БАЯ́РЫ,

1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.

2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.

3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.

4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.

5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯМЕХА́НІКА (ад бія... + механіка),

1) раздзел біяфізікі, які вывучае мех. працэсы ў тканках, органах і арганізме, а таксама механізмы біял. рухомасці, у т. л. скарачэнне шкілетных мышцаў.

Першыя працы па біямеханіцы вядомы з 16 ст. (Леанарда да Вінчы). У 17 ст. з’явіліся спробы растлумачыць законамі механікі ўсе формы рухаў жывёл, у т. л. мышачныя скарачэнні і страваванне (італьян. вучоны Дж.​Барэлі). У Расіі заснавальнікі біямеханікі — І.М.Сечанаў і П.​Ф.​Лесгафт (працы па класіфікацыі рухаў чалавека, структуры апорна-рухальнага апарату). Метады рэгістрацыі і аналізу прапанаваны М.​А.​Бернштэйнам (1941).

На Беларусі даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.​Дз.​Геўліч, Г.​Ф.​Палянскі, С.​М.​Уласенка). Распрацаваны асобныя пытанні біямеханікі рухальнага апарату, напр. залежнасць будовы і функцыі суставаў ад сілы вонкавых і ўнутр. уздзеянняў, біямеханіка дыхальнага апарату і інш. Гал. галіны прыкладнога выкарыстання дасягненняў біямеханікі: рацыяналізацыя працоўнай дзейнасці, спорт, ваенная і клінічная медыцына (асабліва траўматалогія і артапедыя), стварэнне аўтаматаў-маніпулятараў і робатаў, канструяванне заменнікаў органаў руху — біякіравальных пратэзаў і інш.

2) У тэатры — сістэма трэнажу акцёра. Уведзена У.Меерхольдам як эксперыментальны пед. метад для дасягнення акцёрам дасканалага, віртуознага валодання сваім целам, рухамі.

Меерхольд лічыў, што творчасць акцёра — творчасць пластычных формаў у прасторы, і таму ён павінен умець арганізаваць і дакладна выкарыстоўваць выразныя сродкі свайго цела. Дапаможныя прадметы да асн. курса біямеханікі — фізкультура, акрабатыка, танец, рытміка, бокс, фехтаванне. Як спец. прадмет выкладалася ў Бел. драм. студыі ў Маскве (1921—26). Элементы сістэмы біямеханікі ў працы з акцёрамі пры пастаноўцы спектакляў у т-рах Беларусі выкарыстоўвалі рэжысёры М.​Кавязін, В.​Фёдараў, Н.​Лойтар, В.​Пацехін і інш.

Літ.:

Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ. М., 1970;

Бернштейн Н.А. Физиология движений и активность. М., 1990;

Обысов А.С. Надежность биологических тканей. М., 1971.

Г.​К.​Ільіч, А.​В.​Сабалеўскі.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎСКІ РАЁН,

на Пн Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 38 тыс. чал. (1995), гарадскога 24%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Воранава; г.п. Радунь, 338 сельскіх нас. пунктаў. 13 сельсаветаў: Бастунскі, Беняконскі, Больцішскі, Гіркаўскі, Доцішскі, Жырмунскі, Забалацкі, Канвелішскі, Місявіцкі, Нацкі, Пагародзенскі, Паляцкішскі, Пераганцаўскі.

Раён размешчаны ў межах Лідскай раўніны. Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—180 м, найвышэйшы пункт 215 м (каля в. Тракелі). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -5,8 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі Жыжма, Дзітва (з прытокам Радунька) — правыя прытокі Нёмана. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 26% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы; у далінах рэк участкі з бярозы і вольхі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 86,3 тыс. га, з іх асушана 23,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Ліда — г.п. Воранава — Вільнюс, аўтадарога Гродна — г.п. Радунь — Вільнюс і інш. У раёне 13 сярэдніх, 17 базавых, 16 пач. школ, ПТВ-190, 2 школы-інтэрнаты, спарт. і 6 муз. школ, 22 дашкольныя ўстановы, 42 клубы, 48 б-к, 36 бальнічных устаноў. Помнікі архітэктуры: касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—06) у в. Беняконі, парк 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі, Гайцюнішскі дом-крэпасць і Гайцюнішская капліца, парк канца 18 ст. ў в. Гародна, касцёл (1789) у в. Жырмуны, Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12) у в. Забалаць, касцёл Сэрца Ісуса (1916) у в. Канвелішкі. Выдаецца газ. «Воранаўская газета».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГАЛО́ГІЯ (ад алергія + ...логія),

