НАРОДАНАСЕ́ЛЬНІЦТВА, насельніцтва,

сукупнасць людзей, якія жывуць на зямным шары (чалавецтва) ці ў межах канкрэтнай тэрыторыі, кантынента, краіны. У адрозненне ад універсальнага тэрміна «насельніцтва» тэрмін «Н.» часцей выкарыстоўваецца пры сац.-эканам. характарыстыцы насельніцтва. Н. характарызуюць паказчыкі: колькасць насельніцтва і яе дынаміка, інтэнсіўнасць асобных дэмаграфічных працэсаў — нараджальнасць, смяротнасць, натуральны прырост, працягласць жыцця, узростава-палавы склад і сямейнае становішча, нацыянальны склад насельніцтва, рассяленне, міграцыя насельніцтва, урбанізацыя, расавы, этн. і рэліг. склад. Паказчыкі, якія адлюстроўваюць сац.-эканам. структуру Н., — эканамічна актыўнае насельніцтва, яго прафесійны і класавы склад, занятасць. Арыенціровачна да канца эпохі палеаліту (каля 15 тыс. г. да н.э.) колькасць насельніцтва дасягала 3 млн. чал., да канца неаліту (2 тыс. г. да н.э.) — 50 млн. чал., на пач. нашай эры — 230 млн. чал., у 1650—550 млн. чал., у 1750—725, у 1850—1175, у 1900—1600, у 1950—2556, у 1980—4458 млн. чал.; па разліках ААН на 12.10.1999 у свеце налічвалася 6 млрд. чалавек.

Для найлепшага спалучэння росту насельніцтва з эканам. развіццём асобных краін і свету ў цэлым вял. значэнне мае нацыянальная дэмаграфічная палітыка (сац., эканам., юрыд. і інш. мерапрыемствы, накіраваныя на змену працэсаў узнаўлення пакаленняў, міграцыі і інш.). З краін Еўропы найбольш актыўную дэмаграфічную палітыку праводзіць Францыя. Шырокая праграма планавання велічыні сям’і ажыццяўляецца ў Японіі. Кітаі і Індыі (скарачэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва). Буйнейшыя па колькасці Н. краіны (1998, млн. чал.): Кітай (1236,9), Індыя (984), ЗША (270,3), Інданезія (212,9), Бразілія (169,8), Расія (146,9), Пакістан (135,1), Бангладэш (127,6), Японія (125,9), Нігерыя (110,5). Н. зямнога шара размяшчаецца нераўнамерна — на 7% сушы жыве 70% усіх людзей, 37% сушы не заселена. Н. свету складаецца з прыкладна 2 тыс. народаў, частка з іх склалася ў нацыі, інш. ўяўляюць сабой народнасці або групы плямён. Даследаваннямі Н. займаецца навука дэмаграфія. Паводле перапісу 1999 на Беларусі Н. складае 10203,8 чал.

Літ.:

Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996;

Валентей Д.И. Проблемы народонаселения. М., 1961;

Народонаселение. Соврем. состояние науч. знания. М., 1991.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕ́КТ (ад лац. projektus кінуты наперад) у архітэктуры і будаўніцтве, сістэма ўзаемазвязаных дакументаў, якія служаць асновай для буд-ва, рамонту, рэканструкцыі ці рэстаўрацыі аб’ектаў. Складаецца з абгрунтоўваючай і зацвярджаемай (абавязковая для выканання ўсімі фіз. і юрыд. асобамі) частак. Склад графічных, тэкставых і таблічных матэрыялаў П. (чарцяжы, схемы, разлікі, тлумачальныя запіскі, арх. макеты) вызначаецца спец. нарматыўнымі дакументамі. Для гарадоў і інш. нас. месцаў распрацоўваюцца П.: планіроўкі прыгарадных зон, генпланаў, дэталёвай планіроўкі асобных ч. горада, жылых, вытв., рэкрэацыйных і інш. функцыян. зон, асобных гар. вузлоў, вуліц і інш. Праектаванне ажыццяўляецца звычайна ў 2 стадыі: арх. П. (забяспечвае ўяўленне пра матэрыяльны вобраз аб’екта, яго размяшчэнне, фіз. параметры і маст.-тэхн. якасці, змяшчае тэхн.-эканам. паказчыкі); буд. П. (выконваецца на аснове зацверджанага арх. П., праведзеных інж. работ, навук.-тэхн. даследаванняў; забяспечвае непасрэдную рэалізацыю інвестыцый для буд-ва аб’ектаў). Нескладаныя П. распрацоўваюць у адну стадыю (рабочы П., які ўключае і зацверджаную арх. частку). Пры распрацоўцы дакументацыі на больш складаны і адказны аб’ект папярэдне распрацоўваюць эскізны П., тэхн.-эканам. абгрунтаванне, праводзяць конкурсы. Адрозніваюць П. тыпавы (для масавага буд-ва аднолькавых аб’ектаў) і індывід. (для буд-ва унікальных аб’ектаў).

