АЛАХТО́Н (ад ала... + грэч. chthōn зямля),
часткі складкавых структур горных парод, якія насунуты на нязрушаныя аўтахтонныя структуры (гл. Аўтахтон) і ўтвараюць тэктанічнае покрыва. Адрозніваецца ад перакрытых утварэнняў складам, генезісам, магутнасцю, узроўнем метамарфізму і інш.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТО́МЕТР (ад адаптацыя + ...метр),
аптычная прылада для вызначэння адаптацыі вока: змены яго святлоадчувальнасці пры пераходзе ад вял. асветленасці паверхні ці яркасці аб’екта да цемнаты. Адаптометрам вымяраюць парог (мінім. сілу) светлавога раздражнення, якое ўспрымаецца вокам.
т. 1, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад Слуцка, 120 км ад Мінска. 316 ж., 151 двор (1995). Сярэдняя школа, клуб, бальніца, аддз. сувязі.
т. 3, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАЦЭ́Я [лац. panacea ад імя стараж.-грэч. багіні Панакеі (Panakeia), якая лечыць усё],
1) у алхімікаў — лякарства нібыта ад усіх хвароб.
2) У перан. сэнсе — уяўны сродак, які можа дапамагчы ва ўсіх выпадках жыцця.
т. 12, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,
ступень насычанасці паветра вадзяной парай; паказчык надвор’я і клімату. Залежыць ад шыраты мясцовасці (у палярных шыротах вадзяной пары 0,2% аб’ёму паветра, у экватарыяльных 2,5—4%), сезона года, т-ры паветра і інш. Уплывае на транспірацыю і рост раслін, выпарэнне з глебы і вадаёмаў, цеплаабмен і самаадчуванне чалавека, лячэнне хвароб; улічваецца пры буд-ве, захоўванні твораў мастацтва, кніг і інш. Характарызуецца абсалютнай вільготнасцю паветра (на Беларусі вагаецца ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ і больш летам) і адноснай вільготнасцю (ад 10—20% у сухія дні летам да 88—90% у вільготныя дні ў ліст.—снеж. і 100% у тумане), пругкасцю вадзяной пары (ад 5 гПа у снеж.—лют. да 14—15 гПа у ліп.), дэфіцытам вільготнасці або недахопам насычэння (ад 0,4—0,7 гПа у снеж.—лют. да 6—7,8 гПа у чэрв.), а таксама пунктам расы.
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЭ́І, Гіраі,
дынастыя крымскіх ханаў з сярэдзіны 15 ст. да 1783. Вялі радаслоўную ад Чынгісхана. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй захапіў уладу ў 1443 пры падтрымцы вял. князя ВКЛ Казіміра IV і татарскіх крымскіх князёў з роду Шырын. Крымскае ханства стала незалежным ад Залатой Арды. Хаджы-Гірэй падтрымліваў сяброўскія адносіны з Казімірам IV, мірныя ўзаемадачыненні з Маскоўскай дзяржавай, імкнуўся забяспечыць сваю незалежнасць ад Турцыі. Пасля смерці Хаджы-Гірэя ў 1466 у выніку працяглай барацьбы ханам стаў яго малодшы сын Менглі-Гірэй (панаваў да 1515 з 2 невял. перапынкамі). У 1475 Крымскае ханства трапіла ў васальную залежнасць ад Турцыі, турэцкія султаны прызначалі ханаў выключана з роду Гірэяў. У 15—17 ст. Гірэі арганізоўвалі рабаўнічыя паходы на суседнія краіны. Апошні крымскі хан Шагін-Гірэй пад прымусам рас. ўрада ў лют. 1783 адмовіўся ад трона, а Крымскае ханства далучана да Расіі.
І.Б.Канапацкі.
т. 5, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНІТЭНЦЫЯ́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ (ад лац. poenitentia раскаянне),
парадак і рэжым адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, устаноўлены ў некаторых дзяржавах. У 18 ст. ўзнікла пенсільванская П.с. (назва ад штата Пенсільванія, ЗША), для якой характэрна строгае адзіночнае зняволенне ў спалучэнні з рэліг. пакаяннем. З пач. 19 ст. выкарыстоўваецца обернская П.с. (склалася ў г. Оберн, ЗША), сутнасць якой у прадастаўленні зняволеным магчымасці працаваць пры поўнай ізаляцыі ва ўмовах строгага рэжыму. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін выкарыстоўваецца т.зв. прагрэсіўная П.с., якая прадугледжвае паэтапную змену ўмоў утрымання зняволеных ад суровых да больш льготных у залежнасці ад іх паводзін, у адпаведнасці з рашэннем адміністрацыі. Разнавіднасцю П.с. з’яўляюцца рэфарматорыі (узніклі ў ЗША) для асоб ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў, тэрмін зняволення для якіх можа быць скарочаны або працягнуты.
У Рэспубліцы Беларусь П.с. ўключае турмы, калоніі рознага рэжыму і выхаваўчыя калоніі для непаўналетніх. Гл. Папраўча-працоўныя ўстановы.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЁТЫ (ад прозвішча першаадкрывальніка амер. географа і геолага А.Гаята),
плоскавяршынныя падводныя горы вулканічнага паходжання. Найб. пашыраны (трапляюцца адзіночна ці групамі) у паўн. ч. Ціхага ак. Глыбіня над вяршынямі гаётаў ад 200 да 2000 м.
т. 4, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (ад гелія... + грэч. tropos паварот, напрамак),
геадэзічная прылада для дакладных вымярэнняў гарызантальных вуглоў у трыянгуляцыі. Асн. частка — плоскае люстэрка, якое адбівае сонечныя прамяні ад аднаго геадэзічнага пункта да другога, дзе выконваюцца вугламерныя вымярэнні тэадалітам.
т. 5, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎКА,
рака ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Шаць (бас. р. Прыпяць). Даўж. 22 км. Пачынаецца за 2 км на ПнЗ ад в. Слопішча. Рэчышча на 15 км уверх ад вусця каналізаванае.
т. 7, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)