МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ Іван Васілевіч (28.2.1913, г. Сатка Чэлябінскай вобл., Расія — 26.1.1998),
бел. мастак. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946). З 1947 працаваў у Вільнюсе, у 1951—54 выкладаў у Вільнюскім дзярж.маст. ін-це. З 1958 у Мінску, з 1959 гал. мастак горада, у 1967—69 рэдактар Мін-ва культуры Беларусі. Працаваў у афармленчым і тэатр.-дэкар. мастацтве, станковай графіцы, плакаце, арх. праектаванні. Аўтар шэрагу эскізаў святочнага маст. афармлення Мінска (1960—67), афармлення павільёна ВДНГСССР у Маскве (1967), дзён культуры Беларусі ва Ульянаўску (1969) і інш. Стварыў серыі акварэльных і пастэльных пейзажаў «Па роднай краіне» (1936—81), «Самарканд» (1942—43), «Ленінград» (1945—46), «Вільнюс» (1947—58), «Мінск» (1958—83), партрэтаў бел. архітэктараў (1982—84) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ШЫН Сяргей Гаўрылавіч (14.12.1857, с. Цароўшчына Балтайскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 10.11.1930),
расійскі батанік і цытолаг; заснавальнік карыялогіі і рас. школы цытолагаў і эмбрыёлагаў раслін. Акад.АНСССР (з 1918), акад.АН Украіны (1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1881). Працаваў у ім. З 1884 у Пецярбургскай Пятроўскай с.-г. акадэміі, з 1889 у Пецярбургскім ун-це. У 1894—1915 праф. Кіеўскага, у 1918—23 — Тбіліскага ун-таў. Заснавальнік і дырэктар (да 1929) Біял. ін-та імя К.А.Ціміразева ў Маскве. Навук. працы па эмбрыялогіі і цыталогіі раслін. Адкрыў двайное апладненне і халазагамію ў пакрытанасенных раслін.
Тв.:
О некаторых признаках внутренней организации хромосом // Сб. статей, посвящ. К.А.Тимирязеву. М., 1916;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР АЛІМПІ́ЙСКАЙ ПАДРЫХТО́ЎКІ ПА ТЭ́НІСЕ І НАСТО́ЛЬНЫМ ТЭ́НІСЕ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Засн. ў Мінску ў 1996. Яго дзейнасць накіравана на падрыхтоўку спартсменаў і нац. каманд да Алімп. гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы і інш. Каардынуе дзейнасць аддзяленняў спарт. дзіцяча-юнацкіх школ, вучылішчаў алімп. рэзерву і інш.Спарт. комплекс Н.ц. пабудаваны ў 1978 у Мінску. Мае 4 крытыя тэнісныя корты з трыбунай для 500 гледачоў, трэніровачную залу, мед. і метадычны кабінеты, дапаможныя памяшканні, 13 адкрытых кортаў (6 з травяным і 7 з грунтавым пакрыццём), якія выкарыстоўваюцца для вучэбна-трэніровачных заняткаў, правядзення міжнар. і рэсп. спаборніцтваў. У цэнтры працуюць вучэбна-спарт. групы, трэнеры-выкладчыкі. Сярод выхаванцаў — пераможцы міжнар. спаборніцтваў Н.Зверава, В.Барабаншчыкава, У.Ваўчкоў, М.Мірны, У.Самсонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН Мікалай Мікалаевіч (8.8.1895, С.-Пецярбург — 26.3.1963),
рускі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1921). З 1921 уваходзіў у літ. групу «Серапіёнавы браты». Першая аповесць — «Ірвотны форт» (1922). Зборнікі нарысаў, апавяданняў, аповесцей «Камяні» (1922), «Бунт» (1923), «З алоўкам у руцэ» (1926), «Лірычная зямля» (1927) адметныя «арнаментальнасцю» стылю, пошукамі арыгінальнай формы. Уражанні ад паездкі па Еўропе ў зб. «Цяпер на Захадзе. Берлін — Рур — Лондан» (1924). Раман «Паўночная Аўрора» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) пра барацьбу з інтэрвентамі на Поўначы ў 1918—19. Аўтар раманаў «Злачынства Кірыка Рудэнкі» (1927), «Гэта пачалося ў Какандзе» (1939), аповесці «Пагаворым пра зоркі» (1934), п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў-успамінаў пра М.Горкага, А.Талстога і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,
сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца зпабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.Сачанка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА Д’АКСЬЁН (франц. pas d’action ад pas крок + action дзеянне),
