вышэйшы калегіяльны каардынацыйна-паліт. орган, які фарміруецца з мэтай рэалізацыі паўнамоцтваў прэзідэнта ў галіне забеспячэння нац. бяспекі краіны. Утвораны паводле пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 15.11.1991. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Савет бяспекі фарміруе і ўзначальвае прэзідэнт. Савет бяспекі разглядае пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі краіны, якія закранаюць інтарэсы яе нац. бяспекі і абароны, прымае рашэнні па забеспячэнні паліт., эканам., ваен., гуманітарнай, экалаг. і інш. відаў бяспекі дзяржавы і яе грамадзян. У яго склад уваходзяць прэзідэнт, пастаянныя члены Савета (прэм’ер-міністр, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нац. сходу, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта, дзярж. сакратар — памочнік прэзідэнта па нац. бяспецы), члены Савета (міністры абароны, унутр. спраў, замежных спраў, фінансаў, старшыні к-таў дзярж. бяспекі і дзярж. кантролю, ген. пракурор, а таксама інш. асобы, якіх прызначае прэзідэнт). Рашэнні Савета бяспекі афармляюцца ў выглядзе пастаноў, якія набываюць сілу пасля іх падпісання прэзідэнтам. Дзейнасць забяспечвае сакратарыят (да 1997 — апарат) Савета бяспекі. У 1992—94 Савет бяспекі ўзначальвалі старшыні Вярх.
Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч, потым М.І.Грыб. З 1994 палажэнне аб Савеце бяспекі і яго складзе зацвярджаюцца ўказамі прэзідэнта. Дзярж. сакратары Савета бяспекі: з 1994 В.В.Шэйман, з 2000 У.Р.Латыпаў, з 2001 Г.М.Нявыглас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛІВЕН (Sullivan) Луіс Генры (3.9.1856, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 14.4.1924),
амерыканскі архітэктар; адзін з пачынальнікаў рацыяналізму, лідэр т.зв. чыкагскай школы. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це ў Кеймбрыджы (1872), наведваў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1874). Зазнаў уплыў Г.Х.Рычардсана. У 1875—95 працаваў у Чыкага зінж. Д.Адлерам: будынак Аўдыторыума (1886—89) — самая вял. ў ЗША тэатр. зала, заключаная ў абалонку з 10-павярховых карпусоў гасцініцы і офісных памяшканняў, і інш. Распрацаваў новы тып вышыннага будынка, дзе раскрыў спецыфічныя маст.-вобразныя якасці небаскроба зметал. каркаса і ячэйкавай структурай. Выкарыстоўваў верт. цягі, спалучаў строгія плоскасці са складаным крывалінейным арнаментам з чыгуну ў духу стылю мадэрн: Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе (1890—91), Гаранты-білдынг у Буфала (1894—95), будынак фірмы «Карсан-Піры-Скот» у Чыкага (1899—1900). Уласную тэорыю рацыяналізму найб. поўна выклаў у арт. «Вышынны канторскі будынак з мастацкага пункту гледжання» (1896). Стварыў канцэпцыю арган. архітэктуры, пазней развітой яго вучнем Ф.Л.Райтам. Творчасць С. паўплывала на развіццё еўрап. функцыяналізму 1920-х г. Аўтар шэрагу літ. прац, у т. л.кн. «Гутаркі ў дзіцячым садзе» (1901—02).
Тв.:
Рус.пер. — [Избр. отрывки] // Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972.
І.М.Скварцова.
Л.Салівен. Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе. 1890—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГА́ЛА (Sangallo),
сям’я італьянскіх архітэктараў і скульптараў эпохі Адраджэння. Нарадзіліся ў г. Фларэнцыя.
Джуліяна да С. [сапр.Джамберці (Giamberti); 1445—20.10.1516], развіваў традыцыі Ф.Брунелескі, выразным па кампазіцыі пабудовам надаваў лёгкасць і вытанчанасць: касцёл Санта-Марыя дэле Карчэры ў Прата (1484—95), віла ў Поджа-а-Каяна каля Фларэнцыі (з 1485), шматлікія гар. ўмацаванні, у т. л. ў Поджа-Імперыяле (1488), Пізе і Ліворна (1509—12). Як скульптар блізкі да Данатэла (надмагіллі сям’і Сасеці ў капэле Сасеці касцёла Санта-Трыніта ў Фларэнцыі, 1486). Антоніо да С. Старэйшы (1455 ці 1463—17.12.1534), брат Джуліяна да С., шмат працавалі разам. Зсамаст. работ найб. значны касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане (1518—45). Антоніо да С. Малодшы [сапр.Кардыяні (Cordiani); 1483—3.8.1546], пляменнік і вучань Джуліяна да С. і Антоніо да С. Старэйшага. З 1503 працаваў у майстэрні Д.Брамантэ ў Рыме. Пабудаваў гар. ўмацаванні ў Парме (з 1525) і інш. Пасля смерці Рафаэля стаў гал. архітэктарам Рымскага сабора святога Пятра (з 1520). Сталыя работы С. вылучаюцца масіўнасцю форм і цэласнасцю арх. аблічча: палацца Фарнезе ў Рыме (з 1513, завершана Мікеланджэла і Дж. дэла Портам), банк Санта-Спірыта ў Рыме (1523—24).
