ПАРЛАМЕНЦЁР (франц. parlementaire ад parier гаварыць),

афіцыйная асоба, упаўнаважаная адным з ваюючых бакоў уступіць у перагаворы з другім бокам. Звычай пасылкі П. вядомы са старажытнасці. Прававы статус П. вызначаны Палажэннем да 4-й Гаагскай (1907) канвенцыі аб законах і звычаях сухап. вайны. П. абавязкова павінен мець адметны знак — найчасцей белы флаг. Ён і асобы, што яго суправаджаюць (трубач, гарніст або барабаншчык, перакладчык і той, хто нясе флаг), карыстаюцца правам недатыкальнасці.

т. 12, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАМА́ЙСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.

У Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Першамай. Пластавы паклад звязаны з алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Прыпяць. Гліны шчыльныя, тлустыя, пластычныя і высокапластычныя з рэдкімі зернямі жвіру і галькі. Разведаныя запасы 8,3 млн. м³, перспектыўныя 6,1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3—12,8 м, ускрышы (пяскі) 0,3—5,8 м. Гліны прыдатныя на выраб керамзітавага жвіру і фасадных керамічных вырабаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ Міхаіл Цімафеевіч (17.11.1891, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — снеж. 1941),

адзін з кіраўнікоў Магілёва абароны 1941, ген.-маёр (1940). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Зах. фронце камандзір 172-й стралк. дывізіі, якая з атрадамі нар. апалчэння трымала кругавую абарону Магілёва. Цяжка паранены трапіў у палон, закатаваны ў канцэнтрацыйным лагеры.

М.Ц.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАВЯДА́ЛЬНЯ, канфесіяналь,

элемент касцельнага начыння, прызначаны для здзяйснення хрысц. таінства — споведзі (пакаяння). Уведзена ў хрысц. абраднасць у 2-й пал. 16 ст. Уяўляе сабой крэсла, закрытае з усіх бакоў невысокімі (да пояса чалавека) дзверцамі. Да бакавых сценак далучаюцца нізкія лаўкі-прыступкі для вернікаў, якія спавядаюцца праз акенцы, закрытыя кратамі. Звычайна С. робяць з дрэва, часам — з мармуру ці стука. У храмах С. размяшчаецца адвольна, але часцей каля сцяны нефа насупраць амбона.

т. 15, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІ́РЫЧУЭЛ (ад англ. spiritual song духоўная песня),

жанр амерыканскай духоўнай музыкі; някультавае песнапенне. Узнік на Пд ЗША на аснове афр. і англа-кельцкіх традыцый, быў пашыраны ў 2-й пал. 18 ст. — 1870-х г. Перадае настроі трагічнай адзіноты, вылучаецца паэт. глыбінёй. З 1930-х г. адроджаны на канцэртнай эстрадзе (П.​Робсан, Махалія Джэксан, М.​Андэрсан, Л.​Прайс, Р.​Чарлз, Р.​Тарп), з 1960-х г. развіваецца у межах поп-музыкі.

т. 15, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМКО́ЎСКІ Сямён Юльевіч (сапр. Бранштэйн; 15.3.1882, г. Магілёў — 18.3.1937),

украінскі філосаф. Акад. АН Украіны (1929). З 1901 удзельнічаў у сац.-дэмакр. руху. Выступаў з пазіцыі меншавікоў-ліквідатараў; у перыяд 1-й сусв. вайны 1914—18 — цэнтрыст. Пасля вяртання ў 1917 з эміграцыі ў Расію ўвайшоў у склад меншавіцкага ЦК. З 1918 жыў на Украіне. У 1920 адышоў ад паліт. дзейнасці. Асн. праца «Дыялектычны матэрыялізм і прынцып адноснасці» (1926).

т. 15, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНІЯ СЛАВЯ́НЕ,

адна з трох (разам з заходнімі і паўднёвымі) асноўных груп славян. Склаліся ў 6—9 ст. на тэр. Усх. Еўропы. Займаліся ворным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам.

Падзяляліся на племянныя саюзы палян, драўлян, валынян, дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў, вяцічаў і інш. У 1-й пал. 9 ст. мелі раннедзярж. аб’яднанні (княжанні) у Сярэднім Падняпроўі і Прыільменні, якія сталі асновай Кіеўскай Русі. Да 16 ст. склаліся народнасці: беларусы, рускія, украінцы.

т. 16, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДАНО́ВІЧ Леў Сяргеевіч (н. 15.11.1923, в. Струмень Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Гомельскі рачны тэхнікум (1950). У Вял. Айч. вайну з 1942 падрыўнік 1-й Гомельскай партыз. брыгады, з 1943 на Бел., 2-м Бел. франтах. Нам. камандзіра ўзвода разведкі ст. сяржант Х. вызначыўся ў 1944 у час аперацыі «Баграціён» і ў 1945 у баях на тэр. Польшчы. Пасля вайны да 1983 у рачным флоце Беларусі.

т. 16, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЛЬЧЫЦКІ (Chelčický) Пётр (каля 1390 — каля 1460),

ідэолаг памяркоўных табарытаў Чэхіі ў час гусіцкіх войнаў 1-й пал. 15 ст. У сваіх творах (на чэш. мове) крытыкаваў феад. лад, выступаў за стварэнне грамадства, засн. на роўнасці і абавязковай працы ўсіх яго членаў, супраць царк. іерархіі, багацця і паліт. улады каталіцкай царквы (ідэальнай царквой лічыў абшчыну вернікаў на чале з выбарным святаром). Ідэі Х. паўплывалі на абшчыны Чэшскіх братоў.

т. 17, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́КАН IV (Haakonsson), Хокансан Стары (Haakon den Gamle; 1204—17.12.1263),

кароль Нарвегіі [1217—63]. Абапіраўся на служылае дваранства, пасля грамадз. войнаў 2-й пал. 12 — пач. 13 ст. ўмацаваў каралеўскую ўладу (да 1240). У 1251 заключыў дагавор з Ноўгарадам пра ўрэгуляванне пагран. адносін. Абвясціў уладу нарв. кароны над Грэнландыяй (1261) і Ісландыяй (1262). Памёр у час ваен. паходу ў Шатландыю. Хроніку жыцця Х. склаў у 1264—65 ісландзец С.​Тордарсан.

т. 17, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)