ДО́ГА ((Doga) Еўжэніу) (Яўген Дзмітрыевіч; н. 1.3.1937, с. Мокра Рыбніцкага р-на, Малдова),

малдаўскі кампазітар. Нар. арт. Малдовы (1982), нар. арт. СССР (1987). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю па класах віяланчэлі (1960) і кампазіцыі (1965). У 1957—62 артыст аркестра Малд. радыё і тэлебачання. У 1963—67 выкладаў у Кішынёўскім муз. вучылішчы. Яго творчасць, пераважна песенная, цесна звязана з малд. муз. фальклорам. Сярод твораў: балет «Лучафэрул» (1983); кантаты, сімфоніі, уверцюры, стр. квартэты, 9 хароў на вершы Я.​Букава, рамансы, песні, музыка да спектакляў драм. т-ра, тэле- і кінафільмаў (больш за 100), у т. л. «Лаутары» (1972), «Табар адыходзіць у неба» (1976), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978), «Марыя, Мірабела» (1982). Дзярж. прэмія Малдовы 1980, прэмія Румыніі 1982, Дзярж. прэмія СССР 1984.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЛАВА (Вера Георгіеўна) (н. 27.1.1910, Масква),

расійская арфістка, педагог. Нар. арт. Расіі (1966), нар. арт. СССР (1976). Дачка скрыпача Г.​Дулава. Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1920—22 у К.Эрдэлі, 1922—25 у М.​Карчынскай), з 1943 выкладала ў ёй (праф. з 1958). У 1929—31 салістка Маскоўскай філармоніі, у 1932—84 — аркестра Вял. т-ра. З 1930-х г. гастраліравала, у т. л. за рубяжом. З яе ўдзелам напісана шмат твораў для арфы (у т. л. канцэрты С.​Васіленкі, А.​Масалова, санаціны Л.​Кніпера, А.​Балціна, «Усходні танец» А.​Хачатурана). Аўтар апрацовак для арфы, у т. л. твораў франц. клавесіністаў і інш., кн. «Мастацтва ігры на арфе» (1975). Сярод вучняў Э.​Масквіціна, Н.​Шамеева. Дзярж. прэмія СССР 1973.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУА́Ш (франц. gouache ад італьян. guazzo вадзяная фарба),

фарба з тонка расцёртых пігментаў і водна-клеявых сувязных з дамешкай бяліл, а таксама жывапіс гэтымі фарбамі. Ужываецца для жывапісу па паперы, кардоне, фанеры, палатне, шоўку. Узнікла як разнавіднасць акварэлі, адрозніваецца ад яе гушчынёй, непразрыстасцю, матавасцю тонаў, часта спалучаецца з ёю. Была вядома ў Стараж. Егіпце. Шырока выкарыстоўвалася ў сярэднія вякі ў кніжнай мініяцюры, з часоў Адраджэння — для эскізаў, кардонаў фрэсак, партрэтных мініяцюр. Адзін з асн. матэрыялаў плаката, кніжнай графікі, дэкарацый, афарміцельскіх работ. У тэхніцы гуашы працавалі мастакі: А.​Тычына, І.​Ахрэмчык, Л.​Лейтман, М.​Тарасікаў, І.​Немагай, М.​Селяшчук, А.Л ось, У.​Шапялевіч і інш.

У.​І.​Рынкевіч.

Да арт. Гуаш. А.​Звераў. Аўтапартрэт. 1954.
Да арт. Гуаш. У.​Шапялевіч. Сіні вечар. 1995.

т. 5, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́ПТЫКА (грэч. glyptikē ад glyphō выразаю),

мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях; адзін з відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Разныя камяні (гемы) з глыбокай старажытнасці служылі пячаткамі, амулетамі і ўпрыгажэннямі. Гемы з паглыбленымі выявамі наз. інталіямі, з выпуклымі — камеямі. Вядома ў Месапатаміі, Пярэдняй Азіі, Стараж. Егіпце з 4-га тыс. да н.э., была развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднія вякі развівалася гал. чынам у краінах Усходу. Новы ўздым гліптыкі прыпадае на перыяды Адраджэння і класіцызму. У 19 ст. як від мастацтва заняпала, яе змяніў механічны выраб гем з танных матэрыялаў.

Да арт. Гліптыка. Інталія «Джулія, дачка Цітуса». Аквамарын. 16 ст.
Да арт. Гліптыка. «Камея Ганзага» з выявай Пталамея II Філадэльфа і яго жонкі Арсіноі. 3 ст. да н. э. Александрыя.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́РЫНЬШ ((Zariņš) Карліс) (н. 6.7.1930, Рыга),

латышскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. Латвіі (1972), нар. арт. СССР (1976). Скончыў Латв. кансерваторыю (1960), з 1972 выкладае ў Латв. муз. акадэміі (праф. з 1983). З 1960 саліст Нац. оперы Латвіі. Сярод партый: Тотс («Іграў я, скакаў» І.​Калніньша), Віжут («Банюта» А.​Калніньша), Кангар («Агонь і ноч» Я.​Медыньша), Рыгор («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Тангейзер, Зігмунд («Тангейзер», «Валькірыя» Р.​Вагнера), Радамес, Атэла, Манрыка («Аіда», «Атэла», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Рудольф, Калаф («Багема», «Турандот» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пітэр Граймс («Пітэр Граймс» Б.​Брытэна); сола тэнара ў рэквіемах В.​А.​Моцарта і Вердзі, «Месіі» Г.​Ф.​Гендэля, 9-й сімфоніі Л.​Бетховена. Дзярж. прэмія Латвіі 1974.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ»,

