1) раздзяленне дыэлектрыкам токаправодных частак эл. машын і ўстановак (гл.Электраізаляцыя), а таксама сродкі, якія забяспечваюць такое раздзяленне (гл.Ізаляцыйныя матэрыялы).
2) Ахова будынкаў, трубаправодаў цеплавых сетак, халадзільных камер, цеплавых прамысл. установак і інш. ад непажаданага цеплаабмену з навакольным асяроддзем (гл.Цеплаізаляцыя). Робіцца з дапамогай цеплаізаляцыйных матэрыялаў.
3) Ахова абсталявання, канструкцый будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады, атмасферных з’яў (гл.Гідраізаляцыя), а таксама сродкі, што выкарыстоўваюцца для гэтых мэт (гл.Гідраізаляцыйныя матэрыялы).
4) Сукупнасць мерапрыемстваў і сродкаў для зніжэння ўзроўню акустычных шумаў (гл.Гукаізаляцыя, Гукаізаляцыйныя матэрыялы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́СА,
рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас.р. Нёман). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 554 км². Пачынаецца каля в. Серабрышча Баранавіцкага р-на. Асн. прытокі Пляхоўка і Рудня (справа). Пойма чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае, шыр. яе 100—180 м. Рэчышча ў верхнім і ніжнім цячэнні на пра цягу 15 км каналізаванае; яго шыр. ў межань 4—8 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с. На рацэ каля г. Слонім і в. Нагуевічы Слонімскага р-на плаціны; каля Слоніма зона адпачынку Іса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДУКІАМЕ́ТРЫЯ (ад англ. conductivity электраправоднасць + ...метрыя),
сукупнасць электрахім. метадаў колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні электраправоднасці раствораў электралітаў.
К. ўключае кантактныя і бескантактныя метады. Кантактныя метады — прамыя, ускосныя і кандуктаметрычнае цітраванне, заснаванае на змяненні электраправоднасці раствору пры хім. рэакцыях, праводзяць пры непасрэдным кантакце даследуемага раствору з электродамі. Бескантактныя метады дазваляюць праводзіць вымярэнні пры высокіх і нізкіх т-рах, у агрэсіўным асяроддзі і замкнёных аб’ёмах. Выкарыстоўваюць у хім. кінетыцы для вызначэння канстантаў дысацыяцыі электралітаў, асноўнасці кіслот, растваральнасці асадкаў і інш., пры кантролі рэгенерацыі іанітаў, ачысткі вады, якасці він, сокаў, для аналізу хім. рэактываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКА́ЦІЦЫ, сепіі (Sepiida),
атрад галаваногіх малюскаў. 5 сям., 20 родаў, больш за 150 відаў, з якіх каля 90 у родзе сапр. К. (Sepia). Пашыраны ў морах тропікаў і субтропікаў. Жывуць каля дна ці ў тоўшчы вады, да глыб. 1000 м. Характэрная асаблівасць К. — наяўнасць чарнільнага мяшка.
