ГРАМАДЗЯ́НСКІ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, цывільны працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь,

сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які ўстанаўляе парадак вядзення цывільных спраў ва ўсіх судах Рэспублікі Беларусь. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Пазней у яго ўнесены адпаведныя змены і дапаўненні. Складаецца з 398 артыкулаў, 32 глаў, 6 раздзелаў, у якіх вызначаюцца задачы цывільнага судаводства і рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з разглядам і вырашэннем цывільных спраў, выкананнем пастаноў судоў і некаторых інш. органаў. У кодэкс уключаны дадаткі, якія складаюцца з пераліку відаў маёмасці грамадзян, на якую не можа быць накіравана спагнанне па выканаўчых дакументах, палажэння пра трацейскі суд і інш.

т. 5, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАСГЕ́ЙМ Аляксандр Альфонсавіч (6.3.1888, с. Ліхаўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 4.12.1948),

савецкі батанік. Акад. АН СССР (1946; чл.-кар. 1939). Акад. Азерб. ССР (1945). Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). У 1917—30 у Тбіліскім політэхн. ін-це, у 1927—46 у Азерб. ун-це. Арганізатар і дырэктар Бат. ін-та Азерб. ССР (1936—47), з 1947 у Бат. ін-це АН СССР і Ленінградскім ун-це. Навук. працы па даследаванні флоры, расліннасці і раслінных рэсурсаў Каўказа. Прапанаваў арыгінальную філагенетычную сістэму кветкавых раслін (1945). Дзярж. прэмія СССР 1948. Прэмія імя У.Л.Камарова АН СССР 1946.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШЫ́ (сапр. Грыгаран) Ашот Багдасаравіч

(22.5.1910, Баку — 28.2.1973),

армянскі паэт. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1931). Друкаваўся з 1929. Аўтар зб-каў паэзіі «Разам з народам» (1938), «Арфа вайны» (1942), «Пад зоркай братэрства» (1949), «Песня па свеце ляціць» (1952), «Сястра сонца» (1972), «Крыніца жураўлёў» (апубл. 1976) і інш. Асн. тэматыка творчасці — жыццё і стваральная праца суайчыннікаў, змаганне за мір. Яго паэзія адметная жыццесцвярджальным пафасам, лірызмам, грамадзянскасцю. Пераклаў на арм. мову асобныя творы М.​Танка, А.​Ставера. Творы Грашы на бел. мову перакладалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, Ю.​Свірка, В.​Шымук.

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЖЫМА́ЛІ Іван Войцехавіч (13.4.1844, г. Пльзень, Чэхія — 24.1.1915),

расійскі скрыпач і педагог. Па нацыянальнасці чэх. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). З 1869 у Маскве, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1874 праф.). Выступаў як саліст і дырыжор. Стварыў адну з буйнейшых рус. скрыпічных школ строга акад. кірунку (у адрозненне ад пецярб. школы Л.Аўэра). Аўтар інструктыўных твораў для скрыпкі. Пераклаў для яе некат. фартэпіянныя творы П.​Чайкоўскага, а таксама для скрыпкі, віяланчэлі і фп. «Патэтычнае трыо» М.​Глінкі. Сярод яго вучняў: С.​Барцэвіч, Д.​Крэйн, Л.​Любошыц, А.​Магілеўскі, А.​Печнікаў, М.​Прэс, М.​Эрдэнка.

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРА́ЎДА»,

абласная грамадска-паліт. газета. З 9.10.1939 выдавалася ў Беластоку пад назвамі «Освобожденный Белосток», «Вольная праца» (студз. 1940 — чэрв. 1941), «Белостокская правда» (ліст. 1943—чэрв. 1944; выдавалася падпольна на бел., рус. і польск. мовах). З 22.10.1944 выдаецца ў Гродне пад сучаснай назвай 5 разоў на тыдзень. У 1963—91 выходзіла на рус. мове, у 1948—63 і з 1991 — на бел. і рус. мовах. Асвятляе грамадска-паліт., эканам. і культ. жыццё Гродзенскай вобл., інфармуе пра рэспубліканскія, міжнар. падзеі. Друкуе матэрыялы па гісторыі, л-ры, мастацтве Беларусі, пра экалагічныя і інш. праблемы.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.