Праектныя работы вядомы ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння. У 18 ст. ў Зах. Еўропе распрацоўваліся т.зв. П.-фантазіі. Часам нерэалізаваныя П. значна ўплывалі на развіццё архітэктуры (напр., П. горада на 3 млн. жыхароў, арх. Ле Карбюзье, Францыя, 1922).

На Беларусі пачатак праектнай дзейнасці адносіцца да канца 16 ст. (г. Нясвіж). З 2-й пал. 18 ст. пачалі выкарыстоўвацца тыпавыя (узорныя) П. пры буд-ве жылых і грамадскіх будынкаў (Гродна, Магілёў, Полацк, в. Варняны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). Сучасныя П. распрацоўваюцца ў праектных арг-цыях: ін-тах «Беларускі праектны інстытут», «Белдзіпрадар», «Белдзіпралес», «Белдзіпрабудматэрыялы», «Мінскграмадзянпраект», «Мінскінжпраект», «Мінскграда» (з 1997) і інш., у персанальных творчых майстэрнях архітэктараў, якія маюць адпаведную ліцэнзію. Абавязкова праводзіцца дзярж. экспертыза П., яго зацвярджэнне ў адпаведных органах дзярж. кіравання, а ў асобных выпадках — грамадскае абмеркаванне П. на любой стадыі яго выканання.

С.​А.​Сергачоў.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНУА́Р (Renoir) П’ер Агюст (25.2.1841, г. Лімож, Францыя — 17.12.1919),

французскі жывапісец, графік, скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. З 1845 жыў у Парыжы. У 1854—58 працаваў у майстэрні па размалёўцы фарфору і адначасова займаўся ў Школе малюнка і дэкар. мастацтваў. У 1862—64 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у майстэрні Ш.​Глейра, дзе зблізіўся з К.​Манэ, А.​Сіслеем. У ранніх творах зазнаў уплыў Г.​Курбэ («Карчма матухны Антоні», 1866; «Дыяна», 1877). На мяжы 1860—70-х г. перайшоў да жывапісу на пленэры, апрабоўваў метад перадачы вібрыруемай святло-паветранай прасторы ў пейзажы; выпрацаваныя прынцыпы перанёс і на выявы людзей («Купанне на Сене», 1869). Паступова яго пісьмо станавілася празрыстым, палітра больш светлай, каларыт насычаўся тонкімі рэфлексамі, мяккімі кантрастамі цёплых па тоне ценяў і багатых серабрыста-жамчужнымі адценнямі асветленых зон («Ложа», 1874). Пры выяўленні бытавых, нібыта выпадковых эпізодаў і жыццёвых сітуацый, Р. аддаваў перавагу святочным сцэнам гар. жыцця — балям, танцам, прагулкам («Мулен дэ ла Галет», 1876; «Танец у Бужэвалі», 1883). Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць паэт. і абаяльныя вобразы жанчын («Пасля абеду», «Парасонікі», 1879; «Мадэмуазель Грымпель з блакітнай стужкай», 1880; партрэт актрысы Жанны Самары, 1877). У выяўленні аголенай натуры ён дасягнуў рэдкай вытанчанасці карнацый, пабудаваных на спалучэнні цёплых цялесных тонаў з лёгкімі зеленаватымі і шэра-блакітнымі рэфлексамі, што надаюць гладкасць і матавасць паверхні палатна («Аголеная жанчына сядзіць на кушэтцы», 1876). Як выдатны каларыст часта дасягаў. уяўлення манахромнасці жывапісу з дапамогай найтанчэйшых спалучэнняў блізкіх па колеры тонаў («Дзяўчаты ў чорным», 1883). З 1880-х г. усё больш імкнуўся да класічнай яскравасці і абагульненасці форм, жывапісу ўласцівы рысы дэкаратыўнасці і ідылічнасці («Вялікія купальшчыцы», 1884—87). Лаканізм, лёгкасць і паветранасць штрыха ўласцівы шматлікім малюнкам і афортам. Аўтар скульптур «Венера-пераможца», «Суд Парыса» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Імпрэсіянізм.

