ПЯКО́ТКА,

адчуванне пякучага болю ў страваводзе. Звязана з закідваннем кіслага змесціва страўніка ў стрававод, таксама з парушэннем маторыкі стрававода, страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Бывае пры гастрыце, халецыстыце, язвавай і жоўцекамянёвай хваробах, пасля аперацый на страўніку, пры цяжарнасці, таксама ўзнікае пры непераноснасці некат. харч. прадуктаў. Лячэнне накіравана на асн. захворванне.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗГО́РТКА ў тэхніцы,

1) разгорнутыя ў плоскасці ліставая загатоўка ці паверхня дэталі складанай формы (напр., вінта, шаравой цыстэрны, злучэння трубаправодаў).

2) Чарцёж, на якім паказаны праекцыі ўнутр. сцен памяшкання сумесна з праекцыямі падлогі і столі (плафона).

Разгортка: а — круглага конуса; б — круглага цыліндра з нанесенай на ім вінтавой лініяй.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТА́Н-600, радыётэлескоп Расійскай АН з дыяметрам кальца каля 600 м, найбуйнейшы радыётэлескоп з антэнай пераменнага профілю. Знаходзіцца на Паўн. Каўказе паблізу станіцы Зелянчукская. Прызначаны для вывучэння касм. радыёвыпрамянення ў дыяпазоне ад 8 мм да 21 см. Дакладнасць вызначэння вуглавых каардынат крыніц радыёвыпрамянення да 0,1.

Радыётэлескоп РАТАН-600.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАРА́Г»,

расійскі браняпалубны крэйсер 1-й Ціхаакіянскай эскадры, які вызначыўся на пач. рус.-японскай вайны 1904—05. Пабудаваны ў 1899 у Філадэльфіі (ЗША), дзейнічаў з 1901. Блакіраваны ў нейтральным карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон), «Вараг» (камандзір — капітан 1-га рангу У.​Ф.​Руднеў) разам з кананерскай лодкай «Карэец» 9.2.1904 спрабаваў прарвацца ў Порт-Артур; у баі з эскадрай яп. контр-адмірала С.​Урыу (6 крэйсераў, 8 мінаносцаў) патапіў мінаносец і пашкодзіў 2 крэйсеры. Затоплены экіпажам (з 570 маракоў загінулі 34 і паранены 188). У 1905 падняты і залічаны ў яп. флот як «Соя». У 1916 выкуплены рас. урадам і ўключаны ў склад Флатыліі Паўн. Ледавітага ак. У 1918 патануў у Ірландскім м. Імем «Вараг» ў 1965 названы ракетны крэйсер сав. Ціхаакіянскага флоту.

Літ.:

Мельников Р.М. Крейсер «Варяг». 2 изд. Л., 1983.

Крэйсер «Вараг».

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЖБАЛО́ВІЧ (Вербіч) Барбара Іванаўна

(1901—8.1.1967),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1933), Бел. кансерваторыю (1938). У канцы 1930 — пач. 40-х г. салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нац. спектаклях «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А.​Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх. У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі жыла ў Мінску, выступала як эстрадная спявачка, у 1943 выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М.​Шчаглова-Куліковіча. З чэрв. 1944 у эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатр. групе «Жыве Беларусь» (пазней наз. Бел. т-р эстрады). З 1950 у ЗША, канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў бел. жаночага руху ў ЗША. Пазней у Мюнхене, з 1954 працавала сакратаром, дыктарам у бел. рэдакцыі радыё «Свабода», запісала некалькі грампласцінак.

А.​С.​Ляднёва.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЯЛО́ЎСКІ (Сцяпан Барысавіч) (16.9.1876, Масква — 23.1.1952),

рускі і сав. гісторык. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). З 1907 чл. Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, інш. навук. т-ваў. З 1912 супрацоўнік Маскоўскага археал. ін-та. Праф. Маскоўскага ун-та (1917—25), Гісторыка-архіўнага ін-та (1938—41) і інш. З 1936 у Ін-це гісторыі АН СССР. З 1903 вывучаў архіўныя дакументы па сац.-эканам. гісторыі Расіі 17 ст. Выдаў кн. «Сошнае пісьмо. Даследаванне па гісторыі кадастру і пасошнага абкладання Маскоўскай дзяржавы» (т. 1—2, 1915—16) і дадатак да яе «Акты пісцовай справы» (т. 1—2, 1913—17). Займаўся паліт. гісторыяй Расіі канца 15 — пач. 17 ст., крыніцазнаўствам і інш. дапаможнымі гіст. дысцыплінамі, падрыхтоўкай да выдання актаў і інш. крыніц.

