Арыентаваўся на трамы Ленінграда і Масквы. Праводзіў маст.-прапагандысцкую работу ў горадзе і на вёсцы. На матэрыялах агітац. паездак т-ра зроблены інсцэніроўкі «Як Мікіта і Панас працаваць ішлі ў калгас», «Плёткафон» (1930). Першыя спектаклі т-ра — тыпова трамаўскія сінтэтычныя відовішчы з музыкай, песнямі і танцамі, фізкультурнымі практыкаваннямі, масавымі сцэнамі на будоўлі і камсамольскім гуляннем, кантактамі паміж сцэнай і глядзельнай залай. Яны вызначаліся надзённасцю, жыццярадаснасцю, гал. дзейнай асобай іх быў камсамольскі калектыў: «Першы штандар» (1930, напісана трамаўскімі аўтарамі А.​Есаковым, У.​Стэльмахам, Шамшурам, М.​Юдэлевічам), «Трывога» Ф.​Кнорэ (1931) і «Новы горад» І.​Гурскага (1932, рэж. усіх Дольскі). У 1933 у сувязі з агульнай рэарганізацыяй трамаў па краіне пачалася перабудова і Бел. трама. Вясной 1934 з мэтай авалодання асновамі акцёрскага мастацтва для т-ра арганізаваны курсы пры Ленінградскім тэатр. тэхнікуме (педагог У.​Салаўёў), дзе падрыхтаваны спектакль «Тарцюф» Мальера. У 1934 т-р узначаліў М.​Зораў, пад кіраўніцтвам якога калектыў стаў на шлях прафес. развіцця. Трам адмовіўся ад уласцівага яму агітац.-публіцыст. стылю і быў пераўтвораны ў маладзёжны т-р звычайнага тыпу. У спектаклях удзельнічалі акцёры М.​Зораў, К.​Міронава і П.​Малчанаў. З лепшых пастановак: «Працяг будзе» А.​Бруштэйн, «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (абодва 1935), «Музыканцкая каманда» Д.​Дэля (1936), «Дон Жуан» («Севільскі спакуснік») Тырса дэ Маліны (1937). У 1937 т-р расфарміраваны, яго акцёры папоўнілі інш. тэатр. калектывы рэспублікі, у т. л. БДТ-1, Т-р юнага гледача БССР. У т-ры ў розны час працавалі акцёры Б.​Аляксеенка, А.​Бараноўскі, Л.​Баброў, В.​Брайчэўская, М.​Васілеўскі, В.​Вашкевіч, В.​Гапеенка, С.​Глікман, Б.​Дакальская, Р.​Драздоў, Л.​Жукава, Я.​Краўчанка, Б.​Кудраўцаў, Г.​Лаўроў, В.​Лерман, Л.​Міхайлаў, М.​Міхайлаў, Ф.​Мяфёдаў, У.​Палцеўскі, У.​Скакун, У.​Стэльмах, С.​Фрыд, Г.​Ціханоўскі, Л.​Яноўская і інш.; рэжысёр Ю.​Палічынецкі, мастак А.​Марыкс, дырыжор В.​Белкін. У стварэнні спектакляў прымалі ўдзел рэжысёры Г.​Ферман і В.​Галаўчынер, мастакі І.​Ахрэмчык і З.​Азгур, балетмайстры К.​Алексютовіч і Л.​Крамарэўскі, кампазітары М.​Іваноў, М.​Красеў, Я.​Цікоцкі.

Літ.:

Аляхновіч М., Стэльмах У. Беларускі дзяржаўны тэатр рабочай моладзі // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;

Пятровіч С.А. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 18, кн. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУРГІЯ

Даследаванні ў галіне тэорыі і тэхналогіі металургічных працэсаў пачаліся ў 1984 з пускам Бел. металургічнага з-да (БМЗ) у г. Жлобін Гомельскай вобл. Праводзяцца ў Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, Бел. нац. тэхн. ун-це і на БМЗ. Заснавальнік гэтага кірунку бел. навук. школы — У.​І.​Цімашпольскі. Уклад у распрацоўку металург. тэматыкі зрабілі акадэмікі Нац. АН Беларусі Г.​А.​Анісовіч, А.​В.​Сцепаненка, Я.​І.​Маруковіч і інш.

Вытв-сць бел. сталі пачалася ў 1984 выпускам першай плаўкі 14 кастр., а 4 ліст. на дробнагатункова-драцяным стане 320/150 атрыманы першы пракат — катанка дыяметрам 9 мм. Першая чарга БМЗ уключала электрасталеплавільны цэх з дзвюма 100-тоннымі электрадугавымі печамі з магутнасцю трансфарматараў 75 МВА, дзве 6-ручаёвыя ўстаноўкі бесперапыннага ліцця загатовак сячэннем 125×125 мм і пракатнага стана 320/150 для вытв-сці дробнагатунковага пракату катанкі. У працэсе асваення 1-й чаргі з-да выкананы н.-д. работы па ўдасканаленні працэсаў зацвердзявання і награвання металу, дасягнуты высокія паказчыкі работы печы стана 320/150, якія не маюць аналагаў у свеце.

