ГЕРУ́СІ́Я (грэч. gerusia ад gerōn старац, старэйшына),

у Старажытнай Грэцыі савет старэйшын у гарадах-дзяржавах, дзе пераважала арыстакратычнае ўпарадкаванне. Разглядаў важныя дзярж. справы, якія потым абмяркоўваліся нар. сходам. Колькасць членаў герусіі (геронтаў), іх паліт. роля ў розных полісах былі неаднолькавыя. Напр., у Спарце герусія складалася з 30 чал. (28 геронтаў ва ўзросце за 60 гадоў, якія выбіраліся пажыццёва, і 2 цары), была вышэйшым урадавым органам.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРШО́ВІЧ (Юрый Вульфавіч) (н. 10.1.1935, г. Харкаў, Украіна),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1959). У 1959—95 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі (з 1972 канцэртмайстар), адначасова ў 1965—72 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. Выступаў з канцэртамі як саліст і ансамбліст (у 1965—90 першая скрыпка Квартэта Саюза кампазітараў БССР). З 1995 жыве ў Германіі.

І.​І.​Зубрыч.

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ БЯСПЕ́КА ў праве,

сістэма грамадскіх адносін і юрыд. нормаў, якія рэгулююць гэтыя адносіны з мэтай забеспячэння грамадскага спакою, недатыкальнасці жыцця і здароўя насельніцтва, нармальнай працы і адпачынку грамадзян, нармальнай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый, устаноў і прадпрыемстваў. Грамадская бяспека ахоўваецца дзяржавай, грамадскімі арг-цыямі і самімі грамадзянамі. Асобы, вінаватыя ў парушэннях грамадскай бяспекі, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІ АБВІНАВА́ЎЦА,

асоба, якая па даручэнні грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву прымае ўдзел у судовым разглядзе справы і выконвае функцыі грамадскага абвінавачання. Грамадскі абвінаваўца самастойны ўдзельнік судовага працэсу і не звязаны з пазіцыяй па справе дзярж. абвінаваўцы — пракурора. Ён мае права адмовіцца ад абвінавачання, калі даныя судовага следства даюць для гэтага падставу. Працэсуальнае становішча грамадскага абвінаваўцы ў Рэспубліцы Беларусь рэгламентавана крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЕ́ВІЧ (Фёдар Фёдаравіч) (н. 14.8.1952, г. Маладзечна),

бел. акцёр цырка, клоун. Засл. артыст Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Акцёр Саюздзяржцырка (з 1992 Расдзяржцырк). Выступае ў дуэце з А.Варанецкім як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Варанецкім) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎЭС ((Dawes) Чарлз Гейтс) (27.8.1865, г. Марыета, штат Агайо, ЗША — 23.4.1951),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Адвакат, пасля банкір. Член Рэсп. партыі. У 1921—22 дырэктар бюджэтнага бюро. У 1923—24 старшыня міжнар. к-та экспертаў па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл. Даўэса план). У 1925—29 віцэ-прэзідэнт ЗША. У 1929—32 пасол у Вялікабрытаніі. Нобелеўская прэмія міру 1925 (разам з Дж.Чэмберленам).

Ч.Даўэс.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БА (Людміла Аляксандраўна) (н. 16.5.1947, г. Новасібірск, Расія),

бел. архітэктар. Скончыла Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1971). З 1973 працуе ў ін-це «Мінскпраект». Асн. работы ў Мінску: рэканструкцыя парку імя Горкага (1975, у сааўт.) і часткі праспекта Скарыны (1985), арх.-ландшафтныя комплексы ўсх. раёнаў горада на аснове Сляпянскага водна-паркавага паўкальца (Дзярж. прэмія СССР 1989), рэканструкцыя і аднаўленне парку ў Нясвіжы (1990, у сааўт.).

т. 6, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАБА́ХІН (Яўген Іванавіч) (16.1.1917, Масква — 27.12.1984),

савецкі фізік.

Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1953). Ген.-лейт. авіяцыі (1977). Скончыў Ваенна-паветраную інжынерную акадэмію (1944), дзе і працаваў. Навук. працы па гідрадынаміцы выбуху і ўдарных хваль. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Кумуляция энергии и её границы // Успехи. физ. наук. 1965. Т. 85, вып. 4.

Я.​І.​Забабахін.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВА́РЗІН (Аляксей Аляксеевіч) (25.3.1886, С.-Пецярбург — 25.7.1945),

рускі гістолаг, стваральнік навук. школы, адзін з заснавальнікаў эвалюц. гісталогіі. Акад. АН СССР (1943) і АМН СССР (1944). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1907). З 1916 праф. Пермскага ун-та, з 1922 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1944 дырэктар Ін-та цыталогіі, гісталогіі і эмбрыялогіі АН СССР. Навук. працы па параўнальнай гісталогіі нерв. сістэмы, крыві, злучальнай тканкі. Дзярж. прэмія СССР 1942.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАЎКА́ЗСКІ СЕЙМ,

орган дзярж. улады ў Закаўказзі ў 1918. Скліканы Закаўказскім камісарыятам 23.2.1918 у г. Тбілісі з мэтай юрыдычна аформіць адрыў Закаўказзя ад Сав. Расіі. Уваходзілі дэпутаты, выбраныя ад Закаўказзя ва Устаноўчы сход, прадстаўнікі партый меншавікоў, дашнакоў, мусаватыстаў і інш. З.с. аб’явіў сябе заканад. органам Закаўказзя, у сак. 1918 санкцыяніраваў аддзяленне Закаўказзя ад Сав. Расіі. 9.4.1918 абвясціў незалежнасць Закаўказскай дэмакр. федэратыўнай рэспублікі. Кіраўнік А.​Чхенкелі. 26.5.1918 распушчаны.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)