раздзел імуналогіі, навука аб прычынах узнікнення, механізмах развіцця, выяўленні, дыягностыцы і лячэнні алергічных рэакцый і алергічных хвароб. Падзяляецца на клінічную і эксперыментальную алергалогію. Асн. задачы алергалогіі — вывучэнне тыпаў алергічных рэакцый, аўтаалергій і распаўсюджвання розных алергенаў (пылавых, хім., бактэрыяльных і інш.) у навакольным асяроддзі і г.д.

Як навука ўзнікла ў рамках тэарэт. (паталаг. фізіялогія, мікрабіялогія) і клінічных (тэрапія, інфекцыйныя хваробы і інш.) дысцыплін. Першыя працы па алергалогіі з’явіліся на пач. 20 ст. Змену рэактыўнасці арганізма вывучалі франц. фізіёлагі Ш.​Рышэ (увёў паняцце анафілаксія; 1902), М.​Арцюс (упершыню атрымаў мясцовую анафілактычную рэакцыю; 1903), рус. вучоны Г.​П.​Сахараў (прапанаваў класічную мадэль вывучэння анафілаксіі; 1905), аўстр. ўрач К.​Пірке (увёў паняцце алергія, 1906). У Расіі праблему даследавалі В.​І.​Малчанаў, П.​С.​Мядоўнікаў, А.​М.​Бязрэдка і інш.

На Беларусі ў галіне алергалогіі ў 1920—60-я г. працавалі А.​Я.​Пракапчук, І.​І.​Багдановіч, А.​П.​Комаў і інш. (механізмы парушэнняў аўтаімунных працэсаў у арганізме), Я.​Х.​Кацман, А.​С.​Левін (алергічныя змены пры рэўматызме, гельмінтозах), Г.​А.​Калюжын (алергічныя рэакцыі ў дзяцей). Даследаванні па алергалогіі вядуцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, сан.-гігіенічным ін-це, мед. ін-тах. Распрацаваны некаторыя пытанні прафілактыкі і лячэння сываратачнай хваробы і анафілактычнага шоку, анафілаксіі і дэсенсібілізацыі (В.​В.​Касмачэўскі), алергічныя дыягнастычныя рэакцыі для вызначэння цыстыцэркозу галаўнога мозга (І.​П.​Антонаў). У 1970—90-я г. вывучаюцца праблемы алергозаў прыроднага паходжання, бранхіяльнай астмы (Т.​М.​Сукаватых), медыкаментознай алергіі (Ю.​Ф.​Каралёў, С.​А.​Федаровіч), поствакцынальных алергічных энцэфалітаў і полірадыкуланеўрытаў (Д.​А.​Маркаў, А.​Л.​Леановіч), прафес. алергозаў хім. этыялогіі (асабліва звязаных з вытворчасцю шкловалакна, ільновалакна і калійных угнаенняў). Распрацоўваюцца метады алергадыягностыкі і экспертызы алергеннай актыўнасці гаптэнаў.

Літ.:

Адо А.Д. Общая аллергология. 2 изд. М., 1978;

Фрадкин В.А. Аллергены. М., 1978;

Новиков Д.К. Клиническая аллергология: Справ. пособие. Мн., 1991.

т. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КАТАЛІ́ЦКІЯ МІ́СІІ за мяжой.

