сукупнасць магістральных і размеркавальных трубаправодаў, па якіх падаецца вада да месца спажывання; частка сістэмы водазабеспячэння.
Асноўная (знадворная, або вулічная) водаправодная сетка пракладваецца ў зямлі (на 0,2—0,5 м ніжэй глыбіні прамярзання) уздоўж вуліц і праездаў, выкарыстоўваюцца чыгунныя, стальныя, жалезабетонныя, пластмасавыя і інш. трубы. Да яе з дапамогай т.зв. дамавых адгалінаванняў далучаецца ўнутр. (унутрыдамавая) водаправодная сетка, якая падае ваду да водаразборных кранаў. Водаправодныя сеткі абсталёўваюць запорнай арматурай (вентылямі, засаўкамі, што адключаюць аварыйныя ўчасткі сеткі), водаразборнымі прыстасаваннямі (пажарнымі гідрантамі, часам водаправоднымі калонкамі). Запорную арматуру і гідранты звычайна ўстанаўліваюць у спец. калодзежах (зборных жалезабетонных або цагляных), з метал. здымнымі люкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛГА-БАЛТЫ́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХімя У.І.Леніна
(б. Марыінская водная сістэма),
штучны водны шлях на тэр. Валагодскай і Ленінградскай абл. Расіі, які злучае Волгу з Балтыйскім м., а цераз Беламорска-Балтыйскі канал з Белым м. Створаны ў пач. 19 ст.; у 1964 закончана карэнная рэканструкцыя. Праходзіць цераз Рыбінскае вадасх., р. Шэксна, воз. Белае, р. Коўжа, Волга-Балтыйскі канал, р. Выцегра, Анежскі канал, р. Свір, Ладажскі канал і р. Нява. Даўж. каля 1100 км. Глыб. не менш як 4 м. Мае 9 шлюзаў, 6 гідравузлоў, 7 вадасховішчаў. Па Волга-Балтыйскім водным шляху праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ Алег Васілевіч (21.1.1900, С.Пецярбург — 10.2.1996),
рускі пісьменнік. З дваранскай сям’і. У 1928 рэпрэсіраваны, амаль 28 гадоў адседзеў у турмах і лагерах ГУЛАГа. Пасля рэабілітацыі вярнуўся ў Маскву, займаўся перакладамі з франц. і англ. моў. Аўтар зб. аповесцей і апавяданняў «У ціхім краі» (1976), кніг эсэ па гісторыі Масквы «Кожны камень у ёй жывы» (1985), нарысаў і публіцыстыкі «Усе павінны адказваць» (1986). Кніга ўспамінаў «Пагружэнне ў цемру» (1989) пра трагічны лёс аўтара, які, прайшоўшы праз усе нечалавечыя выпрабаванні, не зачарсцвеў душой, захаваў веру ў чалавека і агульначалавечыя каштоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ (Wolff) Каспар Фрыдрых (18.1.1734, Берлін — 22.2.1794),
прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў эмбрыялогіі. Акад. Пецярбургскай АН(1867) (1767). Вучыўся ў Берліне (1753—55) і Гале (1755—59). З 1768 узначальваў кафедру анатоміі Пецярбургскай АН. Навук. працы па эмбрыялогіі, параўнальнай анатоміі і вывучэнні пачварнасці і заган развіцця (тэраталогіі). Праца «Тэорыя зараджэння» (1759) адыграла значную ролю ў барацьбе з прэфармісцкімі ідэямі аб пераўтварэнні ўсіх частак арганізма ў яйцы і метафіз. ўяўленнямі пра нязменнасць відаў, у абгрунтаванні эпігенезу. Заклаў асновы вучэння пра індывід. развіццё арганізма — антагенез.
Літ.:
Гайсинович А.Е. К.Ф.Вольф и учение о развитии организмов. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ (Wolff) Юзаф (1854—9.8.1900),
польскі гісторык, генеалог. Чл.-кар. Кракаўскай АН. Скончыў Лейпцыгскі ун-т. У 1876—85 працаваў у Пецярбургу ў кнігавыдавецкім прадпрыемстве свайго дзядзькі і цесця М.В.Вольфа. На падставе Метрыкі ВКЛ і інш. дакументаў напісаў фундаментальныя генеалагічныя працы па гісторыі ВКЛ: «Аб князях Кобрынскіх» (1883), «Сенатары і дыгнітарыі Вялікага княства Літоўскага 1386—1795», «Пацы» (абедзве 1885), «Род Гедзіміна» (1886), «Князі літоўска-рускія з канца XIV ст.» (1895; вытрымкі надрукаваны ў час. «Спадчына» за 1992—94).
