расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн.га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.
Літ.:
Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;
Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКУ́РЫЙ,
першая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак .
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 57,91 млн.км. Арбіта вельмі выцягнутая: адлегласць у перыгеліі 46 млн.км, у афеліі 70 млн.км (эксцэнтрысітэт 0,206). Перыяд абарачэння вакол Сонца 87,97 зямных сутак. вакол восі — 58,65 зямных сутак (2/3 перыяду арбітальнага абарачэння). Сонечныя суткі на М. роўныя 176 зямным суткам. Сярэдняя скорасць руху па арбіце 47,9 км/с. Нахіл плоскасці экватара да плоскасці арбіты невялікі (~3°), таму сезонныя змены на М. практычна адсутнічаюць. Дыяметр М. 4879,4 км, маса 3,303∙1023кг (0,055 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 5420 кг/м³.
Т-ра паверхні ў поўдзень 430 °C, ноччу да -173 °C. Атмасфера ў асноўным вадародна-геліевая, вельмі разрэджаная (ціск на паверхні ~0,2 нПа). Паверхня М. нагадвае паверхню Месяца (шмат кратэраў), існуюць характэрныя для М. ўтварэнні — эскарпы, або абрывы. Сярэдняя адбівальная здольнасць паверхні М. ў адносінах да сонечнага выпрамянення нізкая (6%). Бляск мяняецца ад -1 да 1/3 зорнай велічыні. У М. назіраюцца фазы, аналагічныя фазам Месяца. Спадарожнікі адсутнічаюць. Магнітнае поле прыблізна ў 100 разоў меншае, чым у Зямлі. Аптычныя назіранні М. ўскладняюцца блізкасцю да Сонца (найб. вуглавая адлегласць для зямнога назіральніка 28°). Даследаванні М. праводзяцца радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. Найб грунтоўныя і дакладныя звесткі атрыманы пры дапамозе касм. апарата «Марынер-10» (гл.«Марынер»).
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Меркурый (мазаіка з фатаграфій, зробленых пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Марынер-10»; 1974, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПТУ́Н,
восьмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак . Адкрыты ў 1846 ням. астраномам І.Гале паводле тэарэт. прадказанняў У.Ж.Левер’е і Дж.К.Адамса.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 4504,4 млн.км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 164,788 года, вакол восі 16 гадз 6 мін. Экватарыяльны дыяметр 49 528 км. Нахіл экватара да плоскасці арбіты 29°. Маса 1,03∙1026кг (17,22 масы Зямлі). сярэдняя шчыльн. 1640 кг/м³. Унутраныя 2/3 часткі Н. складаюцца з сумесі літага каменю, вады. вадкага аміяку і метану; вонкавая трэць — з сумесі нагрэтых газаў (вадароду, гелію. метану) і пары вады. Састаў атмасферы: метан, вадарод, гелій Нетры Н. вылучаюць вял. колькасць энергіі. Атрымлівае ад Сонца ў 2.5 раза менш энергіі, чым Уран; т-ра атмасферы Н. (каля 214 °C) амаль такая ж, як ва Урана. Адна з гіпотэз існавання ўнутр. крыніц энергіі — эвалюцыйнае сцісканне планеты. Простым вокам Н. не бачны (яго бляск каля 7,8 візуальнай зорнай велічыні). Паглынанне чырвоных прамянёў атмасферным метанам абумоўлівае сіні колер планеты. Мае 8 спадарожнікаў (гл.Спадарожнікі планет). Выяўлена 5 кольцаў на адлегласці ад 41,9 тыс. да 62.9 тыс.км ад цэнтра планеты, якія складаюцца з пылу. Большасць звестак пра Н. атрымана пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр».
Літ.:
Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Нептун (фотаздымак атрыманы аўтаматычнай міжпланетнай станцыяй «Вояджэр-2»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁР (Castor fiber),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы, дзе жыве другі від — бабёр канадскі. На Беларусі трапляецца амаль усюды. Ахоўваецца. Трымаецца старыцаў, рэк з павольным цячэннем, азёраў з багатай прыбярэжнай расліннасцю.
Даўж. цела каля 100 см, хваста да 34 см, маса да 30 кг. Тулава тоўстае, масіўнае, ногі кароткія, пяціпальцыя, заднія з плавальнымі перапонкамі. Хвост пляскаты (шыр. да 15 см), укрыты буйнымі рагавымі шчыткамі. Поўсць густая, шаўкавістая, з доўгімі восцевымі валасамі і густым пухам. Жыве сем’ямі. Добра плавае і нырае. Рые норы, будуе хаткі, запруды. Корміцца карэнішчамі травяністых раслін, карой і маладымі галінкамі лазы, асіны і інш. Нараджае 1—5 бабранят. Каштоўны: выкарыстоўваецца футра і бабровы струмень.
