ГЕ́РЦБЕРГ (Herzberg) Герхард (н. 25.12.1904, г. Гамбург, Германія),
канадскі фізік і фізікахімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (з 1939). Скончыў Тэхн.ін-т у г. Дармштат (1927), дзе працаваў у 1930—35. У 1935 эмігрыраваў у Канаду. З 1949 у Нац. даследчым цэнтры ў г. Атава. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Вызначыў энергію дысацыяцыі малекулы кіслароду (1930), знайшоў малекулярны вадарод у атмасферы планет. Ідэнтыфікаваў спектры малекул аксіду і дыаксіду вугляроду, аксіду азоту (II), ацэтылену, метану (1946—48), даследаваў спектры больш як 30 свабодных радыкалаў. Аўтар кнігі «Спектры і будова простых свабодных радыкалаў» (1974). Нобелеўская прэмія 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,
макраскапічна неаднародная фізіка-хімічная сістэма, якая складаецца з некалькіх розных пафіз. уласцівасцях ці хім. саставе частак (розных фаз).
Адна фаза гетэрагеннай сістэмы аддзелена ад сумежнай з ёй фазы фіз. паверхняй падзелу, што дазваляе механічна раздзяліць іх. Напр., вадкасць і насычаная пара над ёй (розніца ў агрэгатным стане); дзве вадкасці, якія не змешваюцца паміж сабой, — алей і вада (розніца ў саставе). Мікрагетэрагеннымі часта называюць дысперсныя сістэмы з памерамі часцінак ад 5∙10−3 да 10 мкм (золі, мікраэмульсіі і інш.), якія складаюць пераходную вобласць паміж гетэрагеннай сістэмай і гамагеннай сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на раёны, аднародныя па характары воднага балансу і гідралагічнага рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Выконваецца на аснове вывучэння заканамернасцей фарміравання і велічыні сцёку, асаблівасцей рэжыму рэк і вадаёмаў, вызначэння іх агульных рыс і адрозненняў на пэўных прасторах. Тэр. Беларусі паводле асаблівасцей фарміравання сцёку падзяляюць на 6 гідралагічных раёнаў адпаведна асн. рачным басейнам: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі. Усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны. Гідралагічнае раянаванне мае значэнне пры вывучэнні рэжыму рэк, на якіх не вядуцца гідралагічныя назіранні, для рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬБЕРТ (Hilbert) Давід (23.1.1862, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 14.2.1943),
нямецкі матэматык. Замежны ганаровы чл.АНСССР (1934). Скончыў Кёнігсбергскі ун-т. З 1893 праф. Кёнігсбергскага, у 1895—1933 Гётынгенскага ун-таў. Навук. працы па тэорыі інварыянтаў, тэорыі лікаў, тэорыі функцый, асновах геаметрыі, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, матэм. фізіцы, матэм. логіцы і інш. Аўтар канцэпцыі фармалізму ў матэматыцы. Увёў паняцце гільбертавай прасторы, якім шырока карыстаюцца ў матэматыцы і тэарэт. фізіцы.
