САА́Р, Саарская вобласць (Saarland, неафіц. — Saargebiet),
зямля (адм. адзінка) на З Германіі, у басейнах рэк Саар і Мозель, каля граніцы з Францыяй і Люксембургам. Пл. 2570 км². Нас. каля 1,1 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Саарбрукен. Рэльеф узгорысты і нізкагорны (выш. да 595 м). Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Т-ра паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 19 °C. За год выпадае каля 700 мм ападкаў. Лясы (дуб, бук, граб) займаюць каля 30% плошчы. Гаспадарка мае індустр. характар. Здабыча кам. вугалю (Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн). Прам-сць: чорная металургія, коксахімія, хім. (гумава-тэхн. вырабы, азотныя ўгнаенні), нафтаперапр., аўтамабілебуд., вагонабуд., эл.-тэхн., шкляная, керамічная, швейная, харчовая (асабліва мясаперапр.). Вырошчваюць збожжа, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Густая сетка чыгунак і аўтадарог. Суднаходства на рэках Мозель і Саар.
У сярэднія вякі на тэр. С. існавала графства, што ўваходзіла ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У 1790-я г. — 1814 уладанне Францыі. У 1815 большая ч. С. адышла да Прусіі, меншая — да Баварыі. У 1871—1918 у складзе Герм. імперыі. Паводле Версальскага мірнага дагавора /919 перададзены пад кіраванне Лігі Нацый на 15 гадоў (з 10.1.1920). У 1935 у выніку плебісцыту зноў адышоў да Германіі. У 1935—40 адміністрацыйна аб’яднаны з Пфальцам, у 1940—45 наз.Зах. марка. Пасля 2-й сусв. вайны з 2.1.1946 падфранц. кіраваннем (з 1945 у франц.акупац. зоне Германіі). Паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 (Саарскі статут) часова знаходзіўся пад кантролем Заходнееўрапейскага саюза. Пасля адхілення Саарскага статута на плебісцыце 23.10.1955 паводле пагаднення аб С. паміж ФРГ і Францыяй (1956) канчаткова ўключаны ў склад ФРГ і стаў адной з яе зямель (з 1.1.1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.—вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл.Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш.Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.
Літ.:
Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.
Да арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.Гоі. 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,
антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВЫХ (сапр.Баранаў) Сымон Якаўлевіч
(1.9.1900, в. Рудкова Уздзенскага р-на Мінскай вобласці — 10.11.1942),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). У 1936 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1927. У апавяданнях (зб. «Злосць», 1930) узнавіў сцэны вясковага побыту, сял. працы, эпізоды барацьбы супраць польск. інтэрвентаў. У аповесцях «Чужая зямля» (друк. ў 1929 пад назвай «На абрэзках зямлі»; асобнае выд. 1930), «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (пад назвай «Два канцы», апубл. 1931—32; асобнае выд. 1936), адлюстраваў класавую барацьбу на вёсцы ў 1920-я г. і ў час калектывізацыі. На вострых сац. канфліктах пабудавана прыгодніцкая аповесць для дзяцей «Пастка» (1934) і раман «Калі ўзыходзіла сонца» (нап. 1935—36, выд. 1957), у якім паказана дзейнасць маладых рамантыкаў-падпольшчыкаў у бел. гарадку ў час акупацыі польск. войскамі.
Тв.:
Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты. Мн., 1989.
Літ.:
Пальчэўскі А. Сябар далёкіх гадоў // Пальчэўскі А. Выбр.тв.Мн., 1975. Т. 2;
Казека Я. Сымон Баранавых // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984;
Савік Л. Сымон Баранавых // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гадоў. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТМА (ад грэч. asthma удушша),
1) бранхіяльная астма — звычайна хранічная алергічная хвароба, якая характарызуецца паўторнымі прыступамі ўдушша з прычыны спазмаў бронхаў і ацёку іх слізістай абалонкі пад уплывам алергенаў. Узнікненню астмы садзейнічае спадчынная схільнасць да алергічных рэакцый. Частата прыступаў удушша ад 1—2 за тыдзень (мяккая форма) да некалькіх за суткі (цяжкая форма), пры зацяжной форме астматычны стан доўжыцца некалькі дзён. Прыступы суправаджаюцца цяжкім са свістам дыханнем, сінюшнасцю твару, набуханнем вен на шыі, пад канец пакашліваннем і выдзяленнем невял. колькасці шклопадобных макрот. Акрамя імуналагічнай астма можа мець неімуналагічную аснову, калі яе прыступы развіваюцца пры зменах надвор’я, ахаладжэнні, фіз. напружанні, вегетатыўна-рэфлекторным дысбалансе, ужыванні нестэроідных процізапаленчых лек. сродкаў (напр., аспірыну). Ускладненні: эмфізема лёгкіх, разрастанне злучальнай тканкі вакол бронхаў, змены мышцаў правага жалудачка сэрца і як вынік сардэчная недастатковасць. Лячэнне медыкаментознае, інгаляцыямі аэразоляў.