Літ.:

Вельчинская И. Ренуар: [Альбом] М., 1970;

Перрюшо А. Жизнь Ренуара: Пер. с фр. М., 1979.

Т.​В.​Пешына.

А.Рэнуар.
А.Рэнуар. Партрэт актрысы Жанны Самары. 1877.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВА́ЦКІ (Słowacki) Юльюш (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),

польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв. рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтар аўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А.​Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.​Вольскі, С.​Дзяргай, У.​Дубоўка, А.​Звонак, М.​Лужанін, П.​Пестрак, Я.​Семяжон, М.​Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж. т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел. т-р імя Я.​Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).

Тв.:

Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1959;

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;

Ю.​Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;

Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;

Kowalczykowa A. Słowacki. Warszawa, 1994.

М.​М.​Хмяльніцкі.

Ю.Славацкі.

т. 14, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХА́СКАЯ ВАЙНА́ 1835—36, мексікана-тэхаскі канфлікт,

узброенае паўстанне паўн.-амер. каланістаў Тэхаса супраць мекс. улад. Узнікла з-за пытання аб адм. і дзярж. прыналежнасці гэтай тэр., якое папярэднічала фактычнаму аддзяленню Тэхаса ад Мексікі і наступнаму далучэнню яго да ЗША. Выклікана незадаволенасцю белых перасяленцаў з ЗША, што колькасна пераважалі ў Тэхасе (30 тыс. чал. супраць 3,5 тыс. мексіканцаў, 5 тыс. неграў і 14—20 тыс. індзейцаў), палітыкай мекс. урадаў з 1830 (забарона далейшай міграцыі з ЗША ў памежныя мекс. землі, увядзенне пошлін на імпарт тавараў з ЗША, адмова каланістам утварыць на тэр. Тэхаса асобны штат, скасаванне памяркоўнай федэральнай канстытуцыі Мексікі 1824 і інш.). ЗША фармальна захоўвалі нейтралітэт, але пастаўлялі каланістам грошы, зброю, боепрыпасы, амуніцыю, добраахвотнікаў. У чэрв. 1835 атрад амерыканцаў на чале з У.​Трэйвісам заняў паселішча Анаўак. 2 кастр. паўстанцы спынілі мекс. войскі каля паселішча Гансалес, 9 снеж. пасля аблогі занялі г. Сан-Антоніо. Але 23.2.1836 горад блакіравала 6-тыс. армія пад камандаваннем дыктатара Мексікі А.​Санта-Аны, якая 6 сак. знішчыла тут у місіі Эль-Алама 182 амер. валанцёры. 1 сак. ў г. Вашынгтон-на-Бразас адкрыўся Ген. канвент «прадстаўнікоў народа Тэхаса» (58 дэлегатаў, з іх 3 мексіканцы), які 2 сак. абвясціў аддзяленне ад Мексікі і ўтварэнне незалежнай «Рэспублікі Тэхас» (прэзідэнтам стаў Д.​Г.​Бэрнет). Яе канстытуцыя (прынята 17 сак.) узаконіла рабства і ўвоз неграў-рабоў. 21 крас. 783 паўстанцы на чале са сваім галоўнакаманд. С.​Х’юстанам раптоўна атакавалі і разграмілі 4-тыс. авангард Санта-Аны (трапіў у палон) каля вусця р. Сан-Хасінта (вырашальная бітва). У сак. 1837 незалежнасць Тэхаса афіцыйна прызналі ЗША, а ў 1839—40 таксама Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды, Бельгія. Т.в. пагоршыла адносіны паміж Мексікай і ЗША. Далейшае абвастрэнне 2-баковых адносін выклікала амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48, у выніку якой ЗША зацвердзілі свой суверэнітэт над Тэхасам.

