КНІПО́ВІЧ (Мікалай Міхайлавіч) (6.4.1862, г. Суаменліна, Фінляндыя — 23.2.1939),

расійскі заолаг, гідрабіёлаг; кіраўнік рус. школы іхтыёлагаў. Ганаровы чл. АН СССР (1935, чл.-кар. 1927). У 1911—30 у Ленінградскім мед. ін-це. Арганізатар і кіраўнік шэрагу навукова-прамысл. экспедыцый (1898—1932) па даследаванні Паўн. Ледавітага ак., Каспійскага, Чорнага, Азоўскага, Балтыйскага мораў. Навук. працы па гідралогіі і промысле ў Паўн. Ледавітым ак., Баранцавым, Каспійскім, Азоўскім і Чорным морах, гідралогіі і заалогіі марскіх беспазваночных, геал. мінулым паўн. мораў.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́ЛА»,

«Кружкі», «Кругавая», «Круток», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Гал. асаблівасць — рух па крузе і ўсялякія кружэнні. Пад рознымі назвамі пашыраны па ўсёй Беларусі. Танец «Кругавая» як парны масавы апісаў у 19 ст. Р.​Друцкі-Падбярэскі, пра «Кружкі» ў якасці гал. танца на бел. святочных вечарынках пісаў М.​Дзмітрыеў, «Круціху», што выконвалася на вяселлях, згадвае С.​Сахараў. «Круган» у выкананні 2 мужчын зафіксаваны на Брэстчыне, «Круглы» — на Магілёўшчыне.

Ю.​М.​Чурко.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮЎЕ́ ((Cuvier) Жорж) (23.8.1769, г. Манбельяр, Францыя — 13.5.1832),

французскі прыродазнавец. Чл. Парыжскай АН (1795), Франц. акадэміі (1818). Скончыў Каралінскую акадэмію ў Штутгарце (1788). Навук. працы па параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, сістэматыцы жывёл, гісторыі прыродазнаўчых навук. Вызначыў прынцып карэляцыі органаў, на яго аснове распрацаваў метад рэканструкцыі выкапнёвых жывёл. Прапанаваў метад вызначэння ўзросту геал. пластоў Зямлі па выкапнёвых рэштках арганізмаў і наадварот. Адмоўна ставіўся да эвалюц. ідэі ў біялогіі, прытрымліваўся поглядаў нязменнасці відаў. Прапанаваў катастроф тэорыю.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КСМАН (Эрык) (Кірыл) Густавіч (7.8.1737, г. Саванліна, Фінляндыя — 16.1.1796),

натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1770). Вучыўся ва ун-це г. Турку (Аба) у Фінляндыі. З 1762 у Расіі. Праводзіў даследаванні ў галіне мінералогіі, біялогіі, хіміі. Падарожнічаў па Алтаі і Усх. Сібіры. Прапанаваў новую тэхналогію шкларобства, спосаб атрымання кухоннай соды, апублікаваў даследаванні па тэхналогіі салетры, соды, галыну. Адкрыў новыя мінералы (байкаліт, вілюіт), знайшоў радовішчы лазурыту, цыркону і інш., сабраў багатыя калекцыі мінералаў, насякомых, гербарыі.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́ЦЫН (Пётр Сцяпанавіч) (н. 9.3. 1927, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Латвійскі ун-т (1955). Працаваў у Рызе. З 1968 у Гродне, у 1978—85 упаўнаважаны Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах па Гродзенскай вобл. Друкуецца з 1962. Піша на рус. мове. Аўтар кніг Прозы «Лютаўскі шарпак» (1978), «Росныя травы» (1981), «Трое розных» (1985), у якіх адлюстроўвае партыз. барацьбу ў Вял. Айч. вайну, паказваючы складаны ўнутр. свет герояў у драм. сітуацыях.

т. 9, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗА́НІК (Вячаслаў Вячаслававіч) (н. 4.12.1954, Мінск),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1993). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча (1977). З 1991 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1995 праф. Ін-та сучасных ведаў. Навук. працы па выліч. сетках і сістэмах рэальнага часу, перадачы даных па валаконна-аптычных лініях сувязі.

Тв.:

Проблемно-ориентированные вычислительные системы. Мн., 1993 (разам з І.​У.​Курэйчыкам).

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1928 у Мінску. Рыхтуе тэхнікаў-электрыкаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, тэхнікаў-электрамеханікаў, тэхнікаў па метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі, эканамістаў па маркетынгу, арганізатараў справаводства. Спецыяльнасці (1999/ 2000 навуч. г.): электратэхніка; мікраэлектроніка; аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў і вытв-сці; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; метралогія і метралагічнае забеспячэнне сертыфікацыйных выпрабаванняў; дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання; маркетынг; аўтаматызаваны электрапрывод. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй і пасля заканчэння ПТВ. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РАЧ вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе г. Клецк — в. Колкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдУ ад горада і 37 км ад чыг. ст. Клецк, 162 км ад Мінска. 2079 ж., 674 двары (1999). Цэхі па разліву мінер. вады і па вытв-сці плеценых вырабаў з лазы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Свята-Вазнясенская царква.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СВІЧ, Несвіж,

рака ў Брагінскім і Хойніцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Брагінка (бас. р. Прыпяць). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 489 км². Пачынаецца каля в. Кулажын у месцы зліцця каналаў Слабодскага і Радзінскага, вусце за 1 км на У ад в. Чыкалавічы Брагінскага р-на. Цячэ па нізіне Гомельскага Палесся, на працягу 9 км па мяжы з Украінай. Рэчышча на працягу 24 км уверх ад вусця каналізаванае (шыр. 7—12 м).

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАШТА́ТНЫ РАБО́ТНІК,

асоба, якая выконвае для прадпрыемства, установы ці арг-цыі разавыя работы вызначанага віду (напр., кансультацыі ўрача ў мед. установах, работы па экспертызе, рамонце інвентару ці памяшканняў і да т.п.). Прац. адносіны з П.р. афармляюцца пісьмовым пагадненнем, дагаворам, нарадам-заказам і інш. дакументамі. Аплата працы П.р. робіцца па нормах і расцэнках, якія існуюць для аналагічных работнікаў штатнага (спісачнага) складу. На большасць П.р. пашыраюцца і інш. нормы прац. заканадаўства і сац. страхавання.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)