САВІ́ЦКІ (Канстанцін Апалонавіч) (6.6.1844, г. Таганрог, Расія — 13.2.1905),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1862—73). Правадз. чл. Пецярб. АМ (з 1895). Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (1878, гл. Перасоўнікі). З 1891 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, з 1897 у Пензенскім маст. вучылішчы (дырэктар). Для творчасці характэрны выкрывальная скіраванасць, імкненне перадаць складаную псіхалогію і выразнасць нар. тыпажу, майстэрства кампаноўкі шматфігурных сцэн. Пісаў пераважна жанравыя карціны: «Рамонтныя работы на чыгунцы» (1874), «Сустрэча абраза» (1878). У шэрагу твораў сцэны нар. жыцця набываюць трагедыйнае гучанне («На вайну», 1880—88), перадаюць вастрыню сац. канфлікту («Спрэчка на мяжы», 1897). Аўтар ілюстрацый, афортаў, літаграфій.

Літ.:

Левенфиш Е.Г. К.​А.​Савицкий, 1844—1905. Л.;

М., 1959.

К.Савіцкі. Рамонтныя работы на чыгунцы. 1874.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІЦЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, 2-гідраксібензойная кіслата, о-аксібензойная кіслата,

найпрасцейшая араматычная аксікіслата; антысептык.

Бясколерныя крышталі, tпл 159,5 °C, шчыльн. 1443 кг/м³. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, мала — у вадзе. Вытворныя С.к. па функцыян. групах — солі і эфіры наз. саліцылатамі. У прыродзе трапляецца ў раслінах пераважна ў выглядзе гліказіду метылавага эфіру. У прам-сці С.к. і яе вытворныя атрымліваюць тэрмічным карбаксіліраваннем сухога феналяту натрыю дыаксідам вугляроду пад ціскам. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лек. сродкаў (напр., ацэтылсаліцылавай кіслаты n-амінасаліцылавай к-ты — процітуберкулёзнага сродку), пахучых рэчываў (метылеаліцылату, бензілсаліцылату і інш.), як кампанент мазей, паст і раствораў для лячэння скурных хвароб (напр., т.зв. саліцылавы спірт — 2%-ны раствор С.к. ў этаноле, паста Ласара), кансервант у харч. прам-сці, рэагент у аналіт. хіміі.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАВА (Таццяна Яўгенаўна) (н. 4.5.1934, С.-Пецярбург),

расійская актрыса. Дачка Я.​В.​Самойлава. Нар. арт. Расіі (1993). Вучылася ў Тэатр. вучылішчы імя Б.​Шчукіна (1953—56), скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1962). У 1958 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага, у 1967—92 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Т-ры сучаснай п’есы. Ігра адметная глыбокім драматызмам, тонкім псіхалагізмам. З 1956 здымаецца ў кіно: «Мексіканец» (1956), «Ляцяць жураўлі» (1957, Гал. прыз кінафестывалю ў Канах, 1958), «Неадпраўлены ліст», «Леон Гарас шукае сябра» (СССР—Францыя, абодва 1960), «Альба Рэгія» (Венгрыя, 1961), «Яны ішлі на ўсход» (1964, Італія—СССР), «Ганна Карэніна» (1968), «Доўгая дарога ў кароткі дзень» (1972), «Акіян» (1974), «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту» (1976), «24 гадзіны» (2000) і інш.

Т.Я.Самойлава.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНТА́ЛАВАЕ ДРЭ́ВА, сантал, сандалавае дрэва, белае,

індыйскае (Santalum album),

кветкавая расліна сям. санталавых. Пашырана ў Індыі, на п-ве Малака і астравах Малайскага архіпелага. Здаўна культывуецца ў Індыі, Кітаі і інш.

Дрэва выш. каля 10 м, вечназялёнае, з густой кронай. Належыць да раслін-паўпаразітаў. Лісце супраціўнае. Кветкі зеленаватыя, чырв., часам жоўтыя. Плод — касцянка. Драўніна з жаўтавата-карычневым ядром і белай абалонай, пахучая, мае ў сабе эфірны алей (3—6%), цвёрдая, трывалая, устойлівая да тэрмітаў. Ідзе на маст. вырабы, курыльныя палачкі для рэліг. цырымоній і інш. Алей выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Часам тэрмінам «сандалавае дрэва» наз. дрэвы (бафія, дэрыс і інш.), якія маюць прыгожую і духмяную драўніну. Гл. таксама Кампешавае дрэва.

В.​М.​Прохараў.

Галінка санталавага дрэва.

т. 14, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НЫ,

у беларусаў і інш. хрысціянскіх народаў памінальны абрад, які адзначаецца на 40-ы дзень (6-ы тыдзень) пасля смерці чалавека. Як і інш. памінкі, звязаны з культам продкаў. На Беларусі наз. таксама саракавіны, саракі, саракапуст; шасціны. Паводле нар. павер’я, у гэты час душа нябожчыка наведвае родную хату, таму яе прыбіралі ручнікамі, на акно ставілі хлеб-соль і шклянку з вадой. На С. родныя наведваюць магілу памерлага, наладжваюць ў доме жалобны стол, які паходзіць ад стараж. язычніцкай трызны. Сярод абавязковых памінальных страў — куцця, канун і інш. Асобны прыбор з пітвом і стравай ставяць для памерлага. Неабходнасць адзначаць С. тлумачаць тым, што непамянутая душа асуджана на пакуты і не будзе спрыяць людзям у іх зямных справах.