Літ.:

История США. Т. 1. М., 1983;

Потокова Н.В. Аннексия Техаса Соединенными Штатами Америки, 1821—1845 гг. Ростов н/Д, 1986.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХОДАЗНА́ЎСТВА, арыенталістыка (ад лац. orientalis усходні),

комплекс навук. дысцыплін, якія вывучаюць геаграфію, гісторыю, эканоміку, мовы, л-ру, этнаграфію, мастацтва, філасофію, рэлігію, помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходу (пераважна краін Азіі і Паўн. Афрыкі). Галіны У.: арабістыка, асірыялогія, егіпталогія, індалогія, семіталогія, сіналогія, хеталогія, цюркалогія, эфіопіка, японазнаўства і інш. У Еўропе вывучэнне ўсх. краін пачалося ў сярэдневякоўі (запісы еўрап. падарожнікаў М.​Пола, П.​Карпіні, рускіх А.​Нікіціна, Данііла Паломніка, С.​Наўгародца і інш.). У 16—17 ст. з’явіліся апісанні ўсх. краін еўрап. купцоў, місіянераў, падарожнікаў Дж.​Рамузіо, П’етра дэла Вале (Італія), Р.​Хэклейтама (Англія), Ж.​Тавернье, Ж.​Шардэна (Францыя) і інш.; справаздачы рус. дыпламатаў І.​Петліна, Ф.​І.​Байкова, М.​Г.​Спафарыя, у т. л. выхадцаў з ВКЛ — В.​Цюмянца і І.Цякуцьева, працы І.​К.​Рассохіна і А.​Л.​Лявонцьева; нататкі беларуса Ігнація Смаляніна пра падарожжа ў Візантыю і паломніцтва ў Іерусалім, дзённік М.​К.​Радзівіла Сіроткі пра паломніцтва ў Палесціну (выд. ў 1601). У Парыжскім (16 ст.), Оксфардскім і Лейдэнскім (17 ст.) ун-тах створаны кафедры ўсх. моў. У 18 — пач. 20 ст. закладзены навук. асновы У., створана сетка азіяцкіх таварыстваў: Бенгальскае (Калькута, 1784), Азіяцкае (Парыж, 1822), Каралеўскае (Лондан, 1823), Герм. ўсходазнаўчае (Лейпцыг, 1845), навук. ўстановы па вывучэнні ўсх. моў і г.д. У Расіі створаны Імператарскае т-ва У., Рус. к-т для вывучэння Сярэдняй і Усх. Азіі, Таварыства рус. арыенталістаў у Пецярбургу і інш. Дзейнічаў цэнтр У. ў Віленскім ун-це. У 20 ст. традыцыйныя кірункі вывучэння У. саступаюць месца больш дыферэнцыраванаму вывучэнню асобных, больш вузкіх галін. Значны ўклад ва У. зрабілі беларусы М.К.Баброўскі, І.А.Гашкевіч, В.М.Кавалеўскі, К.А.Касовіч, І.Ю.Крачкоўскі, А.В.Мухлінскі, Б.А.Тураеў, В.І.Сянкоўскі, А.І.Ходзька, І.І.Ходзька, у навейшы час — Р.​Т.​Ахрамовіч, У.​В.​Балабушэвіч, І.​Н.​Віннікаў, А.В.Макавельскі, Р.​А.​Ульяноўскі і інш. На Беларусі праблемамі У. займаюцца ў БДУ, Мінскім лінгвістычным ун-це. Створана секцыя У. пры Бел. геагр. т-ве.

Літ.:

Захаранка І. Беларускае ўсходазнаўства // Кантакты і дыялогі. 2001. № 11;

Яго ж. Дорога времени // Бел. думка. 2003. № 1;

Яго ж. Этапы развития отечественного востоковедения // Беларусь — Японія: Матэрыялы другіх міжнар. чытанняў, прысв. памяці Іосіфа Гашкевіча. Мн., 2003.

І.​А.​Захаранка.

