ГАЛАСАВЫ́ АПАРА́Т,

сукупнасць анатамічных структур, з дапамогай якіх у чалавека і жывёл з лёгачным дыханнем утвараюцца гукі. Складаецца з галасавых звязак — складкі са злучальнай тканкі на ўнутр. паверхні бакавых сценак гартані. Прамежак паміж імі — галасавая шчыліна. Ва ўтварэнні гукаў удзельнічаюць дыхальныя шляхі (трахея, бронхі), а таксама лёгкія. На адценні гукаў уплываюць глотка, насавая поласць з прыдаткавымі пазухамі, ротавая поласць. Паветра з лёгкіх выходзіць праз галасавую шчыліну, ад гэтага звязкі вібрыруюць і ўтвараюць гукавыя хвалі. Змена шырыні галасавой шчыліны і ступені нацягнутасці галасавых звязак уплывае на вышыню і моц гуку.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЧ,

старажытнарускі горад на р. Луква (прыток Днястра) каля с. Крылас Івана-Франкоўскай вобл. Украіны, за 5 км на Пд ад сучаснага горада. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1140. З 1144 цэнтр Галіцкага, з 1199 Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 12 ст. дасягнуў найб. росквіту, меў княжацкія палацы, храмы, развітыя рамяство і гандаль, тут складзены Галіцка-Валынскі летапіс. Пасля зруйнавання ў 1241 татарамі прыйшоў у заняпад. Паводле археал. даследаванняў, узнік у 10 ст. У выніку раскопак выяўлены рэшткі Успенскага сабора 12 ст., наземных і паўзямлянкавых жытлаў і майстэрняў.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм трансмісіі аўтамабіляў і інш. самаходных машын (трактароў, камбайнаў), які перадае вярчальны момант ад рухавіка на паўвосі і павялічвае цягавае намаганне на вядучых колах.

Уяўляе сабой зубчастую перадачу, адзінарную, у якой вярчэнне перадаецца з малога канічнага зубчастага кола на большае канічнае, або двайную — з малога канічнага зубчастага кола на большае канічнае і далей з малога цыліндрычнага на большае цыліндрычнае. Двухступеньчатая галоўная перадача складаецца з дзвюх перадач з рознымі перадатачнымі суадносінамі.

Галоўная перадача (двайная): 1, 2 — канічныя зубчастыя колы; 3, 4 — цыліндрычныя зубчастыя колы.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЗЕМАН ((Hansemann) Давід) (12.7.1790, г. Гамбург, Германія — 4.8.1864),

палітычны дзеяч Германіі. Належаў да плыні памяркоўных лібералаў. Заснаваў Т-ва страхавання ад пажару (1825), «Дысконтнае т-ва» (1851) і «Першае прускае іпатэчнае акц. т-ва» (1862—64). Чл. ландтага (парламента) Рэйнскай прав. (з 1845). У час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі міністр фінансаў, прэм’ер-міністр Прусіі (ліп.вер. 1848), кіраваў Прускім банкам (да 1851). Выступаў за развіццё сеткі чыгунак, вырашэнне сац. пытанняў эканам. захадамі, скасаванне прывілеяў юнкерства, умацаванне і пашырэнне Герм. мытнага саюза і інш.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ПАСЁЛАК,

катэгорыя населенага пункта гар. тыпу, у якім не менш за 2 тыс. ж. і большасць з іх рабочыя, служачыя і члены іх сем’яў. На Беларусі ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.9.1938 «Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР». Пры аднясенні пэўнага нас. пункта да гарадскога пасёлка ўлічваецца таксама яго адм. значэнне, наяўнасць прамысл. і камунальна-быт. прадпрыемстваў, сац.-культ. устаноў. Большасць гарадскіх пасёлкаў Беларусі ўтворана з б. мястэчак, некаторыя — з вял. сёл і вёсак. На 1.1.1996 на Беларусі 95 гарадскіх пасёлкаў.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ КЛЮЧ, Псекупс,

бальнеалагічны курорт у Расійскай Федэрацыі (Краснадарскі край), за 65 км ад г. Краснадар у перадгор’ях Вял. Каўказа. Узнік у канцы 19 ст. ў даліне р. Псекупс (прыток Кубані) на базе крыніц мінер. вод — тэрмальных (да 60 °C), якія выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, гінекалагічных, і з больш нізкай тэмпературай, што ідуць на лячэнне і бальнеалагічныя працэдуры пры захворваннях органаў стрававання. Санаторна-прафілактычныя ўстановы, пансіянаты, базы адпачынку.

Літ.:

Лебеденко Г.Б. Лечение на курорте Горячий ключ. Краснодар, 1982.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РВІ ((Garvey) Маркус) (17.8.1887, г. Сент-Анс-Бей, Ямайка — 10.6.1940),

дзеяч негрыцянскага руху ў ЗША. У 1914 заснаваў на Ямайцы Сусветную асацыяцыю паляпшэння становішча неграў (САПСН). У 1916 пераехаў у Нью-Йорк, перавёў туды штаб-кватэру САПСН, дамогся яе ператварэння ў масавую арг-цыю. Заклікаў вырашыць негрыцянскае пытанне шляхам перасялення амер. неграў у Афрыку і стварэння там негрыцянскай дзяржавы (т.зв. гарвізм). Для здзяйснення гэтай мэты ўвайшоў у кантакт з ку-клукс-кланам і атрымаў субсідыі ад улад. Пасля арышту Гарві (1925) САПСН распалася. У 1927 сасланы на Ямайку.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́Й (Віктар Канстанцінавіч) (н. 19.8.1946, в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у час. «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 у час. «Маладосць». Аўтар паэтычных зб-каў «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), празаічных зб-каў «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992, Літ. прэмія І.​Мележа 1993). Гал. ў яго творчасці — маральна-этычныя і сац. праблемы сучаснай вёскі, людзі і прырода роднага краю.

В.К.Гардзей.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІЕРЫ́Т (ад прозвішча Франц, геолага Ж.​Гарнье),

мінерал класа сілікатаў, нікелевая разнавіднасць серпенціну (Ni, Mg)6 [Si4O10](OH)8. Мае нікелю да 2—5%. Прымесі жалеза, хрому, алюмінію, марганцу. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны канкрэцыі, нацёчныя агрэгаты, шчыльныя, порыстыя і зямлістыя масы. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск матавы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,3—2,8 г/см³. На паветры траціць ваду і рассыпаецца ў парашок. Трапляецца ў корах выветрывання ультраасноўных парод і серпенцінітаў. Састаўная ч. сілікатных нікелевых руд. Радовішчы ў Расіі, Казахстане, на в-ве Новая Каледонія.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́М (ад араб. харам — забароненае месца),

памяшканне ў доме багатага мусульманіна, прызначанае для жанчын; а таксама насельніцтва гэтага памяшкання — жонкі, наложніцы. Вялікія гарэмы правіцеляў і заможных саноўнікаў у Турцыі, Іране, Афганістане і інш. краінах ахоўвалі еўнухі; мужчынам (акрамя мужа і сыноў) уваход у гарэм быў забаронены. У многіх усх. краінах гарэмам называюць таксама жаночыя прыёмныя пакоі ў палацы, жаночае купэ ў цягніку, трамваі. Звычай ізаляваць жанчын арабы перанялі ў 7 ст. з Візантыі. У 20 ст. гарэмы паступова знікаюць, асабліва ў тых краінах, дзе забаронена мнагажонства.

т. 5, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)