2) Сардэчная астма — прыступы рэзкай задышкі (удушша), абумоўленыя вострай недастатковасцю функцыі левага жалудачка сэрца. Развіваецца пры гіпертанічнай хваробе, інфаркце міякарда, пароках сэрца, хранічных нефрытах і інш. Доўжыцца ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін (магчымы ацёк лёгкіх). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
гістарычная вобласць у Азіі і на ПдУ Іранскага нагор’я. На Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 0,5 млн.км². Нас. каля 4 млн.чал. (1990), пераважна народы белуджы (каля 75% усяго насельніцтва) і брагуі. Падзяляецца на Усх. Белуджыстан у складзе Пакістана і Зах. Белуджыстан — Ірана. Ускраіны на Пн у складзе Афганістана.
З стараж.-перс. і ант. крыніц вядома, што тэр. Белуджыстана насялялі мака, гедрозіі і інш. народы. У сярэднявеччы Белуджыстан паслядоўна ўваходзіў у склад Араб. халіфата, дзяржаў Газневідаў, Сельджукаў, Хулагуідаў, Цімурыдаў, Сефевідаў, Вял. Маголаў. У пач. 17 ст. на тэр. Белуджыстана ўзніклі феад. княствы, кіраўнікі якіх былі васаламі Сефевідаў і Вял. Маголаў. У 18 ст.тэр. Белуджыстана аб’яднана пад уладай Насір-хана Белуджы, васала афганскіх шахаў. Паводле дагавораў 1854, 1876 і 1879 Усх. Белуджыстан быў падначалены Вялікабрытаніі і ўвайшоў у склад Брыт. Індыі. Складаўся з Федэрацыі белуджскіх княстваў (пратэктарат пад ускосным брыт. кіраваннем) і каланіяльнага ўладання — т.зв.Брыт. Белуджыстан. Зах. Белуджыстан у 1849—57 быў уключаны ў склад Ірана, Усх. Белуджыстан у 1947—48 — у склад Пакістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́І,
тлушчы, атрыманыя з пладоў і насення розных раслін. Складаюцца на 95—97% з сумесі трыгліцэрыдаў (поўных эфіраў гліцэрыны) вышэйшых насычаных і ненасычаных тлустых кіслот, пераважна C16 і C18, і свабодных тлустых кіслот, фасфатыдаў, воску, токаферолаў, вітамінаў, пігментаў і інш. Не маюць у сабе халестэрыну. У залежнасці ад саставу тлустых кіслот падзяляюцца на высыхальныя (ільняны алей, канапляны алей, тунгавы алей), паўвысыхальныя (соевы і макавы алеі) і невысыхальныя (какосавы алей, пальмавы алей).
Алеі — вадкія, мазепадобныя ці цвёрдыя афарбаваныя рэчывы, некаторыя з іх таксічныя. Палімерызуюцца пры t 250—300 °C ці пад уздзеяннем кіслароду паветра (паглынаюць да 30%, чым тлумачыцца «прагарканне» алеяў). Атрымліваюць са здробненага насення, мякаці пладоў алейных раслін, у т. л.алейных культур, прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з ачысткай, адстойваннем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), растворамі шчолачаў (рафінацыя), адсарбентамі ці глінамі (адбельванне), вадзяной парай пад вакуумам «(дэзадарацыя). Падзяляюцца на сырыя, рафінаваныя і нерафінаваныя. Выкарыстоўваюцца як харч. прадукты, для прыгатавання кансерваў, маянэзаў, гідрыраваныя алеі — для маргарынаў; у вытв-сці мыла, гліцэрыны, тлустых кіслот, алкідных смолаў, пакостаў, алейных лакаў і фарбаў, сікатыву; як вяжучае мед. мазяў, касметычных сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАЎЛЕ́ННЕ ЛЕ́СУ,