т. 16, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕХТАВА́ННЕ (ад ням. fechten фехтаваць, змагацца),

від спорту, які аб’ядноўвае адзінаборствы з выкарыстаннем халоднай спарт. зброі (рапіра, шабля, шпага). Мэта паядынку — нанясенне саперніку найб. колькасці ўколаў (удараў) за фіксаваны час. Паядынкі адбываюцца на спец. дарожцы 14 × 1,5—2 м. Праграмы афіц. спаборніцтваў уключаюць асабістыя і камандныя турніры мужчын і жанчын.

Як від адзінаборстваў узнікла ў Стараж. Егіпце (каля 3000 да н.э.). Утылітарнае Ф. вядома ў Стараж. Грэцыі і Рыме. З пач. 15 ст. найб. пашырылася ў Іспаніі, з 16 ст. ў Італіі і з 17 ст. ў Францыі. У нац. відах Ф., напр., нанайскім, у якасці зброі выкарыстоўваюць шост, у грузінскім — меч са шчытом і інш. Спарт. Ф. сфарміравалася да канца 17 ст. У 2-й пал. 19 ст. вызначаны асн. правілы і праграмы афіц. спаборніцтваў, стандарты спарт. зброі і ахоўнага рыштунку. У праграме Алімп. гульняў з 1896 (жанчыны з 1924). Чэмпіянаты Еўропы адбываюцца з 1906, свету — з 1937. Ф. на шпагах уваходзіць у склад пяцібор’я. Міжнар. федэрацыя Ф. засн. ў 1913 (Парыж). Найб. пашырана Ф. ў Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі, Францыі.

На Беларусі гурткі Ф. з’явіліся ў канцы 1920-х г. У 1928 бел. фехтавальшчыкі ўдзельнічалі ў I Усесаюзнай спартакіядзе. Афіц. спаборніцтвы з 1938 (першынство Мінска). I чэмпіянат Беларусі адбыўся вясной 1941. Федэрацыя Ф. Беларусі створана ў 1960. Сярод бел. фехтавальшчыкаў — чэмпіёны Алімп. гульняў: Ш.Алёхін, А.Бялова, Б.​Карэцкі, А.Раманькоў, Т.Самусенка, В.Сідзяк; прызёры Алімп. гульняў: У.Лапіцкі, А.Ніканчыкаў, А.Паўлоўскі, Ю.Смалякоў, А.Чарнушэвіч, І.​Валетаў, А.​Коцешаў; чэмпіёны свету і прызёры: Дз.Ніканчыкава, С.Прыходзька, С.​Баранава, В.​Захараў, У.​Паўленка і інш. Мужчынская каманда шпажыстаў заняла 6-е месца на XXVII Алімп. гульнях (2000, г. Сідней, Аўстралія), 4-е — на чэмпіянаце свету (1998, г. Ла-Шо-дэ-Фон, Швейцарыя), каманда шаблістаў была сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы (2000, г. Фуншал, Партугалія); жаночая каманда шпажыстак — 5-й на чэмпіянаце свету (2001, г. Нім, Францыя). Бел. трэнеры — засл. трэнеры СССР і Беларусі: Э.У.Асіеўскі, Г.М.Бокун, Л.П.Бокун, Я.​Ц.​Андрэеў, А.​А.​Аўсянкін, С.​А.​Васільеў, А.​М.​Казлоўскі, М.​Н.​Няпраўскі, В.​С.​Хрэнаў; засл. трэнер Украіны А.​Л.​Фель.

А.​І.​Конюхава.

т. 16, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

група галін прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць харч. прадукты, мыла і мыйныя сродкі, тытунёвыя і парфумерна-касметычныя вырабы. Уключае алейна-тлушчавую прамысловасць, вінаробную прамысловасць, кандытарскую прамысловасць, лікёра-гарэлачную прамысловасць, макаронную прамысловасць, масласыраробную і малочную прамысловасць, мукамольна-крупяную прамысловасць, мясную прамысловасць, парфумерна-касметычную прамысловасць, піваварную прамысловасць, плодаагароднінную прамысловасць, рыбную прамысловасць, спіртавую прамысловасць, тытунёва-махорачную прамысловасць, харчовых канцэнтратаў прамысловасць, хлебапякарную прамысловасць і інш.