А. да Сангала Старэйшы. Касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САСАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 3—7 ст. на чале з іранскай дынастыяй Сасанідаў. Засн. Ардашырам I, які ў 224 знішчыў Парфянскае царства, у 226/227 каранаваўся царом у г. Ктэсіфон, які зрабіў сталіцай дзяржавы. Яго сын Шапур I [239—272] далучыў да С.дз. вял. вобласці на З і У ад Ірана, вёў паспяховыя войны супраць Рым. імперыі. Дзярж. рэлігіяй С.дз. стаў зараастрызм, жрацы якога (магі) аказвалі вял. ўплыў на дзярж. справы, асабліва з часоў Шапура II [309—379]. У канцы 5 ст. С.дз. вяла барацьбу зэфталітамі, у бітве з якімі загінуў цар Пероз [459—484]. Востры сац. крызіс часоў кіравання Кавада I [488—496 і 499—531 ] выклікаў маздакіцкі рух. Пры Хасрове I Анушырване [531—579] унутр. становішча стабілізавалася, краіна падзелена на 4 вобласці: Харасан, Азербайган, Німруз і Харабаран (Месапатамія); усталяваўся падзел грамадства на саслоўі, прывілеяванае становішча сярод якіх займалі магі і воіны (азаты). Пры Хасрове II Парвізе [591—628] С.дз. вяла вайну зВізант. імперыяй (602—628), захапіла Сірыю, Палесціну, Егіпет, б.ч. М. Азіі, але потым сасанідскія войскі пацярпелі паражэнне, і ўсе заваяванні былі страчаны. Вайна знясіліла С.дз. напярэдадні арабскіх заваяванняў. Арабы разбілі войскі С.дз. ў бітвах пры Кадысіі (637) і Нехавендзе (642). Са смерцю цара Ездэгерда III [632—651/652] С.дз. спыніла існаванне, а яе землі ўвайшлі ў склад Арабскага халіфата (гл.Халіфат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СД (ням. SD скарачэнне ад Sicherheitsdienst des Reichsführers SS служба бяспекі рэйхсфюрэра СС),
служба бяспекі і паліт. разведкі (шпіянажу) унутры СС, якая дзейнічала ў межах Нацыянал-сацыялісцкай партыі (НСДАП) у час дыктатуры гэтай партыі ў Германіі. Засн. ў 1931 Г.Гімлерам як служба разведкі (узначальваў Р.Гайдрых), звер. 1932 наз. СД. Напачатку служыла для збору інфармацыі пра паліт. праціўнікаў і апазіцыянераў унутры НСДАП. З 1933 парт. ведамства з уласнай арг-цыяй на ўсёй тэр. дзяржавы па ажыццяўленні паліт. кантролю над насельніцтвам, з 1934 адзіная разведвальная служба нацысцкай партыі. У 1939 разам з паліцыяй бяспекі падпарадкавана Гал. ўпраўленню імперскай бяспекі (РСХА). Дзейнічала праз штатных і няштатных агентаў, мела архівы (картатэкі), афіц. канторы; выканаўчую ўладу ажыццяўляла гестапа. З СД рэкрутаваліся кіруючыя кадры для паліцыі бяспекі, якія дзейнічалі ў 2-ю сусв. вайну (са студз. 1943 СД узначальваў Э.Кальтэнбрунер) як кіраўнікі т. зв. айнзацгруп у акупіраваных краінах, у т. л. на Беларусі (айнзацгрупы «A» і «B»). Яны арганізоўвалі забойствы паліт. праціўнікаў фашызму, яўрэяў і інш. У падпарадкаванні Мінскага СД знаходзіўся Трасцянецкі лагер смерці. У лют. 1944 да СД перайшлі гал. функцыі органа ваен. разведкі і контрразведкі Абвера. На Нюрнбергскім працэсе пасля 2-й сусв. вайны СД прызнана злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́БАРГ (Seaborg) Глен Тэадор (19.4.1912, г. Ішпемінг, ЗША — 25.2.1999),
