ЗАКРУ́ТАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для герметычнага закрывання кансервавых бляшанак і слоікаў. Асн. частка З.м. — закрутачны механізм, які абкочвае закрутачныя ролікі вакол слоіка (бляшанкі). Пры абкочванні ролікі дэфармуюць накрыўку і ўтвараюць падвойнае шво ў бляшанцы ці шчыльнае злучэнне са слоікам. Адрозніваюць З.м. вакуумныя і бязвакуумныя, адна- і шматшпіндэльныя, аўтам. і паўаўтаматычныя. Аўтам. З.м. за мінуту апрацоўваюць да 500 бляшанак або да 200 слоікаў.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́П ЭЛЕКТРО́ННЫ,

працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына; від бэта-распаду. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі. Адбываецца, калі маса «старога» ядра большая за масу «новага» на велічыню энергіі сувязі электрона, які захопліваецца. Прадказаны яп. фізікамі Х.​Юкава і С.​Саката у 1936 і выяўлены амер. фізікам Л.​Альварэсам у 1938.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУ́Н,

у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі бог мора. Першапачаткова шанаваўся як бог вільгаці (рэк і крыніц), які аберагаў палі ад засухі. У пач. 4 ст. да н.э. пад уплывам грэч. міфалогіі Н. нададзены рысы грэч. бога мора Пасейдона. Штогод 23 ліп. ў Рыме ў гонар Н. наладжвалася свята — нептуналіі. Ў пераносным сэнсе Н. — марская стыхія.

Трыумф Нептуна і Амфітрыты. Мазаіка 4 ст. н.э.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РАТ,

у беларусаў традыцыйная рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавай камеры, нацягнутай на драўляны каркас, падобны да аднагорлага буча. Былі пашыраны Н. двух тыпаў: у форме поўнага конуса (Палессе) і паўконуса (Паазер’е). Рыба ў Н. трапляе праз горла, якое перашкаджае ёй выйсці назад. З дапамогай тоўстага кала, які мацавалі да каркаса, Н. устанаўлівалі ў вадаёмах.

І.​М.​Браім.

Нерат у форме конуса.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАКУЛІ́Т (ад лац. novacula востры нож, брытва),

Арканзаскі камень, крамяністы сланец, шчыльная белая крамяністая асадкавая горная парода. Структура складзена з агрэгатаў хаатычна арыентаваных поліэдрычных зерняў кварцу блізкіх памераў (1,5—3 мкм) з рэзкімі межамі паміж імі. Парода ўтворана з крэменязёму, які паступаў у басейн асадканамнажэння пры вулканічных працэсах. Выкарыстоўваецца як тачыльны камень і найтанчэйшы абразіў. Найб. радовішча Н. ў ЗША.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕААНТРАПАЛО́ГІЯ (ад палеа... + антрапалогія),

раздзел антрапалогіі, які вывучае змены фіз. тыпу чалавека ад першапачатковых стадый яго існавання (архантрапы) да канчатковага сфарміравання вял. рас сучаснага чалавецтва (неаантрапы). П. цесна звязана з палеанталогіяй, палеабатанікай, археалогіяй, геалогіяй антрапагену. Звесткі П. выкарыстоўваюць пры вывучэнні суадносін антрапа- і сацыягенезу, гісторыі фарміравання, рассялення, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву расавых тыпаў і ў сувязі з некат. пытаннямі антрапагенезу і этнагенезу.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЗУНО́Ў (Іван Іванавіч) (1728, г. Екацярынбург, Расія —27.5.1766),

расійскі цеплатэхнік, адзін з вынаходнікаў цеплавога рухавіка. Скончыў першую рус. горназаводскую школу ў Екацярынбургу (1742). У 1763 прапанаваў праект універсальнага паравога рухавіка — першай у свеце двухцыліндравай паравой машыны бесперапыннага дзеяння, ажыццявіць які не ўдалося. У 1765 пабудаваў па інш. праекце першую ў Расіі заводскую парасілавую ўстаноўку.

Літ.:

Конфедератов И.Я. И.​И.​Ползунов. М.; Л., 1951.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАБАЛО́ІД,

незамкнутая нецэнтральная паверхня другога парадку. Асн. віды — эліптычны і гіпербалічны П.

Лініі перасячэння гіпербалічнага П. з любымі магчымымі плоскасцямі — парабалы, гіпербалы і прамыя. Праз любы пункт такога П. праходзяць 2 прамалінейныя ўтваральныя (гл. Лінейчастая паверхня). Лініямі перасячэння эліптычнага П. з плоскасцямі з’яўляюцца эліпсы ці парабалы. Асобны выпадак такога П. — П. вярчэння, які можна атрымаць вярчэннем парабалы вакол яе восі.

Эліптычны парабалоід.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВЭЙ, Тоба Вэй, Юань Вэй,

адна з дынастый, якія кіравалі Паўн. Кітаем у час Паўднёвых і Паўночных дынастый (386—535). Засн. Тоба Гуем — правадыром племя тоба з племяннога саюза сяньбі, які заваяваў Пн Кітая ў канцы 4 ст. Пры П.В. ў Кітаі пашырыўся будызм. У 534—535 дзяржава П.В. распалася на 2 царствы: Усх. Вэй (534—550) і Зах. Вэй (535—557).

т. 12, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯЛО́ГІЯ (ад мія... + ...логія),

раздзел анатоміі, які вывучае будову мышачнай сістэмы. Сістэм. апісанне анатоміі мышцаў зрабіў А.Везалій. На Беларусі даследаванні ў галіне М. праводзяцца ў мед. ін-тах, Акад. фіз. культуры і спорту, Ін-це фізіялогіі Нац. АН (А.​С.​Дзмітрыеў) і інш. Вывучаюцца пытанні развіцця, гісталагічнай будовы, тапагр. анатоміі, гістахіміі, біяхіміі, фізіялогіі мышачнай сістэмы, яе дзейнасці ў розных умовах.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)