газета прагрэс. кірунку, орган партыі «Вызволене». Выдавалася з 29.1 да 24.6.1923 у Вільні на бел. мове групай радыкальна настроеных дэпутатаў польск. сейма, якія ў 1924 выйшлі з «Вызволеня» і заснавалі Незалежную сялянскую партыю. Выходзіла 1 раз на тыдзень замест закрытай польск. ўладамі газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З пазіцый сял. дэмакратыі крытыкавала ўрад, мясц. адміністрацыю (арт. «Чаго варты ўрад Сікорскага», «Вынікі працы новага ўрада», «Законы, канстытуцыя і некаторыя чыноўнікі»), выкрывала дэпутатаў сейма, якія дагаджалі пануючым класам (арт. «Вітас прадаўся Хісна-Пясту»), прапагандавала ідэю паліт. аб’яднання сялянства на ўзор рабочых. У рубрыцы «Нашы песняры» змясціла нататкі пра Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалу, вершы, якія мелі актуальнае значэнне ва ўмовах Зах. Беларусі. Выйшла 5 нумароў. Забаронена польск. ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРЭ́НКА (Рыгор Фёдаравіч) (2.2.1921, с. Мароўск Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 7.1.1996),

расійскі кампазітар. Засл. арт. Расіі (1960). Нар. арт. СССР (1990). З 1940 баяніст у армейскіх ансамблях, з 1950 у Рус. нар. аркестры імя М.​П.​Осіпава. З 1952 муз. кіраўнік Волжскага нар. хору, з 1963 — рус. нар. хору Палаца культуры Валгаградскага трактарнага з-да. З 1973 у Краснадары. Працаваў пераважна ў галіне песеннай творчасці. Сярод найб. папулярных песень: «Івушка» («Вербачка»), «Арэнбургская пуховая хустка», «Ой, снег-сняжок», «А дзе мне ўзяць такую песню?», «Расце ў Валгаградзе бярозка». Аўтар аперэты «Старым казацкім спосабам» (паст. 1980), «Гапака» для сімф. арк. (1952), канцэрта для домры з арк. (1950), хароў, песень на словы С.​Ясеніна, музыкі для т-ра і кіно.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДЖА́НАЎ (Сяргей Іосіфавіч) (9.1.1924, Тбілісі — 20.7.1990),

кінарэжысёр. Нар. арт. Украіны (1990). Нар. арт. Арменіі (1990). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). Працаваў на Украіне, у Грузіі, Арменіі. Выкарыстанне міфал. і легендарных матываў, фальклорная паэтыка, сімволіка прасторы і колеру, спалучэнне традыцый розных нац. мастацтваў у адзінай вобразнай сістэме выявіліся ў фільмах «Цені забытых продкаў» (1966, паводле твораў М.​Кацюбінскага), «Колер граната» (1969, на падставе біяграфіі і паэзіі Саят-Нава; сцэнарый П.), «Легенда пра Сурамскую крэпасць» (1984), «Ашык-Керыб» (1988, абодва з Д.​І.​Абашыдзе). Сярод інш. фільмаў: «Наталля Ужвій» (1957), «Украінская рапсодыя» (1961), «Думка» (1966), «Арабескі на тэмы Пірасмані» (1985). Аўтар арыгінальных калажаў і пластычных кампазіцый. Падвяргаўся ганенням з боку афіц. улад, двойчы быў у зняволенні па сфабрыкаваных абвінавачваннях.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁВА (Ірына Вадзімаўна) (н. 8.2.1949, Масква),

расійская актрыса. Засл. арт. Расіі (1983). Нар. арт. Расіі (1994). Скончыла драм. студыю пры Цэнтр. дзіцячым т-ры (1970), Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1983). З 1971 у Цэнтр. дзіцячым т-ры, з 1977 у т-ры імя Массавета, з 1993 у Малым т-ры. Стварае яркія вобразы, адметныя драматызмам і музыкальнасцю: Гурмыжская, Купавіна («Лес», «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава) і інш. З 1974 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Чыста англійскае забойства» (тэлефільм, 1974), «Масква слязам не верыць» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1981), «Карнавал» (1982), «Самая абаяльная і прывабная» (1985), «Гэта жанчына ў акне» (1992), «Першае каханне» (1994), «Каханне злое» (1998), «З новым шчасцем...» (тэлефільм, 1999) і інш.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МАЎ (Уладзімір Навумавіч) (н. 6.12.1927, С.-Пецярбург),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951), з 1980 выкладае ў ім. Працаваў з А.​А.​Алавым: «Трывожная маладосць» (1955, паводле рамана «Старая крэпасць» У.​Бяляева), «Павел Карчагін» (1957, паводле рамана «Як гартавалася сталь» М.​Астроўскага), «Бег» (1971, паводле М.​Булгакава), «Легенда пра Тыля» (1977, паводле рамана «Легенда пра Уленшпігеля» Ш. Дэ Кастэра), «Тэгеран-43» (1981, СССР—Швейцарыя—Францыя, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве), «Бераг» (1984, паводле Ю.​Бондарава) і інш. Самастойна паставіў фільмы: «Выбар» (1988), «Закон» (1990), «Дзесяць гадоў без права перапіскі» (1991), «Белае свята» (1994). Творчасці Н. ўласцівы эмацыянальнасць, драматызм канфлікту, майстэрства выкарыстання сродкаў кінематаграфічнай выразнасці. Піша сцэнарыі. Дзярж. прэмія СССР 1985.

У.Н.Навумаў.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)