амерыканскі хімік і фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1948), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1958). Замежны чл.Рас.АН (1971) і АНінш. краін. Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Берклі (1937), дзе і працаваў (з 1945 праф., у 1958—61 прэзідэнт ун-та). У 1942—46 удзельнічаў у стварэнні амер. атамнай бомбы. У 1954—61 і з 1972 нам. дырэктара Беркліеўскай нац. лабараторыі імя Э.А.Лоўрэнса. У 1961—71 старшыня Камісіі па атамнай энергіі ЗША. Навук. працы па радыяцыйнай і ядз. хіміі, ядз. фізіцы. Разам зінш. адкрыў шэраг радыеізатопаў; апублікаваў першую табліцу ізатопаў (1940); сінтэзаваў 10 трансуранавых элементаў (1941—74). Развіў канцэпцыю размяшчэння ў перыядычнай табліцы. Мендзялеева трансактыніевых элементаў і прадказання іх уласцівасцей (актыноідная тэорыя; 1944). У яго гонар названы трансуранавы элемент сібаргій і малая планета. Нац.навук. медаль ЗША (1991). Нобелеўская прэмія 1951 (разам з Э.М.Макміланам).
Тв.:
Рус.пер. — Искусственные трансурановые элементы. М., 1965;
Ядерные свойства тяжелых элементов. Вып. 1—5. М., 1967—69 (разам з Э.Хайдам, І.Перлман);
Человек и атом. М., 1973 (разам з У.Р.Корлісам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕНО́Н (Simenon) Жорж (13.2.1903, г. Льеж, Бельгія — 4.9.1989),
французскі пісьменнік. Чл.Бельг. каралеўскай акадэміі (з 1952). З 1922 жыў у Францыі, з 1955 — у Швейцарыі. Падарожнічаў па Еўропе і Афрыцы, займаўся журналістыкай. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рус. л-ры. Друкаваўся з 1919. Славу прынеслі дэтэктыўныя раманы зсусв. вядомым героем камісарам Мегрэ: «Запіскі Мегрэ» (1950), «Мегрэ падарожнічае» (1958), «Мегрэ і бадзяга» (1963), «Мегрэ сумняваецца» (1968), «Мегрэ і мсье Шарль» (1972) і інш. У сац.-псіхал. раманах «Дом на канале» (1933), «Негрыцянскі квартал» (1935), «Бруд на снезе» (1948), «Браты Рыко» (1952), «Сын» (1957), «Прэзідэнт» (1958), «Турма» (1968), «І ўсё ж такі арэшнік зелянее» (1969) і інш. выкрываў расізм і галечу, каланіялізм і фашызм. Яго проза адметная ўважлівым стаўленнем да дэталі, дакладнай матывацыяй паводзін персанажаў, іх моўнай індывідуалізацыяй, псіхалагізмам у спалучэнні з займальнай інтрыгай і сюжэтным дынамізмам. Аўтар цыкла ўспамінаў «Я дыктую» (т. 1—21, 1975—81), літ.-крытычных прац, аўтабіягр. кніг, аповесцей і апавяданняў. Некат. яго творы экранізаваны. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі Н.Мацяш, А.Асташонак.
Тв.:
Бел.пер. — Першая справа Мегрэ. Мн., 1982;
Пад страхам смерці: Раман, аповесці. Мн., 1992;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—20. М., 1991.
