МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА ПАЛЕ́ССЯ.

Засн. ў 1924, адкрыты ў 1926 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як Палескі краязн. музей, з 1940 Пінскі абл. гіст.-краязн. музей, з 1944 Пінскі абл. (занальны) краязн.-музей, з 1954 Пінскі краязн. музей, з 1979 Бел. дзярж. музей сацыяліст. пераўтварэння Палесся, з 1990 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1376 м²; 56,7 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў археал. калекцыя керамічных плітак 12 ст., бронзавыя ўпрыгожанні, рукапісныя граматы 14—17 ст., друкаваныя выданні 17 ст., калекцыі манет 16—20 ст. розных краін свету, прадметы матэрыяльнай культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі рэв. 1905—07, дзейнасць Пінскай арг-цыі РСДРП, падзеі грамадз. вайны, становішча працоўных Зах. Беларусі ў 1921—39, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў гады Вял. Айч. вайны, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі творы жывапісу бел. і рус. мастакоў. Мае бібліятэку больш за 6,5 тыс. выданняў, сярод якіх час. «Дзеннік Віленьскі» (асобныя нумары за 1817, 1820, 1823, 1828).

В.​М.​Лытнеў.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ Алесь (Аляксандр Іванавіч; н. 23.7.1963, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, пісьменнік. Д-р філал. н. (1998), праф. (2002). Скончыў БДУ (1986), працуе ў ім (з 1999 праф.). Адначасова з 2001 гал. рэдактар час. «Беларуская мова і літаратура». Даследуе гісторыю бел. л-ры 20 ст., праблемы сучаснага літ. працэсу, пытанні індывідуальнага маст. майстэрства, нац. спецыфікі мастацкага слова, развіццё сучаснай бел. паэзіі. Аўтар манаграфіі «Жывая мова краявідаў: Пейзаж у беларускай паэзіі» (1997), зб. літ.-крыт. артыкулаў «Пакуль баліць душа» (1995), навуч. дапаможнікаў «Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцей (80—90-я г.)» (1997), «Свет ад травы да зор: Беларуская паэзія: Сістэма вобразаў прыроды, паэтыка пейзажу» (1998), «Краса і смутак», «Сучасная літаратура Беларусі» (абодва 2000). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст.» (т. 4, кн. 2, 2003) і інш. Пад псеўд. Алесь Ветах піша прозу. Яго творам уласцівы лірыка-драматычны пачатак, містыфікацыя рэчаіснасці. Аўтар зб-каў прозы «Ружовая знічка» (1994), «Хроніка смутку» (1999, Літ. прэмія імя І.​Мележа 2000), аповесці «Час акселерацыі» (1994).

А.​У.​Бельская.

т. 18, кн. 1, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТ,

у некаторых рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царк. рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Напр., у праваслаўных у П. забараняецца скаромная ежа, асабліва мяса. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэліг. санкцыю.

Існуюць шматдзённыя і аднадзённыя П. У праваслаўных П. займаюць каля 200 дзён у год. Вял. П., што папярэднічае Вялікадню, доўжыцца 7 тыдняў; пятроў П. — ад 8 да 42 дзён; прачысценскі — 2 тыдні і інш. Аднадзённыя П. прадпісваюцца вернікам па серадах і пятніцах, а таксама ў інш. дні года. На час П. забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах. У католікаў П. не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых П., хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы Шчыра посцяць у 1-ю сераду перадвелікоднага П., у пятніцу і на пярэдадні Прачыстай, у перадкалядны дзень (на 1-ю, ці посную, куццю). У мусульман важнае месца займае П. ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — па зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),

асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,

закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I​2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл. Пойнтынга вектар).

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЭ́К, Селяха, Суляха,

рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс. км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРТАМЕ́НТЫ (ад франц. appartement кватэра),

група жылых і дапаможных пакояў, вылучаных у адзін комплекс для пражывання пэўнай асобы; уключалі прыхожую, спальню, гардэроб, кабінет або будуар, парадную залу і інш. Пашыраны з 16 ст. ў палацах Італіі і Францыі. На Беларусі апартаменты былі ў магнацкіх рэзідэнцыях 17—18 ст. У 19 — пач. 20 ст. апартаменты ствараліся ў дамах секцыйнага і блакіраванага тыпаў. У наш час апартаментамі называюць і вял. багатае памяшканне.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ (Wysocki) Юзаф (1809, каля г. Тульчын, Украіна — 31.12.1873),

польскі паліт. дзеяч, генерал. Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго паражэння ў эміграцыі. Адзін з кіраўнікоў Польскага дэмакратычнага таварыства. На чале легіёна палякаў-добраахвотнікаў у 1848—49 змагаўся ў венг. рэв. арміі супраць габсбургскіх войск. У час паўстання 1863—64 часовы кіраўнік Ваен. камісіі ў Кракаве, на чале ўзбр. атрада змагаўся на Валыні. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Францыю.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМУЛЕ́Н (Desmoulins) Каміль (2.3.1760, Гіз, каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 5.4.1794),

дзеяч франц. рэвалюцыі канца 18 ст., адвакат і журналіст. Напярэдадні паўстання 14.7.1789 заклікаў народ да ўзбр. барацьбы супраць манархіі. Рэдагаваў шэраг дэмакр. газет. У Канвенце выступаў супраць жырандыстаў, прыхільнік Ж.Ж.Дантона. У канцы 1793 — пач. 1794 выдаваў час. «Le Vieux Cordelier» («Стары кардэльер»), у якім патрабаваў адмены закону аб максімуме, змякчэння рэв. тэрору, крытыкаваў палітыку М.Рабесп’ера. Паводле рашэння рэв. трыбунала гільяцінаваны.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААСПО́РА (ад заа... + спора), зоаганідый,

рухомая клетка (спора) водарасцей і некаторых грыбоў, якая служыць для бясполага размнажэння і рассялення. Утвараецца ў аднаклетачным органе — зоаспарангіі. У адрозненне ад тыповай расліннай клеткі пазбаўлена шчыльнай абалонкі. У многіх водарасцей З., акрамя храматафору, маюць таксама чырв. вочка і пульсуючыя вакуолі. У вадзе З. перамяшчаецца з дапамогай жгуцікаў, якія праз некат. час губляе, утварае шчыльную абалонку і развіваецца ў новы арганізм водарасці ці грыба.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)