«ИЗВЕ́СТИЯ МО́ЗЫРСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,
газета. Выдавалася з 4(17).5.1917 да лют. 1918 у Мазыры на рус. мове 3—4 разы на тыдзень. З 15(28).6.1917 да сярэдзіны вер. 1917 наз. «Известия Мозырского Совета рабочих и солдатских депутатов и Мозырского Совета крестьянских депутатов». Прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Змяшчала афіц. дакументы і звароты Часовага ўрада, загады арміі і флоту, справаздачы пасяджэнняў Савета, СНК. Асвятляла грамадска-паліт. жыццё краіны, у т. л. ліпеньскія падзеі 1917, карнілаўскі мяцеж, Кастр. рэвалюцыю, ход перадвыбарчай кампаніі ва Устаноўчы сход. Выйшла 150 нумароў.
М.Я.Сяменчык.
т. 7, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІГРА́ЦЫЯ (ад лац. immigrare усяляцца) насельніцтва, уезд у краіну грамадзян інш. дзяржавы на пастаяннае або часовае пражыванне. Вызначаецца шэрагам прычын: эканамічнымі (увоз рабочай сілы або ўезд у краіны з больш спрыяльнымі ўмовамі працы ці больш высокім жыццёвым узроўнем і інш.), ваеннымі (захоп чужых зямель і іх ваен. каланізацыя), палітычнымі (уцёкі ад паліт., нац., расавых, рэліг. і інш. праследаванняў). І. іграла важную ролю ў засяленні некат. частак свету і фарміраванні насельніцтва многіх краін. Аказвае істотны ўплыў на дынаміку колькасці насельніцтва, прыводзіць да змяшэння розных этн. груп насельніцтва, у выніку чаго складваюцца новыя нацыі і народнасці. Супрацьлеглае І. — эміграцыя.
т. 7, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАРЭ́ (франц. cabaret літар. карчма),
тэатральнае рэвю-прадстаўленне, у якім спалучаюцца муз. нумары і сатыра. Адбываецца ў кавярні, бары. Узнікла ў Парыжы ў канцы 19 ст. ў месцах для забаўляльных відовішчаў («Мулен руж» і інш.). Хутка прывабіла пісьменнікаў і мастакоў авангарда. З пач. 20 ст. пашырылася па ўсёй Еўропе (першыя К. ў Расіі вядомы з 1908). У 1920-я г. ў Берліне з’явіліся паліт. К., пазней скасаваныя фашыстамі. Паступова К. страцілі імправізаваны характар, на падмостках пачалі выступаць прафес. артысты эстрады. Часам К. ператвараюцца ў т-ры мініяцюр, рэстараны, дзе даюцца эстр. прадстаўленні.
т. 7, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАКАТРО́НІС ((Kolokotronēs) Тэадорас) (14.4.1770, п-аў Пелапанес, Грэцыя — 15.2.1843),
дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. З 1818 член падп. арг-цыі «Філікі Этэрыя». У грэчаскую нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю 1821—29 паўстанцы на чале з К. 8.10.1821 авалодалі г. Трыпаліс, летам 1822 разбілі тур. армію Махмудапашы Драмалі (30 тыс. чал.), якая ўварвалася на п-аў Пелапанес, у 1825—27 на чале грэч. атрадаў Пелапанеса вёў партыз. вайну супраць сіл егіп. палкаводца Ібрахіма-пашы. З 1827 прыхільнік І.Кападыстрыі, з 1831 лідэр прарасійскай паліт. групоўкі. У 1835—43 чл. Дзярж. савета пры грэч. каралю Атоне I. Аўтар мемуараў.
т. 7, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Kamieński) Генрык Міхал) (24.2.1813, Варшава — 14.1.1866),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст, эканаміст, філосаф. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1842 чл. патрыят. арг-цыі «Саюз польскага народа.» У 1845—50 у ссылцы ў Расіі, з 1852 у эміграцыі ў Швейцарыі, з 1858 у Алжыры. Сцвярджаў, што нац.-вызв. паўстанню павінна папярэднічаць сац. рэвалюцыя, прапанаваў памяркоўную праграму агр. рэвалюцыі. Пад уплывам ідэй Г.Гегеля і сенсіманістаў сфармуляваў ідэаліст. канцэпцыю прагрэсу і грамадства будучыні. Асн. працы: «Філасофія матэрыяльнай эканоміі чалавечага грамадства» (т. 1—2, 1843—45), «Дэмакратычны катэхізіс...» (1845), «Расія і Еўропа. Польшча» (1857), «Народная вайна» (1866). Аўтар «Успамінаў вязня» (выд. 1977).