У мінулым важны аб’ект палявання, абмену і гандлю на Беларусі. Косці бабра выяўлены пры раскопках гарадзішчаў 6—12 ст. на тэр. рэспублікі і сумежных раёнаў Смаленшчыны. Вядомы граматы 14—16 ст., выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгоддзі з бабровымі гонамі (месцы адлову бабра) каля Полацка, Маладзечна, в. Трасцянец (Мінскі р-н), Слуцка і інш. За карыстанне гонамі насельніцтва плаціла падаткі. Статут ВКЛ 1588 забараніў лавіць баброў у чужых уладаннях, трывожыць у месцах пасялення, весці ворыва, высечку кустоў, сенакос паблізу бабровых гнёздаў. Наглядам за бабровымі гонамі і іх аховай займалася спец. катэгорыя сялян-слуг (гл.Баброўнікі). У 18 ст. бабёр — звычайны звер толькі на Бярэзіне, Прыпяці, Піне, Ясельдзе, Свіслачы. На пач. 20 ст. бабёр амаль знік, невял. паселішчы засталіся толькі ў маладаступных для чалавека мясцінах на Бярэзіне, Сажы і Нёмане. Для аднаўлення і павелічэння запасаў у 1925 створаны Бярэзінскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],
двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).
Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.М.Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.Драйз і Ф.М.Фішэр, шатландзец Г.Далзел, англічанін Трэфу, французы П.Лалеман і М.Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.Б.Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл.вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл.Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.
Веласіпеды: 1 — дарожны з грузавой цялежкай; 2 — дзіцячы; 3 — дарожны са складной рамай; 4 — спартыўны (гоначны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Шоша, за 32 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 2,6 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 53,7 м (самае глыбокае на Беларусі), даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 30,4 км². Катлавіна глыбока (на 70—80 м) урэзана ў тоўшчу марэнных адкладаў, схілы выш. да 30 м (на ПнЗ і ПдУ да 10 м), пераважна пад хмызняком, на асобных участках параслі лесам. Берагі ў асноўным зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, парослыя хмызняком. Падводныя схілы катлавіны вельмі стромкія. У цэнтр.ч. возера некалькі глыбокіх упадзін, раздзеленых падняццямі дна. Зона мелкаводдзя пясчаная і пясчана-галечная, уздоўж усх. і зах. берагоў месцамі выслана валунамі. Пяскі да глыб. 10—15 м, глыбей ложа выслана глінамі, якія ў глыбакаводнай ч. змяняюцца глеямі. У залівах фарміруюцца сапрапелі. Водная Маса адметная вял. колькасцю кіслароду ва ўсёй тоўшчы і нізкімі т-рамі; у летні час паверхневы слой вады да глыб. 7—8 м праграваецца да 18—20 °C, ніжэй за 20 м — да 5—6 °C. У прыбярэжнай зоне паласа надводнай расліннасці шыр. да 25 м, месцамі адсутнічае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 5—7 м. Жывёльны свет багаты, адзначаны пасяленні баброў, ёсць рэлікт ледавіковага перыяду — рачок лімнакалянус, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каб захаваць унікальны вадаём, возера і прыбярэжная тэр. аб’яўлены гідралаг. заказнікам Доўгае. На Пн і ПнЗ упадаюць ручаі з азёр Свядава і Псуя, на Пд выцякае ручай у воз. Шо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬу фізіцы,
нязменнасць аб’екта (фіз. велічыні, матэм. суадносін, ураўненняў фіз. тэорыі і інш.) адносна пэўных пераўтварэнняў, якія адлюстроўваюць незалежнасць фіз. заканамернасцей ад канкрэтных сітуацый, у якіх яны ўстанаўліваюцца і ад спосабу апісання гэтых сітуацый. І. звязана з уласцівасцямі сіметрыі прасторы і часу, для матэм. апісання якіх у класічнай механіцы выкарыстоўваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай тэорыі — Лорэнца пераўтварэнні. Аднароднасць і ізатропнасць трохмернай (эўклідавай) прасторы і аднароднасць часу, як вынікае з Нётэр тэарэмы, прыводзяць да існавання фундаментальных законаў захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу.
І. звязана з агульнымі і найб. глыбокімі ўласцівасцямі матэрыяльных аб’ектаў, прасторы і часу. Напр., рэлятывісцкая інварыянтнасць звязана з аднароднасцю і ізатропнасцю 4-мернай прасторы-часу, а ізатапічная інварыянтнасць — з незалежнасцю моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц ад іх эл. зарадаў. Пры стварэнні розных аб’яднаных тэорый (гл.Вялікае аб’яднанне, Электраслабае ўзаемадзеянне) выяўляюцца інш. віды І., напр.Калібровачная інварыянтнасць. З паняццем І. цесна звязана паняцце каварыянтнасці. Паводле яе патрабаванняў пры адпаведных пераўтварэннях сіметрыі захоўваецца толькі форма запісу матэм. суадносім фіз. тэорыі, а самі велічыні могуць мяняцца. Напр., 4-вектар энергіі-імпульсу P (P1; P2; P3; P4) P′ (P1′; P2′; P3′; P4′) — каварыянт, а яго квадрат P2 = (P′)2 = −m2c4 — інварыянт, дзе m — маса спакою рэлятывісцкай часціцы, c — скорасць святла ў вакууме. На прынцыпах каварыянтнасці грунтуецца т. зв. каварыянтны падыход, распрацаваны Ф.Л.Фёдаравым для рашэння задач тэарэт. фізікі (гл.Каварыянтныя метады, Праектыўных аператараў метад).
