БАБЕ́Ш (Babeş) Віктор (1854, прав. Банат, Румынія — 10.10.1926),
румынскі мікрабіёлаг і гістапатолаг. Праф. Будапешцкага (1877) і Бухарэсцкага ун-таў. Мед. адукацыю атрымаў у Будапешце і Вене, стажыраваўся ў Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (1866). З 1886 кіраваў Ін-там бактэрыялогіі і паталогіі ў Бухарэсце. Навук. працы па вывучэнні патагенных мікраарганізмаў і інфекц. хвароб. Распрацаваў метад серапрафілактыкі шаленства (1887), прапанаваў антырабічную сываратку (1889). Адкрыў гранулы ў туберкулёзных бацылах і метахраматычныя зерні ў дыфтэрыйных палачках (зерні Бабеша—Эрнста, 1887—88), цельцы Бабеша—Негры (1893). Прапанаваў класіфікацыю туберкулёзных бактэрый, апісаў узбуджальніка курынай халеры. Вывучаў чуму, сіфіліс і інш. інфекцыйныя хваробы чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ Павел Восіпавіч (2.4.1832, б. маёнтак Вака каля Вільні — 16.2.1905),
ваенны дзеяч, гісторык і этнограф. Генерал ад інфантэрыі. Пляменнік М.К.Баброўскага. Скончыў Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Дваранскі полк, 1851) і Мікалаеўскую акадэмію Генштаба (1857). У 1875—97 нач. Ваенна-юрыд. акадэміі. З 1859 кіраваў групай афіцэраў Генштаба, якая падрыхтавала і выдала «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба. Гродзенская губерня» (ч. 1—2 і дадаткі ў 2 т., 1863). У працы прыведзены звесткі па гаспадарцы, этнаграфіі, асвеце, пра гарады і найб. значныя мястэчкі губерні. Вывучаў гісторыю летапісаў, уніяцкай царквы, жыццё і навук. дзейнасць М.К.Баброўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛЕЦ (Bohomolec) Францішак (29.1.1720, Віцебшчына — 24.4.1784),
польскі драматург, публіцыст. Па паходжанні лічыў сябе «русаком». Вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1760—70-я г. рэдагаваў у Варшаве шэраг перыяд. выданняў, дзе змяшчаў матэрыялы з Беларусі. Аўтар больш як 20 камедый для школьнага тэатра («Хітры гаспадар», «Модныя кавалеры», «Польскі парыжанін» і інш.), у якіх з пазіцый памяркоўнага Асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы сталічнай і правінцыяльнай шляхты. У камедыях шмат беларусізмаў. Збіраў бел. прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў папоўніць зборнік С.Рысінскага. Сваімі пераробкамі Мальера аказаў уплыў на бел. і польск. драматурга М.Цяцерскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́ТАЎ Барыс Аляксандравіч (н. 1.4.1938, г. Арэхава-Зуева, Расія),
бел. вучоны ў галіне тарфяной вытв-сці. Д-ртэхн.н. (1974), праф. (1979). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1960). З 1977 у Бел.політэхн. акадэміі. Навук. працы па праблемах мадэлявання, мадэм. апісання і аптымізацыі тэхнал. працэсаў распрацоўкі радовішчаў торфу з улікам рэсурсазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар падручніка «Тэхналогія і комплексная механізацыя тарфяной вытворчасці» (1988, з В.А.Нікіфаравым) і інш. вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Моделирование и оптимизация процессов брикетного производства. М., 1976;
Математические методы в торфяном производстве. М., 1991 (разам з У.Дз.Капёнкіным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧ Марыя Уладзіміраўна (парт.псеўд.Рэгіна, Ванда, Вянеда; 4.1.1865, в. Цаперка Клецкага р-на Мінскай вобласці — 1887),