Літ.:

Кобрин В.Б., Аверьянов К.А. С.​Б.​Веселовский: Жизнь, деятельность, личность. М., 1989.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЕ́З ((Boulez) П’ер) (н. 26.3.1925, г. Манбрызон, Францыя),

французскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1945), вучыўся ў А.Месіяна, Р.​Лейбавіца. Паслядоўнік А.Веберна; адзін з лідэраў муз. авангардызму 1950-х г. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі. У яго музыцы шмат прыкладаў тэхнікі пуантылізму, татальнага серыялізму, элементы санорыкі, алеаторыкі. Сярод найб. вядомых твораў: «Малаток без майстра» для голасу і інстр. ансамбля (1954), «Структуры» для 2 фп. (кн. 1—2, 1952—61). Арганізатар і кіраўнік канцэртаў новай музыкі пад назвай «Domaine musical» (1954—67). З 1960-х г. выступае пераважна як дырыжор (з аркестрамі Бі-Бі-Сі, Нью-Йоркскім філарманічным і інш.). З 1975 узначальвае створаны ім у Парыжы Ін-т даследаванняў і каардынацыі муз.-акустычных праблем (ІКСАМ).

Літ.:

Рабинович Д.А. Джон Барбиролли и Пьер Булез // Рабинович Д.А. Исполнитель и стиль: Избр. статьи. М., 1981. Вып. 2.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРМІ́СТР (польск. bürmistrz ад ням. Bürgermeister),

выбарная асоба ў магістратадм. і судовы орган гар. самакіравання ў гарадах Беларусі, якія мелі магдэбургскае права ў 14—18 ст. Войт і прызначаныя ім выбаршчыкі (12—20 чал.) выбіралі на пасаду бурмістра гараджан з заможных гар. вярхоў (мяшчан). У 16 — 1-й пал. 17 ст. пабольшала роля сходу гараджан у працэдуры выбараў гар. рады і яе галавы. Сход прапаноўваў некалькі кандыдатур, з якіх войт зацвярджаў аднаго, часцей 2 бурмістры тэрмінам на 1 год. Пасля сканчэння паўнамоцтваў бурмістр рабіў справаздачу перад радай. З цягам часу ўстанавіўся прынцып справаздачы бурмістра на агульным сходзе гараджан. У абавязак бурмістра ўваходзіла загадванне гар. скарбам, старшынства на пасяджэннях бурмістраўска-радзецкага суда. У канцы 18 ст. царскі ўрад скасаваў на Беларусі магдэбургскае права, а бурмістр замяніў прызначаемы ўладай гарадскі галава.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Ганс Гвіда фон) (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),

нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.​Ліста (фп.) і М.​Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.​Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.​Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.​Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т,

«Фандак». Засн. ў г. Бабруйск у 1926, у 1929 пушчаны лесапільны цэх і электрастанцыя, у 1930 — беладрэўны і фанерны цэхі, у 1931 — цэх стандартных дамоў. Быў адзін з буйнейшых у Еўропе. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950—80-я г. пабудаваны цэхі: па вырабе тары, упаковачнай стружкі, п’езатэрмапластыкаў, драўнінна-валакністых плітаў №1 і №2, паркетнай дошкі. Створаны: ф-ка кухоннай мэблі (1991), ф-ка экспартнай мэблі (1992), з сталярных і мэблевых плітаў (1995). У 1971—91 у ВА «Бабруйскдрэў» (з 1976 галаўное прадпрыемства). У 1991—94 нар. аб’яднанне «Бабруйскдрэў», з 1994 адкрытае акц. т-ва «Фандак». Асн. прадукцыя (1995): фанера, шпон, піламатэрыялы, паркет штучны, сталярная і мэблевая пліта, наборы мэблі для кухні, гасцінай, мяккая, дзіцячая, спец. і інш. мэбля.

У.​Д.​Таранаў.

Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)