Даўж. ад 1 да 60 см, маса да 12 кг. Сапр. К. маюць вапнавую ракавіну — сепіён, у інш. (акрамя спірулы) яна рагавая або адсутнічае. 10 канечнасцей з прысоскамі. Здольныя мяняць афарбоўку цела. У некат. ёсць органы свячэння. Размнажаюцца адкладкай яец. Драпежнікі; кормяцца ракападобнымі, рыбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБААНГІДРА́ЗА,
фермент класа ліяз, які каталізуе абарачальнае ўтварэнне вугальнай к-ты з двухвокісу вугляроду і вады. Металапратэід (мае атам цынку), малекулярная маса каля 30 000. Выяўлена ў жывёл, чалавека, раслін, бактэрый. Знаходзіцца ў эрытрацытах, клетках нырак, слізістай абалонцы страўніка, сятчатцы вока і інш. Рэгулюе кіслотна-шчолачную раўнавагу ў тканках і біял. вадкасцях. Адыгрывае важную ролю ў хуткім звязванні ці вызваленні вуглякіслага газу CO2 (напр., пры дыханні, сакрэцыі кіслага страўнікавага соку, пры падкісленні мачы ў нырках, утварэнні шкарлупіны яйца ў яйцаводах птушак і інш.). Інгібітары К. ўжываюцца пры лячэнні некат. сардэчна-сасудзістых і інш. хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́З (ням. Karnies ад грэч. kōronis канец, завяршэнне),
гарызантальны выступ на сцяне, які падтрымлівае дах (пакрыццё) будынка і ахоўвае сцяну ад сцёку вады; мае і дэкар. значэнне. К. бываюць: верхні (завяршае антаблемент), прамежкавы (падзяляе фасад на асобныя ярусы), цокальны (завяршае цокаль будынка), надаконны, падаконны і інш.; вонкавыя і ўнутраныя. Былі пашыраны ў архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, стыляў барока, ракако, класіцызму. У бел.манум. архітэктуры К. з’явіліся ў 11—12 ст., у драўляным дойлідстве — у 2-й пал. 18 ст. У нар. архітэктуры (Усх. Палессе, Падняпроўе) К. аздабляюць разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́І (Kasai),
рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова — мяжа паміж імі), буйнейшы левы прыток р. Конга. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна 880,2 тыс.км². Пачынаецца на плато Лунда, спускаецца з яго паўн. схілаў ва ўпадзіну Конга, утварае парогі і вадаспады. У ніжнім цячэнні наз. Ква. Гал. прытокі: Лулуа, Санкуру (справа), Кванга (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводка з вер.—кастр. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў нізоўі каля 10 тыс.м³/с. Суднаходная на 790 км ад вусця. Рыбалоўства. У бас. К. — буйная здабыча алмазаў. 3 ГЭС. Буйная прыстань — Ілеба (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЦЬ,
рака ў Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 1621 км, пл.бас. 94,2 тыс.км². Бярэ пачатак з балот Об-Енісейскага водападзелу. Цячэ па паўд.-ўсх. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, рэчышча звілістае, шматлікія пратокі; упадае ў р. Об 2 рукавамі — Тагурскім і Нарымскім на адлегласці 160 км адзін ад аднаго. Гал. прытокі: Сачур, Арлоўка, Лісіца (справа), М. Кець, Мендэль, Яловая, Чачамга (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з канца кастр. — пач.ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 560 м³/с. Суднаходная на 737 км ад вусця. Сплаўная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАВО́ДСК,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у перадгор’ях В. Каўказа на выш. 720—1060 м, бальнеакліматычны курорт у групе Каўказскіх Мінеральных Вод. Гал. прыродныя лек. фактары — мінер. крыніцы (нарзаны), клімат, глеевыя гразі. Асн. профіль — кардыялагічны; лечаць таксама хваробы органаў дыхання, нервовыя, абмену рэчываў, у т. л. ў дзяцей і падлеткаў. Узнік з ваеннага ўмацавання і станіцы (засн. ў 1803), горад з 1830. 124,9 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л.з-д па разліве мінер.вады «Нарзан»), лёгкай, мэблевай прам-сці. Санаторыі, пансіянаты, турбаза. Маст. музей М.А.Ярашэнкі, Лермантаўскія мясціны, помнікі прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА,
вадасховішча каля паўн.зах. ускраіны Мінска, у межах курорта Ждановічы; уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Створана ў 1975. Пл. 1,3 км², даўж. 2,8 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 4 м, аб’ём вады 2,96 млн.м³. Пераважаюць нізкія пясчаныя берагі, якія плаўна зліваюцца са схіламі. 2 астравы (агульная пл. 0,12 км²). Дно выслана пяском і глеем. Замярзае ў пачатку снежня, лёд (таўшчыня 50—55 см) трымаецца да канца красавіка. Зарастае 4% плошчы. Выкарыстоўваецца для воднага добраўпарадкавання горада. На беразе К. санаторыі, базы і лагеры адпачынку.