млекакормячая жывёла сям. кажанавых атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, нешматлікі. Аселы. Жыве пад адсталай карой, на гарышчах, за аканіцамі, у дуплах, зімой — у скляпах, падвалах, бульбяных ямах і інш.
Даўж. цела 4,2—5,4 см, хваста да 5,2, вушэй да 4 см, маса да 10,5 г. Поўсць мяккая, шаўкавістая, зверху палева-буравата-шэрая з карычневым адценнем, знізу шэра-белавата-палевая. Палёт хуткі, нераўнамерны. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Палюе ноччу без перапынку на невял. вышыні па ўзлесках і лясных прасеках, у кронах дрэў паркаў і садоў, уздоўж дарог, над вадаёмамі. Знішчае лускакрылых насякомых, пераважна шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лужасянка (выцякае з возера), за 20 км на У ад г. Гарадок. Пл. 7,24 км², даўж. 9,2 км, найб.шыр. 1,4 км, найб.глыб. 7,8 м, даўж. берагавой лініі 22,6 км. Пл. вадазбору 106 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, парослыя лесам, на ПнУ і ПдЗ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія і стромкія, зараслі хмызняком. Дно амаль плоскае, мелкаводдзе вузкае, пясчанае, 7 астравоў агульнай пл. каля 8 га, найб. з іх на ПдЗ зарос лесам. Надводная расліннасць вузкай паласой (10—25 м) акаймоўвае ўзбярэжжа і астравы. Злучана пратокамі з азёрамі Арлейка і Слепня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ЗВЫШПРАВО́ДНАСЦЬ,
звышправоднасць з высокай крытычнай тэмпературай пераходу (TK) у звышправодны стан. Адкрыта ў 1986—87. Назіраецца ў аксідных злучэннях, якія атрымліваюцца керамічнай тэхналогіяй ці гарачым прасаваннем. Іх уласцівасці залежаць ад умоў адпалу, ступені замяшчэння катыёнаў, кіслародных дэфектаў і інш. умоў. Напр., аксідныя злучэнні, атрыманыя на аснове ітрыю, вісмуту, талію і ртуці, маюць TK, вышэйшую за тэмпературу кіпення вадкага азоту (110—133 К). На Беларусі высокатэмпературная звышправоднасць даследуецца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Літ.:
Физические свойства высокотемпературных сверхпроводников: Пер. с англ.М., 1990;
Электронная структура и физико-химические свойства высокотемпературных сверхпроводников. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Wysocki) Пётр Яцак (10.9.1797, г. Варта, Польшча — 1.1874),
дзеяч польскага нац.-вызв. руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Скончыў школу падхаружых у Лазенках (пад Варшавай). У 1827 атрымаў чын падпаручніка. Заснаваў тайнае т-ва «Ваенны саюз» (1828), якое ставіла за мэту падрыхтоўку ваен. перавароту і сфарміраванне рэв. ўрада. 29.11.1830 пачаў паўстанне на чале атрада падхаружых, быў ад’ютантам галоўнакамандуючага польскімі войскамі М.Радзівіла, удзельнічаў у рэйдзе корпуса ген. Ю.Дзвярніцкага на Валынь і ў Галіцыю. Пры абароне Варшавы (вер. 1831) трапіў у палон. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена катаргай у Сібіры. У 1857 памілаваны, вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў пра паўстанне 1830—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сосніца, за 50 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,48 км², даўж. 1,22 км, найб.шыр. 570 м, найб.глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,1 км². Схілы катлавіны на Пн і Увыш. 10—11 м, на З 4—5 м, на Пд да 3 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, паўд. — тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 2 м пясчанае. Надводная расліннасць утварае паласу ўздоўж берага шыр. да 10 м. Дно да глыб. 5 м выслана палушнікам азёрным, які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Возера і прылеглая тэр. абвешчаны аднайм. гідралагічным заказнікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ Е́ЛЬНЯ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 16 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,46 км², даўж. 1,35 км, найб.шыр. 570 км, найб.глыб. 13,2 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км. Пл. вадазбору 2,22 км². Схілы катлавіны выш. 3—8 м (на Пн і Пд да 3 м), на З стромкія, парослыя хмызняком, на У спадзістыя, пад лугам. На Пн і Пд вузкія залівы. Берагі высокія, на З зліваюцца са схіламі. Уздоўж берага дно да глыб. 6 м пясчанае, глыбей глеістае. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. 7—50 м. На Пн упадае ручай з воз. Малая Ельня, на У выцякае ручай у воз. Абаб’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ БОР,
вёска ў Велікаборскім с/с Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 25 км ад г. Хойнікі, 120 ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Партызанская. 1239 ж., 418 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.
Вядома з 16 ст., вёска ў Кіеўскім ваяв. Каралеўства Польскага. Знаходзілася ва ўладанні Парышэвічаў, Шуйскіх, Прозараў і інш. З 1793 у Рас. імперыі, сяло Хойніцкай вол. Рэчыцкага пав. У 1866 адкрыта нар. вучылішча. У 1886 — 527 ж., 58 двароў, царква, млын. З 1919 у РСФСР, з 1926 у БССР. У Вял.Айч. вайну 3.6.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, расстралялі і спалілі 36 яе жыхароў. У 1970 — 1120 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ НЕФУ́Д,
пясчаная пустыня на Пн Аравійскага п-ва, у Саудаўскай Аравіі. Пл. 80 тыс.км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 500 км, з З на У — 300 км. Размешчана на плато з асобнымі астраўнымі кражамі на выш. 600—1000 м. У рэльефе масівы барханных (выш. да 100 м) і градавых пяскоў, камяністыя паверхні — хамады. Характэрны лейкападобныя паніжэнні — фульджы, дзе трапляюцца калодзежы і аазісы. Клімат трапічны, рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 30 °C (макс. да 54 °C), ападкаў 100 ммза год. Пастаянныя моцныя вятры. Шматлікія сухія рэчышчы — вадзі. Разрэджаная палынна-эфемеравая расліннасць. Жывёльны свет: гіена, шакалы, дзікі кот, з капытных — газель; шматлікія грызуны, яшчаркі. Качавая жывёлагадоўля (авечкі, вярблюды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ШВА́КШТЫ, Вялікая Швакшта,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 9,56 км², даўж. 4,2 км, найб.шыр. 3,4 км, найб.глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 13 км. Пл. вадазбору 94,2 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м, парослыя хмызняком, на ПнУ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на З тарфяністыя і сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага да глыб. 2 м пясчанае. Шырыня паласы надводнай расліннасці да 150 м, харавыя водарасці ўкрываюць дно да глыб. 3,5 м. Упадаюць 5 ручаёў. Злучана пратокай з воз. М. Швакшты. На паўд.-зах. беразе паляўніча-рыбалоўная база.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,
вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.Гілевіч («Нарач»), Х.Жычка («Абеліск»), А.Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.Сіпакоў («Жанчына») і інш.