ГАЛА́НДЫЯ (Holland),

гістарычная вобласць на З Нідэрландаў. Утварылася ў 10 ст. як графства. У 1299—1354 аб’яднана з графствам Генегаў (Эно). У 1433—77 у складзе Бургундыі. З 1477 (канчаткова з 1482) пад уладай Габсбургаў, адна з 17 правінцый Нідэрландаў гістарычных. Найб. эканамічна развітая правінцыя (сукнаробства, рыбалоўства, мараходства, суднабудаванне, гандаль), адыграла вядучую ролю ў Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі, у ходзе якой утворана незалежная Рэспубліка Злучаных правінцый (наз. таксама Галандская рэспубліка або проста Галандыя) з эканам. і паліт. ядром у Галандыі. У 1806—10 існавала залежнае ад Францыі Галандскае каралеўства на чале з Луі Банапартам. У складзе сучаснага Каралеўства Нідэрландаў (з 1830; неафіцыйна наз. Галандыя) падзяляецца на 2 правінцыі — Паўн. (адм. цэнтр г. Харлем) і Паўд. (адм. цэнтр г. Гаага).

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МБАЛЬТ ((Humboldt) Аляксандр фон) (14.9.1769, Берлін — 6.5.1859),

нямецкі натураліст, географ і падарожнік; адзін з заснавальнікаў краіна- і ландшафтазнаўства, геаграфіі раслін. Чл. Берлінскай АН (1800), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, у Гамбургскай гандлёвай і Фрайбергскай горнай акадэміях (1787—92). У 1799—1804 з франц. батанікам Э.Банпланам даследаваў Цэнтр. і Паўд. Амерыку, у 1829 ажыццявіў паездку на Урал, Алтай і Каспійскае мора. У працы «Космас» зрабіў спробу падсумаваць усе веды пра Сусвет і прыроду Зямлі. Яго творы значна паўплывалі на развіццё прыродазнаўства. Імем Гумбальта названы хрыбты ў Цэнтр. Азіі і Паўн. Амерыцы, гара на в-ве Новая Каледонія, ледавік у Грэнландыі, акіянскае цячэнне каля берагоў Перу, шэраг раслін, мінерал (гумбальтыт), кратэр на Месяцы.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМЧУ́ЖНЫ,

пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Мышанка, каля аўтадарогі Брэст—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 12 км на З ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 200 км ад Брэста. 3431 ж., 964 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Забудоўваецца паводле генплана 1979 і праекта забудовы жылой зоны комплексу «Усходняе» (1980). Вызначаецца кампактнасцю, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці. Жылая зона складаецца з малапавярховай секцыйнай (фарміруе грамадскі цэнтр) і сядзібнай забудовы. Шырока выкарыстаны тэрасы, веранды, лоджыі, малыя арх. формы, групы дэкар. дрэў. Кожная з вуліц адметная сваім аб’ёмна-прасторавым і каляровым вырашэннем. Зона адпачынку (скверы са стадыёнам, спарт. пляцоўкамі, малымі арх. формамі) прымыкае да ляснога масіву.

Пасёлак Жамчужны. Фрагмент забудовы.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРОК,

успрыманне арганізмам навакольнага свету праз улоўліванне зроку органамі святла, якое адлюстроўваецца ці выпраменьваецца аб’ектамі святла. У працэсе эвалюцыі З. удасканальваўся: ад здольнасці адрозніваць толькі святло ад цемры (напр., дажджавыя чэрві) да разнастайнага аналізу адлюстравання. Вока чалавека ўспрымае святло з даўж. хвалі 380—760 нм.

На органы З. ўсе прадметы ўздзейнічаюць адбітымі або прамымі светлавымі прамянямі. Пад уздзеяннем энергіі святла ў палачках і колбачках сятчаткі вока адбываюцца фотахім. рэакцыі, узнікаюць эл. токі, якія выклікаюць нерв. імпульсы, што перадаюцца па праводных шляхах зрокавага аналізатара да цэнтр. коркавага аддзела мозга, дзе фарміруюцца зрокавыя адчуванні. Адрозніваюць З. цэнтр. і перыферычны. Характарызуецца З. вастрынёй. Нармальная вастрыня З. — здольнасць адрозніваць 2 кропкі прадмета з вуглом паміж імі ў 1. Да функцый З. адносяць і бінакулярны зрок.

Л.М.Марчанка.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫН,

гарадскі пасёлак у Брагінскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Дняпро. За 52 км на Пд ад Брагіна, 3 км ад чыг. ст. Ёлча на лініі Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогай злучаны з Брагінам. 2,4 тыс. ж. (1998).

У 19 ст. мястэчка Рэчыцкага пав., параходная прыстань, вятрак, 6 крам; 550 ж. (1897). З 1923 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1926—62 цэнтр Камарынскага раёна. З 28.8.1941 да 23.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. 98 чал. З 17.11.1959 гар. пасёлак, з 1962 у Брагінскім р-не. У 1971—1,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДЫ,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень—в. Якшыцы. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Градзянка. 444 ж., 166 двароў (1999).