Тв.:
: Рус.пер. — Основания математики: Теория доказательств. М., 1982 (разам з П.Бернайсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гіпа... + сексуальнасць),
зніжэнне сексуальнай схільнасці пры адсутнасці якіх-небудзь адхіленняў у здароўі чалавека. Адзначана залежнасць сексуальных праяўленняў ад палавой канстытуцыі мужа і жонкі, якая ў значнай ступені вызначае ўстойлівасць арганізма да ўздзеяння патагенных фактараў на палавую функцыю. Адны і тыя ж фактары па-рознаму дзейнічаюць на розных асоб. У мужчын выражаная і працяглая гіпасексуальнасць трапляецца вельмі рэдка. Прычынай гіпасексуальнасці часцей бываюць неўратычная рэакцыя на няўдачы ў палавым жыцці, авітаміноз, ператамленне, недасыпанне, страхі, інтаксікацыя алкаголем або наркотыкамі і інш. Да гіпасексуальнасці могуць прыводзіць і парушэнні псіхасексуальнага развіцця. Гіпасексуальнасць звычайна з’яўляецца часовым або сезонным станам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРРЭАЛІ́ЗМ (ад англ. hyperrealism звышрэалізм), фотарэалізм,
кірунак у амер. і зах.-еўрап. мастацтве канца 1960-х—80-я г. Склаўся пераважна на аснове поп-арта. Імкнуўся ўзнавіць страчаную ў мадэрнізме жыццёвую канкрэтнасць маст. мовы за кошт імітацыі вобразаў фатаграфіі. Прадстаўнікі гіперрэалізму (Чак Клоўз, Дон Эдзі ў ЗША, Дуэйн Хансан у Канадзе і інш.) выкарыстоўвалі ў асноўным тэхн. прыёмы, якія да мінімуму зводзілі асабісты почырк мастака. У іх творах дамінавала халодная безаблічнасць, мех. фіксацыя прадметаў і жыццёвых з’яў, што па сутнасці вяло да той жа містыфікацыі рэчаіснасці, што і ў інш. мадэрнісцкіх плынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫЯ ПРА АПАЛО́НА ЦІ́РСКАГА»,
помнік перакладной бел. л-ры, свецкая аповесць блізкаўсходняга паходжання. Бытавала на Беларусі ў 17—18 ст.
У аснове твора — апісанне прыгод гал. героя, чалавека знатнага паходжання, які шмат гадоў блукае па розных краях, трапляе ў незвычайныя і складаныя сітуацыі і гісторыі, а пасля шчасліва вяртаецца ў родны горад, дзе становіцца царом. На Беларусі распаўсюджвалася ў складзе вядомага зб. навел «Рымскія дзеянні». Адзін з яго рукапісаў перапісаны ў Магілёве ў 1688. Мова магілёўскага спіса — сумесь старабел. і рус. моў 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТКІНА Леанора Сямёнаўна (н. 22.7.1929, Мінск),
бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-рмед.н. (1971), праф. (1976). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1953). З 1953 у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1959 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па пытаннях сасудзістай паталогіі галаўнога мозга, цэрэбраваскулярных хвароб, медыка-сацыяльнай экспертызы, інваліднасці і рэабілітацыі.
Тв.:
Инфаркт мозга. Мн., 1973 (разам з Д.А.Маркавым, Э.І.Злотнікам);
Вертебрально-базилярные инсульты. Мн., 1977 (разам з І.П.Антонавым);
Врачебно-трудовая экспертиза. Мн., 1981 (разам з Т.А.Гурыновіч, М.М.Хоміч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЗКО́Ў Ілья Міхайлавіч (1.8.1922, г. Генічаск, Украіна — 16.5.1996),
бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-ртэхн.н. (1974), праф. (1980). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1954). З 1955 на Мінскім аўтазаводзе. З 1961 у КБ дакладнага электроннага машынабудавання (цяпер НВА «Планар»; з 1971 ген. дырэктар). З 1974 нам. старшыні СМБССР. У 1982—94 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы і вынаходствы патэхнал. абсталяванні для вытв-сці вырабаў электроннай тэхнікі. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Генераторы изображений в производстве интегральных микросхем. Мн., 1981 (разам з Я.А.Райхманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАКСІ́НІЯ (Gloxinia),
род кветкавых раслін сям. геснерыевых. 6 відаў. Пашыраны ў Амерыцы ад Мексікі да Бразіліі. Пад назвай глаксінія ў кветкаводстве больш вядомая група гібрыдаў, атрыманых ад відаў блізкага роду сінінгія (Siningia). На Беларусі іх часта вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом і клубнямі. Лісце эліпсападобнае, чаранковае, цёмна-зялёнае, апушанае, сабранае ў разетку. Кветкі буйныя, яркія, званочкавыя, разнастайныя па колеры. Цвіце ў маі—верасні (за сезон на адной расліне ўтвараецца да 50—100 кветак). Плод — шматнасенная каробачка. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Размнажаюцца насеннем, сцябловымі і ліставымі чаранкамі, дзяленнем клубняў.