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ТЫ (ад грэч. komētēs літар. доўгавалосы),
адна з груп малых цел Сонечнай сістэмы. Рухаюцца вакол Сонца па моцна выцягнутых эліптычных (перыядычныя К.) і парабалічных (неперыядычныя К.) арбітах; сярэдняя адлегласць у перыгеліі даходзіць да 1 а.а., у афеліі — да 10 000 а.а.
Паводле перыяду абарачэння адрозніваюць К. кароткаперыядычныя (перыяд 3—10 гадоў; афеліі не выходзяць за межы арбіты Юпітэра) і доўгаперыядычныя (перыяды да некалькіх мільёнаў гадоў). Форма і памеры К. розныя, будова ў асноўным аднолькавая. Цэнтр. цвёрдая частка наз ядром (дыяметр 0,5—20 км, маса 1011 —1019кг). Яно складаецца з вадзянога лёду, замерзлых газаў (аксідаў вугляроду CO і CO2, аміяку NH3, цыяністага вадароду HCN і інш.) і пылавых часцінак. Пры набліжэнні да Сонца лёд і газы выпараюцца і свецяцца адбітым сонечным святлом: вакол ядра ўтвараецца святлівы газавы шар — кома. Ядро, кома, выцяканні і інш. ўтварэнні ў наваколлі ядра складаюць галаву К. Ад дзеяння светлавога ціску і сонечнага ветру газы і пыл адносяцца ад ядра, утвараючы хвост, накіраваны амаль заўсёды ад сонца. Даўжыня хваста дасягае 107км; ён менш яркі, чым галава, таму назіраецца не заўсёды. К. значна мяняюць свае арбіты пры праходжанні паблізу планет-гігантаў або Сонца. Урэшце рэшт яны распадаюцца на дробныя часткі і метэорныя патокі (гл.Бізлы камета).Сапраўдную прыроду К. устанавіў дацкі астраном Ц.Браге (1577), некаторыя арбіты вылічыў Э.Галей (гл.Галея камета). Тэорыю ўтварэння каметных хвастоў распрацаваў рус. астраном Ф.А.Брадзіхін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦАВЫ САМАХО́ДНЫ АПАРА́Т,
месяцаход, транспартная прылада, якая можа кіравацца аўтаматычна ці касманаўтамі, для перамяшчэння па паверхні Месяца і правядзення навук. даследаванняў.
Першыя аўтам. М.с.а., кіравальныя з Зямлі, «Месяцаход-1» і «Месяцаход-2» створаны ў СССР і дастаўлены на паверхню Месяца 17.11.1970 аўтам. міжпланетнай станцыяй (АМС) «Месяц-17» і 16.1.1973 — АМС «Месяц-21» адпаведна. Месяцаходы складаліся з 2 асн. частак: герметычнага прыборна-агрэгатнага адсека і колавага шасі. У адсеку размяшчаліся сістэмы тэрмарэгулявання, электрасілкавання, радыёкомплексу, дыстанцыйнага кіравання і інш. Звонку знаходзіліся ТВ-камеры, антэны, навук. апаратура і інш. Электрасілкаванне забяспечвалася хім. і сонечнымі батарэямі і ізатопнымі крыніцамі. Шасі (8 вядучых колаў) забяспечвала перамяшчэнне па паверхні Месяца, рэжым руху выбіраўся на аснове ТВ-інфармацыі і тэлеметрычных звестак. Працягласць актыўнага функцыянавання «Месяцахода-1» — 301,3 сут, пройдзена 10,54 км, даследавана 80 тыс.м² месяцавай паверхні, атрымана больш за 200 панарам і больш за 20 тыс. здымкаў паверхні Месяца. «Месяцаход-2» ва ўмовах складанага рэльефу за 123 сут пераадолеў 37 км. Першы кіравальны месяцаход — амер. апарат «Ровер» (1971). У 1971—72 на Месяц дастаўлены касм. караблямі «Апалон-15, -16, -17» 3 месяцаходы «Ровер» для перамяшчэння астранаўтаў. Макс.маса (з 2 астранаўтамі і грузам) 725 кг, макс. пройдзеная адлегласць 36 км.
Літ.:
Передвижная лаборатория на Луне — Луноход-1. Т. 1—2. М., 1971—78.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт.Месяцавы самаходны апарат. Кампаноўка і габарытныя памеры (мм) «Месяцахода-1»: 1 — герметычны прыладны адсек; 2 — тэлекамеры; 3 — вугалковы адбівальнік; 4 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 5 — радыятар-ахаладжальнік; 6 — сонечная батарэя; 7 — штыравая антэна; 8 — прылада для вызначэння фізіка-механічных уласцівасцей грунту; 9 — тэлефотакамеры; 10 — блок колаў шасі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,
вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн.маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.