ПРЫБО́Й,

з’ява разбурэння марскіх або азёрных хваль непасрэдна каля берага. П., як і буруны, суправаджаецца рэзкім павелічэннем стромкасці схілу хваль, грабяні якіх перакульваюцца на беразе і пеняцца. Выклікае разбурэнне абразійных берагоў і садзейнічае ўтварэнню пляжаў на водмельных берагах.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́СТУЛА (ад лац. pustula пузыр, гнайнік), гнайнічок,

пузырок з гноем, які ўзнікае на скуры як элемент некат. дэрматозаў і інфекц. хвароб чалавека. Бываюць паверхневыя і глыбокія — звязаныя з валасяным мяшочкам і сальнай залозай. Пасля зажыўлення глыбокіх П. застаюцца рубцы.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ,

прыёмна-перадавальная радыёстанцыя ў складзе радыёрэлейнай лініі. Праз Р.с. ажыццяўляецца многаканальная сувязь, перадача тэлевіз. праграм. Р.с. падзяляюцца на канцавыя, вузлавыя і прамежкавыя, якія служаць як узмацняльныя і рэтрансляцыйныя пункты і аўтаматычна кіруюцца з канцавых і вузлавых Р.с.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМ,

найменне Рыма і Рымскай (з 4 ст. н.э. Візантыйскай) імперый у краінах Усходу; у перыяд заваявання М. Азіі сельджукамі ўжывалася як адна з назваў Канійскага султаната (Румскі султанат), у час Асманскай імперыі назва яе еўрап. уладанняў (гл. Румелія).

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДЛАВІ́НА,

1) паніжэнне паміж вяршынямі горнага хрыбта тэктанічнага або эразійна-дэнудацыйнага паходжання. Часта С. выкарыстоўваюцца як перавальныя шляхі (гл. Перавал).

2) Прастора ў барычным полі паміж дзвюх абласцей высокага і дзвюх абласцей нізкага ціску, размешчаных крыж-накрыж (барычная С.).

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІРА́ЛЬНАСЦЬ,

адна з квантава-мех. характарыстык (квантавых лікаў) стану элементарных часціц. Вызначаецца як праекцыя спіна на напрамак руху часціцы. Бывае дадатная і адмоўная. Лічаць, што пры дадатнай С. часціца мае прававінтавую (правую) С., пры адмоўнай — левавінтавую (левую) С.

т. 15, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБО́ГАН,

сані без палазоў у індзейцаў Паўн. Амерыкі. Уяўлялі сабой некалькі дошак, змацаваных папярочкамі і рамянямі, з загнутым перадком; па баках нацягнута шкура або бяроста. Перасоўваліся ўручную або з дапамогай сабак. Як від спорту вядомы з пач. 20 ст.

т. 15, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІКЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад фікцыя) філасофскае вучэнне, паводле якога ўяўленні пра сусвет — сукупнасць ілюзій, фікцый, якія не маюць аб’ектыўнага тэарэт. значэння; разнастайнасць агнастыцызму. Заснаваны Ф.​Ніцшэ, набыў развіццё ў канцэпцыі Х.​Файхінгера, непазбежны вывад якой — самаліквідацыя філасофіі як адной з фікцый.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХВА́ЛЕВЫ КАНА́Л»,

накіраваная шматвібратарная антэна. Вібратары даўжынёй прыкладна 0,5 даўжыні рабочай радыёхвалі размешчаны адзін за адным на пэўнай адлегласці і замацаваны на метал. стрыжні. Выкарыстоўваецца ў дыяпазонах метровых і дэцыметровых радыёхваль як калектыўная тэлевізійная антэна і ў апаратуры радыёсувязі.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫ́ЖЫК»,

бел. нар. танец, від кадрылі. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Выконвалі 4 пары. Зафіксаваны ў 19 ст. У наш час на Магілёўшчыне і ва ўсх. Паазер’і існуе як дзіцячы карагод і калена кадрылі. Вядомы таксама ў рускіх.

т. 17, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)