З канца 18 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1897 было 377 ж., 65 гаспадарак, царква, крама, кузня. У 1917 існавалі Старыя і Новыя Л. З 1924 Старыя Л.цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну ў студз. 1943 партызаны разграмілі фаш. гарнізон у Старых Л., за што гітлераўцы расстралялі 45 жыхароў вёскі. У 1966 Старыя і Новыя Л. аб’ядналіся ў адну вёску Л.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.

Г.І.Дулеба.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕА́ПАЛІС (Minneapolis),

горад на Пн ЗША, у штаце Мінесота. Каля 380 тыс. ж., з г. Сент-Пол і агульнымі прыгарадамі 2,5 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на р. Місісіпі. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-фін. цэнтр с.-г. раёна паміж воз. Мічыган і Скалістымі гарамі. Буйнейшая ў свеце збожжавая біржа. Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі. Прам-сць: радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі, электронных кампанентаў, быт. радыё- і тэлевізійнай апаратуры і інш.), эл.-тэхн., прыладабуд., аўтазборачная. Вытв-сць дарожна-буд., с.-г. машын, рознага прамысл. абсталявання. Ваенная, нафтаперапр., хім., папяровая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Ун-т. Планетарый. Музеі і маст. галерэі, у т. л. Ін-т мастацтва (з багатай калекцыяй еўрап. жывапісу і дакалумбавага мастацтва). Сімф. аркестр Мінесоты (з 1903).

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁВА (Ірына Вадзімаўна) (н. 8.2.1949, Масква),

расійская актрыса. Засл. арт. Расіі (1983). Нар. арт. Расіі (1994). Скончыла драм. студыю пры Цэнтр. дзіцячым т-ры (1970), Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1983). З 1971 у Цэнтр. дзіцячым т-ры, з 1977 у т-ры імя Массавета, з 1993 у Малым т-ры. Стварае яркія вобразы, адметныя драматызмам і музыкальнасцю: Гурмыжская, Купавіна («Лес», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.Чэхава) і інш. З 1974 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Чыста англійскае забойства» (тэлефільм, 1974), «Масква слязам не верыць» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1981), «Карнавал» (1982), «Самая абаяльная і прывабная» (1985), «Гэта жанчына ў акне» (1992), «Першае каханне» (1994), «Каханне злое» (1998), «З новым шчасцем...» (тэлефільм, 1999) і інш.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́Я,

горад у Японіі, на Пд цэнтр. часткі в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Айты. 3213 тыс. ж. (1998). Н. — ядро агламерацыі, якая ўключае 27 гарадоў, з насельніцтвам каля 6 млн. чал. (1998). Буйнейшы (пасля Токіо і Осакі) эканам. і культ. цэнтр краіны, адзін з асн. партоў у зал. Ісе Ціхага ак. (каля палавіны знешнегандл. грузаабароту Японіі). Прам-сць: разнастайнае машынабудаванне, у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; судна- і аўтамабілебудаванне, дакладнае прыладабудаванне; чорная і каляровая металургія, нафтахім., тэкст., харч., паліграф., фарфора-керамічная, мэблевая. Метрапалітэн. Ун-т. Маст. музей Такугава, Маст. галерэя прэфектуры Айты, Музей скарбаў замка Нагоя. Бат. сад. Сінтаісцкае свяцілішча Ацута (пачатак н. э.), храм Тафукудзі (8 ст.), замак Нагоя з паркам (17 ст.), Ваенна-марскі арсенал.

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКІ,

горад, цэнтр Горацкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Проня, пры ўпадзенні ў яе р. Парасіца. Вузел аўтадарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск. За 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. ст. Пагодзіна на лініі Орша—Крычаў. 32,8 тыс. ж. (1997).

Паводле дакумент. крыніц вядома з 1544 як сяло, з 17 ст.цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У 17—19 ст. называліся Горы-Горкі. З 1584 належалі Сапегам. У 1619 атрымалі самакіраванне. У 1-й пал. 17 ст. згадваюцца як горад. З 1717 належалі кн. А.Д.Меншыкаву, графам М.А.Патоцкаму, Я.М.Салагубу. З 1772 у Рас. імперыі; мястэчка ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — Аршанскага, потым Копыскага пав. Магілёўскай губ. У 1780 у Горках 992 ж. У 1795 — 1820 дзейнічала Горацкая суконная мануфактура, двойчы ў год праходзілі кірмашы. У 1829 Горкі канфіскаваны ў царскую казну. З 1840 працавала Горы-Горацкая земляробчая школа, у 1848—64 Горы-Горацкі земляробчы інстытут. З чэрв. 1861 Горкі — горад, цэнтр Горацкага павета. У 1867 зацверджаны герб: у залатым полі 3 чорныя горкі, з якіх вырастаюць зялёныя каласы. У 1879—80 дзейнічаў Горы-Горацкі народніцкі гурток. У 1897 — 6737 ж. Да сак. 1924 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Горацкага раёна БССР. У 1939 у Горках 22,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Горках і раёне 2530 чал. Дзейнічала Горацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 26.6.1944 у ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. У 1970 — 22,1 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч., мясц. прам-сці. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (19 ст.). Брацкая магіла падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, магіла сав. ваеннапалонных.

У.М.Ліўшыц.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)