Літ.:
Шрайбер Э.Л. Жорж Сименон: Жизнь и творчество. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
комплекс узаемазвязаных агратэхн., меліярац. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў па эфектыўным выкарыстанні зямлі. Забяспечвае расшыранае ўзнаўленне ўрадлівасці глебы, атрыманне ўсё большых ураджаяў і выключае негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць С.з. прымітыўныя (лядна-агнявая, аблогавая, лесапольная і інш.), экстэнсіўныя (папарныя) і інтэнсіўныя. На Беларусі з канца 3-га — пач. 2-га тысячагоддзяў да н.э. была пашырана лядна-агнявая С.з. (лес высякалі, дрэвы спальвалі, а зямлю выкарыстоўвалі пад ворыва); урадлівасць глебы зніжалася і аднаўлялася толькі пад уплывам прыроднай расліннасці. Аблогавая С.з. ўзнікла пры скарачэнні плошчы вольных зямель, неабходнасці вяртання старых участкаў, якія зноў выкарыстоўвалі пад пасевы, а потым запускалі пад аблогу. Пазней, пры выкарыстанні лесапольнай С.з., плошча ўзараных зямель была павялічана, тэрмін аблогі і лесаполля скараціўся, урадлівасць не аднаўлялася. У час феадалізму панавалі экстэнсіўныя С.з. Папарная С.з. прадугледжвала чаргаванне культур — папар, азімыя, яравыя. У канцы 19 ст. ўзнікла і пашыралася травапольная С.з. (гал. недахоп — увядзенне ўсюды бабова-збожжавых сумесей і змяншэнне пасеваў збожжавых культур). Сучасныя інтэнсіўныя С.з. (палепшаная, пладазменная, з кармавымі севазваротамі і інш. спецыялізаваныя) уключаюць севазваротызтравасеяннем, культ.лугаводстваз перыядычным перазалужэннем лугоў, апрацоўку глебыз чаргаваннем плужных і бясплужных апрацовак, рацыянальнае ўжыванне арган. і мінер. угнаенняў, вапнаванне глебы, барацьбу з хваробамі, шкоднікамі і пустазеллем, рэгуляванне воднага рэжыму глеб і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ НА БАТУ́ЦЕ,
высокія падскокі на спарт. батуце з пераваротамі і вярчэннем; від спорту з элементамі акрабатыкі. Батут — плеценая сетка даўж. 3,6—4,3 м; шыр. 1,8—2,15 м, замацаваная на раме, выш. 0,95—1,05 м. Віды спаборніцтваў: індывід., па сінхронных скачках (2 спартсмены) і камандныя Кожны від складаецца з абавязковай і адвольнай праграм, якія ўключаюць па 10 элементаў.
Да 1940-х г. выкарыстоўваліся як сродак трэніроўкі спартсменаў, пілотаў і парашутыстаў, уваходзілі ў цыркавыя праграмы. Спарт. спаборніцтвы праводзяцца з 1947 (ЗША). Міжнар. федэрацыя батута створана і праведзены 1-ы чэмпіянат свету ў 1964. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1970. Найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Швейцарыі.
Зборная каманда Беларусі — чэмпіён свету (1994). Мужчынская каманда — чэмпіён (1995) і сярэбраны прызёр (1996, 1998) чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы (1993). Жаночая каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1996), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1993). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: у мужчын — чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету Я.Бяляеў, М.Казак, Дз.Паляруш, У.Какорка (у сінхронных выступленнях з Казаком); у жанчын — сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету Т.Граеўская, Н.Карпянкова, Г.Лебедзева, Т.Чуміна (бронз. прызёр чэмпіянату свету, 1978) і Т.Мамай — чэмпіёнкі Еўропы ў індывід. (адпаведна 1974 і 1976) і сінхронных (1977) скачках, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліст. 1942—ліп. 1944 у г. Слонім і Слонімскім р-не Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам Брэсцкага міжраённага «К-та барацьбы зням. акупантамі» (да чэрв. 1943), Слонімскага падп. райкома КП(б)Б (звер. 1943). Створана па ініцыятыве б.чл. КПЗБ і КСМЗБ. Складалася з 8 (100 чал.) ячэек (груп) у Слоніме (сакратары І.Д.Міско, В.І.Вільчынскі), вёсках Вял. Кракотка (К.С.Петручэня, Р.П.Збраевіч), Глоўсевічы (М.Р.Ракуць), Какошчыцы (Л.Я.Дабрыян, В.П.Дабрыян), Пасінічы (М.М.Анішчык, У.П.Філітовіч, Т.В.Кіслы, І.М.Цвікевіч), Сяргеевічы (В.А.Жукоўскі), Чамяры (М.В.Бурсевіч, З.Ц.Бурсевіч), Чапялёва (С.С.Гайко). Дзейнасць арг-цыі ўзначальваў к-т (сакратар Ф.З.Міско). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, выданні Слонімскага падп. райкома КП(б)Б, зрывалі спробы акупантаў па прымусовай мабілізацыі насельніцтва ва ўзбр.фаш. фарміраванні, вывазе моладзі ў Германію, збіралі грошы і каштоўнасці ў фонд абароны, зброю, боепрыпасы, медыкаменты, адзенне для партызан, праводзілі дыверсіі, удзельнічалі ў баявых аперацыях партызан на чыгунцы. У барацьбе з ворагам загінула 13 падпольшчыкаў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.