На Беларусі прадпрыемствы Х.п. ўзніклі ў 1-й пал. 19 ст. У 1860 працавалі 33 цукр. і 32 тытунёвыя прадпрыемствы; у Мінску, Віцебску і інш. гарадах была наладжана вытв-сць каўбас. У 1900 дзейнічалі 552 заводы Х.п., у т. л. 12 крухмальных. У 1913—778 прадпрыемстваў гэтай галіны давалі 40,7% аб’ёму валавой прадукцыі цэнзавай прам-сці, большая іх ч. прыпадала на вінакурна-гарэлачную і тытунёвую вытв-сць. Галіна інтэнсіўна развівалася ў 1920—40: будаваліся новыя, рэканструяваліся і пашыраліся дзеючыя прадпрыемствы. У 1940 Х.п. дала 27,1% аб’ёму прамысл. прадукцыі (1-е месца сярод галін прам-сці). У Вял. Айч. вайну 75% прадпрыемстваў Х.п. разбурана. У 1945 выпуск прадукцыі склаў 18,5% ад узроўню 1940. У 1945—60 галіна адноўлена, узнікла цукр. і харч. канцэнтратаў прам-сць. У пач. 1990 галіна (у складзе каля 300 прадпрыемстваў) давала каля 20% валавой прадукцыі прам-сці.

У 2001 у складзе Х.п. 475 прадпрыемстваў, найб. буйныя Мінскі гарадскі малочны завод № 3, Мінскі маргарынавы завод, Мінскі мясакамбінат, Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Барысаўская макаронная фабрыка, Слуцкі мясакамбінат, Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, Мазырскі солевыварны камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Магілёўскі жэлацінавы завод і інш. Тэхнал. абсталяванне для Х.п. вырабляецца на Беларусі і паступае з Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі і інш. Большасць сыравіны пастаўляе мясц. сельская гаспадарка, некат. віды (алей, цукар-сырэц, марская рыба, крухмал кукурузны, рыс, кава, какава, чай, агар-агар, вінаматэрыялы, хмель, солад) завозяцца. Большасць прадукцыі Х.п. спажываецца ў рэспубліцы. Доля галіны ў экспарце (2000) — 3,2%.

У свеце найб. развітую Х.п. маюць ЗША. Францыя, Германія, Італія, Вялікабрытанія, Японія, Расія, Венгрыя, Польшча, Балгарыя, Кітай і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 16, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНЗУ́РА (лац. censura),

сістэма дзярж., духоўнага (царкоўна-рэлігійнага), грамадскага і прыватнага (фінансава-алігархічнага) нагляду і кантролю за друкам і сродкамі масавай інфармацыі (СМІ). Як правіла, вызначае формы і метады ажыццяўлення цэнзурнай палітыкі, прадугледжвае фарміраванне адпаведных заканад.-нарматыўнай базы, структуры органаў і штата служачых — цэнзараў. Узнікла са з’яўленнем дзяржавы. Першая інстытуцыя Ц. — царква. Забарона і публічнае знішчэнне ератычных кніг бярэ пачатак ад першых усяленскіх сабораў. Вынаходніцтва кнігадрукавання прывяло да стварэння адмысловых устаноў Ц. і дакладнага акрэслення іх абавязкаў. Першай з еўрап. краін Ц. ўвяла ў 1502 Іспанія, потым Францыя (1521), Германія (1521), Англія (1530). На Беларусі першымі аб’ектамі ўвагі Ц. былі апокрыфы, некананічная богаслужэбная л-ра, ератычныя трактаты ў Полацкім, Смаленскім, Тураўскім княствах. Палітыку правасл. Ц. ў ВКЛ вызначалі Канстанцінопальскі і Маскоўскі патрыярхаты; каталіцкую Ц. — Ватыкан і манаскія ордэны. У Расіі Ц. зарадзілася ў 16 ст. як духоўная, якую з 1721 ажыццяўляў Сінод. У 19 ст. яна рэгулявалася спец. статутамі і правіламі. На працягу сак. — кастр. 1917 у Расіі была адменена папярэдняя і карная (акрамя ваен.) Ц., ажыццёўлена амаль поўная свабода друку. У розныя перыяды 1917—21 Ц. ў асобных рэгіёнах Беларусі вызначалі ўрады РСФСР, БНР, ССРБ, а таксама Літвы, Украіны, акупац. ўлады Германіі і Польшчы. У 1922 пры Наркамаце асветы БССР створана Гал. ўпраўленне па справах л-ры і выд-ва (Галоўліт), якое на працягу свайго існавання часткова мяняла назву і функцыі; з 19.9.1991 наз. Гал. ўпраўленне па ахове дзярж. тайнаў у друку і інш. сродках масавай інфармацыі пры СМ Рэспублікі Беларусь. У сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (13.1.1995) Ц. адменена (арт. 4). У 20 ст. свабода слова і друку абвешчана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (10.12.1948), у канстытуцыях большасці дзяржаў свету, у т. л. Рэспублікі Беларусь (арт. 33).