дзяячка рэв. руху ў Польшчы і на Беларусі. Па маці з роду Касцюшкаў. З 1874 жыла ў Варшаве. У 1881 здала экзамен на званне настаўніцы. У 1884 уступіла ў партыю «Пралетарыят». З ліп. 1884 на чале ЦК партыі. Вяла рэв. прапаганду, наладзіла выданне парт.газ. «Proletariat» («Пралетарыят»). Устанавіла кантакты з польскай сацыяліст. эміграцыяй у Жэневе і Парыжы, з рэвалюцыянерамі Вільні, Беластока, Гродна, Мінска. 30.9.1885 арыштавана. У 1887 выслана ў Сібір. Памерла ў краснаярскай перасыльнай турме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАПЛА́Ў ПАЛА́СА (Pallasea quadrispinosa),
беспазваночная жывёла сям. гамарыдаў атр. бакаплаваў. Пашыраны на Пн Еўропы. Патэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду. Знойдзены ў азёрах Браслаўскай групы, Лукомскім, Доўгае (Глыбоцкі р-н). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела даўж. да 3 см, аранжавае, дугападобнай формы, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Жыве ў алігатрофных і мезатрофных азёрах сярод вышэйшай воднай расліннасці. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца круглы год, найб. у асенне-зімовы перыяд. Каштоўны корм для рыб. На Беларусі ахоўваецца ў ландшафтным заказніку Міжазёрны (Віцебская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЦЯ́НІКІ (Limnaeidae),
сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.
Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.
Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ (Bali),
востраў у Малайскім архіпелагу, самы заходні з Малых Зондскіх а-воў, тэр. Інданезіі. Абмываецца на Пн морам Балі і на Пд Індыйскім ак.Пл. 5,6 тыс.км². Рэльеф гарысты, выш. да 3142 м (вулкан Агунг). Берагі стромкія, парэзаны слаба. Клімат субэкватарыяльны. Схілы гор пад трапічнымі лясамі (пальмы, цікавае дрэва). На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць рыс, каву, какаву. Асн. гарады: Дэнпасар, Сінгараджа. Стараж. цэнтр інданезійскай і індуісцкай культуры («востраў тысячы храмаў», арх. помнікі «Каралеўскія магілы», 11 ст., і «Слановая пячора», каля 13 ст.), нар. мастацтва (разьба па дрэве і косці, маскі, дэкар. тканіны і інш.) і турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ДЫС (Balodis) Карл (20.6.1864, Білсцінёс, Латвія — 13.1.1931),
латышскі вучоны-эканаміст і статыстык. Вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1884—87), у Германіі (1895—99). З 1905 праф. Берлінскага ун-та. Апублікаваў працы «Смяротнасць, узроставы склад і даўгавечнасць праваслаўнага народанасельніцтва абодвух полаў у Расіі за 1851—1890 гг.» (1897, разам з Л.Бесер), «Дзяржава будучага» (1898). У апошняй з дапамогай статыстыкі імкнуўся даказаць магчымасць пабудовы сацыяліст. грамадства ў Германіі мірным (нерэвалюцыйным) шляхам. У 1-ю сусв. вайну саветнік ваен.мін-ва Германіі, па заданні якога распрацаваў сістэму харч. картак. У 1919 вярнуўся ў Латвію, праф. Рыжскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАДО́ЎСКІ Марк Канстанцінавіч (18.12.1888, г. Іркуцк — 24.11.1954),
рус. фалькларыст, этнограф, літ.-знавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). Даследаваў праблемы казказнаўства, асобныя жанры фальклору («Ленскія галашэнні», 1922; «Верхняленскія казкі», 1938), сувязь вуснай нар. творчасці і л-ры («Руская казка», т. 1—2, 1932; «Артыкулы па літаратуры і фальклоры», 1960, і інш.). Найб. значная праца «Гісторыя рускай фалькларыстыкі» (т. 1—2, 1958—63) змяшчае факты з гісторыі збірання і вывучэння бел.нар. творчасці. Бел. фальклорны матэрыял выкарыстаў у каментарыях да складзенага ім зб. «Народныя казкі пра бога, святых і папоў: Рускія, беларускія і ўкраінскія» (1963).