КУ́ХАРАЎ Мікалай Васілевіч (н. 21.6.1925, в. Шарэйкі Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1991). Засл. настаўнік Беларусі (1968). Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1946), БДУ (1950). З 1973 у Гомельскім ун-це. З 1982 у Гомельскім ін-це павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах тэорыі і практыкі навучання, прафес. падрыхтоўкі пед. кадраў.
Тв.:
Педагогическая теория и школьная практика: Эксперимент.-дидакт. исслед. на материале обучения учителей мастерству формирования умственной самостоятельности учащихся. Мн., 1978;
На пути к профессиональному совершенству. М., 1990;
Педагог-мастер — педагог-исследователь. Гомель, 1992.
т. 9, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГАДА (сапр. Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),
украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.Гілевіча, У.Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Валасевіч, Р.Няхай, Я.Тачыла, В.Шымук.
Тв.:
Гумор, сатира, лірика. Київ. 1983;
Рус. пер. — За нашими Карпатами. М., 1954.
В.А.Чабаненка.
т. 9, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-МАНШ (франц. La Manche), Англійскі канал (англ. English Channel),
праліў паміж мацерыковай часткай Еўропы (Францыя) і в-вам Вялікабрытанія. Злучае разам з пралівам Па-дэ-Кале (Дуўрскі праліў) Паўночнае м. з Атлантычным ак. Даўж. 578 км, шыр. 250 км на 3, 32 км на У, найб. глыб. 172 м, найм. глыб. на фарватэры 23,5 м. Шмат водмеляў, асабліва ва ўсх. частцы праліва. Частыя туманы. Мае важнае трансп. значэнне. Гал. парты: Портсмут, Саўтгемптан, Плімут (Вялікабрытанія), Гаўр, Шэрбур (Францыя). Пад Л.-М. (паміж Дуўрам і Кале) у 1994 пабудаваны чыг. тунэль (т. зв. «Еўратунэль», даўж. 52,5 км, у т. л. 38 км пад дном праліва).
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
вайна саюза стараж.-грэч. дзяржаў на чале з Афінамі супраць панавання Македоніі ў 323—322 да н. э. Ініцыіравана афінянамі на чале з Дэмасфенам і Гіперыдам пасля атрымання звестак пра смерць Аляксандра Македонскага. Да Афін далучыліся некат. полісы Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса, асобныя ілірыйскія і фракійскія плямёны. У 323 да н.э. войска саюзнікаў на чале з Леасфенам у бітве пры Гераклеі разбіла сілы правіцеля Македоніі Антыпатра і прымусіла яго схавацца ў фесалійскай крэпасці Ламія (адсюль назва вайны). Скарыстаўшы раздробленасць антымакедонскага лагера, Антыпатр дачакаўся падмацаванняў і ў Кранонскай бітве (322 да н.э.) разбіў саюзную армію. Панаванне Македоніі ў Грэцыі было адноўлена.
т. 9, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІН Антон Іванавіч (18.1.1897, в. Каменная Брэсцкага р-на — 9.4.1965),
генерал-лейтэнант (1942), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1925, 1947), Вышэйшыя акад. курсы (1947). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. З 1941 камандуючы арміямі на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах. Войскі пад яго камандаваннем удзельнічалі ў вызваленні Беларусі, Прыбалтыкі, правядзенні Усх.-Прускай аперацыі. У час Беларускай аперацыі 1944 нам. камандуючага 43-й арміяй, удзельнічаў у акружэнні віцебскай групоўкі праціўніка і вызваленні Віцебска (гл. Віцебскі «кацёл»). Вызначыўся пры авалоданні г. Кёнігсберг. Удзельнік вайны з Японіяй на Д. Усходзе. Да 1954 у Сав. Арміі.
т. 9, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,
гісторыка-геаграфічная назва часткі Украіны на левым беразе р. Дняпро, далучанай да Расіі паводле Андросаўскага перамір’я 1667 і «Вечнага міру» 1686 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай; наз. таксама гетманшчынай. Уключала тэр. сучасных Чарнігаўскай, Палтаўскай, левабярэжнай ч. Кіеўскай і Чаркаскай абласцей, Кіеў з невял. раёнам вакол яго на правым беразе Дняпра і паўн. ч. Днепрапятроўскай вобл. Да 1781 тут (акрамя Кіева і яго наваколля) існавала аўт. кіраванне з адм. падзелам на «палкі» і «сотні» (да 1722 і ў 1750—64 яго ўзначальваў гетман). У 1781 уведзены агульнарас. адм. падзел. Гл. таксама раздзел гісторыя ў арт. Украіна. У наш час назва Л.У. ўжываецца толькі як геагр. паняцце.
т. 9, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАЎСКА́Я Таццяна Міхайлаўна (н. 21.5.1966, г. Шчокіна Тульскай вобл., Расія),
бел. спартсменка (лёгкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1989). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1991). З 1999 ст. трэнер нац. каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы. Чэмпіёнка XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул) у эстафеце 4 × 400 м, сярэбраны прызёр у бегу на дыстанцыі 400 м з бар’ерамі. Чэмпіёнка свету (1991) у бегу на 400 м з бар’ерамі і ў эстафеце 4 × 400 м, Еўропы (1990) у бегу на 400 м з бар’ерамі і сярэбраны прызёр у эстафеце 4 χ 400 м. Чэмпіёнка СССР (1988—90); шматразовая чэмпіёнка і рэкардсменка Беларусі.
т. 9, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІС ПРЫРО́ДЫ,
спецыяльная кніга, якая вядзецца ва ўсіх запаведніках. Ствараецца па агульнай праграме, у якой улічваецца спецыфіка кожнага запаведніка. Змяшчае шматгадовую сістэматызаваную інфармацыю аб прыродных працэсах і з’явах на тэр. запаведніка. На Беларусі найб. працяглы Л.п. вядзецца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Уключае звесткі пра тэрыторыю, рэльеф, глебы, воды, кліматычныя ўмовы, флору і фауну, фіксуе стан рэжыму карыстання і ўплыў антрапагенных фактараў, адлюстроўвае стан і дынаміку ахоўных абіятычных і біятычных аб’ектаў, змяшчае каляндар прыроды, назіранні за паводзінамі жывёл, звесткі навук. даследаванняў і інш. матэрыялы. Л.п. дазваляюць вывучаць заканамернасці развіцця прыродных працэсаў на пэўнай тэрыторыі і выкарыстоўваюцца ў геабат., фларыстычных, фауністычных, феналагічных і інш. даследаваннях.
т. 9, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,
узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.
т. 9, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМПО́ПА (Limpopo), Кракадзілавая,
рака ў Паўд. Афрыцы, Паўд.Афр. Рэспубліцы і Мазамбіку. У сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж ПАР і Батсванай, ПАР і Зімбабве. Даўж. 1600 км, пл. бас. 440 тыс. км². Бярэ пачатак на паўн. схілах хр. Вітватэрсранд, у вузкай цясніне перасякае ўсх. ўскраіну Паўд.-Афрыканскага нагор’я, цячэ па Мазамбікскай нізіне, упадае ў Індыйскі ак. Гал. жыўленне ад прытокаў, што сцякаюць з вільготнага плато Матабеле і ад р. Уліфантс (справа). Сярэдні расход вады каля 800 м³/сек. У сезон летніх дажджоў (снеж.—лют.) узровень вады ў ніжнім цячэнні павышаецца на 5—7 м. Суднаходная на 160 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 9, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)