Літ.:

Лемке М.К. Эпоха цензурных реформ, 1859—1865 гг. СПб., 1904;

Блюм А.В. Советская цензура в эпоху тотального террора, 1929—1953. СПб., 2000;

Ракашевич В.К. Главлит БССР (1923—1991) // Бел. археагр. штогоднік. Мн., 2000. Вып. 1.

т. 17, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання, што выпускае прадукцыю для выпрацоўкі электраэнергіі, перадачы яе спажыўцам і пераўтварэння ў інш. віды энергіі — механічную, светлавую, цеплавую, хімічную. На прадпрыемствах Э.п. выпускаюць: трансфарматары і трансфарматарныя падстанцыі, панэлі кіравання электрастанцый і электрашчыты, электрарухавікі, сілавыя і паўправадніковыя вентылі для аўтамаб. і трактарных рухавікоў, кабельную прадукцыю, электраапаратуру, сродкі сігналізацыі і сувязі, рэнтгенаўскае абсталяванне, быт. электрапрылады.

Э.п. узнікла ў 1880-я г. і асабліва хутка развівалася ў ЗША і Германіі. У Расіі да 1917 былі толькі філіялы замежных кампаній. Атрымала развіццё з прыняццем дзярж. праграмы па электрыфікацыі, калі пабудаваны прадпрыемствы ў С.-Пецярбургу, Маскве, Новасібірску, Самары і інш. Найб. развіта ў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі.

На Беларусі першыя вырабы Э.п. выпускаў Альбярцінскі электралямпавы завод. У 1940 зроблена 7,7 тыс. шт. электрарухавікоў агульнай магутнасцю 11,8 тыс. кВт. У наш час працуе каля 60 прадпрыемстваў. Э.п. Гомельскі завод «Электраапаратура» (узнік на базе пабудаванага ў 1946 з-да «Штамп») вырабляе нізкавольтную і высакавольтную апаратуру, панэлі шчытоў размеркавання, трансфарматарныя падстанцыі, быт. тэхніку і інш. З 1956 працуе Мінскі электратэхнічны завод, які спецыялізуецца на вырабе трансфарматараў, электрападстанцый; з 1966 — Брэсцкі электралямпавы завод, які выпускае больш за 120 відаў лямпаў напальвання. Электрарухавікі розных відаў вырабляюць Лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», Магілёўскі завод «Электрарухавік», з-д «Этон» у Новалукомлі. Кабельную прадукцыю выпускаюць Гомельскі кабельны завод, Мазырскі кабельны завод. Электраабсталяванне для запальвання пуску рухавікоў унутр. згарання, магнета вырабляюць на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. Прадукцыя Э.п. выпускаецца на прадпрыемствах Баранавіч, Ваўкавыска, Віцебска, Ліды, Маладзечна, Паставаў і інш. У 2001 з Беларусі экспартавана 76,8 млн. шт. эл. і газаразрадных лямпаў напальвання, 105,8 тыс. шт. эл. трансфарматараў, 149,4 тыс. шт. эл. рухавікоў і генератараў, 16,9 тыс. т ізаляваных правадоў. Сярод краін-імпарцёраў Расія, Украіна, Малдова, краіны Балтыі, Чэхія, Польшча, Турцыя, Францыя і інш. У 1995 выраблена электрарухавікоў пераменнага току 211 тыс. шт., сілавых трансфарматараў агульнай магутнасцю 2493 тыс. кВА, электралямпаў асвятляльных 130 млн. шт., кабельных вырабаў па масе медзі 2,5 тыс. т (у 2001 адпаведна 403 тыс. шт., 2999 тыс. кВА, 105 млн. шт., 5 тыс. т).

П.​І.​Рогач.

т. 18, кн. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)