Існаваў у 1775—81. Закладзены вучоным Ж.Э.Жыліберам на месцы старога гарадзішча. Па разнастайнасці, колькасці відаў раслін не саступаў лепшым садам Еўропы. Калекцыя камплектавалася з мясц. відаў і раслін, атрыманых са Страсбурскага і Эдынбургскага садоў, падараваных вядомымі батанікамі (напр., акад. П.​С.​Палас пераслаў сабраныя ім сібірскія расліны). У 1777 у садзе было 1200 відаў экзотаў (у т. л. некалькі амерыканскіх, якія паспяхова раслі ў адкрытым грунце), у 1778 — больш за 2000 відаў. У 1781 большая ч. калекцыі перавезена ў Вільню. Цяпер на месцы саду — гар. парк культуры і адпачынку.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 1770—80-я г. ў Гродне, перабудаваны ў 19 ст. Належаў графу М.​Валіцкаму, у 1842 куплены праваслаўнай кансісторыяй (адсюль другая назва — архірэйскі дом). Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы, быў абкружаны рэгулярным паркам (збярогся часткова). Па баках палаца сіметрычна пастаўлены 2-павярховыя мураваныя флігелі, якія ўтвараюць перад ім паўадкрыты двор. Трохпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Першы паверх цокальны, 2-і і 3-і аб’яднаны на фасадах лапаткамі. Цэнтр гал. фасада падкрэслены рызалітам.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі палац адміністратара.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ПІУС (Gropius) Вальтэр (18.5.1883, Берлін — 5.7.1969),

нямецкі архітэктар, дызайнер і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік функцыяналізму. Вучыўся ў вышэйшых тэхн. школах Берліна і Мюнхена (1903—07), у 1907—10 асістэнт П.Берэнса. Распрацоўваў рацыяналістычныя прынцыпы ў архітэктуры і дызайне. Заснавальнік і дырэктар (1919—28) «Баўгаўза». Ствараў новыя арх. формы; вонкавы выгляд яго збудаванняў выяўляў іх функцыян. прызначэнне (ф-ка «Фагус» у Альфельдзе, 1911—16, разам з А.​Меерам; адм. будынак на выстаўцы «Нямецкага Веркбунда» ў Кёльне, 1914). З 1937 працаваў у ЗША. Аўтар кніг па тэорыі і практыцы архітэктуры.

Тв.:

Рус. пер. — Границы архитектуры. М., 1971.

В.Гропіус.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫВА́СТЫ ВОЎК (Chrysocyon brachyurus),

млекакормячае сям. воўчых атр. драпежных. Адзіны від роду. Жыве ў Бразіліі, усх. частцы Балівіі, Парагваі, Уругваі і Паўн.-Усх. Аргенціне ў пампасах, па ўскрайках балот, зрэдку ў лясах.

Даўж. цела каля 125 см, хваста каля 30 см, выш. ў карку каля 75 см, маса 20—23 кг. Поўсць доўгая, мяккая, жаўтавата-рыжая. Ногі доўгія, амаль чорныя. Хвост пушысты, на канцы белы. На шыі і карку грыва (адсюль назва). Нараджае 2—3 дзіцянят. Актыўны ўначы. Корміцца дробнымі пазваночнымі, птушкамі, насякомымі, пладамі і інш. Групай зрэдку нападае на свойскіх авечак. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Грывасты воўк.

т. 5, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАРО́ВІЧ, Грэгаровіч Карл Карлавіч (25.10.1868, С.-Пецярбург — 25.3.1921), рускі скрыпач-віртуоз, педагог. Вучыўся ў В.​Безякірскага (Масква) і І.Іоахіма (Берлін). З 1883 канцэртаваў па Расіі і краінах Еўропы, шматразова выступаў на Беларусі (найб. у Віцебску). У 1910—14 узначальваў у Пецярбургу т.зв. Мекленбургскі квартэт. З 1904 праф. Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва, у 1918—20 — Віцебскай нар. кансерваторыі. Выступаў у суправаджэнні Віцебскага сімф. аркестра на чале з М.Малько, удзельнічаў у вечарах камернай музыкі (выконваў творы Л.​Бетховена, Ф.​Мендэльсона, Э.​Лало, А.​Тама, П.​Сарасатэ і інш.). Тонкі інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.

А.​Л.​Капілаў.

т. 5, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)