Створаны пасля 2-й сусв. вайны па ініцыятыве бел. вернікаў з дазволу дзярж. улад тых краін, дзе яны жылі, і Ватыкана. Дзейнічалі ў Германіі (з канца 1940-х да пач. 1950-х г.; кіраўнік айцец Міхась Маскалік), Бельгіі (кіраўнік айцец Францішак Чарняўскі), Францыі (з 1946; кіраўнік айцец Леў Гарошка ў 1947—69, адначасова ў 1960—69 кіраўнік Беларускіх каталіцкіх місій Вялікабрытаніі) і Вялікабрытаніі (з 1947; кіраўнік Ч.​Сіповіч да 1960 і ў 1970—81). З 1982 Беларускія каталіцкія місіі Вялікабрытаніі і Францыі ўзначальвае айцец А.Надсон. Для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў на эміграцыі папа рымскі ўвёў пасаду асобнага Апостальскага візітатара (біскупы Б.​Слосканс з 1952, Сіповіч у 1960—81, У.​Тарасевіч у 1983—86, архімандрыт Надсон з 1986). З канца 1960-х г. (акрамя 1983—86) рэзідэнцыя Апостальскага візітатара знаходзіцца ў памяшканні Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане. Місія ў Вялікабрытаніі супрацоўнічала з Бел. акадэмічным каталіцкім аб’яднаннем «Рунь» (да 1960-х г.), супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі, Англа-бел. навук. т-вам. На сродкі Ватыкана і ахвяраванні вернікаў у Лондане Беларускімі каталіцкімі місіямі куплены і абсталяваны Дом марыянаў (у гонар св. Дзевы Марыі), пры якім створана царква св. Пятра і Паўла, у 1971 адкрыта бел. бібліятэка імя Ф.​Скарыны. Па ініцыятыве Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане дзейнічала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага (1961 — пач. 1970-х г.), у якой выкладалі уніяцкія святары Гарошка, Я.​Германовіч, Надсон, Р.​Тамушанскі, яны ж удзельнічалі ў выданні бел. рэліг.-грамадскага час. «Божым шляхам». Надсон выдае час. «Весьнік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1986).

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларускія каталіцкія місіі за мяжой. Шыльда перад уваходам і інтэр’ер царквы св. Пятра і Паўла пры Доме марыянаў у Лондане.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КУЛЬТУ́РНЫЯ ЗГУРТАВА́ННІ,

грамадскія аб’яднанні беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі. Створаны ў канцы 1980-х г. у Казахстане, Карэліі, Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Вядуць культ.-асв. дзейнасць, накіраваную на захаванне нац. свядомасці і гіст. спадчыны, духоўных скарбаў бел. народа: арганізуюць вывучэнне бел. мовы і гісторыі, вядуць краязнаўча-даследчую работу ў цэнтрах, паяднаных гіст. сувязямі з Беларуссю, і інш. У Літве працуюць 11 (1996) нац. згуртаванняў бел. культуры (Вільнюс, Каўнас, Клайпеда). Бел. клуб «Сябрына» (Вільнюс) і Т-ва бел. культуры даследуюць малавядомыя факты бел. гісторыі і культуры, звязаныя з імёнамі Ф.​Скарыны, К.​Каліноўскага, І.​Луцкевіча, Цёткі, Я.​Купалы. Т-ва выпускае бел. старонку «Пагоня» ў газ. «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы»), на літоўскім радыё і тэлебачанні рыхтуе перадачы для беларусаў. У Вільнюскім пед. ун-це адкрыта аддзяленне бел. філалогіі. У Латвіі створана 7 суполак. Т-ва бел. культуры ў Рызе выпускае бел. газету «Прамень», разам з фондам культуры Латвіі вядзе прапаганду бел. культуры і гісторыі сярод беларусаў і латышоў, падтрымлівае сувязі з землякамі, што жывуць у Латгаліі. Т-вы ў Таліне і Йыхві (усіх у Эстоніі 5) арганізавалі вывучэнне бел. мовы, традыцый, песень, збіраюць б-кі нац. л-ры. Працуюць т-вы бел. культуры ў С.-Пецярбургу (у т. л. суполка мастакоў-беларусаў) і Маскве (у т. л. суполкі студэнтаў і вайскоўцаў-беларусаў, філія «Бацькаўшчына», Маскоўскае т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны, суполка БНФ, т-ва «Расія — Беларусь»). Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць у Арэнбургу, Калінінградзе, Мурманску, Новасібірску, Ніжнім Ноўгарадзе, Петразаводску, Цверы, у Саснагорску (Рэспубліка Комі), у Якуцку [Рэспубліка Саха (Якуція)]. На Украіне створана 10 нац. згуртаванняў бел. культуры (Кіеў, Львоў, Чарнаўцы, Палтава, Ялта і інш.). Т-ва бел. культуры ў Сімферопалі апякуе магілу М.​Багдановіча, займаецца пошукамі этнагр. экспанатаў для бел. экспазіцыі ў Сімферопальскім абл. краязнаўчым музеі. Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць таксама ў Малдове (2) і па аднаму ў Казахстане, Узбекістане, Кыргызстане, Татарстане.