Літ.:
Бычкова М.Е. Юзеф Вольф в Петербурге // История и историки: Историогр. ежегодник, 1978. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГРЫ́,
хвароба тлушчавых залоз скуры і іх праток. Бываюць ад себарэі, парушэння дзейнасці страўнікава-кішачнага тракту, залоз унутр. сакрэцыі, абмену рэчываў, пры спадчыннай схільнасці. Найчасцей назіраюцца ў юнацкім узросце ў перыяд палавой спеласці. На скуры твару, спіны, грудзей з’яўляюцца чорныя кропкі са скурнага сала, рагавых скурачак і пылу. Вакол іх (іншы раз па-за імі) з’яўляюцца запаленчыя вузельчыкі (2—4 мм) ружовага колеру, у цэнтры якіх фарміруюцца гнайнічкі; пры загойванні іх утвараецца скурачка, іншы раз рубец. Пры распаўсюджванні працэсу ўтвараюцца пустулы; ачагі могуць злівацца. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета, тэрапеўтычныя сродкі, фізіятэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУД (Wood) Роберт Уільямс (2.5.1868, г. Конкард, штат Масачусетс, ЗША — 11.8.1955),
амерыканскі фізік-эксперыментатар, заснавальнік ультрафіялетавай і інфрачырвонай фатаграфіі. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1912), ганаровы чл.АНСССР (1930). Скончыў Гарвардскі ун-т (1891). У 1901—38 праф. ун-та Дж.Хопкінса ў Балтымары. Навук. працы пафіз. оптыцы. Адкрыў аптычны рэзананс (1902). Заклаў асновы тэорыі атамных і малекулярных спектраў. Зрабіў значны ўклад у стварэнне аптычных прылад (спектрографаў, дыфракцыйных рашотак, установак для атрымання спектраў камбінацыйнага рассеяння і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — Физическая оптика. М.; Л., 1936.
Літ.:
Сибрук В. Роберт Вуд: Пер. с англ. 5 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛ Бенцыён Майсеевіч (22.5.1903, г. Белая Царква, Украіна — 9.4.1985),
савецкі фізік. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Кіеўскі політэхн.ін-т (1928). З 1932 у Фіз. ін-це АНСССР. Навук. працы па фізіцы дыэлектрыкаў і паўправаднікоў, квантавай электроніцы. Адкрыў сегнетаэлектрык тытанат барыю (1944). Устанавіў асн. заканамернасці змянення электраправоднасці ды электрыкаў пры гама-выпрамяненні. Пад яго кіраўніцтвам у СССР створаны паўправадніковыя дыёды, транзістары, сонечныя элементы. Удзельнічаў у стварэнні паўправадніковых лазераў. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬФ Георгій (Юрый) Віктаравіч (22.6.1863, г. Нежын, Украіна — 25.12.1925),
рускі крышталёграф. Чл.-кар.АНСССР (1921). Скончыў Варшаўскі ун-т (1885). Праф. Казанскага (1897), Варшаўскага (1898) і Маскоўскага (1918) ун-таў. Вынайшаў графічны метад апрацоўкі вынікаў вымярэння крышталёў з дапамогай стэрэаграфічнай сеткі (названа яго імем). Даў новы спосаб вываду ўсіх груп сіметрыі крышталёў. Навук. працы ў галіне росту крышталёў, вывучэння вадкіх крышталёў і крышталяоптыкі. Упершыню ў Расіі паставіў дослед па рэнтгенаструктурных даследаваннях крышталёў. У 1913 адкрыў закон інтэрферэнцыі рэнтгенаўскіх прамянёў, адлюстраваных атамнымі плоскасцямі крышталёў, і незалежна ад У.Г.Брэга вывеў асн. формулу рэнтгенаструктурнага аналізу (гл.Брэга—Вульфа ўмовы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЦЬ,
рака ў Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 75 км. Пл. вадазбору 433 км2. Пачынаецца за 1,7 км на ПнЗ ад в. Лук’янаўка Добрушскага р-на. Асн. прытокі: ручай Радзвін (злева) і рака без назвы (справа). Цячэ па Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. 300—600 м, у вытоку 150 м. Пойма двухбаковая, месцамі перарывістая, шыр. 200—300 м. Ад вытоку рэчышча каналізаванае на 2 км, у сярэднім цячэнні на 17,2 км. Берагі да в. Вуць Добрушскага р-на нізкія, забалочаныя, ніжэй пераважна стромкія і абрывістыя. На рацэ г.п. Церахоўка.