У 1988 створана галіновая н.-д. лабараторыя праблем металургічнай вытв-сці пры БМЗ і БПІ (цяпер Бел. нац. тэхн. ун-т), кіраўнік — У.​І.​Цімашпольскі. Спецыялістамі лабараторыі выкананы даследаванні па асваенні новага марачнага саставу сталей і абсталявання, інтэнсіфікацыі і ўдасканальванні тэхнал. працэсаў выплаўкі, пазапячной апрацоўкі, бесперапыннай разліўкі, награвання і пракаткі сталей, павышэнні якасці і стварэнні канкурэнтаздольнай прадукцыі. У 1987 пушчана другая чарга БМЗ: новы электрасталеплавільны комплекс, абціскальна-загатовачны стан 850 агульнай прадукцыйнасцю 550 тыс. т за год. У 1991 пачала працаваць трэцяя чарга для вытв-сці металакорду, пабудавана звышмагутная 100-тонная дугавая сталеплавільная печ для вытв-сці высокавугляродзістых марак сталі. У 1998—2000 стан 320/150 падзелены на бесперапынны дробнагатунковы стан 320 для вытв-сці гатунковага пракату (пераважна буд. арматуры) і бесперапынны драцяны стан 150 для вытв-сці высокавугляродзістай катанкі з наступнай перапрацоўкай у металакорд. БМЗ з агульным аб’ёмам вытв-сці каля 2 млн. т за год (на 1.1.2004) — буйнейшы пастаўшчык высакаякаснай металапрадукцыі на еўрапейскім і сусв. рынку чорных металаў. Распрацаваны новыя канструкцыі дугавых сталеплавільных печаў і машын бесперапыннай разліўкі сталі, удасканалены і аптымізаваны рэжымы высокатэмпературных цепла-тэхнал. установак, рэсурсазберагальныя рэжымы пры вытв-сці кордавых марак сталей. Наладжаны выпуск сталі 50 ХГФА для вытв-сці рысорнай паласы, высокавугляродзістых марак для вытв-сці спец. відаў дроту, шарыкападшыпнікавай сталі ШХ15, ШХ15СГ, новых відаў металакорду, спец. відаў арматурных профіляў.

Літ.:

Теплотехнология металлургических мини-заводов. Мн., 1992;

Тимошпольский В.И. Тепло-технологические основы металлургических процессов и агрегатов высшего технического уровня. Мн., 1995;

Стальной слиток. Т. 1—3. Мн., 2000—01;

Теоретические и технологические основы высокоскоростной прокатки катанки. Мн., 2003.

У.​І.​Цімашпольскі, Я.​І.​Маруковіч.

т. 18, кн. 2, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА,

1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.

2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.

Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).

Пытанні эстэтыкі візант. рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.​Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.​Гіберці («Каментарыі»), Л.​Б.​Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.​Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.​Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.​Віньёла, Д.​Барбара, С.​Сермо, А.​Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.​Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.​Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.​П.​Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.​Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.​Феліб’ен, архітэктуру — Ф.​Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.​Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.​Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.​Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.​Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.​Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.​Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.​Феліб’ена, К.​Ф.​Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.​Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.​Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.​Дзідро зарадзілася прафес. маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.​Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.​Канта, Ф.​Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.​Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.​Меерам (Германія) і А.​К.​Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.​Констэбл (Англія), Э.​Дэлакруа, Ш.​Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.​Куглер, К.​Шназе, А.​Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.​Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.​Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш.). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.​Яропкін, І.​Корабаў, М.​Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.​Урванаў, П.​Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.​Акімава, П.​Свіньіна, І.​Снегірова, А.​Вастокава, А.​Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.​Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.​Айналаў, Н.​Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.​Бенуа, І.​Цвятаеў, Б.​Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.​Алпатаў, Н.​Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.​Колпінскі, В.​Лазараў, Г.​Недашывін, В.​Палявой, Г.​Вагнер, Б.​Рыбакоў, Дз.​Сараб’янаў, А.​Фёдараў-Давыдаў, У.​Стасаў, У.​Фаворскі і інш. Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.​Апалінэр, А.​Англіўель дэ Ла Бамель, Т.​Бюрале, Д.​Габары (Францыя), Ф.​Вікгоф і М.​Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.​Баларын. Л.​Белозі (Італія), Я.​Беластоцкі (Польшча), Я.​Гамолка (Чэхія), Э.​Панофскі (ЗША), Э.​Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.​Малевіч (Расія), У.​Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.​Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.​Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.​Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.​Гомбрых), псіхааналіз (Э.​Крыс).

На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.​Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.​Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.​Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.​Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.​Ромер (вывучаў бел. нар. дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.​Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час. «Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.​Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.​Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.​Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.​Шлюбскі і І.​Фурман, пра гравюры С.​Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.​Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г. — газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.​Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.​Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел. выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш. Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.​Аладава, М.​Арлова, А.​Воінаў, Н.​Высоцкая, В.​Гаўрылаў, П.​Герасімовіч, Л.​Дробаў, І.​Елатомцава, В.​Жук, Ю.​Карачун, М.​Кацар, А.​Лявонава, А.​Лакотка, П.​Масленікаў, М.​Нікалаеў, М.​Раманюк, Я.​Сахута, А.​Сурскі, У.​Чантурыя, В.​Церашчатава, Т.​Чарняўская, Р.​Шаура, В.​Шматаў, Ю.​Якімовіч, М.​Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.​Атраховіч, М.​Баразна, В.​Буйвал, Л.​Вакар, П.​Васілеўскі, Э.​Вецер, Т.​Габрусь, Т.​Гаранская, В.​Гаршкавоз, М.​Гугнін, В.​Каваленка, П.​Карнач, Б.​Крэпак, А.​Кулагін, В.​Лабачэўская, Б.​Лазука, Л.​Лапцэвіч, Л.​Налівайка, Э.​Петэрсон, І.​Паньшына, А.​Пікулік, У.​Пракапцоў, Э.​Пугачова, У.​Рынкевіч, Г.​Сакалоў-Кубай, Л.​Салавей, А.​Сяліцкі, В.​Трыгубовіч, Н.​Трыфанава, Л.​Фінкельштэйн, М.​Цыбульскі, М.​Шамшур, А.​Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час. «Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.

Літ.:

Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр. М., 1995;

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 10, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)