А.​Я.​Емяльянава.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСТАВІ́ЦКІ РАЁН,

на З Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Крынкаўскі, з 1944 Бераставіцкі. Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 21,5 тыс. чал., гарадскога — 33% (1996). Сярэдняя шчыльн. 26 чал./км². Цэнтр раёна — г.п. Вялікая Бераставіца, р.п. Пагранічны, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Алекшыцкі, Канюхоўскі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Пархімаўскі, Эйсмантаўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах паўд. адгалінавання Бел. грады (адгор’і Ваўкавыскага ўзвышша і Гродзенскага ўзвышша) і Верхнянёманскай нізіны. Пераважаюць выш. 160—200 м (найвыш. пункт 212 м на Пн раёна). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 560 мм за год. Вегетац. перыяд 200 дзён. Найб. р. Свіслач з прытокамі Верацейка, Бераставічанка, Уснарка, Одла. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 16% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, дубовыя, грабавыя лясы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,9 тыс. га, з іх асушана 7,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 2 саўгасы і 11 калгасаў. Асн. галіны — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне цукр. буракоў, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, агародніны. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (масласырзавод, спіртзавод), вытв-сць буд. матэрыялаў (цагельны і лесазавод). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Ваўкавыск—Пагранічны (чыг. ст. Бераставіца), аўтадарога Гродна—Пагранічны—Ваўкавыск. У раёне 8 сярэдніх, 6 базавых, муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 ПТВ, 13 дашкольных устаноў, 23 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна Непамука (1850) у в. Вял. Эйсманты, царква (1860) у в. Гарбачы, царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Клепачы, Крыжаўзвіжанскі касцёл канца 18 ст. ў в. Макараўцы, сядзібны дом 18 ст. ў в. Малая Бераставіца, царква Раства Багародзіцы (1796) у в. Масаляны, сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Муравана. Выдаецца раённая «Бераставіцкая газета».

С.​І.​Сідор.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́ТЫЯ (франц. diplomatie),