адбываецца пад полагам дрэвастою, на высечках, гарах і інш. участках, якія раней былі пад лесам. Бывае прыроднае, штучнае і камбінаванае. Прыроднае аднаўленне лесу — біял. самааднаўленне лесу самасевам, пнёвымі і каранёвымі парасткамі. Працякае больш эфектыўна, калі на высечках пакідаюць пэўную колькасць насенных дрэў, лесасекі ачышчаюць ад рэшткаў драўніны, а глебу на іх пэўным чынам апрацоўваюць. Фіз.-геагр. асяроддзе для прыроднага насеннага аднаўлення лесу больш спрыяльнае ў лясной зоне, асабліва ў тайзе, дзе менш падлеску і травяністай расліннасці; горш працякае ў лесастэпавай, стэпавай, паўпустыннай зонах і прытундравай падзоне. Часта пры прыродным аднаўленні лесу адбываецца змена парод і ўтварэнне т.зв. вытворных лясоў: бярэзнікаў, алешнікаў, грабнякоў, асіннікаў і да т.п. Штучнае аднаўленне лесу — пасевы насення, пасадка сеянцаў, саджанцаў, сцябловых і каранёвых чаранкоў. Праводзяць на ўчастках, дзе прыроднае аднаўленне лесу не дае добрых вынікаў. На тэр. Беларусі яно арыентавана пераважна на вырошчванне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш. (у лясах дзярж. фонду штогод праводзіцца на пл. каля 34 тыс.га). Камбінаванае (мяшанае), спалучае прыроднае і штучнае аднаўленне лесу на адной і той жа плошчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЬБІЧ (Юрка) (сапр.Шчарбакоў Георгій; 15.6.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. — 4.1.1975),
бел. пісьменнік і культ. дзеяч. У 1922—33 працаваў у Маскве на хім. заводзе. Пераехаў на Беларусь, удзельнічаў у напісанні гісторыі віцебскіх, гомельскіх і барысаўскіх фабрык. Быў удзельнікам Віцебскай, Гомельскай, Беластоцкай экспедыцый, узначальваў Аршанскую экспедыцыю па даследаванні, уліку і ахове помнікаў гісторыі, архітэктуры і мастацтва. У час Вял.Айч. вайны супрацоўнічаў з фашыстамі, быў членам т.зв.Цэнтр. ўрада бел.культ. згуртавання. З 1944 у Германіі, у 1946 стварыў бел.літ. згуртаванне і час. «Шыпшына», арганізаваў выданне час. праваслаўных беларусаў «Звіняць званы св. Сафіі». Пасля пераехаў у ЗША. Друкаваўся з 1929 у час. «Узвышша». Першая кн. прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932). У 1937 выдаў кн. «Формула супраціўлення касцей», у 1944 у Берліне — зб. публіцыстыкі «Веліжскія паўстанцы» і «Нацыянальныя святыні». Аўтар кн. «Плыве з-пад Святое гары Нёман» (ч. І, Мюнхен, 1956), «Мы дойдзем» (Нью-Йорк, 1974, на рус. мове). Пакінуў успаміны пра бел. пісьменнікаў.
Тв.:
Плыве з-пад Святое гары Нёман: Рэпр. выд.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫЯ ЖАНО́ЧЫЯ КУ́РСЫ,
прыватныя вышэйшыя жаночыя навуч. ўстановы універсітэцкага тыпу ў Расіі ў 1860-я г. — 1917. Узніклі пад уплывам грамадскага руху 1860-х г. за жаночую адукацыю (паводле універсітэцкага статута 1863 жанчын ва ун-ты не прымалі).
Першыя вышэйшыя жаночыя курсы адкрыты ў 1869 (Аларчынскія ў Пецярбургу, Лубянскія ў Маскве). У 1872 засн. Вышэйшыя жаночыя мед. курсы пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу і вышэйшыя жаночыя курсы праф. Маскоўскага ун-та У.І.Гер’е (у Маскве), у 1876 — у Казані, у 1878 — у Пецярбургу (Бястужаўскія курсы), у 1879 — у Кіеве. Паводле ўказа ад 12.5.1886 большасць вышэйшых жаночых курсаў забаронена. Пад уплывам рэв. руху канца 19 — пач. 20 ст. сталі аднаўляцца. У 1904 у Пецярбургу адкрыты Сцебутаўскія вышэйшыя жаночыя с.-г. курсы (засн.рус. вучоным І.А.Сцебутам). Існавалі на дабрачынныя сродкі. Выпускніцы мелі права выкладаць у жаночых сярэдніх навуч. установах і малодшых класах мужчынскіх сярэдніх школ. Найб. значэнне ў развіцці жаночай адукацыі ў Расіі мелі вышэйшыя жаночыя курсы Гер’е і Бястужаўскія курсы. Пасля 1917 вышэйшыя жаночыя курсы часткова зачынены, некаторыя рэарганізаваны і ўвайшлі ў склад адзінай вышэйшай школы.