т. 7, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІКА́ЦЫЯ (лац. communicatio ад communico раблю агульным, звязваю),
працэс перадачы і абмену інфармацыяй; сродкі сувязі паміж любымі аб’ектамі матэрыяльнага і духоўнага свету. Тэрмін «К.» ўзнік у пач. 20 ст. ў кантэксце агульнатэарэт. пабудовы біхевіярызму (Дж.Уотсан), сімвалічнага інтэракцыянізму (Дж.Мід), персаналізму, экзістэнцыялізму. Пасля 2-й сусв. вайны сфарміраваліся 2 асн. падыходы да вывучэння К.: рацыяналістычны (разглядае сродкі інфармацыі ў якасці адзінага стымулу, крыніцы сац. развіцця) і ірацыяналістычны (сцвярджае, што асн. вынікам К. з’яўляецца ўзаемаразуменне). У сац. і паліт. жыцці першаступеннае значэнне мае дзейнасць сродкаў масавай К. — тэлебачанне, радыё, друк, кінематограф і інш.
т. 7, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАМАНЛІ́С ((Karamanlis) Канстанцінас) (23.2.1907, Проці, каля г. Серэ, Грэцыя — 23.4.1998),
грэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Афінскі ун-т. Дэп. парламента (з 1935, выбіраўся 12 разоў). У 1946—54 міністр працы, транспарту, сац. забеспячэння, нац. абароны, грамадскіх работ. Заснавальнік і старшыня партый Нац. радыкальны саюз (1955—67) і «Новая дэмакратыя» (з 1974). У 1963—74 у эміграцыі (Парыж). У 1955—63 і 1974—80 прэм’ер-міністр Грэцыі, садзейнічаў лібералізацыі эканомікі краіны і дэмакратызацыі яе грамадскага жыцця, правёў рэферэндум аб скасаванні манархіі (1974). У 1980—85, 1990—95 прэзідэнт Грэч. Рэспублікі, дамогся ўступлення Грэцыі ў Агульны рынак (1981).
т. 8, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ (Піліп Мацвеевіч) (14.11.1881, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 20.3.1921),
бел. паліт. дзеяч. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1901), настаўнічаў. На 1-м Усерас. з’ездзе сял. дэпутатаў (май 1917, Петраград) увайшоў у групу «14-ці беспартыйных» з Беларусі на чале з М.В.Фрунзе, абраны чл. Выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў. У 1917 старшыня выканкома Бабруйскага пав. Савета сял. дэпутатаў, нам. старшыні Бел. абл. к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў, узначальваў (з В.Селіванавым) Бел. аддзел Наркамнаца. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. У 1918 і 1919 арыштоўваўся ням. і польск. ўладамі. З 1920 на пед. рабоце.
В.У.Скалабан.
т. 8, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́ГА ((Cossiga) Франчэска) (н. 26.7.1928, г. Сасары, Італія),
італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. у галіне канстытуцыйнага права ва ун-це г. Сасары. Чл. Хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП, 1945—85). Дэп. парламента (з 1958) і адзін з кіраўнікоў парламенцкай групы ХДП (з 1963). У 1966—74 дзярж. сакратар у шэрагу мін-ваў, у 1974—75 міністр па рэформе сістэмы кіравання, у 1975—78 міністр унутр. спраў (рэарганізаваў паліцыю, стварыў падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам); падаў у адстаўку пасля забойства «чырвонымі брыгадамі» А.Мора. У 1979—80 прэм’ер-міністр, у 1983—85 старшыня сената. У 1985—92 прэзідэнт Італьян. Рэспублікі.
т. 8, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХО́ЎСКІ (Пётр Рыгоравіч) (1799, Смаленская губ. — 25.7.1826),
расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. Паручнік у адстаўцы (1821). У 1816—19 на дзеючай вайск. службе. Са снеж. 1824 у Пецярбургу. З пач. 1825 чл. Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, выступаў за ліквідацыю самаўладства, знішчэнне царскай сям’і і ўстанаўленне рэсп. ладу ў Расіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы планаў паўстання. 14.12.1825 на Сенацкай плошчы заклікаў салдат не прысягаць Мікалаю I, забіў пецярбургскага ген.-губернатара М.А.Міларадавіча, параніў 2 афіцэраў. 15.12.1825 арыштаваны, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пісьмах, напісаных у зняволенні, абгрунтаваў свае паліт. погляды і даў крытычны аналіз тагачаснага дзярж. ладу Расіі. Павешаны паводле прыгавору Вярх. суда.
т. 8, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)