складаная муз.-танц. форма, арганічна звязаная з развіццём балетнага сюжэта; адна засн. форм дзейснага танца. Раскрывае драм. змест. асобнай балетнай сцэны ці ўсяго балетнага спектакля. У П. д’а. ўдзельнічаюць салісты, карыфеі, кардэбалет. Як сінтэз пантамімы і чыстага танца стаў асновай балетных пастановак Ж.Ж.Навера. У эпоху рамантызму, згодна з працэсамі сімфанізацыі музыкі і ўдасканалення класічнага танца, набываў больш выразную структуру. Паступова склалася форма, якая ўключала выхад (антрэ) усіх удзельнікаў, адажыо салістаў у суправаджэнні карыфеяў і кардэбалета, шматлікіх варыяцый і агульнай коды. Канчатковую форму дзейсны танец набыў у балетах М.Петыпа, дзе ў кульмінац. моманты дзеяння выяўляў патаемныя пачуцці герояў. Сустракаецца і ў сучасных балетах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ КАПІТА́Л,
грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДРЭ́ЛЬ (Pedrell) Феліпе (19.2.1841, г. Тартоса, Іспанія — 19.8.1922),
іспанскі кампазітар, фалькларыст, педагог, вядучы дзеяч ісп.муз. адраджэння, т.зв. Рэнасім’ента. Чл.ісп. Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1895—1904). З 1873 працаваў у Барселоне, у 1895—1903 выкладаў у Мадрыдскай кансерваторыі. Выдаваў муз. часопісы, публікаваў узоры класічнай і нар.ісп. музыкі. Працы памуз. фальклоры («Іспанскія народныя песні», т. 1—4, 1918—22, 2 выд., т. 1—2, 1936), а таксама сучаснай ісп. музыцы паклалі пачатак сучаснаму ісп. музыказнаўству. П. узначаліў новую ісп. кампазітарскую школу і значна паўплываў на яе фарміраванне. Аўтар опер, у т. л.патрыят. трылогіі з пралогам «Пірэнеі» (1891), праграмных сімф. твораў, кантат і хароў з аркестрам, духоўнай музыкі, рамансаў і песень, якім уласцівы яркі нац. каларыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, п’езаэлектрыкі,
мона- і полікрышталічныя рэчывы з добра выражанымі п’езаэлектрычнымі ўласцівасцямі (гл.П’езаэлектрычнасць). Адносяцца да дыэлектрыкаў, ідуць на выраб элементаў п’езаэлектрычных пераўтваральнікаў.
Падзяляюцца на 2 групы: п’езаэл. монакрышталі (кварцу, сегнетавай солі, тытанату барыю і ўсе сегнетаэлектрыкі ў палярнай фазе) і п’езакераміку (полікрышталічныя цвёрдыя растворы на аснове тытанату барыю, кальцыю і кобальту, ніабату барыю і свінцу і інш., палярызаваныя ў эл. полі). Крышталі П.м. вырошчваюць з раствораў ці расплаваў або выкарыстоўваюць прыродныя (напр., кварц). Найб. пашырана з П.м. п’езакераміка, якая мае моцны п’езаэфект, значную стабільнасць, высокую мех. трываласць і ўстойлівасць да знешніх уздзеянняў, простая па вырабе. Выкарыстоўваюцца П.м. для стварэння актыўных элементаў электрамех. і электраакустычных п’езаэл. пераўтваральнікаў, фільтраў, стабілізатараў, генератараў і прыёмнікаў ультрагукавых ваганняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАВА Віялета Ігараўна (н. 17.11.1941, г.п. Чэрлак Омскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і анкалогіі. Д-рмед.н. (1997), праф. (1999). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1964). З 1964 у БелНДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1981 заг. аддзела). Навук. працы па гарманальна-метабалічных узаемаадносінах у сістэме «пухліна—арганізм», біяхім. перабудовах у арганізме анкалагічных хворых пры комплексным і камбінаваным лячэнні, пухлінных маркёрах, паказчыках электроннага парамагнітнага рэзанансу ў дыягностыцы раку.
Тв.:
Рак и циклические нуклеотиды: Механизмы опухолевого роста, гормоночувствительность опухолевой ткани, пробл. клинич. онкологии. Мн., 1993 (разам з Л.М.Берштэйнам, Я.Ф.Канаплёй);
Лабораторная оценка побочных реакций организма на многокомпонентную химиотерапию злокачественных опухолей у детского контингента больных (у сааўт.) // Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии: Сб. науч. работ. Мн., 1999.