сукупнасць прыёмаў, форм і метадаў, з дапамогай якіх праводзіцца ў жыццё знешняя палітыка дзяржавы. У паняцце «Д.» ўваходзіць афіц. дзейнасць на міжнар. арэне кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, мін-ваў замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтваў у замежных дзяржавах і пры штабах-кватэрах міжнар. і міжурадавых арг-цый, урадавых дэлегацый на міжнар. канферэнцыях і на сесіях кіруючых органаў міжнар. арг-цый па рэалізацыі знешнепаліт. намаганняў дзяржавы, абароне яе правоў і інтарэсаў, а таксама па абароне правоў і інтарэсаў яе ўстаноў і асобных грамадзян. З паняццем «Д.» звязана майстэрства вядзення перагавораў у мэтах прадухілення і ліквідацыі міжнар. канфліктаў, дасягнення на міжнар. арэне прынцыповых кампрамісаў і агульнакарысных рашэнняў, паглыблення ўсебаковага міжнар. супрацоўніцтва. Д. рэалізуецца з дапамогай замежных візітаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, міністраў замежных спраў, інш. афіц. дзярж. асоб, двухбаковых і шматбаковых перагавораў, афіц. перапіскі, заключэннем дагавораў, канвенцый і пагадненняў. Дыпламат. дзейнасць кожнай дзяржавы павінна ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў агульнапрынятых прынцыпаў і норм сучаснага міжнар. права. Паводле арт. 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь бел. дыпламаты прытрымліваюцца знешнепаліт. курсу, які адпавядае прынцыпам роўнасці суверэнных дзяржаў, невыкарыстання сілы ці пагрозы ўжыць сілу, непарушнасці дзярж. граніц, мірнага ўрэгулявання міждзяржаўных спрэчак і канфліктаў, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, дабіваюцца ўмацавання міру ва ўсім свеце, хутчэйшага і поўнага раззбраення пад эфектыўным міжнар. кантролем, поўнай забароны выкарыстання ядз. зброі і інш. зброі масавага знішчэння, спынення вытв-сці такой зброі, усебаковага раўнапраўнага міждзярж. супрацоўніцтва, якое накіравана на вырашэнне самых розных паліт., эканам., сац., культ., экалагічных, навук.-тэхн. і інш. праблем, што стаяць перад сучаснай міжнар. супольнасцю.

Літ.:

История дипломатии. Т. 1—3. 2 изд. М., 1959—65;

Левин Д.Б. Дипломатия: Ее сущность, методы и формы. М., 1962;

Никольсон Г. Дипломатическое искусство: Пер. с англ. М., 1962;

Сатоу Э. Руководство по дипломатической практике: Пер. с англ. М., 1961.

Ю.​П.​Броўка.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ТРА́НСПАРТ,

сукупнасць розных відаў транспарту, прызначаных для перавозкі пасажыраў і грузаў у горадзе і прыгараднай зоне, выканання работ па добраўпарадкаванні. Гарадскі транспарт — галіна гарадской гаспадаркі, уключае: трансп. сродкі (рухомы састаў), пуцявыя ўстройствы (рэльсавыя пуці, тунэлі, эстакады, масты, пуцеправоды, станцыі, стаянкі); прыстані і лодачныя станцыі, сродкі энергазабеспячэння (цягавыя электрападстанцыі, кабельныя і кантактныя сеткі, аўтазаправачныя станцыі); рамонтныя майстэрні і з-ды; дэпо, гаражы, станцыі тэхн. абслугоўвання; лінейныя прыстасаванні (сувязь, сігналізацыя, блакіроўка); дыспетчарскае кіраванне. Гарадскі транспарт падзяляецца на пасажырскі, грузавы і спецыяльны.

Пасажырскі гарадскі транспарт аб’ядноўвае вулічны (аўтобус, тралейбус, трамвай), пазавулічны скорасны (метрапалітэн, манарэйкавыя дарогі, фунікулёры, скорасны трамвай), легкавы аўтамабільны транспарт, двухколавы (матацыклы, веласіпеды, мапеды), водны (рачныя судны, паромныя пераправы, лодкі), паветраны (верталёты) транспарт. Да грузавога гарадскога транспарту адносяцца: грузавы аўтатранспарт (гл. Грузавы аўтамабіль), грузавыя трамвай, тралейбус, рачныя судны, чыг. транспарт прамысл, прадпрыемстваў. Спецыяльны гарадскі транспарт уключае: палівачна-мыечныя, падмятальныя, смеццеўборачныя і снегаўборачныя машыны, дарожныя рэманцёры, аўтавышкі, пажарныя машыны, рэфрыжэратары, санітарныя аўтамабілі і інш.