У.​А.​Васілевіч.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, узнікненне і развіццё якіх найб. залежыць ад уплыву неспрыяльных сац.-эканам. умоў і фактараў. Да развіцця С.х. прыводзяць псіха-эмацыянальныя хваляванні, стрэсы, незбалансаванае харчаванне, вытв. асяроддзе, сац.-эканам. нестабільнасць, паніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. У выніку негатыўнага ўплыву сац. фактараў ствараецца фон для ўзнікнення С.х. Сац. значэнне туберкулёзу, венерычных хвароб, СНІДу, алкагалізму, наркаманіі, прафесійных хвароб і інш. звязана з пашыранасцю, цяжкасцю і працягласцю захворванняў, высокай рызыкай заражэння і інш. Зніжэнне захваральнасці на С.х. ў значнай ступені залежыць ад комплексу агульнадзярж. мер, накіраваных на фарміраванне здаровых умоў жыцця, працы, адпачынку насельніцтва, ахову навакольнага асяроддзя і інш.

Літ.:

Социальная медицина и организация здравоохранения. Т. 1—2. СПб., М., 1998;

Социальная гигиена (медицина) и организация здравоохранения. Казань, 2000.

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЯ́Т-НАВА́ (сапр. Саядзян Аруцюн; 1712, Тбілісі — 1795),

армянскі паэт; буйнейшы прадстаўнік свецкай паэзіі позняга сярэдневякоўя. Быў прыдворным песняром і музыкантам груз. цара Іраклія II. Выгнаны са службы з-за сутычак з вяльможамі, стаў свяшчэннікам, з 1768 манах. Праславіўся як ашуг. Пісаў песні на арм., груз. і азерб. мовах, у якіх традыц. для ўсх. паэзіі вобразнасць спалучалася з глыбокай эмацыянальнасцю, пратэстам супраць сац. несправядлівасці. Майстар любоўнай лірыкі («Я хворы каханнем да цябе», «Каманча», «Да салаўя», «Так жыць хачу» і інш.). Забіты ў Тбілісі ў час нашэсця перс. войск. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Х.​Жычка, Н.​Тулупава.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика М., 1963;

Стихотворения. Л., 1982.

Літ.:

Дарян З.М. Саят-Нова: Роман. М., 1973.

А.​Казінян.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАСЛА́ЎСКІ ((Świętosławski) Войцех Алаізій) (3.7.1881, в. Кірыёўка Жытомірскай вобл., Украіна — 29.4.1968),

польскі фізікахімік, заснавальнік школы тэрмахімікаў. Чл. Польскай АН (1952). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1906). З 1910 у Маскоўскім ун-це. З 1918 у Польшчы: праф. Варшаўскага політэхн. ін-та (1918—39, 1946—51) і Варшаўскага ун-та (1918—29, 1947—60). У 1935—39 міністр вышэйшай адукацыі Польшчы. У 1940—46 у ЗША. У 1955—61 дырэктар Ін-та фіз. хіміі Польскай АН. У 1928—32 і 1934—40 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі. Навук. працы па тэрмахіміі арган. злучэнняў, тэорыі працэсаў каксавання і перапрацоўкі кам.-вуг. смалы. Распрацаваў шэраг каларыметрычных метадаў. Сканструяваў адыябатычны каларыметр (1913), эбуліяметр для хуткага вызначэння малекулярнай масы (эбуліяметр С.; 1924).

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСЦЬЯ́НЕНКА (Віктар Рыгоравіч) (н. 31.1.1938, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1981), праф. (1984). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1963). З 1963 у Ін-це тэарэт. і прыкладной механікі Сіб. аддз. АН СССР. З 1982 у БПА (з 1984 заг. кафедры). З 1999 у ЗША. Навук. працы па радыяцыйным цеплаабмене і фізіцы плазмы, праблемах выкарыстання камп’ютэрнай тэхнікі ў навуч. працэсе. Распрацаваў метады разліку поля выпрамянення ў рэальным спектры, уліку ўзаемадзеяння часціц у плазме, методыку і апаратуру для цеплавога неразбуральнага кантролю прамысл. вырабаў.

Тв.:

Радиационный теплоперенос в высокотемпературных газах. М., 1984 (у сааўт.);

Оптимизация метода импульсной тепловой дефектометрии протяженных дефектов (у сааўт.) // Инж.-физ. журн. 1994. Т. 66, № 4.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГНЕТАПАЎПРАВАДНІКІ́,

крышталічныя матэрыялы, якія спалучаюць уласцівасці сегнетаэлектрыкаў і паўправаднікоў. Тыповыя С.: ёдыд-сульфід сурмы SbSI, тытанат барыю BaTiO3. Сегнетаэл. і паўправадніковыя ўласцівасці С. узаемна звязаны: пры змене канцэнтрацыі носьбітаў зараду (асвятленнем, награваннем, легіраваннем) назіраецца змена сегнетаэл. уласцівасцей (напр., змена даменнай структуры, зрух пункта Кюры і інш.). У прыватнасці, у С. назіраецца хуткая змена аптычных характарыстык пры асвятленні, напр., падвойнага праменепераламлення (фотарэфрактыўны эфект), што застаецца і пасля спынення асвятлення. У сваю чаргу спантанная палярызацыя, нелінейнасць дыэлектрычнай пранікальнасці (сегнетаэл. ўласцівасці С.) абумоўліваюць электронныя працэсы ў С., не тыповыя для звычайных паўправаднікоў, напр., істотнае адрозненне паверхневай праводнасці ад аб’ёмнай. Выкарыстоўваюцца ў галаграфічных прыладах, тэрмарэгулятарах, тэрмакампенсатарах, сістэмах аптычнай памяці і інш.

Літ.:

Фридкин В.М. Сегнетоэлектрики — полупроводники. М., 1976.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)