ВА́ЙНРУБ (Мацей Рыгоравіч) (н. 2.5.1910, г. Барысаў),

Герой Сав. Саюза (1945). Ген.-лейт. танк. Войск (1968). Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу (1931), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941), Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1929. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Сталінградскім, 3-м Укр., 1-м Бел. франтах: нач. разведкі дывізіі, камандзір танк. палка, нам. камандуючага войскамі 62-й (з 1943 — 8-й гвардз.) арміі. Удзельнік абароны Сталінграда. Вызначыўся ў студз. 1945 у час прарыву ўмацаванай паласы абароны ворага на левым беразе Віслы на Пд ад Варшавы. Да 1970 у Сав. Арміі.

М.Р.Вайнруб.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙТО́ВІЧ (Аляксандр Паўлавіч) (н. 5.1.1938, в. Рачкевічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р фізіка-матэм. н. (1979), праф. (1985). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це фізікі, з 1993 дырэктар Ін-та малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па лазернай фізіцы і оптыцы. Развіў магнітаоптыку газавых лазераў, распрацаваў прынцыпы палярызацыйнай лазернай спектраскапіі і нелінейнай дынамікі лазераў, прапанаваў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі і селекцыі частот лазернага выпрамянення.

Тв.:

Магнитооптика газовых лазеров. Мн., 1984;

Лазеры с анизотропными резонаторами (разам з В.​М.​Северыкавым). Мн., 1988.

А.П.Вайтовіч.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДА́Р ГЛЕ́БАВІЧ,

князь менскі, магчыма, і гарадзецкі. Сын менскага кн. Глеба Усяславіча. Працягваў барацьбу менскіх князёў за ўстанаўленне дамінуючага становішча Менска ў Полацкай зямлі. У 1158 (паводле інш. крыніц у 1159) выступіў з братамі ў паход супраць полацкага кн. Рагвалода Барысавіча. У 1161 (1162) знаходзіўся ў Гарадцы (месцазнаходжанне не высветлена), разам з Літвою разбіў войска Рагвалода. У 1167 выступіў супраць полацкага кн. Усяслава Васількавіча і заняў полацкі трон, заключыўшы дагавор з вечам. Затым накіраваўся ў Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але, даведаўшыся, што на дапамогу віцябчанам ідзе смаленскі кн. Раман, вярнуўся ў свае землі.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́ЙКА (Вера Фамінічна) (11.9.1907, в. Бераставічаны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.11.1984),

удзельніца рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1930 чл. Бераставіцкага райкома, з 1931 інструктар Беластоцкага акр. к-та, з 1932 — ваен. аддзела ЦК КПЗБ. У 1936—38 чл. Гродзенскага акр. к-та КПЗБ. Няраз была арыштавана польск. ўладамі і зняволена ў турму. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР у вер.снеж. 1939 старшыня Часовага выканкома на радзіме. У 1940—57 на сав., парт. і гасп. рабоце ў Пінску. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

В.​П.​Ласковіч.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІУ́РЫ, змеяхвосткі (Ophiuroidea),

клас ігласкурых. 2 атрады: афіуры скураныя (Euryalae) і афіуры сучасныя (Ophiurae). Каля 2 тыс. відаў. Вядомы з ардовіку. Жывуць усюды на дне акіянаў і мораў ад літаралі да глыб. 8000 м. Найб. вядомыя афіура Сарса (Ophiura sarsi), афіура галава гаргоны (Gorgonocephalus caryi), афіура калючая змеяхвостка (Ophiopholis aculeata).

Даўж. з прамянямі ад некалькіх мм да 0,5 м. Цела дыскападобнае, дыяметрам да 10 см з 5 (радзей 10) гнуткімі доўгімі прамянямі. Большасць раздзельнаполыя. У некаторых афіур маляўкі выношваюцца ў вывадкавых сумках — бурсах. Усёедныя. Зрэдку ўтвараюць вял. скопішчы.

Афіуры: 1 — Сарса; 2 — галава гаргоны.

т. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭ́НКА ЗЯМЕ́ЛЬ,

устанаўленне параўнальнай вытворчай здольнасці зямель па асн. прыродных фактарах іх урадлівасці (гл. Баніціроўка), а таксама па паказчыках эканам. эфектыўнасці іх выкарыстання, адноснай прыбытковасці; адзін з этапаў зямельна-кадастравых работ. Ацэнцы падлягаюць ворная зямля, шматгадовыя насаджэнні, сенажаці і пашы. У працэсе ацэнкі зямель распрацоўваюцца ацэначныя шкалы па групах глебаў з блізкімі вытв. ўласцівасцямі. На іх аснове разлічваюцца паказчыкі ацэнкі па гаспадарках і адм. адзінках. Ва ўмовах рыначнай эканомікі ацэнка зямель праводзіцца пераважна з мэтай дыферэнцыяцыі зямельных падаткаў; мае вырашальны ўплыў на цану зямлі і арэндную плату. Падлягае перыядычнаму ўдакладненню і абнаўленню.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБО́ЎНЯ,

вёска ў Беларусі, у Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнЗ ад г. Капыль, 120 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Цімкавічы, на скрыжаванні аўтадарог Капыль—Узда і Асіповічы—Баранавічы. 491 ж., 173 двары (1995). Пачатковая школа, бальніца, аддз. сувязі.

Вядома з 17 ст., калі вёсцы нададзены правы мястэчка і штотыднёвых кірмашоў. У 1769—1806 працавала Бабаўнянская суконная мануфактура. На пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав., 196 ж, у аднайменным маёнтку 407 ж, вінакурны з. З 1924 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ЎСКІ (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 1.4.1936, Мінск),

бел. філосаф, палітолаг. Д-р філас. н. (1987), праф. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1959). Працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1989 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1993 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе праблемы сучаснай зах. філасофіі, паліталогіі, тэорыі міжнар. адносін, сац. прагназавання і фарміравання асобы.

Тв.:

Проблемы «массовой культуры» и массовых коммуникаций. Мн., 1972 (разам з Г.​П.​Давідзюком);

Личность и социальное прогнозирование. Мн., 1977;

Проблемы внешнеполитической доктрины Республики Беларусь как самостоятельного независимого государства // Восточная Европа: политический и социокультурный выбор. Мн., 1994.

т. 2, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ДЫС ((Balodis) Карл) (20.6.1864, Білсцінёс, Латвія — 13.1.1931),

латышскі вучоны-эканаміст і статыстык. Вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1884—87), у Германіі (1895—99). З 1905 праф. Берлінскага ун-та. Апублікаваў працы «Смяротнасць, узроставы склад і даўгавечнасць праваслаўнага народанасельніцтва абодвух полаў у Расіі за 1851—1890 гг.» (1897, разам з Л.​Бесер), «Дзяржава будучага» (1898). У апошняй з дапамогай статыстыкі імкнуўся даказаць магчымасць пабудовы сацыяліст. грамадства ў Германіі мірным (нерэвалюцыйным) шляхам. У 1-ю сусв. вайну саветнік ваен. мін-ва Германіі, па заданні якога распрацаваў сістэму харч. картак. У 1919 вярнуўся ў Латвію, праф. Рыжскага ун-та.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬФУР ((Balfour) Артур Джэймс) (25.7.1848, Уітынджэм, Шатландыя — 19.3.1930),

англійскі дзярж. дзеяч, лорд з 1922, адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі. З 1874 чл. парламента. У 1877—91 міністр па справах Ірландыі, у 1891—92 і ў 1895—1902 міністр фінансаў. У 1902—05 прэм’ер-міністр. Урад Бальфура заключыў Англа-французскае пагадненне 1904, якое стала асновай Антанты. У 1915—16 марскі міністр, у 1916—19 міністр замежных спраў. Аўтар т.зв. дэкларацыі Бальфура (1917) аб стварэнні ў Палесціне яўр. нац. асяродка. У 1910—22 і 1925—29 уваходзіў у склад урада. Узначальваў англ. дэлегацыю на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)