Да пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі быў толькі конны транспарт. Конка ўяўляла сабой вагон на 20—30 чал., які цягнулі 2—3 кані (на пад’ёмах запрагалі яшчэ пару коней). Скорасць 5 км/гадз. Першая конка пушчана ў Мінску ў 1892, мела 4 аднакалейныя лініі даўж. больш за 7 км. У гады грамадз. вайны не працавала, аднавіла работу ў 1921, заменена трамваем у 1929. У Магілёве конка працавала да 1910. Аўтобусны рух адкрыты ў Мінску ў 1924 (па 2 маршрутах), з 1934 стала працаваць таксі, з 1952 — тралейбус, з 1984 — метро. Першы на Беларусі трамвай пачаў працаваць у Віцебску 18.6.1898 (адзін з першых у Рас. імперыі), Наваполацку — з 1974, у Мазыры — з 1988. Тралейбусны рух пачаўся: у Мінску з верасня 1952, у Гомелі з 1962, у Магілёве з 1970, у Гродне з 1974, у Віцебску і Бабруйску з 1978, у Брэсце з 1981.

І.​І.​Леановіч.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖДЖАВА́ЛЬНЬІЯ МАШЫ́НЫ І ЎСТАНО́ЎКІ.

Прызначаны для палівання дажджаваннем с.-г. культур. Рабочыя органы — кароткаструменныя (5—8 м) насадкі (ствараюць веерападобны паток вады), сярэднеструменныя (10—35 м) і далёкаструменныя (40—80 м і болей) дажджавальныя апараты (ДА; забяспечваюць дажджаванне па крузе або сектары; бываюць каромыславыя, рэактыўныя, турбінныя, імпульснага і бесперапыннага дзеяння і інш.).

Дажджавальныя машыны маюць аўтаномны рухавік або прывод, трансмісію і хадавую частку. Бываюць шматапорныя (7 і болей апор з рознымі хадавымі часткамі) тыпу «Фрэгат», «Днепр» і шыроказахопныя (шыр. захопу 300—800 м) тыпу «Валжанка» (сярэднеструменныя); двухкансольныя тыпу ДДА-100 МА (фермы, зманціраваныя на трактары; маюць помпавую ўстаноўку з прыводам ад вала трактара; кароткаструменныя); навясныя на трактар тыпу ДДН-100 (маюць помпу-рэдуктар, зманціраваны на раме; далёкаструменныя). Адрозніваюць дажджавальныя машыны, якія робяць паліў адначасова з рухам і пазіцыйна (пры нерухомай машыне). Дажджавальныя ўстаноўкі бываюць разборныя пераносныя (манціруюцца з асобных звёнаў, перад зменай пазіцыі яны разбіраюцца і пераносяцца на новае месца) і неразборныя (перамяшчаюцца цалкам на прычэпе трактара). Аснашчаюцца сярэдне- або далёкаструменнымі ДА, працуюць пазіцыйна. Найб. пашыраны камплекты ірыгацыйнага абсталявання «Вясёлка», дажджавальныя шлейфы ДШ-25/300 і інш. Стацыянарныя дажджавальныя сістэмы — укладзеныя пад ворны слой напорныя трубаправоды з гідрантамі, што выходзяць на паверхню. Да іх падключаюцца далёка- або сярэднеструменныя ДА. Вада ў трубаправодную сетку падаецца помпавай станцыяй. Паўстацыянарныя дажджавальныя сістэмы найб. пашыраныя, у іх магістральны і размеркавальны трубаправоды стацыянарныя, а дажджавальныя машыны перамяшчаюцца па арашальнай плошчы.

Літ.:

Сапунков А.П. Применение дождевальной техники М., 1991.

А.​Я.​Вакар.

Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі: 1 — сярэднеструменная машына «Фрэгат»; 2 — далёкаструменная машына ДДН-100; каротка струменная ўстаноўка — дажджавальны шлейф ДШ-25/300.
Да арт. Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі. Дажджавальныя апараты: а — кароткаструменная дэфлектарная насадка (1 — варонка, 2 — дэфлектар); б, в — сярэднеструменныя, г — далёкаструменны апараты (1 — дапаможныя соплы, 2 — ствол, 3 — асноўнае сапло, 4 — турбінка).

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)